На алергiю не начхацьРаіць урач У той час, як большасць людзей з нецярплiвасцю чакае вясну, ёсць такiя, што цярпець не могуць гэту пару года. Бо вясна для iх звязана з патокам слёз, насмаркам, чханнем i дрэнным самаадчуваннем.— Так праяўляе сябе сезоннае алергiчнае захворванне палiноз, — расказвае кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт кафедры алергалогii i прафпаталогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, галоўны алерголаг Мiнiстэрства аховы здароўя рэспублiкi Людмiла Маслава. — Хвароба заяўляе аб сабе вясной цi летам у перыяд цвiцення дрэў i траў. Палiноз — захворванне вельмi распаўсюджанае, прыкладна 10—20 працэнтаў людзей у свеце маюць гэту немач. Часцей за ўсё палiноз праяўляецца ў тых, у каго ёсць да гэтага спадчынная схiльнасць, а таксама алергiчныя рэакцыi на прыём лекавых прэпаратаў цi iншыя алергiчныя захворваннi. Часцей за ўсё хвароба пачынаецца з рынiту (насмарк), кан’юнктывiту, турбуюць вочы, з’яўляецца сверб павек, слёзацячэнне. Калi своечасова хваробу не дыягнаставаць i не пачаць лячыць, то да сiмптомаў далучаецца бранхiяльная астма, могуць быць праяўленнi ў выглядзе крапiўнiцы, магчымае павышэнне тэмпературы, галаўныя болi, агульная стамляльнасць, слабасць i г.д. — Цi можна прыняць прафiлактычныя меры загадзя, каб пазбегнуць гэтых непрыемнасцяў? — Безумоўна. Варта ўлiчыць, што гэта захворванне, як i любая алергiя, турбуе чалавека тады, калi ёсць кантакт з алергенам. У дадзеным выпадку гэта адбываецца вясной i летам. Заканчваецца вясенне-летнi час i праяўленнi хваробы адступаюць. Аднак яны сыходзяць не назаўсёды, а толькi да наступнага года. Таму, калi ў чалавека з’явiлiся такiя сезонныя праявы, варта звярнуцца да алерголага для таго, каб пацвердзiць наяўнасць алергii. Восенню, па-за сезонам цвiцення раслiн, ставяцца скураныя пробы i праз 20 хвiлiн можна вызначыць, на якiя алергены так востра рэагуе арганiзм. Калi дыягназ пацвярджаецца, трэба пачынаць лячэнне ўжо восенню, праводзiць спецыфiчную iмунатэрапiю. У лячэннi выкарыстоўваюцца тыя алергены, што выклiкаюць хваробу. Гэта тэрапiя працягваецца да наступнага цвiцення. Лячэнне вельмi эфектыўнае, дазваляе спынiць хваробу. Праводзiць яго трэба пад назiраннем спецыялiста-алерголага i толькi ва ўмовах алергакабiнета. — Але што рабiць, калi па нейкiх прычынах не ўдалося загадзя падрыхтавацца да сезона цвiцення? — За 10—14 дзён да чакаемага перыяду абвастрэння хваробы неабходна пачынаць прымаць процiалергiчныя, у прыватнасцi, антыгiстамiнныя прэпараты. Гэта могуць быць эрыус, зiртэк, цэлфаст, кесцiн, супрасцiн, тавегiл, дыязалiн i г.