«Беллакт» запрашае дзяржаву да ўдзелу ў сумесным праекце. Эфектыўнасць гарантуецца
Iван БАРАНОЎСКI
Выдатныя вынiкi мае ў сваёй гаспадарчай дзейнасцi Ваўкавыскае адкрытае акцыянернае таварыства «Беллакт», якое займаецца перапрацоўкай малака i найперш спецыялiзуецца на выпуску прадуктаў дзiцячага харчавання. Прычым варта зазначыць: гэта адзiнае ў рэспублiцы прадпрыемства, на якiм вырабляюцца ўказаныя прадукты. I яшчэ варта дадаць, што на самiм «Беллакце» падкрэслiваюць: тут маюць у сваiм асартыменце поўную лiнейку сухога дзiцячага харчавання для кармлення дзяцей, пачынаючы ад iх нараджэння.
Аднак пра асартымент «Беллакта» i iншыя моманты яго дзейнасцi яшчэ будзе сказана нiжэй. А пакуль што — менавiта пра вынiкi. За мiнулы год на «Беллакце» выпушчана ўсёй прадукцыi на 113 мiльярдаў рублёў, пры гэтым яе адгружана на экспарт амаль на 25 мiльёнаў долараў. За апошнiя 5 гадоў перапрацоўка малака павялiчылася тут у 1,6 раза, аб’ём вытворчасцi — у 1,9, аб’ём экспарту — у 5,6 раза. Такiх вынiкаў, падкрэслiваюць на «Беллакце», прадпрыемства дабiлася дзякуючы правядзенню шырокамаштабнай рэканструкцыi, на якую было выдаткавана больш як 22 мiльярды рублёў... «Беллакт» мае тры важнейшыя для падобных прадпрыемстваў сертыфiкаты: сертыфiкат на адпаведнасць яго сiстэмы менеджменту якасцi мiжнародным патрабаванням (згодна з версiяй ISO 9001-2001); сертыфiкат, якi сведчыць, што кiраванне якасцю i бяспекай харчовых прадуктаў пабудавана тут на аснове аналiзу рызыкi i крытычных кантрольных кропак; i трэцi сертыфiкат датычыцца сiстэмы кiравання акаляючым асяроддзем (ISО 14001). На «Беллакце» маюць цэлы тузiн медалёў i дыпломаў, якiя заваяваны ў розных конкурсах i на розных выстаўках. Толькi ў мiнулым годзе прадпрыемства атрымала 10 такiх дыпломаў. Ужо сёлета прывезла залаты медаль з Маскоўскай мiжнароднай спецыялiзаванай выстаўкi «Свет дзяцiнства», у якой, дарэчы, удзельнiчалi 130 замежных кампанiй. Медалi i дыпломы вядома за што — за выдатную высакаякасную прадукцыю. А ўвогуле на «Беллакце» проста «асуджаны» на выпуск менавiта выдатнай прадукцыi. Варта паглядзець, якi тут узровень культуры вытворчасцi. У першую чаргу тэхналагiчнай культуры. Так, усе тэхналагiчныя працэсы пры вырабе i расфасоўцы, упакоўцы прадукцыi адбываюцца тут без кантакту з чалавечымi рукамi, у закрытых, цалкам iзаляваных ад знешняга асяроддзя апаратах i камерах. Словам, усё робiць аўтаматыка, людзi толькi кантралююць гэтыя працэсы, знаходзячыся на пультах кiравання, у спецыяльных пакоях. Абсалютнай стэрыльнасцi гэтых працэсаў садзейнiчае i няўхiльнае захаванне ўсiх санiтарных нормаў i правiлаў. На «Беллакце» пры гэтым падкрэслiваюць: нам iначай нiяк нельга, у нас — асобы прадукт, для дзiцячага харчавання; мы нясём вялiкую адказнасць за iх бяспеку i здароўе... Шчыра сказаць, наладжваць бы на «Беллакт» экскурсii з многiх нашых iншых перапрацоўчых прадпрыемстваў — тут шмат чаму можна павучыцца. I ў першую чаргу, безумоўна, агульнай культуры вытворчасцi. Такiм чынам, на «Беллакце» маюць выдатную тэхналагiчную аснову, вытворчую базу; тут на кожным працоўным месцы скiраваны на тое, каб выпускаць выдатную, першакласную прадукцыю. Можна спакойна працаваць i асаблiва не клапацiцца пра будучыню? Ды не, зазначаюць тут, усё гэта добра на сённяшнi дзень, а