Старажытныя беларусы падымалi
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Загадкi гiсторыi Героi i авантурысты, шпiёны i чараўнiкi ўсiх рангаў прыцягваюць нашу ўвагу пастаянна. Людзей зачароўвае пачуццё таемнасцi — менавiта таму мы так настойлiва намагаемся прыўзняць заслону над невядомым. Розныя ёсць заняткi, якiя дапамагаюць даведацца аб нечым новым, цiкавым i непаўторным. У кожнай таямнiчай рэчы ёсць свая гiсторыя, якую мы хацелi б ведаць. А каб дапамагчы нам у гэтым, на свеце жывуць людзi, чый характар вызначыў iх далейшы лёс. Яны, безумоўна, героi, ёсць у iх нешта ад шпiёнаў, а тое, што яны сапраўдныя чараўнiкi — сумненняў i наогул няма. Яны заўсёды будуць ведаць больш, чым мы. Таму што яны — археолагi.I хачу адразу ж папрасiць прабачэння за тое, што памылiўся ў прагнозах. Калi накiроўваўся на сустрэчу ў старажытны Полацк да вядомага беларускага археолага Дзянiса ДУКА, кандыдата гiстарычных навук, дацэнта, загад-чыка кафедры айчыннай i ўсеагульнай гiсторыi Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, то не чакаў ад сустрэчы нiчога звышнатуральнага. Аднак, як высветлiлася, пра навакольны свет мы ведаем толькi тое, што ўжо даследавалi вучоныя. А загадак, якiя пакуль застаюцца неразгаданымi, яшчэ шмат. Вельмi шмат! I археалогiя дапамагае знайсцi адказы на пытаннi «адкуль?», «хто?», «чаму?». Мы ведалi, напрыклад, што гарадскі пасёлак Асвея, які знаходзiцца ў Верхнядзвінскім раёне, не 500 гадоў, як меркавалi раней. Асвея, як высветлiлася, заснавана не менш чым тысячагоддзе таму. Не так даўно, калi святкавалi юбiлей гэтага месца, полацкiя археолагi здабылi ўнiкальныя матэрыялы — былi знойдзены доказы таго, што яна была заснавана не ў XVI стагоддзi, а значна раней — у X. — Няўжо ў Полацку трэба яшчэ праводзiць раскопкi? Здаецца, гэтаму гораду гiсторыкi ўдзялiлi найбольшую ўвагу, што яшчэ ўнiкальнага можна здабыць? — Прывяду толькi адзiн прыклад — у 2004 годзе мы раскапалi невядомую дагэтуль частку горада плошчай у 21 гектар. Каб уявiць, шмат гэта цi не, скажу, што ў старажытнасцi нават не ўсе гарады мелi такiя памеры. Пры тым, што дасканала даследаваць мы змаглi толькi 350 квадратных метраў плошчы старажытнага паселiшча. Раскопвалi па 150 «квадратаў» у год, i гэта, я вам скажу, для археолагаў вельмi добрыя тэмпы. А колькi трэба часу, каб даследаваць усю плошчу знойдзенай часткi старажытнага Полацка? Акрамя таго, застаюцца iншыя мясцiны ў горадзе, дзе археалагiчныя работы нават не пачыналiся... — I аб чым вы даведалiся? — У знойдзенай частцы горада жылi купцы, рамеснiкi, у асноўным заможны люд. Каля берага меўся прычал, у якi заходзiлi замежныя гандлёвыя караблi. Важным адкрыццём з’явiлася i тое, што вакол гэтага месца былi ўзведзены абарончыя збудаваннi. Знойдзены сляды бiтваў, i гэта дазваляе меркаваць аб тым, што рамеснiкi абаранялi свой дом. Паводле ранейшых жа думках гiсторыкаў, рамеснiкi i купцы не ўдзельнiчалi ў ваенных канфлiктах. Абарончая сцяна, якая цягнулася ўздоўж усяго месца, таксама з’яўляецца карыснай знаходкай. Справа ў тым, што ў тыя часы ўмацоўвалiся ў асноўным толькi замкi, аднак мы ўбачылi — Полацк быў падрыхтаваны да абароны не толькi ў тым месцы, дзе жылi князi. У старажытнай частцы быў знойдзены каштоўны