21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Хатнi арсенал» зброi, якая нiколi не страляе

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я не мiлiтарыст, але ўпэўнены, што ў душы практычна кожнага чалавека, як толькi ён свядома пачынае атаясамлiваць сябе з прадстаўнiкамi моцнай паловы чалавецтва (гаворка, зразумела, пра мужчын), прачынаецца i цяга да зброi. У большасцi з нас яна захоўваецца на працягу ўсяго жыцця: ад дзiцячых цацак, гульняў «у ножыкi», абыходжаннi са зброяй у армii да наступных службы ў сiлавых структурах, захапленнi паляваннем цi рыбалкай. Калекцыянаванне, напрыклад, маштабных мадэляў баявой тэхнiкi — гэта таксама своеасаблiвая, больш «мiрная» праява той самай цягi да зброi. Бо каб мець сапраўднае паляўнiчае ружжо, трэба быць членам аднаго з паляўнiчых таварыстваў. Але нават у гэтым выпадку заканадаўства абмяжоўвае колькасць адзiнак агнястрэльнай наразной i гладкаствольнай зброi, якую дазваляецца мець аднаму чалавеку. I ўсё ж трымаць дома «хатнi арсенал», аказваецца, можна, праўда, калi ён складзены з узораў калекцыйна-сувенiрнай зброi. Менавiта такую выстаўку прадстаўляе зараз Нацыянальны музей гiсторыi i культуры Беларусi сумесна з аб’яднаннем «Ramzes Expo».

Толькi знешняе падабенства

Трэба заўважыць, што цяперашняя экспазiцыя ўяўляе сабой своеасаблiвы працяг цыкла выставак, прысвечаных гiсторыi ўзнiкнення i развiцця зброi (дарэчы, «Звязда» фактычна таксама падаўжае ўласны шматгадовы цыкл публiкацый на тую ж тэму). У ёй у асноўным прадстаўлены ўзоры сучасных iспанскiх майстроў, якiя спецыялiзуюцца на вырабе падобнай сувенiрнай прадукцыi. Большая частка калекцыi належыць вядомаму вiцебскаму калекцыянеру Рамазану Махмудаву, якi займаецца выставачнай дзейнасцю ўжо каля дзесяцi гадоў.

Што ж сабой уяўляе калекцыйна-сувенiрная зброя? Хто, дзе i як яе набывае, дзеля чаго? Гэта дакладныя копii сапраўдных узораў халоднай i агнястрэльнай зброi вядомых фiрмаў-вытворцаў. Калi ўзяць, напрыклад, пiсталеты мiнулага стагоддзя «Вальтэр», «Парабелум» або пiсталет-кулямёт амерыканскiх спецслужбаў «Iнгрэм», савецкi аўтамат Калашнiкава, дык па знешняму выгляду, па вазе яны нiчым не адрознiваюцца ад сапраўдных. Больш за тое, з калекцыйна-сувенiрнай зброi, якая iмiтуе агнястрэльную нашага нядаўняга мiнулага (пiсталеты), можна дастаць, як з баявых узораў, магазiн, а аўтамат Калашнiкава можна разабраць-сабраць, як некалi школьнiкi рабiлi гэта на ўроках пачатковай ваеннай падрыхтоўкi. Адзiнае, выраблены такiя «цацкi» са сплаваў, якiя не дазваляюць стрэлiць з калекцыйна-сувенiрнай зброi (выстаўляць сапраўдныя баявыя ўзоры забаронена, у музеях яшчэ з савецкiх часоў яна выводзiлася з баявога строю самым варварскiм спосабам; на Захадзе ж ужо даўно iснуюць зусiм iншыя патрабаваннi пры экспазiцыi сапраўднай зброi). Таму, паводле слоў мастака-рэстаўратара аб’яднання «Ramzes Expo» Дзмiтрыя Юркевiча, набываць у сувенiрных магазiнах, праз Iнтэрнэт, захоўваць дома калекцыйна-сувенiрную зброю можа любы ахвочы. Пажадана толькi захаваць чэк або квiтанцыю ад прадаўца. Самурайскiя i рыцарскiя мячы, сярэдневяковыя кiнжалы i стылеты, казацкiя шашкi i шаблi, дуэльныя пiсталеты, вiнчэстэры, арбалеты i лукi — гэтыя i iншыя рэчы набываюцца як у якасцi арыгiнальнага падарунка, элемента ўпрыгажэння дома, офiса, так i проста людзьмi, што цiкавяцца тым або iншым адрэзкам гiсторыi.