д. Яны дапамогуць даволi паспяхова справiцца з сiмптомамi хваробы. Калi ж гэтых прэпаратаў будзе недастаткова, можна падключыць яшчэ прэпараты мясцовага дзеяння. У прыватнасцi, калi маецца выражаны рынiт, можна скарыстацца назанэксам, флюцiказонам. — Цi можа прыйсцi на дапамогу народная медыцына? — З гэтым трэба быць вельмi асцярожнымi. Такiм пацыентам трэба ведаць, што iм процiпаказаны прыём розных раслiнных прэпаратаў. Напрыклад, нельга прымаць у якасцi лекаў прэпараты з палыну, рамонку, календулы, падбелу (мать-и-мачеха), дзiвасiлу, ваўчкоў, крываўнiку (тысячелистник), пiжмы, трыпутнiку. Гэта можа прывесцi да абвастрэння палiнозу i да прагрэсавання хваробы. Акрамя таго, вельмi важна ведаць, да чаго канкрэтна маецца алергiя i ў сувязi з гэтым прымаць пэўныя меры. Ва ўмовах Беларусi адзначаецца тры пiкi цвiцення раслiн i тры перыяды ў цячэннi палiнозу. Першы — гэта т. зв. драўляны палiноз, калi цвiтуць дрэвы (канец красавiка—май). У нашых краях асноўнымi алергеннымi дрэвамi з’яўляюцца бяроза, ляшчына, ясень, нярэдка таполя. Гэты драўляны палiноз можа спалучацца з харчовай алергiяй. Iнакш кажучы, калi ў чалавека ёсць алергiя на пылок дрэў, то ўжыванне бярозавага соку, яблыкаў, груш, усiх костачкавых (чарэшнi, вiшнi, персiкi, абрыкосы, слiвы) могуць прыводзiць да абвастрэння хваробы. Акрамя таго, гэтаму могуць спрыяць арэхi, асаблiва фундук, грэцкiя арэхi, мiндаль. Негатыўныя рэакцыi можа выклiкаць нават звычайная морква, такая зелянiна, як сельдэрэй, кмен. Нельга лячыцца прэпаратамi з бярозавых пупышак, альховых шышак, кары крушыны. Другi перыяд — цвiценне злакавых культур i пустазелля (жыта, цiмафееўка, мятлiк, ежа i iнш.). Ёсць травы, якiх дастаткова не толькi ў сельскай мясцовасцi, але i ў горадзе. Як правiла, яны цвiтуць у пачатку чэрвеня i да сярэдзiны лiпеня. Зноў-такi i ў гэты перыяд можа мець месца харчовая алергiя. Да абвастрэнняў палiнозу можа прыводзiць ужыванне такiх прадуктаў, як крупяныя кашы, макаронныя i хлебабулачныя вырабы, прадукты, у склад якiх уваходзiць мука. Трэцi перыяд пачынаецца з другой паловы лiпеня i працягваецца да верасня. У гэты час цвiце складанакветнае пустазелле. I асноўнай алергеннай травой з’яўляецца палын. Зноў-такi цэлы шэраг прадуктаў могуць падтрымлiваць праявы палiнозу. У прыватнасцi, гэта алей, халва, маянэз, гарчыца, прадукты, прыгатаваныя з выкарыстаннем палыну — вермуты, бальзамы. Сюды ж адносяцца сельдэрэй, кроп, пятрушка, перац, мускатны арэх, карыца, каляндра, могуць быць i морква, i бурак, i шпiнат. — Што яшчэ можна параiць людзям, у якiх маецца палiноз? — Як пры любой алергii вельмi важна максiмальна знiжаць кантакт з алергенамi. Больш за ўсё пылку з’яўляецца ў цёплае надвор’е, ветранае, у першай палове дня. Таму людзям, у якiх ёсць палiноз, мы рэкамендуем у гэты час як мага менш знаходзiцца на свежым паветры, не выязджаць за горад, а калi выязджаць, то блiжэй да вадаёма i пад вечар. Такi пацыент павiнен выходзiць на вулiцу ў сонцаахоўных акулярах. Вярнуўшыся дадому, здымаць адзенне, адразу ж прыняць душ. У кватэры пажадана закрыць форткi, праводзiць частыя вiльготныя ўборкi. Пацыент з падазрэннем на палiноз абавязкова павiнен звярнуцца да ўрача-алерголага. Той жа, каму пастаўлены ўжо дыягназ, павiнен назiрацца i лячыцца ў спецыялiста. Гутарыла Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той час, як большасць людзей з нецярплiвасцю чакае вясну, ёсць такiя, што цярпець не могуць гэту пару года. Бо вясна для iх звязана з патокам слёз, |
|