пярсцёнак i жаночыя ўпрыгажэннi. Па ўсiм вiдаць, што там жыў i багаты ювелiр. — Дзе яшчэ праводзiлiся раскопкi ў Полацкiм раёне? — Мы шукалi адказ, цi сапраўды каля Полацка знаходзiцца родавы склеп вiцэ-адмiрала рускага флоту Iларыёна Афанасьевiча Павалiшына. Як гiстарычная фiгура ён стаiць на адной прыступцы з такiмi асобамi, як, напрыклад, адмiрал Ушакоў. Дастаткова сказаць, што ў Эрмiтажы выстаўлена падараваная яму Кацярынай II шпага, аздобленая дыяментамi. У вёсцы Янкавiчы знаходзiўся маёнтак, якi належаў роду Iларыёна Павалiшына. Хадзiлi чуткi аб тым, што ён пахаваны ў гэтых мясцiнах. — Знайшлi? — Так, мы знайшлi склеп. На жаль, ён пацярпеў ад вандалаў, яны не пашкадавалi нават цела вiцэ-адмiрала. Але нам удалося знайсцi фрагменты плiты i скласцi яе кавалкi так, што можна было разглядзець высечаныя на ёй гады нараджэння i смерцi Павалiшына. Мы нават выявiлi, што ў далейшым у склепе знайшлi вечны прытулак нашчадкi вiцэ-адмiрала. Мясцовая ўлада абяцала дапамагчы, зараз пачынаюцца работы па ўсталяванню на гэтым месцы каплiчкi, плануюць, што яно ператворыцца ў турыстычны аб’ект. Дарэчы, насуперак меркаванням аб «злых уладарах», у сялян засталася добрая памяць пра яго. I дзецi славутага чалавека таксама не крыўдзiлi сваiх людзей, простаму чалавеку жылося пад уладарствам паноў Павалiшыных добра. Гаспадары гэтых мясцiн заснавалi школу i парк, i да цяперашняга часу мясцовыя вучнi ходзяць у школу, якая носiць iмя вiцэ-адмiрала Павалiшына. Калi б ён быў дрэнным гаспадаром, народ не пранёс бы памяць праз стагоддзi. Але раскопкi праводзяцца не на любым месцы. Спецыялiст спачатку вывучае гiстарычныя крынiцы, старажытныя карты i планы мясцовасцi. А яшчэ трэба мець моцную iнтуiцыю i крыху... рызыкi. Напрыклад, каля мястэчка Туржэц, або, як гiстарычна больш правiльна, Турэц, некалькi гадоў таму знайшлi старажытныя пахаваннi. Прычым яны выглядалi так незвычайна, што версii пасыпалiся адна за адной. «Вiкiнгi... Варагi... Прусы», — наўздагон паступалi прапановы. Запахла сенсацыяй. Калi ж археолагi ўзялiся за справу, то высветлiлася, што ў незвычайных могiлках ляжалi... простыя беларускiя сяляне. Расчараваны былi многiя. Але Дзянiс Уладзiмiравiч, напрыклад, толькi ўзрадаваўся: — У могiлках XVIII стагоддзя, а ў гэты час беларускi этнас ужо сфармiраваўся, мы здабылi цiкавыя рэчы. Старажытныя сяляне, якiя жылi ў раёне вёскi Турэц, не проста хавалi сваiх продкаў. Над месцам пахавання яны ўзводзiлi драўляны дом, потым збiралi каменне i абкладвалi iм гэтае збудаванне. Па форме яно нагадвала ладдзю — менавiта таму некаторыя лiчылi, што на гэтым месцы ляжаць варагi. I самае галоўнае, аналiз паказаў, што месцы пахавання сваiх продкаў людзi наведвалi на працягу двухсот гадоў. Мы знайшлi посуд, абломкi керамiкi XVIII, XIX, XX стагоддзяў. Уявiце, як моцна беларусы шанавалi памяць прашчураў — яны, можа, ўжо i не памяталi, кiм даводзiцца iм той, хто знайшоў тут вечны спакой, аднак працягвалi прыходзiць да яго, даглядалi могiлкi, праводзiлi памiнальныя абрады. Камянi, якiмi абкладзены пахаваннi, важаць дзесяткi тон. Прычым абраду шанавання продкаў людзi прытрымлiвалiся нават i ў пачатку XX стагоддзя! Магчыма, толькi прыход савецкай улады спынiў традыцыю. На гэтым месцы мы