Нож-пiсталет i сякера-пiсталет

Гiстарычныя крынiцы сведчаць, што першыя вiды агнястрэльнай зброi (ручныя) з’явiлiся ў Еўропе ў першай палове XIV стагоддзя. У другой чвэрцi XV стагоддзя на змену iм прыйшлi аркебузы — амаль гладкаствольныя ружжы, якiя былi вельмi цяжкiмi i кепска стралялi. З XVI стагоддзя i па сённяшнi дзень — з’яўляюцца пiсталеты, карабiны, вiнчэстэры, кольты i iншыя вiды зброi... Менавiта ў такой паслядоўнасцi — у кантэксце ваенна-тэхнiчнай думкi i яе рэалiзацыi ў тым цi iншым тыпе зброi, якiя непадзельна звязаны з гiсторыяй развiцця чалавецтва — знаёмяць наведвальнiкаў прадметы экспазiцыi. Газетная плошча не дазваляе расказаць абсалютна пра ўсё, таму спынiмся толькi на самых цiкавых або незвычайных экспанатах з розных эпох.

Дзмiтрый Юркевiч дэманструе i расказвае пра нажы-пісталеты, кінжалы-пiсталеты і сякеры-пісталеты. Яны ўяўлялi сабой камбiнаваны тып зброi i выраблялiся толькi на заказ у адзiнкавых экзэмплярах.

— У свой час iснавалi ўсе вiды халоднай зброi, якую сумяшчалi з агнястрэльнай: ад нажоў да коп’яў. Я б назваў гэта эксперыментамi ў галiне вытворчасцi зброi, паколькi яны адносна хутка скончылiся i практычна больш нiколi не ўзнаўлялiся. Тлумачыцца тут усё проста: насамрэч камбiнаваная зброя не магла ў роўнай ступенi спалучаць лепшыя якасцi i халоднай, i агнястрэльнай зброi. Нож, кiнжал павiнны быць iдэальна збалансаваныя, а пiсталет iстотна абцяжарваў усю канструкцыю. Крамянёвы замок на сякеры-пiсталеце мог пацярпець падчас моцнага ўдару, — тлумачыць Дзмiтрый. — Таму нават сапраўдных узораў такой камбiнаванай зброi амаль не захавалася, гэта рарытэты.

Увагу прыцягваюць шматствольныя крамянёвыя пiсталеты. Як i камбiнаваная зброя, яны не выраблялiся ў масавым парадку, мелi iх, хутчэй за ўсё, уплывовыя або заможныя асобы. Напрыклад, двухствольны пiсталет, копiя якога прадстаўлена на выстаўцы, быў у Напалеона. Належала яму i двухствольнае паляўнiчае ружжо — прататып, скажам так, сучаснай «вертыкалкi». Пасля выстралу спецыяльны механiзм дазваляў пракручваць вакол восi пярэднюю частку ружжа (накшталт рэвальвернага барабана), падаючы ў баявы стан знiзу другi заражаны ствол.

— Што для мяне застаецца загадкай, дык гэта iснаванне двухствольнага дуэльнага пiсталета. Шанцаў пры карыстаннi такой зброяй у працiўнiкаў не было нiякiх, ды i назваць такi паядынак дуэллю я таксама не магу, — працягвае Дзмiтрый Юркевiч. — Гэта магла быць, хутчэй, перастрэлка з каўбойскага вестэрна.

Iснавалi ў свой час нават пяцiствольныя пiсталеты, прычым у кожнай з такiх сiстэм была свая галiна выкарыстання. Напрыклад, «лапа качкi» (назва пайшла ад характэрнага веернага размяшчэння ствалоў) — пiсталет залпавага агню, калiбр кожнага са ствалоў быў прыкладна па 2,5 сантыметра! Ён выкарыстоўваўся для падаўлення карабельных бунтаў. Пiраты карысталiся iмi ў абардажным баi — выстрал-залп з пяцiствольнай зброi такога калiбру (тым больш з некалькiх) мог нанесцi iстотны ўрон працiўнiку.

Цана пытання

Як мы ўжо гаварылi вышэй, вытворчасць калекцыйна-сувенiрнай халоднай i агнястрэльнай зброi найбольш распаўсюджана ў Iспанii. Адпаведна, i цэны на вырабы iдуць адтуль. Падчас размовы з Дзмiтрыем Юркевiчам мы адзначылi адзiн парадокс: кошт сувенiрнай зброi, iмiтуючай узоры часоў мiнулага стагоддзя, часам iстотна перавышае цэны на сувенiрныя старажытныя пiсталеты i ружжы. Гэта пры тым, што першыя — выключна заводская металiчная штампоўка, а пры вырабе другiх, акрамя металу некалькiх вiдаў, выкарыстоўваецца драўнiна, да таго ж тут не абысцiся без ручной працы. Вiдаць, попыт нараджае прапанову, у тым лiку i па цэнаваму крытэрыю?

Самы танны крамянёвы пiсталет-сувенiр, iмiтуючы выраб Тульскага завода, будзе каштаваць 46 еўра (сярэднi кошт iншых узораў — 50—60 еўра). Пiсталеты вядомых вытворцаў ХХ стагоддзя каштуюць ад 88 да 120—130 еўра. Копiя савецкага аўтамата Калашнiкава ацэньваецца ў суму амаль 400 еўра. Адносна дарагiмi лiчацца i сувенiрныя каўказскiя кiнжалы, паколькi пры iх вырабе выкарыстоўваецца не штампоўка, а ручная работа майстроў, у тым лiку гравiроўка, чаканка. (Раней джыгiт не выходзiў з дому, не маючы на поясе кiнжала — гэта было раўназначным таму, каб з’явiцца на людзях без адзення. Цяпер, на жаль, на Каўказе для многiх мужчын тую ж функцыю стаў выконваць аўтамат Калашнiкава...) Прадаюцца вырабы дагестанскiх майстроў ручной работы па 75—80 еўра.

Апошнiм часам у Расii таксама з’явiлася некалькi фiрмаў па вытворчасцi калекцыйна-сувенiрнай зброi. Гавораць, што заказаць у iх можна не толькi старадаўнюю зброю, але i больш сучасную, уключна да сувенiрнага станкавага кулямёта «Максiм». У сталiчных «ЦУМе», «ГУМе», прынамсi, доўгi час была ў продажы копiя аўтамата Калашнiкава коштам больш за 500 тысяч рублёў.

...Нашы сувенiры не страляюць, падкрэслiў яшчэ раз напрыканцы нашай сустрэчы Дзмiтрый Юркевiч. А мне прыгадалася Чэхiя, калi ў старажытным замку падчас тэатралiзаванага свята для турыстаў члены гiстарычнага клуба, апранутыя ў ваенную форму розных гiстарычных эпох, стралялi халастымi з пушкi, з мушкетаў, а потым дазвалялi браць зброю ў рукi турыстам, фатаграфавалiся з iмi. Было вельмi прыгожа i запамiнальна. Але сувенiрны пiсталет каля дзесяцi гадоў таму я праз мяжу весцi не рызыкнуў. Спынiўся на больш «мiрных» сувенiрах...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Аўтар выказвае шчырую падзяку намеснiку дырэктара Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi Любовi Балаўнёвай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

А на мой погляд...

