Дзвюхзоркавае шоў па сiстэме «ўсё ўключана»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Глядзiце! Калi чалавек, няхай сабе i вядомы, але раней на эстрадзе не заўважаны, пачынае спяваць на ўвесь голас, навакольныя або круцяць пальцам ля скронi, або з пэўным задавальненнем прыслухоўваюцца да гэтых трэляў (залежыць ад таго, цi моцна мядзведзь наступiў на вуха спеваку-аматару). Аднак калi той самы чалавек бярэ ў «напарнiкi» вопытнага вакалiста i выходзiць з мiкрафонам на суд шаноўнай публiкi — глядзяць i слухаюць усе. Бо гэта фармат тэлешоў «Дзве зоркi». Праект з такой назвай паспяхова прайшоў у Расii, а з 31 сакавiка на шэсць тыдняў «прапiсаўся» i ў нас.Паводле правiлаў, у гульню ўступае тузiн дуэтаў, якiя складаюцца з аднаго прафесiйнага вакалiста i аднаго дылетанта. Пары развучваюць пэўныя кампазiцыi — добра вядомыя, але спецыяльна для шоў перакладзеныя ў новую аранжыроўку — i падчас здымак выконваюць песнi ў суправаджэннi «жывога» аркестра. Журы ацэньвае выступленнi, улiчваючы не толькi майстэрства выканаўцаў, але таксама артыстызм, згуртаванасць дуэтаў i пастаноўку нумара. Пасля строгага судзейства дзве пары, якiм дасталася найменшая колькасць балаў, трапляюць у намiнанты на «вылет». Тут ужо справа за гледачамi, якiя прысутнiчаюць у зале. 125 спецыяльных пультаў для галасавання — i лёгкiм нацiскам кнопачак вырашаецца, каму пакiнуць шоў, а каму застацца. Пасля трох шоў у намiнацыю трапляюць адразу тры пары, адну з якiх выратоўваюць гледачы. На апошнiм шоў у праекце павiнна застацца шэсць дуэтаў, пераможца сярод якiх вызначаецца iнтэрактыўным галасаваннем. У якасцi прыза кожны ўдзельнiк «пары нумар адзiн» атрымлiвае аўтамабiль. Самыя спрытныя, напэўна, паспелi зрабiць падлiкi i здзiвiцца — якiм гэта чынам у фiнал трапляе шэсць пар? Куфэрак адчыняецца проста: у беларускiм варыянце «Дзвюх зорак» выступаюць не 24, а 26 удзельнiкаў — 13 дуэтаў. Проста падчас рэпетыцый высветлiлася, што адной з пар — вядучай АНТ Вользе Паляковай i кiраўнiку ансамбля «Сябры» Анатолю Ярмоленку — вельмi цяжка спецца. Таму пару разбiлi i прапанавалi кожнаму ўдзельнiку iншых партнёраў. Вядучых шоў у нас не двое, а ўсяго адзiн, затое якi — экс-iгрок КВЗ, а зараз адзiн з вядучых рэзiдэнтаў маскоўскага «Камедзi Клаб» Вадзiм Галыгiн. У журы на першым выпуску шоў «Дзве зоркi» засядуць Лiдзiя Ярмошына, Расцiслаў Янкоўскi, Юрый Казiятка, Барыс Луцэнка i Люся Лушчык (ой, прыгадае тэлевядучая некаторым канкурсантам ацэнкi на «Зорным цырку»!). А ў рэпертуары ўдзельнiкаў — хiты савецкага часу i песнi з кiнафiльмаў, ад страснага «Каханне, навошта ты мучыш мяне» (к/ф «Сабака на сене») да ўзвышана-пранiкнёнага «Ёсць толькi мiг» (к/ф «Зямля Саннiкава»), ад «Мiльёна пунсовых руж» да «Гэтых вачэй насупраць». Напярэдаднi запiсу шоў нам удалося трапiць на генеральны прагон i паназiраць за артыстамi, так бы мовiць, у рабочай атмасферы. Iдэi генерыравалiся проста па ходу рэпетыцый, некаторыя тут жа адкiдвалiся, а некаторыя рэалiзоўвалiся нават нечакана для прадзюсараў праекта. Напрыклад, спасылаючыся на правiлы, арганiзатары забаранiлi канкурсантам карыстацца ў пастаноўцы нумароў грувасткiм рэквiзiтам — толькi тое, што можна вынесцi ў руках. Гэтая ўмова, аднак, не