«Дзень добры, кур’ера чакаеце?»
Павел БЕРАСНЕЎ
— Ай, ну куды ты так ляцiш, не спяшайся! — з усмешкай сказала мне дзяўчына, да якой я напрасiўся на паўдня папрацаваць разам. — Сёння ў нас заданняў мала.
— Ну... А як жа ж... — спрабаваў спрачацца я, — кур’ер жа не павiнен расслабляцца! На гэту маю рэплiку Наталля — так завуць гераiню матэрыялу — зноў усмiхнулася i рушыла ў метро. Ну а я, вядома ж, за ёй. I так я сёння буду цэлых паўдня катацца па сталiцы, дапамагаючы Наталлi выконваць абавязкi кур’ера, а заадно i распытваць, як жа яно — быць кур’ерам? Пакуль мы будзем дабiрацца да Нямiгi, дзе трэба забраць важныя дакументы, я крышку раскажу пра Наталлю. Яна жыве ў Мiнску, ужо скончыла бiялагiчны факультэт Белдзяржунiверсiтэта, але на працу па спецыяльнасцi не пайшла. Кажа, што настаўнiчаць — гэта не для яе. А кур’ерам працуе, каб дома не сядзець ды грошай зарабiць. — Слухай, Наталля, а даўно ты працуеш кур’ерам? I як цябе наогул занесла ў гэту прафесiю? — спрабую перакрычаць шум цягнiка метро. — А вось шукала ў кастрычнiку мiнулага года працу, залезла ў Iнтэрнэт ды выпадкова патрапiла на аб’яву: «Тэрмiнова патрэбны кур’ер». Патэлефанавала — i як бачыш, бегаю па сталiцы з дакументамi. ...Тым часам мы выбралiся з падземкi i падышлi да офiснага будынка. Паднялiся на патрэбны паверх i зайшлi ў нейкi кабiнет. Наталля павiталася з важнай цётачкай за сталом з факсам ды камп’ютарам i забрала ў апошняй дакумент. Калi мы выйшлi, я здзiўлена спытаў: — А як так табе паперы аддалi i нават не спыталi хто ты, не папрасiлi распiсацца ў атрыманнi? — Ну... Я таксама спачатку думала, што буду хадзiць, распiсвацца, але ўсё значна прасцей. У мяне нават няма такога дакумента, дзе было б напiсана пра мяне як пра кур’ера. Хаджу я па адных i тых жа ўстановах i арганiзацыях i мяне паўсюль ведаюць. Нават калi даводзiцца перадаваць не паперы, а грошы, то i тады мяне не просяць паставiць свой подпiс. Вось гэта што? — Наталля памахала перад маiм носам толькi што атрыманымi паперкамi. — Арыгiнал статута арганiзацыi. Каштоўнейшая папера. А сам бачыў, як мне яе ўручылi... «Вось дык справы», — падумаў я i рушыў далей за сваёй гераiняй. Мы шпацыравалi па залiтай веснавым сонейкам вулiцы Багдановiча, а Наталля расказвала пра сваё кур’ерства: працуе яна ў прыватнай фiрме, якая займаецца аптовым продажам, але мае ў штаце тры кур’еры. Працоўны дзень у Наталлi з 9 да 18 гадзiн з перапынкам на абед. Пытаюся пра самае пiкантнае: — Скажы, а колькi грошай маеш у месяц? — Не надта многа, — без анiякiх таямнiц адказвае Наталля, — 120 «зялёных». Плюс мяне забяспечваюць праязным на ўсе вiды транспарту. Канешне, гэта не залатыя горы, але таксама грошы. Расказала Наталля i пра сваё першае з’яўленне на фiрме. Спачатку яе папрасiлi запоўнiць стандартную анкету: дзе нарадзiлася, якую адукацыю мае... А потым менеджар персаналу праводзiла з кандыдаткай на прафесiю кур’ера гутарку. Пра што размаўлялi? Ды на агульныя тэмы, бо менеджару важна высветлiць, што за чалавек прыйшоў уладкоўвацца на працу — цi кемлiвы, цi адказны, цi згаворлiвы. Наталля менавiта такой асобай i аказалася — i яе ўзялi кур’ерам. — Усё жыццё тут працаваць не будзеш, — кажа Наталля, — але кур’ер — неблагая прафесiя. Не трэба сядзець у памяшканнi, глытаючы пыл ды азон ад аргтэхнiкi. Ходзiш сабе па горадзе, на людзей глядзiш, паветрам дыхаеш. Хiба дрэнна?.. У той дзень мы з Наталляй яшчэ паспелi да вечара забраць заяву з падатковай iнспекцыi, з’ездзiць у банк з чэкавай кнiжкай i вярнуцца зноў у офiс. Але Наталлi яшчэ патэлефанавалi i папрасiлi з’ездзiць на пошту, адправiць лiсты. — Ха! А вось i самае цiкавае, — звярнулася яна ўжо да мяне, калi схавала мабiльнiк у кiшэню, — паход на галоўпаштамт! — сказала i загадкава замаўчала, адказваючы на мае далейшыя распыты толькi кароткай фразай «Ай, сам пабачыш». Так i ехалi праз пробкi вячэрняга Мiнска (вопытны кур’ер заўсёды выбера правiльны маршрут, каб не страцiць час, стоячы ў заторы хвiлiн з дваццаць). I вось мы на месцы. У чым жа справа? Ага! Пасля паўгадзiннага стаяння ў чарзе перад акенцам, каб адправiць заказное пiсьмо, я нарэшце зразумеў, у чым апафеоз i «хараство» паштамта пад вечар: ахвотнiкаў адправiць карэспандэнцыю шмат, а вокнаў — не. У гэтай справе таксама ёсць свае хiтрыкi: акенца трэба выбiраць не па колькасцi людзей ў чарзе, а па колькасцi лiстоў у руках адрасантаў... Нарэшце лiсты адпраўлены i працоўны дзень завершаны. На развiтанне пытаюся ў Наталлi: — Ну што, стамiлася за дзень? — Ха! — смяецца ў адказ, — я прывычная да такой працы, не першыя боты стаптала, а вось ты як сябе адчуваеш? — з задзiрлiвым агеньчыкам у вачах замест адказу звяртаецца яна ў сваю чаргу да мяне. — Э... Калi шчыра казаць, то трохi прытамiўся... Хоць журналiста таксама ногi кормяць. Так што можна сказаць — калегi! — жартую ў адказ. На тым i развiталiся. Наталля пабегла ў метро, але ўжо не ў якасцi кур’ера — зараз яна звычайны чалавек, якому хочацца хутчэй патрапiць пасля працы ў родны дом, дзе чакае гарачая вячэра i мяккая ўтульная канапа.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Ай, ну куды ты так ляцiш, не спяшайся! — з усмешкай сказала мне дзяўчына, да якой я напрасiўся на паўдня папрацаваць разам. — Сёння ў нас заданняў м |
|