У Беларусь прыляцелi першыя буслы, а Браслаўшчыну наведаў ружовы пелiкан
Сяргей КУРКАЧ
Сёлета ў пачатку сакавiка да нас завiтала даволi актыўная цёплая вясна, разам з якой у Беларусь пачалi вяртацца з зiмовых «курортаў» родныя птушкi. Сёлета, як i раней, грамадская арганiзацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» арганiзоўвае кампанiю «Жывая вясна», калi разам з жыхарамi ўсёй Еўропы мы будзем назiраць за прылётам добравядомых i прыкметных птушак: вясковай ластаўкi, чорнага свiргуля, белага бусла i звычайнай зязюлi.
Паводле слоў спецыялiста па кампанiях i экалагiчнай адукацыi АПБ Руслана Шайкiна, праект мае на мэце сабраць максiмальныя звесткi аб тым, як мiгруючыя птушкi вяртаюцца ў Еўропу. Даволi простыя назiраннi, зробленыя вялiкай колькасцю людзей, даюць вiдавочную карцiну мiграцыi птушак, паказваюць асноўныя рысы i змены ў iх характары, якiя адбываюцца штогод. Для таго, каб прыняць удзел у кампанii «Жывая вясна» 2007 года i далучыцца да назiральнiкаў за птушкамi, неабходна толькi заўважыць першых прыляцеўшых з выраю птушак абраных вiдаў i занесцi свае назiраннi на спецыяльны сайт www.springalive.net. Акрамя назвы вiду i даты трэба занесцi iнфармацыю аб тым, у якой вобласцi вы бачылi птушку, ваша iмя i прозвiшча, адрас i год нараджэння. Калi ў вас няма доступу да Iнтэрнэта, неабходна патэлефанаваць цi напiсаць пра свае назiраннi ў офiс АПБ, тады супрацоўнiкi офiса змесцяць гэтую iнфармацыю на сайце. Адрас АПБ: 220050 Мiнск, п/с 306, вул. Макаёнка, д. 8, оф. 42, тэл.: (8-017) 263-01-30. Ужо зараз вядома, што ў Беларусь паўсюдна прыляцелi палявыя жаўрукi i шпакi. У Мядзелi днямi бачылi каля дзесяцi кнiгавак, у Брэст прыляцелi качкi-шылахвосткi, ныркi-сiвакi, вялiкая коўра, розныя вiды кулiкоў; назiралася двухтысячная чарада залацiстых севак. Ужо зараз першыя белыя буслы пачалi будаваць свае гнёзды ў Гродзенскай i Гомельскай абласцях. На мiнулыя выхадныя ў Мачулiшчах, што пад Мiнскам, актыўна пачалi спяваць берасцянкi. Даволi рэдкую з’яву назiраў навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага парку «Браслаўскiя азёры» Вiталь Кашчэеў. У сувязi з тым, што сёлетнi сакавiк стаў самым цёплым за мiнулае дзесяцiгоддзе, многiя вiды птушак прыбылi да месцаў размнажэння на два-тры тыднi раней за звычайныя тэрмiны. 14 сакавiка супрацоўнiкам парку пашчасцiла назiраць ружовага пелiкана ў Браслаўскiм раёне каля вёскi Дрысвяты на мясцовым возеры сярод звычайных мiгруючых i абарыгенных вадаплаўных птушак. Палёт пелiкана i велiзарную мехаватую дзюбу было цяжка пераблытаць з прыкметамi iншых вадаплаўных суседзяў. Зарослыя трысцягом вадасховiшчы Беларусi вельмi нагадваюць гэтай птушцы яе звычайныя месцы гнездавання — рачныя дэльты Каспiйскага мора i азёраў Блiзкага Усходу, паўднёвай Азii i паўднёва-ўсходняй Афрыкi. Для нашай краiны ружовы пелiкан — вельмi рэдкi, выпадкова залётны вiд. За апошнiя дзесяць гадоў такiх сустрэч з гэтай птушкай у Беларусi арнiтолагi не адзначалi. Тым не менш, гэтая паўднёвая птушка выпадкова залятала нават у рэгiён Санкт-Пецярбурга, на вадасховiшчы Данii, Нарвегii i Швецыi. Магчыма, гэта можна лiчыць супадзеннем, але ў гэтых мясцiнах, прыкладна каля 5 кiламетраў ад месца, дзе i быў зафiксаваны пелiкан, ёсць аднайменная вёска i возера з назвай «Пелiканы». Ружовы пелiкан, магчыма, стаў не зусiм выпадковым пацвярджэннем даўнiх назваў мясцовых мястэчак. Можа, у старажытныя часы ў Беларусi было яшчэ цяплей, чым зараз? Па вынiках папярэдняга года ў кампанii «Жывая вясна» летась узялi ўдзел 2289 рэспандэнтаў па ўсёй Еўропе, якiя зрабiлi больш за 4000 назiранняў. Сярод абраных птушак найбольшая колькасць назiранняў прыпадае на белага бусла (34 працэнты), вясковую ластаўку (33 працэнты), звычайную зязюлю (18), чорнага свiргуля (15). Самым актыўным перыядам назiранняў летась стаў тыдзень з 27 сакавiка па 2 красавiка. Паважаныя сябры, далучайцеся да нас i назiрайце прылёт птушак! Гэта вельмi прыгожа i цiкава.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў пачатку сакавiка да нас завiтала даволi актыўная цёплая вясна, разам з якой у Беларусь пачалi вяртацца з зiмовых «курортаў» родныя птушкi |
|