Водаправодамi i дарогамi ў вёсцы будуць займацца прафесiяналы
Iлона IВАНОВА
Боты павiнен рабiць шавец Вядомы студзеньскi Указ № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва» прадугледжвае шэраг розных мераў. У тым лiку гэты дакумент прадпiсвае ў шасцiмесячны тэрмiн правесцi iнвентарызацыю сiстэм водазабеспячэння населеных пунктаў i сельскiх дарог i перадаць iх спецыялiзаваным арганiзацыям. Гэта, мяркуецца, будзе спрыяць паляпшэнню якасцi iнфраструктуры вёсак, добраўпарадкаванню вулiц i развiццю транспартных зносiнаў.Як iдзе працэс iнвентарызацыi i перадачы сельскiх дарог i водаправодаў у сельскiх раёнах Магiлёўскай вобласцi? Высветлiлася, што большасць вясковых водаправодаў была перададзена жыллёва-камунальным службам i мясцовым арганiзацыям водаканала яшчэ да выхаду Указа № 21. — У Шклоўскiм раёне сельскiя водаправоды масава будавалiся недзе ў 70-х гадах, — расказвае старшыня Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Мiкалай Яромiч. — У нас 206 вёсак, i амаль усе яны маюць водаправоды. А потым, праз два-тры дзесяткi гадоў усё стала разбурацца, i шмат чаго трэба мяняць. Разам з тым у 90-я гады пачало скарачацца пагалоўе жывёлы ў калгасах, зачынялiся фермы, i свiдравiны сталi працаваць у асноўным на патрэбы насельнiцтва. Але ў гаспадарках не хапала сродкаў на iх абслугоўванне. З гэтых прычын яшчэ некалькi гадоў таму мы перадалi водаправоды водаканалу. Гэта добрая справа, пра ваду павiнны дбаць спецыялiзаваныя прадпрыемствы, i пра дарогi таксама. Аднак з дарогамi — усё ж iншая справа. Больш складаная, таму што iх рамонт i будаўнiцтва патрабуе яшчэ большых сродкаў. У раёнах не хаваюць, што дарожныя арганiзацыi не вельмi радуюцца «падарунку» ў выглядзе сельскiх дарог i iх абслугоўвання. Гэта, як кажуць, лiшнi «галаўны боль». Дарожнiкi ўжо прынялi на баланс усе пад’езды да могiлак i таксама прынялi альбо паводле рашэнняў выканкамаў гатовыя прыняць дарогi, якiя вядуць праз вёскi да iншых населеных пунктаў. Прадметам спрэчак сталi вулiцы вёсак. Мясцовая ўлада лiчыць, што i iх трэба аддаць прафесiяналам, бо сёння на балансе сельскiх Саветаў няма трактароў i грэйдэраў, каб чысцiць, падсыпаць, рамантаваць дарогi, як i не стае фiнансавых сродкаў. Як i ў iншых, у Чавускiм раёне будзе працаваць камiсiя па iнвентарызацыi i перадачы дарог, якая i будзе з удзелам дарожнiкаў i мясцовых уладаў вырашаць усе спрэчныя пытаннi. — Перадача сiстэм водазабеспячэння i сельскiх дарог — гэта надзённае пытанне, — лiчыць старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Чыканаў. — Таму што жыллёва-камунальныя службы маюць рэсурсы — фiнансавыя, тэхнiчныя i тэхналагiчныя, каб сачыць за водаправодамi i рамантаваць iх. Мы амаль усю жыллёва-камунальную гаспадарку перадалi раней, засталiся толькi некалькi калонак у вёсках. I вялiкае дзякуй раённаму жылкамунгасу: там не сталi цягнуць час i адразу пасля выхаду ўказа запыталi iнфармацыю i забралi ўсё, што iм павiнна належаць. Стан водаправодаў у вёсках Чавускага раёна цяпер ацэньваецца як лепшы, чым быў да перадачы жыллёва-камунальнай службе. Ёй удалося нават «рэанiмаваць» тыя калонкi, якiя не працавалi па некалькi гадоў. I сiстэма работы арганiзацыi дазваляе падтрымлiваць водазабеспячэнне вёсак у здавальняючым стане. Гэта пацвярджае старшыня Вайнiлаўскага сельскага Савета Тамара Жыркевiч. — У нас на тэрыторыi два водаправоды — у цэнтры сельсавета Вайнiлах i ў вёсцы Капанi, — расказала Тамара Iванаўна. — Яны вельмi старыя, iх будавалi гаспадарчым спосабам, i нават дакументацыю на iх мы не здолелi адшукаць. Мы перадалi водаправоды гадоў пяць таму i не памылiлiся. У гаспадарцы пры хранiчным безграшоўi няма магчымасцi клапацiцца пра водаправоды, а камунальнiкi рамантуюць iх сiстэматычна i без затрымак. Мы вельмi задаволеныя iх працай, асаблiва ў апошнiя два гады: яны, вiдаць, набылi тэхнiку i робяць усё аператыўна. А вось дарогi, прызналася старшыня, знаходзяцца ў падвешаным стане. Дарогi, якiя звязваюць населеныя пункты (iх тут называюць «шкiлетнымi»), абслугоўваюць дарожнiкi. А iншыя — нiхто, яны нават на