думаць жа трэба i пра заўтрашнi, думаць трэба пра тое, каб i надалей гэтак жа дынамiчна развiвацца. Карацей кажучы, маючы цяперашнi выдатны ўзровень, тут добра бачаць i магчымасцi сваiх канкурэнтаў, добра разумеюць, што, каб i далей спакойна адчуваць сябе на рынку, трэба пастаянна апярэджваць iх. Тут жа варта ўдакладнiць: на постсавецкай прасторы ў «Беллакта» гэтых самых канкурэнтаў практычна i не засталося (вядома, маецца на ўвазе вытворчасць прадуктаў дзiцячага харчавання), з былых 5 спецыялiзаваных прадпрыемстваў, па сутнасцi, дзейнiчае толькi «Беллакт». Але ж ёсць яшчэ i тыя 130 замежных фiрмаў, якiя, нагадаем, удзельнiчалi ў нядаўняй спецыялiзаванай выстаўцы ў Маскве. Тут жа яшчэ адно ўдакладненне: на сёння «Беллакт» займае дамiнуючае становiшча на ўнутраным рынку, тым не менш маюць на iм сваю долю i замежныя кампанii. Карацей кажучы, на «Беллакце» памятаюць пра сваiх канкурэнтаў, якiя, вядома, таксама не спяць у шапку. Гэта — па-першае, а па-другое, тут упэўнены, што здольныя рабiць больш, чым робяць сёння. Асаблiва гэта адчулi на прадпрыемстве пасля адзначанай ужо нядаўна праведзенай тут рэканструкцыi. Ну, а калi здольныя, то проста грэх не замахнуцца на гэта большае... * * * Карацей кажучы, на «Беллакце» распрацавалi аб’ёмiсты бiзнэс-план, у якiм заклалi перспектывы свайго далейшага паспяховага развiцця (гадоў на 15—20 наперад), прадугледзеўшы пры гэтым далейшае, больш маштабнае тэхнiчнае перааснашчэнне прадпрыемства (або другi этап рэканструкцыi), якое закранула б без выключэння ўсе цэхi i вытворчасцi. Дзе ўзяць сродкi на гэтае маштабнае перааснашчэнне, на якое, мiж iншым, трэба выдаткаваць намнога больш, чым на ранейшае, — звыш 50 мiльярдаў рублёў? Пры гэтым варта адзначыць: дасягаючы ў цэлым вельмi добрых вытворчых вынiкаў, «Беллакт» разам з тым мае не такую ўжо вялiкую рэнтабельнасць — 4,5 працэнта. I зразумела чаму — многiя вiды яго прадукцыi адносяцца да сацыяльна значных, а гэта значыць, што цана на iх строга фiксаваная, кантралюецца дзяржавай. Словам, на «Беллакце» маюць не такiя ўжо значныя рэсурсы для рэалiзацыi свайго маштабнага бiзнэс-плана. А мiж тым, гэта заключная рэканструкцыя дазволiла б нарасцiць аб’ёмы перапрацоўкi сыравiны ў 2 разы, або да 300 тысяч тон малака ў год, павялiчыць падатковыя паступленнi ў бюджэт у 1,7 раза, давесцi аб’ёмы экспарту да 70 працэнтаў (цяпер «Беллакт» экспартуе 44 працэнты сваёй прадукцыi), пры гэтым дабiцца поўнага iмпартазамяшчэння, або па ўсiх вiдах дзiцячага харчавання. Словам, выгада вiдавочная, трэба толькi як належыць рэалiзаваць яе... Зразумела ўжо, да ўдзелу ў гэтым праекце i запрашаецца дзяржава — у якасцi генеральнага iнвестара. На сёння яна не мае ў таварыстве нiводнай акцыi. Ёй тут мяркуюць уступiць 25-працэнтны пакет, прычым зрабiць гэта за кошт дадатковага выпуску акцый. Аднак чаму дзяржава? Менавiта пры яе ўдзеле на «Беллакце» атрымалi б найхутчэйшую аддачу ад свайго праекта, яго хуткую акупнасць — ужо праз 5 гадоў. У вынiку, як падкрэслiваюць на «Беллакце», быў бы зэканомлены час, i тыя ж канкурэнты, якiя маюць грошы, па-ранейшаму былi б у ролi даганяючых. Увогуле ўдзел дзяржавы ў гэтым праекце дазволiў бы карэнным чынам перагледзець усю сiстэму нарыхтоўкi i перапрацоўкi малака, зрабiць яе намнога больш эфектыўнай, чым