перашкодзiла спеваку Георгiю Калдуну i актрысе Валерыi Арланавай ператварыць знаёмую ўсiм песню «Вернiсаж» у... «крымiнальнае чытво» па-беларуску. I замест гiсторыi сустрэчы маладых людзей атрымаўся раман з шэдэўрам выяўленчага мастацтва. А ўсяго толькi i трэба было, што карцiна, пара плакатаў «Вышукваецца», наручнiкi i пачуццё гумару ў самiх выканаўцаў. Аляксею Хлястову i алiмпiйскай чэмпiёнцы па мастацкай гiмнастыцы Юлii Раскiнай для выканання песнi «Цудоўны сусед» музыканты даставiлi сапраўдныя трубу i кларнет. Але дзяўчына хутка адмовiлася ад iнструмента — непрафесiяналы i без таго гублялiся на сцэне, а калi трэба адначасова ўпраўляцца з мiкрафонам, iграць на партнёра i рабiць выгляд, быццам нязмушана iграеш на кларнеце — гэта амаль што акрабатычны трук з адначасовымi спевамi. Якасць выступлення гэтай пары строга ацэньваў маленькi Арцём Хлястоў — ледзь што не спадабаецца, адразу пачынаў хныкаць i крывiцца. Каб супакоiць малога, тату давялося браць яго на рукi, танцаваць i штосьцi напяваць. Дарэчы, пазней, ужо на здымках, «Цудоўны сусед» зноў даставiў непрыемнасцi Раскiнай. Па задумцы, у фiнале песнi дзяўчына садзiлася на шпагат, што выканала. Натуральна, блiскуча i элегантна. Толькi калi Юля вярнулася ў вертыкальнае становiшча, стала зразумела, што яна моцна, да крывi, падрапала калена аб плiты сцэнiчнай пляцоўкi. Гiмнастка паставiлася да сiтуацыi з гумарам: «Я не лiчу, што адбылося нешта страшнае, на трэнiроўках нярэдка здаралася i горш». Элеаноры Язерскай давялося рэпецiраваць у гордай адзiноце — яе партнёр, салiст гурта «Лепрыконсы», быў вельмi заняты на гастролях у Кiеве, i змог выбрацца толькi непасрэдна на здымкi. Так што ў песнях «Пецярбург—Ленiнград» i «Мiленькi ты мой» былая тэлевядучая выконвала толькi свае партыi, з цяжкасцю трапляючы ў патрэбны момант у музыку. Ёй на дапамогу прыйшоў Мiкалай Скорыкаў, якi цiха напяваў некаторыя радкi i ўвогуле строiў з сябе манерны аналаг Боры Маiсеева. — Брава, Элеанора Аркадзеўна! — запляскалi ў далонi прадзюсары. — Вы што, сур’ёзна? — шчыра здзiвiлася пачынаючая спявачка. У адказ ёй катэгарычна абвясцiлi: «На «Еўрабачанне!». Паглядзець на такое вiдовiшча сабралiся, здаецца, усе супрацоўнiкi тэатра. I не прагадалi. Потым на сцэну ўзнялiся Iна Афанасьева з Жэнем Булкам. Пакуль Iна старанна распявалася для песнi «Добрыя прыметы», малады чалавек, як гутаперчавы, танцаваў вакол, робячы неверагодныя пiруэты. — Ён падобны на Джыма Керы ў фiльме «Маска», — заўважыў нехта. — Цудоўна, а давайце яму таксама зелянiны на твар накладзём, — прапанавала Iна, стомленая няўрымслiвай актыўнасцю партнёра. Булка ў адказ перабольшана абурыўся: — Цудоўна, Iна Афанасьева толькi што абазвала мяне зеленню саплiвай! Нiхто з прысутных, уключаючы саму спявачку, не змог утрымацца ад рогату. Калi Жэню ўсё ж прымусiлi спяваць, нечакана высветлiлася, што ў яго даволi прыемны голас — так што гэты жартаўнiк у спалучэннi з абаяльнай Афанасьевай яшчэ складзе канкурэнцыю астатнiм дванаццацi дуэтам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi чалавек, няхай сабе i вядомы, але раней на эстрадзе не заўважаны, пачынае спяваць на ўвесь голас, навакольныя або круцяць пальцам ля скронi, або |
|