21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пасхальнае пасланне

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi

«Ангел усклiкаў Благадатнай:

Чыстая Дзева, радуйся! ...Твой Сын уваскрэс!»

Узлюбленыя архiпастыры, пастыры, манахi

i ўсе верныя дзецi Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Прайшоўшы шлях Вялiкага посту i абнавiўшы нашае сэрца перажываннем падзей Страснога тыдня, мы зноў сведчым перад Богам i людзьмi пра радасць веры ў тое, што Хрыстос сапраўды ўваскрэс!

Гэтае нашае пасхальнае прывiтанне выказвае галоўную iсцiну хрысцiянства, якая з’яўляецца яго асновай! I мы зусiм не перабольшваем значнасцi гэтага найкарацейшага сiмвала нашай веры, калi сцвярджаем, што ўвесь сусвет, усё стварэнне Гасподняе трымаецца на тым, што Сын Божы стаў Сынам Чалавечым, спазнаў крыжовую смерць за грахi свету, уваскрэс з мёртвых i Сваiм Уваскрасеннем вярнуў чалавека ў абдымкi нябеснага Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба i зямлi.

Цуд трохдзённага Уваскрасення Iсуса з Назарэта адбыўся на ўскраiне Iерусалiма, у адной з малых правiнцый Рымскай iмперыi, — але яго значэнне было сапраўды сусветным. Законы бачнага i нябачнага свету былi ўзрушаны тайнай адкуплення i ўваскрасення, якая здзейснiлася на вяршынi Галгофскай гары i ў пахавальнай пячоры каля яе падножжа. Пра гэта спявае Святая Царква ў Пасхальны перыяд: «Смерцi святкуем умярцвенне, пекла разбурэнне, iншага жыцця вечнага пачатак» (Пасхальны канон, 7-я песня).

Прычынай жа ўсяго, што адбылося, была Любоў: «Бо так узлюбiў Бог свет, што Сына Свайго Адзiнароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загiнуў, але меў жыццё вечнае» (Iн.3: 16).

Уважлiва чытаючы Святое Евангелле, мы заўважаем, што Сам Хрыстос Спасiцель рэдка гаварыў пра Сябе як пра Сына Божага. Так называлi Яго людзi, у якiх запальвалася iскра веры, так вызнавалi Яго вучнi i апосталы. I нават дэманы i iх князь, якi спакушаў Iсуса Хрыста пасля Яго хрышчэння, называлi Яго Сынам Божым, бо, паводле сведчання апостала Iакава, «i дэманы веруюць, i трымцяць» (Iак. 2: 19).

Сам жа Iсус называў сябе Сынам Чалавечым, жадаючы падкрэслiць, што тайна Богаўцялeснення не змагла б здзейснiцца без удзелу ў ёй самiх людзей. Але, створаныя па вобразу i падабенству Божаму, з часоў Адама людзi па сваёй волi падпарадкавалiся законам граху i смерцi, якiя панавалi ў свеце пасля грэхападзення праайцоў...

Наш розум нярэдка задае пытанне: чаму ж так доўга не прыходзiў у свет Спасiцель? Бо любоў Тварца да ўсяго створанага не спынялася нiколi! Чаму ж тысячы i тысячы гадоў Бог Слова, у Якiм «было жыццё, i жыццё было святлом для людзей» (Iн.1: 4), нiбы марудзiў у чаканнi толькi Яму Аднаму вядомага дня i часу? Аднак адказ на гэта пытанне быў знойдзены больш за дзве тысячы гадоў таму, калi стала вiдавочным, што ўвесь старазапаветны перыяд гiсторыi чалавечага роду быў нi чым iншым, як часам чакання Той, Якая магла б стаць Лесвiцай, каб злучыць Нябёсы i зямлю.

Такой Лесвiцай, такiм богаабраным умясцiлiшчам Святога Духа з’явiлася Прачыстая Дзева Марыя, Мацi Госпада нашага Iсуса Хрыста, для Якой Прадвечны Сын Божы стаў Сынам Чалавечым.

Свяшчэннае Пiсанне i царкоўнае Паданне распавядаюць, як Архангел Гаўрыiл дабравесцiў Дзеве Марыi пра нараджэнне Спасiцеля; як клапацiўся Вястун Божы пра душу праведнага Iосiфа Абручнiка, адкрываючы яму тайну беззаганнага зачацця; як у горадзе Вiфлееме ў днi раз’юшанасцi цара Iрада ён папярэджваў Святое Сямейства пра смяротную небяспеку; i нарэшце, як Добры Вястун абвясцiў Мацi Божай пра наблiжэнне Яе Успення...

Адно з цэнтральных песнапенняў Святой Пасхi дае нам адказ яшчэ на адно важнае пытанне: хто i як першым даведаўся пра Уваскрасенне Хрыста Спасiцеля? Царкоўнае Паданне сведчыць, што ў першыя ж iмгненнi пасля Уваскрасення Iсуса «Ангел усклiкаў Дабрадатнай: Чыстая Дзева, радуйся! I зноў кажу — радуйся! Твой Сын уваскрэс!».

Узлюбленыя браты i сёстры! Сёння нашыя асаблiвыя пасхальныя роздумы пра Мацi i пра Сына зусiм не выпадковыя. Ушанаванне Багародзiцы i Богадзiцяцi ў нашай Царкве настолькi глыбокае i праўдзiвае, што яно стала неад’емнай часткай веруючай народнай душы, адной з рысаў нацыянальнага характару i светапогляду. Далёкiм продкам нашым заўсёды была ўласцiва трапяткая ахова мацярынства i дзяцiнства ад стыхiй свету гэтага i ад хваляванняў жыццёвых. Бо вобраз Мацi i Дзiцяцi па промыслу Божаму стаў сiмвалам працягу роду чалавечага, i таму памяць сэрца захоўвае i перадае яго з роду ў род, з веку ў век.

Сваё найвышэйшае выражэнне гэтая памяць знайшла ва ўшанаваннi Прасвятой Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi. Бо Яна стала адзiнай дачкой чалавечай, якая, нарадзiўшы Богачалавека, захавала дзявочую чысцiню i беззаганнасць. Таксама i Сын Яе, паводле слова апостала Паўла, у чалавечай iстоце Сваёй быў «падобна да нас спакушаны ва ўсiм, акрамя граху» (Яўр. 4: 15).

Дарагiя мае! Як часта мы, разважаючы на гэтыя высокiя тэмы, не заўважаем iх адлюстравання ў нашым паўсядзённым жыццi! А дакладней, не спяшаемся настроiць нашыя буднi на гэтую хвалю чысцiнi, веры i спадзявання. Няўжо трывога нашага грамадства пра тое, што дзяцей на беларускай зямлi нараджаецца ўсё менш, а маладыя сем’i распадаюцца ўсё часцей i хутчэй, не гучыць для хрысцiянскiх сэрцаў пагрозлiвым прадвесцем наступстваў, трагiчных для краiны i народа? Няўжо не паклiканы мы, хрысцiяне, у першую чаргу яўляць перад Богам i людзьмi прыклад дзейснага жыцця паводле Евангелля, i ў тым лiку — у жыццi сямейным?

Сапраўды, гэта так! I нам належыць з асаблiвай адказнасцю развiваць навык узаемаадносiнаў у нашых сем’ях па прыкладу Святога Сямейства.

Мужы i браты! Не бянтэжачыся ад вышынi гэтага прыкладу, будзьце i вы ў сваiх сем’ях такiмi ж мудрымi i разважлiвымi, як Iосiф, якi свята ахоўваў неацэнны скарб — Мацi i Сына Божага, дадзеных яму для клопату, павагi i трапяткой любовi!

Жанчыны i сёстры! I вы кiруйцеся прыкладам Мацi Божай, для Якой клопат пра Сына — Богадзiця Хрыста — засяроджваўся не толькi на ежы i пiццi, але i на духоўным выхаваннi, як пра гэта i сказана ў Пiсаннi: «Не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякiм словам, якое выходзiць з вуснаў Госпада» (Друг. 8: 3).

Такiм чынам, калi мы самi будзем трымацца высокiх узораў жыцця, пабудаванага паводле закона Гасподняга, тады зможам спадзявацца, што благадаць Божая будзе на нас i на нашых дзецях.

Час i гiстарычныя буры не павiнны сцiраць з нашай памяцi, з патаемных глыбiнь народнага жыцця спасiцельныя iсцiны хрысцiянскай веры, якiя робяць дастойным жыццё старэйшых пакаленняў i закладаюць добры падмурак для пакаленняў наступных. Гiстарычная адказнасць для нас, хрысцiян, якраз i палягае ў тым, каб захоўваць гэтыя iсцiны i праводзiць iх у жыццё.

I калi мы ўсведамляем, што мiнулы год быў паклiканы стаць у грамадскай свядомасцi Годам мацi, а цяперашнi названы Годам дзiцяцi, — мы павiнны прыкласцi намаганнi, каб у сваiм асяроддзi, на сваiм шляху напоўнiць прастору жыцця Евангельскiм словам i справаю. Таму што Свяшчэннае Пiсанне — гэта вялiкi гiмн жыцця, у якiм апяваецца велiч мацярынства i айцоўства, духоўная слава сыноў i добрапрыстойнасць дачок як найвышэйшыя каштоўнасцi чалавечага быцця.

Узлюбленыя браты i сёстры! Пасха Гасподняя — гэта перамога жыцця ў яе самым глыбiнным, першас-ным сэнсе. Гэта якраз тая дасканалая радасць, пра якую гаварыў Гасподзь наш Iсус Хрыстос, асаблiва падкрэслiваючы, што яе нiхто не адыме ў нас (Iн. 15: 11; 16: 22). Будзем жа шчодра дзялiцца ёю з нашымi блiзкiмi i далёкiмi, з адзiнавернымi братамi i сёстрамi i з усiмi, хто, паводле слова апостала Пятра, у кожным народзе даспадобы Богу, бо жыве праведна (Дзеян. 10: 35).

Няхай жа будуць на справе выкананы ў жыццi кожнага з нас словы Пасхальнага канона: «Уваскрасення дзень, i прасвятлiмся ўрачыстасцю, i адзiн аднаго абдымем. Скажам: браты, i тым, хто ненавiдзiць нас, прабачым усё дзеля ўваскрасення, i так усклiкнем»:

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс. Амiнь.

Фiларэт, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.

Пасха Хрыстова, 2007 год, Мiнск.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика