Схватка за адрэналiн
Алена КАЗЛОВА
У Магiлёве пабывалi Фандорын i пiраты Флiнта
Ноч. Вулiца. Няма лiхтара i аптэкi. Закiнуты дом на гарадской ускраiне. Ля пад’езда тармозяць дзве чорныя машыны. З iх выскокваюць некалькi чалавек i ныраюць у змрок дзвярнога праёма. Яркiя промнi ручных лiхтарыкаў выхоплiваюць фрагменты брудных сцен, якiя аблупiлiся, i смецця пад нагамi. I раптам застываюць, хрысцячыся, на цёмнай фiгуры, якая быццам ляцiць у паветры. Шытая куртка, пацёртыя джынсы, вязаная шапачка на галаве i... вяроўка на шыi, прывязаная другiм канцом да штыра, якi тарчаў са столi. I тут цiшыню разразае пранiзлiвы жаночы вiск... Падобная гiсторыя здарылася ў Магiлёве 1 красавiка падчас гульнi «Схватка», якая з’явiлася ў горадзе пару гадоў таму. Натуральна, нiякага вiсельнiка ў трушчобе не было. Проста арганiзатары гульнi вырашылi пажартаваць, павесiўшы да столi пудзiла. Але адрэналiн, выкiнуты ў кроў iгракоў, быў непадробным. — Як правiла, у «Схватку» гуляюць некалькi каманд па 12—15 чалавек, — расказвае Юрый, адзiн з iгракоў. — Арганiзатары (оргi) прыдумваюць 10 заданняў, на выкананне кожнага з якiх адводзiцца не больш як дзве гадзiны. Кожныя паўгадзiны iдзе падказка. Мэта — знайсцi ў горадзе месца, дзе напiсаны сакрэтны код. Як толькi ён выяўлены, прыходзiць наступнае заданне. У пошуках кода, напiсанага маркерам у якiм-небудзь непрыкметным месцы лiтаркамi з пару сантыметраў, дарослыя дзядзькi i цёткi носяцца ноч напралёт па ўсiм горадзе. Заданнi прыходзяць па Iнтэрнэту, таму ў кожнай каманды ёсць каардынатар, якi на працягу ўсёй гульнi сядзiць за камп’ютарам. — У кожнай каманды па некалькi машын. Учарашнi дзень — мабiльныя тэлефоны, сённяшнi — ноўтбукi. Па iм каардынатар рассылае заданнi, фатаграфii, падказкi i тое, што ён змог вышукаць у Iнтэрнэце, i народ пускаецца ў гонку. Так што «Схватка» — гэта дастаткова сучасная i нятанная забава, — расказвае Валянцiн, сапернiк Юрыя. Ёсць i прызавы фонд, у якi каманды скiдваюцца па некалькi тысяч з чалавека. Але гэтыя грошы, як правiла, iдуць на пакрыццё расходаў, таго ж бензiну, i не маюць пэўнага значэння для iгракоў. Калi, канешне, гаворка не iдзе аб студэнтах, для якiх дадатковы рубель нiколi не бывае лiшнiм. — Спачатку мне было проста цiкава гуляць, паколькi шмат чаго новага даведаўся пра горад, — успамiнае Валянцiн. — Ужо магу працаваць таксiстам або нават экскурсаводам, асаблiва па цёмных завулках. Тур «Тайнае жыццё магiлёўскiх падваротняў» не жадаеце? Асаблiва за апошнi час даведаўся, мабыць, пра ўсе бамжатнiкi i недабудаваныя будынкi нашага горада. Коды пiшуцца ў малапрыметных месцах i нi ў якiм выпадку не на жылых дамах, помнiках або адмiнiстрацыйных будынках. Дый сама гульня праходзiць больш на ўскраiнах. А спачатку было шмат блытанiны. Напрыклад, неяк усе каманды амаль адначасова падкацiлi да «Форума», дзе ў той час была начная дыскатэка. Выйшлi добра апранутыя наведвальнiкi рэстарана пакурыць на вулiцу, а тут з’явiлiся перамазаныя персанажы, якiя паспелi палазiць па рэчцы, i прынялiся ўсюды свяцiць лiхтарыкамi. Навакольныя на гэта рэагуюць па-рознаму. Хто шарахаецца, хто смяецца, хто абыякавы. А было, што начныя вартавыя i мiлiцыю выклiкалi, маўляў, незразумелыя асобы шастаюць, нешта вынюхваюць. Каб гульня не надакучыла, оргi стараюцца зрабiць заданнi разнастайнымi, прыдумаць iм сюжэтныя лiнii. Узяць, напрыклад, апошнiя туры. Адна была пабудавана паводле матываў твораў Барыса Акунiна, другая — па кнiзе «Востраў скарбаў». А таму лiтаратурныя заданнi аказалiся абавязковымi. — Усё пачалося з таго, што Фандорын прыехаў у гасцiнiцу, якая знаходзiлася за 7 мiль ад горада. Тут жа прыйшло фота Напалеона i маршала Даву. Гэта значыць, што гаворка iдзе пра вёску Салтанаўка Магiлёўскага раёна, дзе ўстаноўлены помнiк героям Айчыннай вайны 1812 года, — успамiнае Юрый. — Для выканання заданняў патрабавалiся наяўныя грошы, люстэрка, гумавыя боты, гумавыя пальчаткi, калода карт з 54 штук, букет кветак i лупа. Усё гэта потым адыграла сваю ролю. Заданне: «Сябры называлi яе Селядцом, муж звяртаўся да яе больш ласкава — Мiнога. Тавар у яе быў падазронай якасцi, але Фандорына гэта не спынiла. Аднак тое, што ён убачыў, перасягнула ўсе яго чаканнi». Можна адразу зразумець, пра што гаворка? — Пакуль мы шукалi рыбную базу, магазiн «Залатая рыба», тое, што наогул можа быць звязана з рыбай, наш чалавек знайшоў адказ у Iнтэрнэце, — расказваюць iгракi. Аказваецца, што гэта Крупскую Ленiн зваў Мiногай, а сябры — Селядцом. Значыць, нам трэба ехаць на вулiцу Крупскай. Праз паўгадзiны прыйшла першая падказка: «Валодзя быў супраць таго, каб Надзя сама займалася «Таварам», аднак час быў складаны...». — У пачатку вулiцы Крупскай ёсць вулiца Таварная. Далей значылася: «Фандорын падняўся на другi паверх. Узяўшы ўсё неабходнае, ён не ўтрываў перад спакусай i залез на гарышча». Знаходзiм двухпавярховы закiнуты дом, у якiм i напiсаны код. Але да гэтага ж трэба дадумацца! Не заўсёды зразумела, што людзi хочуць сказаць, бо ў iх свая логiка. — Мама пытаецца: «Ты што, дурань? Цi на рабоце за тыдзень мала стамляешся, каб потым усю ноч па гораду насiцца?». Але мне ж сапраўды вельмi цiкава, — расказвае Юрый. — У камандах людзi розных узростаў. Мабыць, дарослыя проста не нагулялiся. Хочацца нейкага ўзрушэння. Я, напрыклад, наогул адпачываць не ўмею, у выхадныя ляжу, не ведаю, чым заняцца. А тут мне прыдумалi забаву. Гульня праводзiцца раз у тры тыднi. У перапынках бываюць бонусы. Неяк каманды сабралiся ў Пячорскiм лесапарку i кiдалi на дальнасць валёнкi, вазiлi адзiн аднаго ў чалавечых запрэжках. Або абяцаюць спiсаць паўгадзiны таму, хто прынясе значок парашутыста, якi здзейснiў 100 скачкоў, або «чырвоны» дыплом выпускнiка «машынкi». I пачынаюцца пад’ёмы сяброў сярод ночы. — Гэта iнтэлектуальная гульня, — запэўнiвае Валянцiн. — Трэба вельмi добра ведаць гiсторыю горада, умець шукаць, разгадваць загадкi, карыстацца Iнтэрнэтам. А прынцып адзiн — ты хочаш быць першым. I асаблiва незвычайнае адчуванне ўзнiкае, калi разумееш, куды ехаць. I ты ўжо не заўважаеш дажджу або 20-градуснага марозу. Лiхтарык уключыў — i наперад.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёве пабывалi Фандорын i пiраты Флiнта |
|