Без скаргаў i нараканняў
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Свая справа На адным з пасяджэнняў актыву Ляхавiцкага раёна выступiў прадпрымальнiк i заявiў, што на яго прадпрыемстве ўсё добра i нiякiх нараканняў няма. А калi неўзабаве было аб’яўлена, што Генадзь Сакуць з’яўляецца лепшым прадпрымальнiкам Брэстчыны ў сферы вытворчасцi тавараў прамысловага прызначэння, то захацелася з iм сустрэцца.Сёння амаль кожны прадпрымальнiк лiчыць абавязкам паскардзiцца ды паплакацца, i нават той, у каго справы iдуць добра, на ўсякi выпадак «пусцiць слязу». I тое, што дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» не ўздыхаў, а гаварыў па сутнасцi, выклiкала прыхiльнасць да яго. Фiрма была зарэгiстраваная ў снежнi 2003 года, але першы станок Генадзь Сакуць купiў за свае грошы ў 2002 годзе, а другi набыў галоўны iнжынер С. Мацкевiч. Вось з гэтага i пачалося станаўленне прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю вырабаў з пластмасы, а гэта камплектуючыя да кабельных муфтаў, вытворчасць кабельных злучальнiкаў, наканечнiкаў i г.д. Трэба прызнаць, што прадукцыя спецыфiчная i здавалася б, з яе збытам можа быць праблема. Але гэтага не здарылася. Справа ў тым, што Генадзь Станiслававiч у свой час служыў начальнiкам участка на расiйскай станцыi касмiчнага сачэння пад Ганцавiчамi, i калi надумаў стварыць фiрму, то ведаў, што для гэтага трэба. Удалося наладзiць кантакты з расiйскiмi прадпрыемствамi, i гэта ў многiм спрыяла наладжванню работы на ТАА «Трансэлектракамплект», але не толькi гэтым абумоўлены поспех прадпрыемства. — Лепшыя спецыялiсты з Ляхавiч апынулiся ў нас, — расказвае Генадзь Сакуць. — Калi падбiралiся кадры, то найперш нацiск рабiўся на iх квалiфiкацыю. Я гаварыў, хто нам патрэбен i што будзем рабiць. Памылак з падборам кадраў у нас не было. Касцяк спецыялiстаў застаўся i сёння. Быць прадпрымальнiкам дадзена далёка не ўсiм. I не дзiўна, што многiя фiрмы, як i дзяржаўныя прадпрыемствы, становяцца банкрутамi. Дзелавая хватка, прадбачанне кан’юнктуры, уменне працаваць з людзьмi i г.д. для кiраўнiка фiрмы якасцi абавязковыя — адсутнасць iх, як правiла, для прадпрыемства будзе мець сумныя наступствы. Для любой вытворчасцi самыя важныя два фактары: наяўнасць сыравiны i рынак збыту. А ў ТАА «Трансэлектракамплект» з гэтым праблем няма. Яшчэ ў 2003 годзе ў Расii была закуплена сыравiна для вырабу эксперыментальнай партыi прадукцыi, а затым сыравiна (полiпрапiлен) пачаў паступаць не толькi з Расii, але i ад некаторых беларускiх пастаўшчыкоў. А прадукцыя ААТ «Трансэлектракамплект» запатрабаваная энергетычнымi сiстэмамi Расii, Беларусi i iншых краiн СНД. Напрыклад, за мiнулы год у Расiю было зроблена 103 рэйсы з таварам — два разы на тыдзень. Праблемы з разлiкам няма. Прыбытак ад вытворчасцi прадукцыi ў 2005 годзе склаў 227 млн рублёў, а летась дасягнуў 721 млн — вырас больш чым у тры разы. Як ужо гаварылася, галоўным напрамкам у дзейнасцi фiрмы з’яўляецца вытворчасць кабельных муфтаў i камплектуючых да iх. I гэтая прадукцыя на нашым рынку амаль не мае канкурэнцыi, бо выпускам яе займаецца яшчэ адна фiрма, але аб’ёмы там значна меншыя, чым на ТАА «Трансэлектракамплект». Нiхто не хавае, што адным з прыярытэтаў развiцця ляхавiцкага прадпрыемства з’яўляецца экспарт. Летась ён