знайшлi i пяць камянёў, якiя людзi апрацавалi да формы хрысцiянскiх крыжоў, якiя, дарэчы, вельмi падобныя на знакамiты Тураўскi крыж. Калi разбiралi капiшчы, то заўважылi, што вялiкая частка камянёў мае i паганскiя сiмвалы. — Атрымлiваецца, што вялiзныя каменныя пахаваннi ўзводзiлi простыя сяляне... — Так, i я зайздрошчу моцы iх традыцый. Зараз на гэтых месцах знаходзяцца сучасныя могiлкi, i можна заўважыць, што некаторыя нашы сучаснiкi ставяцца да памяцi сваiх продкаў са значна меншай павагай. Дарэчы, сяляне былi праваслаўнымi, а мiж тым маёнтак, да якога яны былi прызначаны, належаў да езуiцкага калегiума. Але гаспадары не рабiлi з гэтага вялiкай праблемы. — Вы адмыслова падкрэслiлi, што этнас беларусаў да пачатку XVIII стагоддзя ўжо сфармiраваўся? — Я хачу сказаць, што ў могiльнiках былi пахаваны людзi, якiя не зусiм адпавядаюць сённяшнiм уяўленням аб беларусах таго часу. Сяляне, якiя займалiся цяжкай фiзiчнай працай усё жыццё, былi пахаваны ва ўзросце 40—60 гадоў, рост мужчын дасягаў 180 сантыметраў, i пры жыццi iх здароўе было моцным. Мы знайшлi жанчыну, якая памерла ва ўзросце за 60 гадоў. Яна мела рост за 170 сантыметраў i фiзiчныя параметры, якiя можна суаднесцi з параметрамi прыгажунь-мадэляў XXI стагоддзя. Антрапалагiчны аналiз дазваляе сцвярджаць аб гэтым. Ёсць над чым паразважаць, таму што звычайныя нашы ўяўленнi пра чалавека таго часу малююць вобраз невысокай i досыць хлiпкай асобы. Мы, сучасныя людзi, i тое ўдзесяцярых ссоўвалi для правядзення аналiзу адзiн вялiзны валун, якi стаяў на месцы пахавання. А такiх камянёў там шмат, i iх прынёс тагачасны чалавек... Увогуле, край гэты абвеяны па-даннямi. Недалёка знаходзiцца «беларускi Стоўнхэдж» — каля ракi раскiнуўся мегаліктычны каменны комплекс эпохi бронзавага веку. Яму, магчыма, каля чатырох тысяч гадоў. Хто змог у пэўным, зададзеным парадку пакласцi гiганцкiя камянi i для чаго, невядома. Аднак можна здагадацца, што комплекс мае сувязь з гарой, якая знаходзiцца каля «беларускага Стоўнхэджа» з незабыўных часоў. Заўсёды месца гэтае з’яўлялася культавым, сакральным, i зараз тут адчуваецца нейкi магiчны подых паветра. Што адбывалася каля «беларускага Стоўнхэджа», i якiя абрады праводзiлiся, археолагам яшчэ трэба высветлiць. ...Пасля такiх расказаў нават дрыжыкi па шкуры... — А не страшна кранаць старажытныя могiлкi, у якiх людзi спачылi стагоддзi таму? Хто ведае, якiя могуць быць наступствы? Фiльмы жахаў, напэўна, узгадвалi... — Шчыра кажучы, страшна, але трэба яшчэ паразважаць, навошта гэта робiцца. Калi дзеля бяздзейнай цiкаўнасцi, тады, канешне ж, гэта недапушчальна. Мы ж праводзiм раскопкi дзеля таго, каб памяць аб чалавеку, якi пахаваны, аднавiлася зноў, i каб пра яго не забывалiся сучаснiкi. Мы не трывожым старажытных людзей. Антрапалагiчная экспертыза праводзiцца адразу ж на месцы, мы маем бласлаўленне i дазвол царквы на работы, астанкi пасля экспертызы мы кладзём так, як яны i ляжалi. I хаваем чалавека паводле ўсiх хрысцiянскiх традыцый. Таму жахi па начах не прыходзяць — дзякуючы нашай рабоце, мы аднавiлi могiльнiкi, якiя сучасныя людзi па няведанню маглi зраўняць з зямлёй. — Актуальная праблема «чорных» археолагаў? Цi праводзяцца ў Беларусi нелегальныя раскопкi дзеля пошуку