Як падрыхтаваць хатнiх жывёл да «дачных канiкулаў»
Вольга ШАЎКО
Веткабiнет Пачынаецца дачны сезон, наблiжаецца час адпачынкаў. На «летнiя канiкулы» многiя гаспадары возьмуць з сабой хатнiх любiмцаў — жывёл. Але перш чым вывезцi сваiх чатырохногiх за межы родных сцен, трэба падрыхтаваць iх да падарожжа. I рабiць гэта варта ўжо зараз. Аб тым, якiя меры перасцярогi неабходна прыняць, каб жывёлiна адчувала сябе камфортна ў новых умовах, не хварэла i не стварала небяспекi для навакольных, нам расказаў начальнiк ветэрынарнай станцыi Савецкага раёна г. Мiнска Мiкалай КАРАВАЕЎ.Перш за ўсё, перад тым як адправiцца ў дарогу, трэба правесцi апрацоўку жывёлiны супраць глiстоў (увогуле гэта варта рабiць кожныя тры месяцы). Зараз для гэтай мэты iснуе шмат прэпаратаў. Найбольш эфектыўныя з iх — таблеткi «Канiквантэла» i «Дрантала». Яны практычна забiваюць усе вiды глiстоў, якiмi жывёлiна можа заразiцца. Праз два тыднi пасля такой апрацоўкi трэба зрабiць катам i сабакам прышчэпку ад шаленства. Гэта прышчэпка робiцца бясплатна. Уладальнiкам чатырохногiх гадаванцаў трэба ведаць, што яны вельмi рызыкуюць, калi пагарджаюць прышчэпкай. У дзiкай прыродзе вiрус шаленства шырока культывуецца. На шаленства хварэюць або з’яўляюцца яго вiрусаносьбiтамi лiтаральна ўсе насельнiкi лясоў i палёў. Дастаткова аднаго «кусачага» кантакту з iмi — i хатнi любiмец будзе асуджаны на смерць, бо шаленства не лечыцца. Акрамя таго, ёсць сур’ёзная небяспека i для людзей. Ад пакусаў шалёных жывёл летась у рэспублiцы памерла два чалавекi. Яшчэ сабак трэба прышчапiць ад чумы. Можна прышчапiць i комплекснай вакцынай, якая дзейнiчае супраць некалькiх захворванняў. Варта ўлiчыць, што хутка актывiзуюцца кляшчы. Iх будзе шмат у лясах, хмызняках, нават гарады яны не пакiдаюць па-за сваёй увагай. Вашы пушысцiкi — самы «смачны» аб’ект для гэтых галодных i злых крывасмокаў. Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамi такой хваробы, як пiраплазмоз (захворванне крывi). Жывёлiна можа нават загiнуць ад укусаў кляшчоў. Таму разумней за ўсё перад тым, як выехаць за горад, апрацаваць сваю жывёлiну спецыяльнымi прэпаратамi, якiя адпужваюць паразiтаў. Вельмi эфектыўныя кроплi «Барс». Яны ўцiраюцца ў вобласць карка i патылiцы i дзейнiчаюць 3—4 тыднi. Акрамя таго, гэтыя кроплi дапамагаюць супраць блох i валасаедаў. Iснуе думка, што з кляшчамi цудоўна могуць «змагацца» спецыяльныя ашыйнiкi. Але гэта не зусiм так. — Пачынаць трэба не з ашыйнiка, — гаворыць М. Караваеў, — ён адразу не дапаможа. Варта спачатку выкупаць жывёлiну з шампунем, якi змяшчае рэчывы, што дзейнiчаюць супраць блох, кляшчоў i г.д. Потым праз дзесяць дзён апрацаваць яе кроплямi «Барс». I толькi праз тыдзень можна надзяваць ашыйнiк. Толькi тады ён будзе эфектыўны i можа дзейнiчаць 2—4, а часам да 6 месяцаў. Калi ж клешч усё ж укусiў i прысмактаўся да вашага гадаванца, не спяшайцеся выдаляць яго грубым спосабам. Бо ў целе жывёлiны можа застацца галоўка крывасмока, i месца ўкусу пачне гнаiцца. Лепш добра змажце кляшча алеем, i ён сам адвалiцца ад сваёй «ахвяры». Кацiныя дачныя рэкамендацыi таксама маюць свае асаблiвасцi. Мурлыкам варта апасацца такой хваробы, як мiкраспарыя, у народзе — лiшай. Верагоднасць падчапiць яе павялiчваецца, калi каты знаходзяцца на свабодным выгуле i «мiлуюцца» з дзiкiмi сародзiчамi. Хвароба можа перайсцi на чалавека, а часцей за ўсё — на дзяцей. Таму катам рэкамендуецца зрабiць прышчэпку вакцынай супраць мiкраспарыi. Такая прышчэпка дае гарантыю на 12 месяцаў. Калi вы маеце намер адправiцца са сваiмi жывёламi за межы рэспублiкi, варта таксама прарабiць усе тыя манiпуляцыi, аб якiх мы гаварылi вышэй. Аднак прышчэпкi павiнны быць зроблены не раней чым за 2—3 тыднi да выезду. Перад падарожжам неабходна прывесцi жывёлiну на агляд да ветэрынара, якi складзе адпаведныя дакументы аб тым, што ваш гадаванец здаровы i можа ехаць у далёкiя краi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачынаецца дачны сезон, наблiжаецца час адпачынкаў. На «летнiя канiкулы» многiя гаспадары возьмуць з сабой хатнiх любiмцаў — жывёл |
|