склаў 1174 млн рублёў i працягвае расцi i сёлета. Практычна прадпрыемства створана на голым месцы, а сёння тут кiпiць работа. Вядзецца рэканструкцыя будынка лабараторнага корпуса, магазiна прамысловых тавараў, узводзяцца майстэрнi i гаражы. Фiрма набывае станкi, якiя ўжо працавалi, але купляе i новае абсталяванне. Падкрэслю, што хоць на першы погляд прадукцыя прадпрыемства i простая, — нейкiя там пластмасавыя трубкi ды муфты, але на справе ўсё не так. Прадукцыя праходзiць апраменьванне — гэта робiцца на спецыяльным апараце ў Нясвiжы. Цяпер на «Трансэлектракамплекце» думаюць, як бы апраменьванне замянiць хiмiчнай апрацоўкай, але што з гэтага атрымаецца, пакажа час. Прадпрыемства расце i пашыраецца i увесь прыбытак iдзе на гэта. У рамках праграмы развiцця малога прадпрымальнiцтва прадпрыемству выдзелена беспрацэнтная пазыка ў памеры 68 млн рублёў. На гэтыя грошы будзе куплена лiнiя грануляцыi палiмерных адходаў, якая дасць магчымасць значна знiзiць сабекошт прадукцыi. Сёння на прадпрыемстве працуе 68 чалавек i сярэднi заробак тут 525 тыс. рублёў. Можа, не такi i высокi, але як ужо казалася, прадпрыемства яшчэ ў фазе станаўлення. Тым не менш падаткаў за мiнулы год фiрма выплацiла больш за паўмiльярда рублёў. Вось што значыць заняць нiшу на рынку. Цяпер прадпрыемствы i арганiзацыi раёна i вобласцi могуць поўнасцю забяспечыць сябе электратэхнiчнай i кабельнай прадукцыяй, якую раней iмпартавалi з-за мяжы. Акрамя вытворчасцi, ТАА «Трансэлектракамплект» займаецца неспецыялiзаваным аптовым гандлем кабельна-праваднiковай прадукцыяй, асвятляльным абсталяваннем i iншымi электратэхнiчнымi таварамi. Мясцовая ўлада нiякiх прэтэнзiй да прадпрыемства не мае, як i Генадзь Станiслававiч да яе. Тут поўнае паразуменне. Пахадзiўшы па вытворчых памяшканнях, звярнуў увагу, што яны апальваюцца торфам — самым танным палiвам. Хоць да адмiнiстрацыйнага будынка падведзены газ. На адным з прадпрыемстваў у Ляхавiчах пачуў, што з дысцыплiнай на ТАА «Трансэлектракамплект» не вельмi строга. — А чаму над работнiкам трэба стаяць з палкай, — сказаў дырэктар, — кожны павiнен найперш несцi адказнасць перад сваёй сям’ёй, сабой, калегамi па працы. А калi нехта парушае ўстаноўленыя правiлы, то размова iншая. Заснавальнiкамi фiрмы з’яўляюцца тры чалавекi, але асноўны пакет акцый знаходзiцца ў Генадзя Станiслававiча. Дарэчы, ён хоць i нарадзiўся ў Ляхавiцкiм раёне i вырас тут, але сёння жыве ў сталiцы i кожны дзень прыязджае на працу. Дзвесце кiламетраў да райцэнтра, а затым назад... Мне падумалася, што гэта цяжкавата, але Генадзь Сакуць лiчыць такую адлегласць дробяззю i кажа, што паездкi закончацца, калi ў Ляхавiчах будзе пабудаваны свой дом. А калi можна будзе адпачыць? Грошы быццам бы i ёсць, а якая ад iх радасць калi цэлымi днямi сярод станкоў, бясконцых размоў па тэлефоне i клопатаў, ад якiх няма спакою нi днём, нi ноччу? — Праз два-тры гады можна будзе i адпачыць. А радасць, — заявiў дырэктар, — гэта калi ўдалося нечага дасягнуць. Вось паставiлi станкi, запусцiлi лiнiю... i атрымлiваеш задавальненне. Ты здолеў гэта зрабiць! Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На адным з пасяджэнняў актыву Ляхавiцкага раёна выступiў прадпрымальнiк i заявiў, што на яго прадпрыемстве ўсё добра i нiякiх нараканняў няма. А калi |
|