цяпер. «Развiваючы толькi тэхнiчную базу, — падкрэслiваюць на «Беллакце», — i не выцягваючы пад гэту базу сыравiнныя рэсурсы, можна i не атрымаць тых аб’ёмаў i тых выдатных вынiкаў, на якiя мы разлiчваем. Мы сёння 150 тысяч тон малака за год няпроста набiраем, а трэба будзе нарыхтаваць як мiнiмум 300 тысяч тон. А сыравiнныя рэсурсы ў вобласцi падзелены, iх немагчыма ўзяць i ў iншых абласцях. Вось мы адначасова i просiм дзяржаву, прапаноўваючы ёй 25-працэнтны блакiруючы пакет: дазволь нам карыстацца больш шырокай сыравiннай зонай. Хiба ўсё гэта не пайшло б на агульную карысць?». На «Беллакце» пры ўсiм гэтым прапануюць дзяржаве стварыць сумесную кампанiю (у прыватнасцi, у вобласцi), якая аб’яднала б многiя малаказаводы... Думка вельмi добрая, прычым варта ўжо адразу папярэдзiць: на «Беллакце» пры ўсiм гэтым, так бы мовiць, не грабуць проста пад сябе — калi чым i кiруюцца тут, дык у першую чаргу дзяржаўным iнтарэсам. Тых жа малаказаводаў у вобласцi больш за дзесяць, i кожны з iх мае, напрыклад, сваю, асобную лiнiю па вырабу масла. Некаторыя з гэтых прадпрыемстваў нават нельга назваць заводамi — гэта, хутчэй, заводзiкi мясцовага значэння, на якiх калi што i могуць вырабляць, дык толькi «збiць» тое ж масла. Такая раздробненасць цягне за сабой непатрэбную канкурэнцыю, барацьбу за сыравiнныя зоны, неэфектыўнае выкарыстанне першачарговага прадукту, увогуле абсалютна незразумелыя вынiкi гаспадарання. Возьмем, напрыклад, такi факт: у мiнулым годзе малаказаводы краiны атрымалi ад экспарту масла каля 80 мiльярдаў рублёў страт. I, мiж iншым, праблемы з экспартам назiраюцца ўжо не першы год. Каму патрэбна такая, з дазволу сказаць, дзейнасць, пыталiся на «Беллакце». I сапраўды — каму? Ужо iншага роду прыклад. Калi гэткае нерэнтабельнае на знешнiм рынку масла штампуюць на малаказаводах тонамi, то пры гэтым многiя з iх, па сутнасцi, не звяртаюць увагi на такi вельмi рэнтабельны прамежкавы прадукт перапрацоўкi, як сыроватка, у некаторых абласцях яе перапрацоўваюць усяго некалькi працэнтаў. А сухi прадукт з яе, як падкрэслiваюць на ваўкавыскiм прадпрыемстве, вельмi запатрабаваны — у яго складзе каля 50 працэнтаў малочнага цукру... На самiм «Беллакце» ўся сыроватка, да апошняга кiлаграма, iдзе на перапрацоўку, сухi прадукт сыроваткi амаль поўнасцю адпраўляецца на экспарт, прычым гэта прыносiць добры даход. Застаецца дадаць: «Беллакт» не толькi ўсю сваю сыроватку перапрацоўвае, але i закупляе яе для гэтай мэты на iншых малаказаводах. «Трэба ўмець бачыць сваю выгаду, бачыць нашу агульную выгаду i выгаду ўсёй краiны. А мы часам упускаем яе, дазваляем, каб нашы грошы iшлi за межы краiны, трацiлiся на тое, што даволi лёгка можам рабiць самi», — падкрэслiвалi спецыялiсты «Беллакта», маючы на ўвазе i iншыя моманты нашай агульнай непаваротлiвасцi. I справа ў дадзеным выпадку датычыцца ўжо наступнага. Сёння даволi папулярнымi ў жывёлаводаў сталi заменнiкi натуральнага малака, якiя iдуць на кармленне маладняку. Iх выкарыстанне больш таннае, пры гэтым значна большая колькасць малака паступае на малаказаводы на перапрацоўку (як зазначаюць спецыялiсты, яно ў вынiку мае большую таварнасць). Летась у краiну завезена з-за межаў больш за 10 тысяч тон заменнiкаў; адзiн кiлаграм iх каштуе як мiнiмум тры тысячы рублёў. На iх, такiм