Я ў дружыннiкi... пайду?
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Настаўнiк гiсторыi Гомельскай сярэдняй школы № 26 Вiктар Запарованы спяшаўся ў аддзел унутраных спраў, дзе пад яго кiраўнiцтвам павiнны былi заступiць на дзяжурства дружыннiкi аддзела адукацыi Цэнтральнага раёна. Праходзячы па вулiцы Гагарына, ён звярнуў увагу на трох мужчын, якiя некуды беглi. Першы, маладзейшы, гадоў пад трыццаць, — моўчкi, два другiя, старэйшыя, з крыкамi. Не крос жа яны наладзiлi перад святам жанчын, падумаў Вiктар Барысавiч, i ўключыўся ў гонку. За першым, бо адчуў iнстынктыўна, што ён нечым пакрыўдзiў тых дваiх.
Калi спынiў «спрынтара», пачаў разбiрацца, што да чаго. Раптам мужчына нагнуўся, каб паправiць шнурок на абутку i... iмгненна сiгануў у бок новабудоўлi. Ды толькi праз хвiлiну быў спынены Вiктарам Барысавiчам. У ходзе расследавання органамi ўнутраных спраў было ўстаноўлена, што раней судзiмы А. Буйлянкоў украў у кватэры С. Святлiчнага некалькi рэчаў i ўцякаў ад гаспадара i яго суседа. За дапамогу праваахоўным органам Вiктар Запарованы быў узнагароджаны медалём «90 гадоў мiлiцыi Беларусi». — Не буду прыводзiць лiчбы раскрыцця злачынстваў з удзелам дружыннiкаў за мiнулы год, — гаворыць начальнiк упраўлення прафiлактыкi УУС Гомельскага аблвыканкама Яўген Красноў, — але скажу, што сёлета за першы квартал на iх рахунку ўжо 19 раскрытых злачынстваў рознага характару. Мы iх запрашаем i ў рэйды па выяўленню самагоншчыкаў, парушальнiкаў правiлаў дарожнага руху i г.д. У вынiку за тры сёлетнiя месяцы да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за хулiганства былi прыцягнуты 281, за п’янства — 252, за самагонаварэнне — 63, за парушэнне правiлаў дарожнага руху — 67 чалавек. — Колькi ж у вобласцi гэтых грамадскiх фармiраванняў — добраахвотных дружын? У Яўгена Аляксандравiча гэтыя лiчбы ў памяцi: 874, у тым лiку ў сельскай мясцовасцi 286. 10 337 грамадзян з’яўляюцца памочнiкамi мiлiцыi. Кожныя сут-кi на дзяжурства выходзiць 209 чалавек. А каардынацыю iх дзейнасцi ажыццяўляюць 26 штабаў на месцах плюс абласны штаб. Арганiзацыя работы людзей з чырвонымi павязкамi не абыходзiцца без органаў выканаўчай i распарадчай улады. — Райвыканкамы вобласцi правялi сёлета ўжо 39 нарад на гэту тэму. У той жа час хачу заў-важыць, што для каардынацыi дзейнасцi такiх грамадскiх фармiраванняў, як добраахвотныя дружыны, на тэрыторыi кожнага сельсавета (падкрэслiваю: кожнага!) трэба стварыць грамадскiя пункты аховы парадку, — упэўнены Яўген Красноў. — Кажу гэта таму, што яны маюцца толькi пры 194 сельсаветах (а ўсяго iх 275 у вобласцi). У гэтым плане больш пашанцавала гораду Гомелю. Напрыклад, у Чыгуначным раёне дзейнiчаюць 45 добраахвотных дружын, у склад якiх уваходзiць 872 чалавекi, у Савецкiм — 43 i 1279 адпаведна. I яшчэ: сярэднясутачны выхад дружыннiкаў на дзяжурства складаў тут адпаведна 32 i 26 чалавек. Гэта паказчыкi за студзень—сакавiк. А вось сярэднясутачны выхад членаў добраахвотных дружын у Брагiнскiм, Веткаўскiм i Нараўлянскiм раёнах — па два, у Лоеўскiм i Ельскiм — па тры, у Рэчыцкiм (пры наяўнасцi 97 дружын з 1274 чалавекамi) выходзiлi па сем, а ў Мазырскiм (107 дружын з 650 членамi) па шэсць добраахвотных памочнiкаў. Асобна хацелася б сказаць пра меры матэрыяльнага i маральнага заахвочвання дружыннiкаў. У шэрагу раёнаў вобласцi робiцца аплата выхадаў на дзяжурства. Акрамя таго, калi людзi актыўна ўдзельнiчаюць у ахове грамадскага парадку, на рабоце iм прадастаўляецца тры каляндарныя днi да водпуску. Прычым забяспечваецца першачарговасць i яго (водпуску), i пуцёвак у санаторыi, а для дзяцей дружыннiкаў — у летнiя лагеры. Напрыклад, у саўгасе «Камунiст» Ельскага раёна, згодна з загадам кiраўнiка, за кожны выхад на дзяжурства дружыннiк атрымлiвае пяць тысяч рублёў, лепшым з iх даюцца тры каляндарныя днi да водпуску. Заахвочваюць дружыннiкаў таксама i органы мясцовага кiравання i самакiравання. — Пра заахвочванне дружыннiкаў нашай структурай я ўжо i не кажу, робiм гэта пастаянна, — падкрэслiў Яўген Красноў. Нягледзячы на тое, што сёлета за актыўную работу ў праваахоўнай дзейнасцi заахвочаны 74 дружыннiкi, маюцца i дастаткова сумныя факты. У Жыткавiцкiм раёне, напрыклад, з удзелам дружыннiкаў былi раскрыты два злачынствы. Нiводзiн дружыннiк заахвочаны не быў. Такi ж малюнак, у Буда-Кашалёўскiм i Гомельскiм раёнах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Настаўнiк гiсторыi Гомельскай сярэдняй школы № 26 Вiктар Запарованы спяшаўся ў аддзел унутраных спраў, дзе пад яго кiраўнiцтвам павiнны былi заступiць |
|