каштоўнасцяў i iх продажу? — Нават калi археалогiяй займаюцца на аматарскiм узроўнi, з-за цiкаўнасцi да гiсторыi, гэтага лепш не рабiць. Ёсць жудасныя прыклады разбурэння ўнiкальных помнiкаў гiсторыi з-за непрафесiйных паводзiнаў. Што датычыцца «чорнай археалогii», то скажу, што ў нашай краiне гэтая праблема сустракаецца, але з ёю можна змагацца. У суседнiх дзяржавах, на жаль, «чорныя археолагi» ўжо нiкога не здзiўляюць. У час раскопак нам дапамагаюць добраахвотнiкi, сярод iх сустракалiся i сустракаюцца розныя людзi, але ў Полацку праводзiць нелегальныя раскопкi складана. За парадкам сочаць праваахоўныя органы. Ноччу капаць нiхто не будзе, а днём працуем мы. — А вам «чорныя» археолагi супрацоўнiчаць не прапаноўвалi? Увогуле, куды трапляюць гiстарычныя знаходкi? — Не, на маёй памяцi такiх прапаноў не было. Спачатку, прыблiзна на паўгода, знаходкi накiроўваюць на рэстаўрацыю ў Нацыя-нальны Полацкi гiсторыка-культурны музей-запаведнiк. Потым яны могуць быць выстаўлены ў працуючай экспазiцыi музея-запаведнiка, знаходкi могуць трапiць у iншыя музеi краiны. Знойдзеныя прадметы i рэчы знаходзяцца ў сховiшчах пад надзейнай аховай. — Што трэба зрабiць, каб атрымаць дазвол на правядзенне раскопак? — Мець як мiнiмум прафесiйную вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, трэба атрымаць два дакументы — пасведчанне Мiнiстэрства культуры аб тым, што чалавек мае права займацца археалогiяй прафесiйна, i дазвол на правядзенне археалагiчных работ. Яго выдае Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай Акадэмii навук. Дазвол можа быць рознай формы, у залежнасцi ад складанасцi даследавання. Пасля таго, як прайшоў год з часу атрымання дазволаў, трэба накiраваць у Акадэмiю навук справаздачу аб зробленым. I калi праца задаволiць камiсiю сваёй якасцю, пры наяўнасцi заявы на працяг работы зноў можна працягваць прафесiйную археалагiчную дзейнасць. — Дзе адбудуцца раскопкi гэтым летам? — У Полацку. Мы раскапалi толькi невялiкi кавалак знойдзенай часткi горада, i таму работы хопiць. Хачу выказаць меркаванне аб тым, што ў бліжэйшы час трэба стварыць у Полацку пастаянна дзеючую экспедыцыю, як уНоўгарадзе. Гэта неабходна, таму што раскопкi, якiя праводзяцца толькi ў летнi час (i то не ўсе тры месяцы), не змогуць ахапiць усе неабходныя тэрыторыi. Тым больш, што ў Беларусi ёсць старажытныя месцы, дзе зусiм не праводзiлiся археалагiчныя пошукi. — Працуеце пры дапамозе спецыяльнага пэндзля i рыдлёўкi? — Бывае i так, што бульдозерам даводзiцца капаць, усё залежыць ад асаблiвасцяў месца i таго, што шукаеш. Раскопкi — справа спецыфiчная. Трэба не толькi мець жаданне, але i вытрымку. Дзянiсу Дуку пашанцавала — яго жонка падзяляе iмкненнi мужа, а праз некалькi гадоў падрасце сын i далучыцца да бацькоў. Калi мая жонка паехала гэтым летам са мной на раскопкi, яна сказала — супер! Што можа быць лепш за свежае паветра i нефармальныя зносiны з цiкавымi людзьмi. Археалогiя — гэта не захапленне, i нават не стыль жыцця. Гэта само жыццё, — лiчыць Дзянiс Дук. Полацк—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Героi i авантурысты, шпiёны i чараўнiкi ўсiх рангаў прыцягваюць нашу ўвагу пастаянна. Людзей зачароўвае пачуццё таемнасцi — менавiта таму мы так насто |
|