чынам, выдаткавана 30 мiльярдаў рублёў. У той жа час выраб заменнiкаў з’яўляецца таксама даволi выгаднай справай, што пацвярджаецца i дзейнасцю «Беллакта». Тут, у прыватнасцi, выпусцiлi за мiнулы год тысячу тон сваiх заменнiкаў, яны нiколькi не горшыя за iмпартныя. А маглi б, падкрэслiваюць на прадпрыемстве, выпусцiць i тры тысячы тон... «Мець бы ў краiне тры адпаведныя кампанii — i ўся яе патрэбнасць у заменнiках была б закрыта. I 30 мiльярдаў рублёў засталiся б у нас...». I мы зноў вяртаемся да мэтазгоднасцi ўжо зазначаных прапаноў «Беллакта». У кампанiю (або няхай гэта будзе холдынг — каму што больш падабаецца) цяперашнiя, асобна ўзятыя малаказаводы ўваходзiлi б у якасцi даччыных прадпрыемстваў, а ўсю iх тактыку, лiнiю развiцця дыктавалi б з «цэнтра», г.зн. з галаўнога прадпрыемства кампанii. Пры гэтым з цэнтра абавязкова прадыктавалi б вельмi разумную спецыялiзацыю, што дазволiла б эканомiць значныя сродкi, больш дакладна выбралi б найбольш рэнтабельныя прадукты (гаворка ў дадзеным выпадку нiякiм чынам не iдзе пра нейкае ўшчамленне выпуску сацыяльна значных прадуктаў). «Хiба ўсё гэта было б дрэнна, хiба не лагiчна?», — пыталiся на ваўкавыскiм прадпрыемстве, i ў прыватнасцi — старшыня назiральнага савета таварыства Вiктар Ковель. Лагiчна. I нават вельмi. Такiм чынам — маштабная рэканструкцыя з удзелам дзяржавы. А калi не атрымаецца? Гэта ўсё роўна не спынiць работнiкаў «Беллакта» ў iх iмкненнi правесцi менавiта маштабную рэканструкцыю, якая закранула б усю яго вытворчасць без выключэння i не датычылася б мадэрнiзацыi асобных участкаў. «Наша мэта — стаць сапраўды сучасным прадпрыемствам. Чаму такiя прадпрыемствы мы заўсёды шукаем на Захадзе? Мы можам мець iх i ў нас», — перакананыя на «Беллакце»... Калi на ўказанае супрацоўнiцтва не пагодзiцца дзяржава, то прадпрыемства мае на ўвазе i iншыя варыянты, у тым лiку з прыцягненнем знешнiх iнвестараў, тым больш што i адпаведных прапаноў — дастаткова. Праўда, як падкрэслiваюць тут, гэта былi б менш прымальныя варыянты. * * * А ўвогуле, варта асаблiва адзначыць: «Беллакт» — вельмi спакуслiвы кавалачак для тых жа iнвестараў, i, сапраўды, было б крыўдна аддаць яго некаму проста так. Што ўяўляе сабой ваўкавыскае прадпрыемства — пра гэта ўжо крыху расказана вышэй. Варта дапоўнiць. «Беллакту» ўжо цесна становiцца на традыцыйных для нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў рынках, i ў першую чаргу, вядома, расiйскiм рынку. Вось вам факт: «Беллакт» сёння ўпэўнена намацвае шляхi выхаду на рынкi еўрапейскiх, афрыканскiх i азiяцкiх краiн. А чаму б i не? Надзейнае, высакаякаснае дзiцячае харчаванне патрэбна ўсiм, а «Беллакт» — марка добра вядомая. Марка пазнавальная... Ужо крыху гаварылася пра тое, як на прадпрыемстве забяспечваюцца тыя ж якасць i бяспека яго прадуктаў. На варце якасцi i бяспекi тут стаяць таксама прыёмная, таксiкалагiчная, бактэрыялагiчная i радыеметрычная лабараторыi з агульным штатам у iх 40 чалавек. Праз гэткi шчыльны заслон практычна нельга прасачыцца нават самаму няўлоўнаму бактэрыяльнаму элементу. Асаблiва варта расказаць пра сувязь «Беллакта» з гаспадаркамi, адкуль на прадпрыемства паступае малако (такiх гаспадарак у яго — 43; гаспадаркi, у сваю чаргу, маюць 143 фермы, 34 тысячы дойных кароў). Гэта сувязь, так бы мовiць, самая непасрэдная. Спецыялiсты «Беллакта», як расказала дырэктар прадпрыемства па закупках сыравiны Яўгенiя Шышко, нават право- дзяць у гаспадарках «уласнаручныя» кантрольныя дойкi. Чысцiня халадзiльнага i даiльнага абсталявання ў гаспадарках таксама ў зоне ўвагi спецыялiстаў; раз у 10 дзён яны бяруць так званыя рэдуктазныя пробы малака, праводзячы ўсебаковыя даследаваннi яго на якасць. Цяпер, як вядома, эксперты з Расii, куды ў асноўным i пастаўляецца прадукцыя нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў, право- дзяць у нас iх аўдыт. Далёка не ўсе вытрымлiваюць гэты аўдыт паспяхова. У гэтым плане, здавалася б, абсалютна няма чаго непакоiцца «Беллакту»... Панепакоiлiся, загадзя. Яго работнiкi спецыяльна выязджалi ў Маскоўскую вобласць, каб пазнаёмiцца там з арганiзацыяй усяго працэсу прыёму малака ад гаспадарак. Не дарэмна з’ездзiлi, асобныя карысныя моманты ўзялi на ўзбраенне. Вось ён — сапраўдны непакой за будучыню i за бездакорную работу, за тую ж якасць. — Якасць прадукцыi для нас — гэта самае галоўнае. Самы ж асноўны спажывец нашай прадукцыi — зусiм безабаронны ў гэтым свеце. А нашымi прадуктамi можна кармiць дзетак ужо пачынаючы з першага дня iх жыцця. Цi не адказна гэта? — зазначае ўжо галоўны спецыялiст «Беллакта» па якасцi Нiна Фралова. А яшчэ яна праiнфармавала: усе распрацоўкi «Беллакта» праходзяць абавязковае ўзгадненне з медыкамi i ў першую чаргу з педыятрамi, выконваюцца згодна з iх рэкамендацыямi; у штаце прадпрыемства ёсць свой медык-педыятр, кандыдат медыцынскiх навук; у склад беллактаўскiх прадуктаў для дзiцячага харчавання ўваходзяць 13 розных вiтамiнаў i больш за 10 розных мiкраэлементаў... Словам, харчуйцеся на здароўе. * * * Можна было б на гэтай вельмi добрай ноце i закончыць, ды не атрымлiваецца. Дакладней, не атрымалася. Ужо амаль на выхадзе з прадпрыемства, пасля знаёмства з яго вытворчасцю i яго спецыялiстамi, нас затрымаў старшыня прафсаюзнага камiтэта Анатоль Вашчук. «А цi не хочаце пачуць, як у нас вырашаюцца сацыяльныя пытаннi?» — запытаўся ён. Далей Анатоль Вашчук расказаў: на «Беллакце» сярэдняя заработная плата складае цяпер каля 700 тысяч рублёў; прадпрыемства дапамагае сваiм работнiкам у будаўнiцтве жылля, даючы iм пазыкi (апошнiя хоць i невялiкiя, затое беспрацэнтныя); 86 чалавек «Беллакта» вучацца ў вышэйшых навучальных установах i тэхнiкумах — iм раз у год выдзяляецца матэрыяльная дапамога; за кошт сродкаў прадпрыемства работнiкi i iх дзецi адпачываюць; не забываюцца тут дапамагаць i сваiм былым работнiкам — цяперашнiм пенсiянерам. На прадпрыемстве ёсць свой калектыў мастацкай самадзейнасцi — лепшы ў горадзе i раёне, свой фiзкультурна-аздараўленчы камбiнат, свая медыцына... Пералiк старшынi прафсаюзнага камiтэта атрымаўся вельмi вялiкi. Аднак вылучым у яго словах, напэўна, самае важнае. А ён, у прыватнасцi, сказаў: «Самае галоўнае ў тым, што адмiнiстрацыя прадпрыемства выдатна разумее — калi работнiк будзе мець добрую заработную плату, сацыяльныя даброты, то ён будзе i добра працаваць. Мы ў гэтым плане знаходзiм з адмiнiстрацыяй агульную мову».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выдатныя вынiкi мае ў сваёй гаспадарчай дзейнасцi Ваўкавыскае адкрытае акцыянернае таварыства «Беллакт», якое займаецца перапрацоўкай малака i найперш |
|