Масква слязам не верыцьШайбу, шайбу! Нацыянальная зборная Беларусi змагла скокнуць у апошнi «вагон цягнiка», якi рухаўся ў квалiфiкацыйны раўнд чэмпiянату свету па хакею з шайбай у Маскве i МыцiшчахНа папярэднiм этапе нашы хакеiсты ўступiлi чэхам (2:8) i амерыканцам (1:5), але здолелi выйграць у аўстрыйцаў (5:2). У вынiку каманда Курта Фрэйзера набрала 3 ачкi i заняла трэцяе месца ў групе «В» (у квалiфiкацыйны раўнд выходзяць па тры лепшыя зборныя квартэта). У наступную стадыю без турбот прабiлiся чэхi (9 ачкоў) i амерыканцы (6), а аўстрыйцы вымушаны змагацца за выжыванне ў элiце. На наступным этапе Беларусь, Чэхiя i ЗША сустрэнуцца з мацнейшымi камандамi групы «С» — гэта Канада, Славакiя i пераможца матча Германiя — Нарвегiя. У наступны этап таксама прайшлi Расiя, Фiнляндыя, Данiя, Швецыя, Швейцарыя i пераможца сустрэчы Iталiя — Латвiя. У плэй-оф змогуць прабiцца толькi чатыры лепшыя дружыны з шасцi з кожнай групы. Цiкава, што сваё выступленне на папярэднiм этапе чэмпiянату свету беларусы завяршылi юбiлейнай лiчбай: была закiнута 800-я шайба ў гiсторыi нацыянальнай зборнай (яе аўтарам стаў Аляксандр Кулакоў). Пасля першай перамогi на сусветным форуме галоўны трэнер зборнай Беларусi Курт Фрэйзер прызнаўся, што да сустрэчы з аўстрыйцамi яго падначаленыя рыхтавалiся, як да апошняй бiтвы, бо гэты матч быў рашаючым. Настаўнiк заўважыў, што яго падначаленым патрэбна дадаць хуткасцi. Як беларусам удалося сабрацца пасля двух пройгрышаў i выйграць? Калi верыць нападаючаму Сяргею Задзялёнаву, у гэтым заслуга менавiта Курта Фрэйзера, якi змог знайсцi патрэбныя словы перад матчам, каб не ўзнiкла панiка, псiхалагiчная зламанасць у камандзе. Чаму ж тады нашы iгракi не маглi так жа настроiцца на сустрэчы з Чэхiяй i з ЗША? У адрозненне ад спарынг-партнёраў па шасцi таварыскiх матчах перад стартам чэмпiянату свету сапернiкi ў групе «В» у нашай зборнай былi больш моцныя. Нельга не пагадзiцца з Аляксеем Угаравым, якi пасля паражэння ад чэхаў i амерыканцаў заўважыў, што нам не хапае яшчэ вопыту i згулянасцi, каб процiстаяць профi з НХЛ. Нагадаю, што ў складзе нашай дружыны заакiянскiх хакеiстаў пакуль няма, бо Андрэй Касцiцын i Мiхаiл Грабоўскi пакуль застаюцца ў распараджэннi клуба АХЛ «Гамiльтан бульдогз». Якiя шанцы ў нашай зборнай далей? На лёд беларусы выйдуць 4, 6 i 7 мая i па чарзе згуляюць з пераможцай групы «С» і камандамi, якiя занялi другое i трэцяе месцы. Адразу засмучае адсутнасць ачкоў: тыя, што атрымалi ад перамогi над аўстрыйцамi не захоўваюцца, таму што каманда Аўстрыi не прабiлася ў квалiфiкацыйны раўнд. З абаранкам у гульню ўступiць i аўтсайдар групы «С». Адзiны выхад, каб прабiцца ў плэй-оф — адабраць ачкi ў матчах квалiфiкацыйнага раўнда, але выйграць у славакаў i канадцаў на чэмпiянаце свету — зусiм не тое, што ў таварыскiх сустрэчах. Аднак ёсць i прыемная навiна: ад траўмы практычна аправiўся Канстанцiн Кальцоў (ён i Сяргей Дзямагiн будуць дазаяўлены на наступныя матчы). Праўда, ёсць i страта: з-за траўмы з гульнi выбыў Андрэй Мiхалёў. Капiтанам беларускай каманды, нягледзячы на вяртанне Кальцова, застанецца Алег Антоненка. I гэта рашэнне галоўнага трэнера нашай зборнай зразумела: Антоненка з’яўляўся важаком каманды доўгi час да назначэння капiтанам Кальцова (гэта было на «Кубку Палесся» ў Гомелi) i на чэмпiянаце свету Алег — сапраўдны лiдар на лёдзе: ён быў адзiным сярод беларусаў, хто вызначыўся галамi ў матчы з Чэхiяй, ЗША i яшчэ закiнуў шайбу ў сустрэчы з Аўстрыяй. З паказчыкам чатыры шайбы i адна галявая перадача Антоненка займае сёмы радок у рэйтынгу бамбардзiраў чэмпiянату. Лепшы — расiянiн Марозаў. Перад пачаткам квалiфiкацыйнага раўнда капiтан зборнай Беларусi прызнаўся, што, калi наша каманда гуляе зладжана, сiла сапернiка не мае значэння i нам па плячу любыя перамогi. Будзем спадзявацца, што Антоненка зможа наладзiць патрэбную сувязь памiж звеннямi беларускай дружыны. На жаль, пакуль беларусы гулялi не надта ўпэўнена. Аднак не будзем засмучацца. Масква слязам не верыць. Р.S. Учора вызначылiся апошнiя зборныя, якiя прайшлi ў квалiфiкацыйны раўнд. Гэта каманда Італіі, якая абыграла Латвію ў овер-тайме (4:3) і каманда Германіі, якая перамагла зборную Нарвегіі (5:3).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальная зборная Беларусi змагла скокнуць у апошнi «вагон цягнiка», якi рухаўся ў квалiфiкацыйны раўнд чэмпiянату свету па хакею з шайбай у Маскве |
|