Пайсцi ў «свой» час. Цi атрымаць прыбаўку?
Сяргей ГРЫБ
Пенсiйная рэформа У Беларусi могуць змянiцца ўмовы прадастаўлення датэрмiновых пенсiй работнiкам, якiя занятыя ў «шкодных» умовах. Прынамсi, як паведамiў падчас выязнога «круглага стала» старшыня пастаяннай камiсii па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Сяргей Камянецкi, пачатак разгляду законапраекта «Аб прафесiйным пенсiйным страхаваннi» запланаваны на вясновую сесiю парламента. А ўжо ўвосень праект павiнен прайсцi другое чытанне.«Шкоднае» месца — не назаўсёды? Першая асаблiвасць новага закона — змяненне прынцыпу фiнансавання датэрмiновых пенсiй. Чакаецца, што ў будучым пенсii па Спiсу № 1 i Спiсу № 2 (ад узнiкнення права на iх i да дасягнення мужчынамi 60 цi жанчынамi 55 гадоў) павiнны аплачвацца не за кошт агульных сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва, а за кошт дадатковых узносаў «шкодных» прадпрыемстваў. Пры гэтым дадатковыя адлiчэннi будуць назапашвацца на кожнага асобнага «датэрмiноўшчыка» на рахунках у банках, упаўнаважаных на правядзенне дзяржаўных праграм. I, з мэтай абароны ад iнфляцыi, iндэксавацца па стаўцы рэфiнансавання. Зрэшты, галоўная адметнасць законапраекта «Аб прафесiйным пенсiйным страхаваннi» ў iншым. Праект прадугледжвае, што датэрмiновая пенсiя асобам, якiя працуюць на неспрыяльных вытворчасцях, да дасягнення агульнаўсталяванага ўзросту будзе выплачвацца толькi пры ўмове пераходу на iншую, «не шкодную» работу. Прычым, на думку распрацоўшчыкаў, падобная норма сама па сабе ў тым лiку сапраўды мае на ўвазе «падштурхнуць» частку грамадзян, якiя занятыя на небяспечных для здароўя месцах, паступова iх пакiдаць. А ў сваю чаргу гэта — пытанне павышэння працягласцi жыцця. Прычым тут жа нельга не заўважыць — непасрэдна Спiс № 1 i № 2 мяркуецца пакiнуць без змяненняў. Аднак увядзенне дадатковага i да таго ж дыферэнцыяванага «прафесiйнага» ўзносу па логiцы зацiкавiць наймальнiкаў укладваць сродкi ў мадэрнiзацыю вытворчасцяў. I ў вынiку прывядзе — да скарачэння колькасцi працоўных месцаў, «шкоднасць» якiх пацвярджаецца атэстацыяй. — Апроч таго, варта звярнуць увагу: канкрэтны чалавек-«датэрмiноўшчык» па сутнасцi не страцiць нiчога, — зазначае начальнiк аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяна Пагонышава. — У асобнага грамадзянiна, якi выпрацаваў патрэбны спецыяльны стаж, ёсць тры варыянты. Па-першае, адразу пакiнуць «шкодную» вытворчасць i скарыстацца правам на льготную пенсiю ў поўным аб’ёме. Па-другое, чалавек можа застацца на рабоце з асаблiвымi ўмовамi, па-ранейшаму мець, як правiла, высокую зарплату, i сапраўды не атрымлiваць iльготную пенсiю — аднак зноў-такi да моманту «развiтання са шкодным месцам», што, як вядома, можа здарыцца нашмат раней нас- туплення агульнаўсталяванага ўзросту. I, нарэшце, варыянт трэцi. Чалавек застаецца на шкоднай пасадзе да агульнаўсталяванага ўзросту. Выплата льготнай пенсii ў такiм выпадку яму не робiцца. Разам з тым дадатковыя адлiчэннi, якiя будзе рабiць наймальнiк на гэтага работнiка, не прападуць. Сродкi з «прафесiйнага» рахунку будуць выплачвацца ў абавязковым парадку — у якасцi «прыбаўкi» да пенсii асноўнай. Да слова, не выключана, што непасрэдна памер гэтай прыбаўкi будзе вызначаны ў бюджэт пражытковага мiнiмуму пенсiянера. Прычым яе выплата стане рабiцца да моманту, пакуль не акажуцца вычарпанымi сродкi на «прафесiйным» рахунку канкрэтнага «льготнiка». Праўда, гэта — толькi адна з прапаноў. Прынамсi, адзначаюць у мiнiстэрстве, канчатковага рашэння ў дадзеным выпадку яшчэ не прынята. Галоўнае пытанне — кадры ААТ «Гродна Азот» з’яўляецца адным з буйнейшых прадпрыемстваў айчыннай нафтахiмii. I адначасова прадпрыемствам адным з найбольш «шкодных». Бензол, амiяк, вадарод, шум, вiбрацыя, iнфрачырвонае выпраменьванне i, апроч таго, пастаянная рызыка выбухаў i пажараў. Як вынiк, з 7,2 тысячы работнiкаў таварыства «Гродна Азот» амаль палова занятая ў неспрыяльных умовах па Спiсах № 1 i № 2. Прычым больш за 800 з iх працягваюць працаваць з адначасовым атрыманнем «iльготнай» пенсii. Зразумела, што сама неабходнасць дадатковых прафесiйных пенсiйных адлiчэнняў — праблема. I ў тым лiку для па-сапраўднаму «моцных» заводаў. Разам з тым, мяркуюць на «Гродна Азоце», гэта «мiнус» далёка не асноўны, тым больш, што прапануецца норма — наймальнiк, якi лiквiдуе «небяспечныя» месцы, аўтаматычна пазбаўляецца неабходнасцi рабiць адлiчэннi на датэрмiновыя пенсii. Горш iншае. Паводле слоў генеральнага дырэктара Аляксандра Радзевiча, рашэнне аб прызначэннi пенсii толькi работнiкам, якiя зменяць «шкодныя» ўмовы працы, можа прывесцi да адчувальнага дэфiцыту кадраў. I да таго ж прадпрыемства рызыкуе страцiць менавiта вопытных i высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў. Асобная тэма — механiзм увядзення змен. У прыватнасцi, адно з актуальных у дадзеным выпадку пытанняў — цi будуць распаўсюджвацца новыя нормы на цяперашнiх пенсiянераў-«датэрмiноўшчыкаў»? I, нарэшце, самы складаны момант — часовая страта магчымага даходу. 300 тысяч пенсii нават пры зарплаце ў мiльён — грошы нiколi не лiшнiя. Таму выпадае сумнявацца: законапраект не з’яўляецца адназначным, а яго разгляд будзе няпростым. Прыняць нельга змянiць Само паняцце «датэрмiновая пенсiя» з’явiлася ў Савецкiм Саюзе ў 30-х гадах мiнулага стагоддзя з даволi канкрэтнай мэтай — прыцягнуць людзей на працоўныя месцы з цяжкiмi ўмовамi i нiзкай зарплатай. Прычым у 1956 годзе былi зацверджаны першыя варыянты «шкодных» прафесiй — Спiс № 1 i Спiс № 2. Аднак з гэтага часу Спiсы практычна не пераглядалiся. Мiж тым, зазначыла намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткiна, за паўстагоддзе адбылася мадэрнiзацыя вытворчасцi, i адпаведна — змяншэнне «фактараў рызыкi» для здароўя. Плюс да таго ўсё больш востра нагадвае аб сабе iншая праблема — дэмаграфiчная. Беларуская пенсiйная сiстэма заснавана на прынцыпе салiдарнасцi, у прыватнасцi, выплаты цяперашнiм пенсiянерам забяспечваюцца за кошт адлiчэнняў працуючых грамадзян. Разам з тым не сакрэт: першая катэгорыя становiцца ўсё большай, а другая — меншай. Прычым суадносiны «працуючыя — пенсiянеры» будуць пагаршацца i надалей. Выйсцем з падобнай сiтуацыi магло б стаць павышэнне пенсiйнага ўзросту. Аднак, падкрэслiла Марыяна Шчоткiна, падобная мера адносiцца да катэгорыi звышнепапулярных, i на сёння з’яўляецца непрымальнай. Таму прапануецца iншы шлях — змены ўмоў прадастаўлення «льготных» пенсiй. Пачатак тут ужо ёсць. Са жнiўня мiнулага года па агульнаму правiлу работа пасля афармлення «датэрмiновага адпачынку» не залiчваецца ў стаж. Або, дакладней, залiчваецца толькi ў выпадку не атрымання пенсii. Аднак гэта — толькi першы крок. Другiм жа, мяркуюць у мiнiстэрстве, мусiць стаць увядзенне накапляльнай прафесiйнай мадэлi. Сапраўды, падлiкi паказваюць, што сёння «вывад» iльгот з агульнага фонду дазволiць зэканомiць усяго 4 працэнты агульных пенсiйных грошай. Аднак толькi пакуль. У будучым, зноў-такi з улiкам значнага павелiчэння колькасцi пенсiянераў, цяперашнi паказчык эканомii павiнен узрастаць у прагрэсii. А ў сваю чаргу гэта — рэзерв павышэння пенсiй асобам, якiя па аб’ектыўных прычынах не могуць працаваць. I ў тым лiку — цяперашнiм «iльготнiкам», для якiх рана цi позна пенсiя акажацца адзiнай крынiцай даходу. — У параўнаннi з iншымi краiнамi былога Саюза, беларускi варыянт рэформы падаецца больш мяккiм, — адзначае Марыяна Шчоткiна. — Так, у Латвii, Лiтве i Казахстане пераўтварэннi скiраваныя на поўную лiквiдацыю датэрмiновых пенсiй па ўмовах працы. У Кыргызстане, Таджыкiстане i Азербайджане пераўтварэннi iдуць шляхам павелiчэння неабходнага спецыяльнага стажу i скарачэння Спiсу № 1, у Малдове цалкам скасаваны Спiс № 2 i робiцца прызначэнне «льготных» пенсiй толькi пры ўмове пераходу на «няшкодныя» месцы. Што да Арменii, Расii i Украiны, то сёння тут распрацоўваюцца праекты, мэта якiх — пошук новых крынiц фiнансавання датэрмiновых пенсiй i iх выплата зыходзячы толькi з «мэтавых» накапленняў. I ўсё ж, наколькi вялiкая верагоднасць прыняцця Закона «Аб прафесiйным пенсiйным страхаваннi» ў нашай краiне? Час да разгляду яго ў парламенце яшчэ ёсць, адпаведна, не выключаюцца пэўныя змяненнi. Тым не менш, як паведамiў у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» старшыня пастаяннай парламенцкай камiсii па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Сяргей Камянецкi, хутчэй за ўсё, дэпутаты праект падтрымаюць, i прычым — у цяперашнiм варыянце. Бо ў адваротным выпадку, зазначыў Сяргей Камянецкi, сама па сабе рэформа датэрмiновых пенсiй проста губляе ўсялякi сэнс. Мiнск—Гродна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi могуць змянiцца ўмовы прадастаўлення датэрмiновых пенсiй работнiкам, якiя занятыя ў «шкодных» умовах |
|