балансе сельскага Савета не лiчацца. Вось i атрымлiваецца, што ў Вайнiлаўскiм сельсавеце палова дарог — у нядрэнным стане, а iншая палова — наадварот, у нядобрым. Таму ў Вайнiлах лiчаць, што перадача дарог прафесiяналам абавязкова дасць плён: ва ўсякiм разе, у iх ёсць матэрыяльная база, каб iмi займацца. У Ходасаўскiм сельскiм Савеце, што ў Мсцiслаўскiм раёне, лiчаць, што вулiцы вёсак дарожнiкi на свой баланс прымаць усё ж не будуць. Цэнтральныя дарогi, якiя iдуць праз Ходасы, i так заасфальтаваныя i ў добрым стане. А вось бакавыя дарогi i тут практычна «нiчыйныя» i, каб чысцiць iх ад снегу i грэйдзiраваць, сельвыканкаму даводзiцца «круцiцца». Старшыня сельвыканкама Анатоль Шаванаў тлумачыць: «Дарогi не на нашым балансе, таму плацiць за iх рамонт i чыстку не маем права. Але ж народ трываць безгаспадарнасцi не будзе, таму трэба шукаць спосабы i... урэшце знаходзiць». А вось У Галiцкiм сельскiм Савеце Клiмавiцкага раёна не бачаць праблем з тым, каму належаць вясковыя дарогi. Новы старшыня Валерый Фiлiмонаў паведамiў, што на добраўпарадкаванне iм даюць грошы — на гэты год выдаткавалi 10 мiльёнаў рублёў, i за iх робiцца падсыпка дарог i ўсталяванне агароджы. Калi не хопiць гэтых сродкаў, то дадуць яшчэ, спадзяецца старшыня. Намеснiк старшынi Клiмавiцкага райвыканкама Леанiд Саўчанка паведамiў, што ўжо цяпер у раёне перададзена на баланс Абл-дарбуда 576 кiламетраў дарог, куды ўваходзяць пад’езды да могiлак i транзiтныя дарогi праз населеныя пункты. — А вось бакавыя вулiцы — на балансе сельскiх Саветаў, i пакуль iх перадача не плануецца, — паведамiў Леанiд Якаўлевiч. — Канешне, выдаткi на iх утрыманне вялiкiя, але мы аказваем дапамогу сельсаветам праз дарожныя арганiзацыi. Дарогi ў аграгарадках, а iх цяпер у Клiмавiцкiм раёне ўжо 5, абслугоўваюць камунальнiкi. У Круглянскiм сельскiм Савеце засталося зусiм няшмат зрабiць па перадачы водаправодных сетак. Праца гэта па iнiцыятыве кiраўнiцтва Круглянскага раёна пачалася даўно i цяпер засталiся толькi дробязi. Хоць забiраюць iх, прызнаюцца мясцовыя ўлады, без асаблiвай ахвоты — усё ж такi лiшнi цяжар. Але ўказ ёсць указ, павiнны выконваць. А вось перадача дарог стала прадметам абмеркавання на сесii раённага Савета дэпутатаў. Пра злабадзённасць гэтай праблемы казаў з трыбуны старшыня Круглянскага сельскага Савета Валерый Ярковiч. — У сувязi з тым, што розным установам належаць дарогi, узнiкаюць абсурдныя сiтуацыi, — тлумачыць Валерый Iванавiч. — Вось у нас за 20 кiламетраў ад цэнтра ёсць вёска Скляпава. Стаiць не на трасе, а каля яе. Дарожнiкi абслугоўваюць трасу i чысцяць яе ад снегу, каб хадзiлi аўтобусы i iншы транспарт. Аднак не чысцяць вулiцы самога Скляпава — маўляў, гэта не наша. А нам трэба, каб у вёску магла праехаць «хуткая дапамога», каб заехала аўталаўка i каб завезлi газ. Таму мы «цiснем» на кiраўнiка гаспадаркi, i цяпер ужо ён адпраўляе свой трактар за два дзесяткi кiламетраў, каб пачысцiць вясковыя вулiцы. Ну цi гэта па-гаспадарску? Валерый Ярковiч гаворыць, што ў сельсавеце няма трактара, а ў гаспадарцы, асбалiва ўзiмку, здараецца, i вядра саляркi не знойдзеш, каб накiраваць тэхнiку на расчыстку дарог. I калi ў сельскiх дарог з’явiцца адзiн гаспадар, будзе нашмат лепей для людзей. Тым больш што ў Круглянскiм раёне з тымi дарогамi, якiя абслугоўвае спецыялiзаваная арганiзацыя, нiякiх праблем няма. Таму палажэннi Указа аб перадачы дарог старшыня лiчыць своечасовым. «Гэта важная праблема i, вiдаць, не толькi наша, але i ўсёй рэспублiкi, — лiчыць Ярковiч. — Добра, што пачулi ўверсе голас народа». — Я лiчу, што гэта вельмi патрэбны пункт указа, — выказаў сваё меркаванне старшыня Магiлёўскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзiмiр Панцюхоў. — I плён ад яго рэалiзацыi будзе ўжо толькi таму, што кожны павiнен займацца сваёй справай. I сачыць за працай сiстэм водазабеспячэння i за якасцю дарог павiнны прафесiяналы. Боты павiнен рабiць шавец!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомы студзеньскi Указ № 21 «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва» праду |
|