Хачу пажадаць...Добры дзень, родныя словы! Дарагi чытач, вы, напэўна, не раз чулi: «Жадаю сказаць», «Жадаю пачуць» i нават «Жадаю цукерак». Як бы забылi людзi простае слова «хачу».А, мiж тым, яшчэ са сваёй 127-гадовай даўнiны «Слоўнiк беларускай гаворкi» Iвана Насовiча напамiнае нам, што жадаць — гэта «страстно хотеть» (а не проста хацець). А якраз у гэтым апошнiм значэннi хацець у нас падчас неабдумна i ўжываюць слова «жадаць», забываючы, што ў жадаць ёсць i найблiжэйшы паплечнiк-заменнiк прагнуць (моцна хацець). Гэтае (большае, чым проста хацець) значэнне ў слова жадаць ажывае i ў некаторых фразеалагiзмах, такiх, як «колькi душа жадае (пажадае)» — нароўнi з яго варыянтам «Колькi душа прымае (прыме)» — гэта значыць, без усялякага абмежавання, уволю, удосталь, напрыклад, есцi. У тым жа шэрагу, дзе, скажам, у дачыненнi есцi стаяць i iншыя падобныя руплiўцы — фразеалагiзмы: еш не хачу, колькi ўлезе, на поўную (усю) губу, хоць жывот расперажы, хоць расперажыся, як на дзяды, за трох дурных i г.д. — з гумарам i ўсур’ёз. Да няправiльнага ўжывання жадаць у значэннi хацець далучылася, вiдаць, i калькаванне з далёка не ўзорнай рускай мовы ў некаторых выданнях, дзе таксама замест хотеть настырна лезе желать. Прывяду некалькi няўдалых прыкладаў з «Комсомольской правды», «Смены» i iнш., якiя крытыкуюцца ў даведнiку журналiста «Трудности русского языка» пад рэдакцыяй Л.I. Рахманавай (Изд. Московского университета, 1981, стар. 119): «Судя по всему, он желает [следует: хочет] стать спринтером высокого класса». «Я в будущем желаю [следует: хочу] специализироваться и повышать квалификацию в области свиноводства». «Отпускной месяц дается раз в году, и каждый волен провести его как желает [следует: хочет]». У рускай мове ў дзеяслова желать большае пашырэнне, чым у беларускага жадаць, яшчэ i таму, што некаторыя формы, напрыклад, дзеепрыслоўi, ад хотеть у рускай мове не ўжываюцца. Вось звычайны беларускi сказ: «Я, хочучы дапамагчы, падышоў да яго» не перакладзеш даслоўна: «Я, хотя помочь, подошёл к нему». Тут мiжволi папросiцца «желая». Або цi не даводзiлася вам чуць на сходах такiя рускiя прастамоўi: «Кто желает высказаться?». А старшыня сходу, напэўна, якраз думаў, што ён вядзе сход узорна па-руску. Або ў цырульнi — лiслiва-ўгодлiвае, яшчэ дарэвалюцыйнае: «Желаете побриться?». Цi з-за прылаўка: «Что вы желаете?». Таму простая засцярога: перш, чым ужыць слова жадаць, зважайце, цi не лепш тут гучыць хацець, вядома ж, памятаючы i пра напамiн I. Насовiча. А рускiя фразеалагiзмы перакладаюцца адпаведнымi беларускiмi: «и знать не желает» — «i слухаць не хоча»... Затое як добра пачуваецца дзеяслоў жадаць у значэннi зычыць! Як добра гучыць ён у застоллях! Хiба магла б, здаецца, абысцiся без яго наша славутая даваенная песня «Бывайце здаровы» з яе пажаданнем, якое i сёння гучыць вельмi надзённа: Яшчэ вам жадаем Прыбытку у хаце — Не мала, не многа — Штогод па дзiцяцi. Не будзе вам крыўды Яшчэ i за тое, Калi пашанцуе На год i па двое. Дзякаваць Богу, што сёе-тое з гэтага пажадання i спраўджваецца. (Як паведамляла БЕЛТА, летась у Беларусi нарадзiлася 828 двайнятак, 13 трайнятак, а ў Жлобiне... як тут лепш сказаць, бо, здаецца, i слова адпаведнага напашэве не знаходзiцца — i адны чацвераняткi!). Вядома ж, гэтыя словы жадаць, пажадаць разам са словам зычыць цудоўна прыдаюцца на юбiлейных урачыстасцях, дзе звычайна юбiляру шчодра жадаюць пражыць аж 100 гадоў. Праўда, наш вядомы паэт, празаiк, гiсторык, выдавец «Беларускага кнiгазбору» Кастусь Цвiрка на гэта пры нагодзе з досцiпам заўважыў: «А навошта абмяжоўваць Божую ласку? Можа, Бог дасць мне пражыць i 120 гадоў!..». А пад канец згадаю i яшчэ досцiп-адказ аднаго знаёмага на маё прывiтанне, як яму адзначалася сёлетняе чатырохдзённае свята 8 Сакавiка: «Выпiў больш, чым мог, але менш, чым хацеў...». Значыцца, выпiта не па-беларуску шмат, але сказана вельмi па-беларуску. Бо гумар — адна з самых яскравых рысаў беларускага характару. Рубрыку вядзе Анатоль КЛЫШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарагi чытач, вы, напэўна, не раз чулi: «Жадаю сказаць», «Жадаю пачуць» i нават «Жадаю цукерак». Як бы забылi людзi простае слова «хачу» |
|