Калекцыянаванне.

Адзiн з цёплых успамiнаў пра дзяцiнства

Напэўна, знойдзецца зусiм няшмат людзей, якiя б нiколi i нiчога не збiралi, не стваралi ўласную калекцыю. Хоць бы сабе i ў дзяцiнстве. Згодны, даросламу чалавеку ў мiтуснi будзённых клопатаў зараз часам бывае не да ўласных захапленняў. Але ж заўсёды ёсць родныя, сябры, знаёмыя, калегi, якiя, ведаючы чалавека, яго характар i памкненнi, заўсёды могуць пакласцi пачатак якой-небудзь калекцыi.

А вам даводзiлася нешта калекцыянаваць?

Сяргей НОВIКАЎ, начальнiк упраўлення паляўнiчай гаспадаркi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi:

— Я, можна сказаць, паляўнiчы-пачатковец, таму пачатак сваёй будучай калекцыi — уласных трафеяў — толькi паклаў. Пакуль у ёй толькi адно чучала птушкi. Па меры магчымасцяў буду спрабаваць яе папаўняць здабытымi паляўнiчымi трафеямi.

Васiль СМОЛIК, галоўны ўрач Навагрудскага занальнага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii:

— Так, у мяне ёсць калекцыя паштовых марак. Я фiлатэлiст з амаль 30-гадовым стажам. Пачынаў збiраць маркi яшчэ ў савецкiя часы: спачатку, як усе — усё, што трапляла на вочы. Потым, зразумеўшы, што гэта немагчыма, аддаў перавагу пэўнай тэматыцы. З 1980 года збiраю маркi, прысвечаныя касманаўтыцы, у мяне ёсць усе знакi паштовай аплаты, выпушчаныя ў Рэспублiцы Беларусь (i многiя — прысвечаныя яшчэ БССР). Асобныя мiнi-калекцыi прысвечаны Дню Перамогi, флоры i фаўне.

Мiхаiл САКАЛОЎСКI, старшыня Серажскага сельскага Савета Слуцкага раёна:

— Жонка мая шмат кветак высаджвае. Гэта можна назваць калекцыяй? Асабiста ў мяне яшчэ з савецкiх часоў захоўваецца бiблiятэка прыкладна з 200 тамоў кнiг, прысвечаная ваеннай тэматыцы: мемуары, энцыклапедыi. На жаль, за апошнiя гады гэту калекцыю я амаль не папаўняў.

Уладзiмiр ЧАРНАШЭВIЧ, дырэктар агенцтва нерухомасцi «Загарадны дом»:

— У мяне калекцыя паляўнiчых нажоў, паколькi сам я паляўнiчы. У ёй недзе 15—16 экзэмпляраў клiнкоў. Што цiкава, дык сам я набыў толькi адзiн нож, астатнiя з той цi iншай нагоды падарылi родныя, сябры. Ёсць у маёй калекцыi нажы, якiя, шчыра скажу, мне вельмi падабаюцца.

Валерый МУЛЯРЧЫК, дырэктар ААТ «Завод горнага воску» канцэрна «Белнафтахiм»:

— Зараз я нiчога не збiраю. А ў дзяцiнстве, у 1950-х гадах, памятаю, мы бегалi ў Баранавiчах да «нямецкiх» цягнiкоў, якiя абслугоўвалi Групу савецкiх войскаў у Германii — прасiць у нашых афiцэраў этыкеткi з пачкаў ад запалак. У студэнцкiя гады, маючы адносiны да альпiнiзму, збiраў розныя цiкавыя горныя каменьчыкi — з Камчаткi, Памiра, iншых мясцiн. Ды потым пры пераездах тая калекцыя згубiлася.

Сяргей СТАРЫНАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я не мiлiтарыст, але ўпэўнены, што ў душы практычна кожнага чалавека, як толькi ён свядома пачынае атаясамлiваць сябе з прадстаўнiкамi моцнай паловы ч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика