Смерць патыхае спiртам
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Тэндэнцыi Сёлета ў сталiцы ў вынiку атручвання алкаголем памерлi 100 чалавекСталiчная мiлiцыя б’е трывогу. Алкагалiзацыя жыхароў Мiнска iдзе такiмi iмклiвымi тэмпамi, што не толькi iстотна пагаршае крымiнагенную сiтуацыю, але сама па сабе нясе рэальную пагрозу жыццю i здароўю аматараў спiртнога. Як адзначыў начальнiк Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў (ГУУС) Мiнгарвыканкама Анатоль Куляшоў, толькi з пачатку года на прымусовае лячэнне было накiравана 276 хранiчных алкаголiкаў. Зараз на ўлiку ў гарадскiм наркалагiчным дыспансэры знаходзяцца больш за 37 тысяч чалавек, у тым лiку каля 5 тысяч падлеткаў i прыкладна 6 тысяч жанчын. Мiж iншым, жаночы алкагалiзм «прагрэсуе» ў Мiнску проста з рэактыўнай хуткасцю. Яшчэ зусiм нядаўна ў сталiцы на 100 мужчын-алкаголiкаў прыпадала толькi 1 жанчына з такiм жа дыягназам. Зараз на кожныя 10 мужчын, якiя злоўжываюць спiртным, ужо 4 заўзятыя прыхiльнiцы «зялёнага змея». Варта адзначыць, што не толькi Мiнск, але i ўся краiна зараз знаходзiцца ў палоне алкагалiзму. У пералiку на абсалютны алкаголь продаж спiртных напояў у Беларусi складае 10,6 лiтра на душу насельнiцтва. Гэта ўжо на 2,6 лiтра больш вызначанага Сусветнай арганiзацыяй аховы здароўя крытычнага парога, за якiм пачынаюцца працэсы дэградацыi асобы. Менавiта п’янства з’яўляецца спрыяльнай глебай для злачыннасцi. У першым квартале гэтага года ў суды накiравана 1295 спраў па злачынствах, здзейсненых нецвярозымi асобамi. Людзi, якiя злоўжываюць спiртным i самi становяцца яго ахвярамi. Сёлета ў вынiку алкагольнага атручвання ў сталiцы памерлi 100 чалавек, з якiх 5 ужывалi нехарчовы спiрт. I гэта далёка не поўны спiс страт, якiя нясе беларуская дзяржава ад шкоднага ўплыву «зялёнага змея». Мноства адурманеных алкаголем людзей гiне ў вынiку дарожна-транспартных здарэнняў, няшчасных выпадкаў, падчас сямейна-бытавых канфлiктаў. Паводле слоў Анатоля Куляшова, ужо ёсць выпадкi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi вадзiцеляў за кiраванне транспартнымi сродкамi ў нецвярозым стане. Увогуле мiлiцыя ў рамках сваёй кампетэнцыi робiць даволi шмат, каб папярэдзiць п’янства i алкагалiзм у сталiцы. Напрыклад, летась было канфiскавана больш за 43 тоны спiртавой вадкасцi. I барацьба са сталiчнымi «бутлегерамi» працягваецца. Не так даўно на тэрыторыi Мiнскага трактарнага завода была выяўлена злачынная група, якая рэалiзоўвала спiрт прама на прадпрыемстве. У гандляроў канфiскавана 126,5 лiтра «вогненнай вады». Па iнiцыятыве ГУУС колькасць кругласутачных крамаў, якiя гандлююць таннымi спiртнымi напоямi зменшылася з 22 да 14, а гарэлка i пiва ў начны час не прадаюцца. Кiраўнiк сталiчнай мiлiцыi лiчыць, што неабходна ўвогуле забаранiць ужыванне пiва ў грамадскiх месцах. «ГУУС прытрымлiваецца меркавання, каб дазволiць ужыванне пiва толькi ў кавярнях, у тым лiку i летнiх. Трэба, каб гэта было культурна i прыстойна. Але нельга дапускаць, каб людзi пiлi пiва, шпацыруючы па вулiцах горада. Гэта не ўпрыгожвае сталiцу», — падкрэслiў Анатоль Куляшоў. Паводле звестак мiлiцыi, «вольнае месца» на начным рынку спiртных напояў спрабуюць заняць падпольныя гандляры. Трэць сталiчных «бутлегераў» складаюць пенсiянеры, прыкладна пятая частка — таксiсты. Спынiць iмклiвае наступленне «зялёнага змея» мiлiцыi дапамагаюць i шараговыя грамадзяне. Сёлета на спецыяльны тэлефон «гарачай лiнii» (270-55-01) паступiла больш за 110 паведамленняў аб фактах нелегальнага распаўсюджвання спiртных напояў. З дапамогай гэтых пiльных мiнчан было выяўлена 240 месцаў, дзе iшоў незаконны гандаль алкагольнай прадукцыяй i быў наладжаны выраб самагону.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў сталiцы ў вынiку атручвання алкаголем памерлi 100 чалавек |
|