Урокi жыцця
...Падхапiцца — ледзь не сярод ночы (чаго, жонка ўжо не пытае) — цiхутка, не запальваючы святла, апрануцца, закiнуць на плячо сумку з апаратурай, ступiць за дзверы — у снег, у туман... Iсцi... Доўга... Навобмацак, не бачачы сцежкi. Стаяць... Ля рэчкi. Альбо на знаёмым пагорку. Слухаць цiшыню i чакаць... Чакаць золаку, чакаць досвiтку. Каб убачыць... Самому... Сённяшнi... I каб потым (хоць на здымках) iншым паказаць — гэту заўсёдную таямнiцу, гэта заўсёднае свята: свята нараджэння дня. Альбо кветкi... Вясёлкi... Вясны... Цi бяды...
На здымку тым — самотная хацiна была: не старая яшчэ, досыць моцная, але даўно ўжо, вiдаць, пустая, бо ўнутры куст малiннiку вырас i на волю стаў мкнуць — цераз акно... — О-о! Чернобыль... То ест Черно-быль?! — убачыўшы фота, прызналi госцi-замежнiкi. — Не, — сказаў фатограф. — Гэта проста хата. У вёсцы... Непадалёк тут. Гаспадары, вiдаць, памерлi, дзецi — з’ехалi... — Nоu! Нет... — стаялi на сваiм iншаземцы. — То ест Черно-быль. То ест большой катастроф!.. А мо, i сапраўды гэта «ён», той «катастроф»? — пасля ад’езду гасцей стаў думаць фатограф. — I не малы ж?.. Калi ўсё, што цягам жыцця свайго пакутлiва нажывалi, шанавалi i мелi бацькi, нiкому з дзяцей не патрэбна.
Прыкмета часу — у гарадах, на першых паверхах дамоў, у былых падвалах i калясачных — адкрываюцца новыя маленькiя крамкi, кавярнi, цырульнi... А найчасцей, вiдаць, майстэрнi — па вырабу ключоў, па рамонту абутку, адзення... Шмат iх, як быццам, а ўсё роўна чарга. Сёння, прынамсi — з маленькага сiвога дзядка, з маладой кабеты i сталай... З дзяўчынкай гадоў 13. Знерваваныя абедзьве, заплаканыя. З-за чаго, па размовах здагадацца не цяжка: матуля джынсы малой (?) купiла. Тая, каб моду дагнаць, у iх дзiрак нарэзала — на ўсiх мяккiх месцах. Паспрабавала потым падбiць нейкай белай тканiнай, — непрыгожа атрымалася. Прынеслi да майстрых. Да таго ж, як мацi лiчыла, джынсы трэба яшчэ ўкарацiць. А дачка — нi ў якую: модна, кажа, каб калошкi па зямлi цягалiся. I тут жа «ў бутэльку», у слёзы... Пажылая стомленая швачка паглядзела на iх, паслухала старэйшую, потым — малую, даверлiва сказала (ёй): — Вось мая вiзiтовачка. Будзеш iсцi на прыпынак, паглядзi пад ногi. Калi табе, сваiмi калошкамi, захочацца падцiраць усё, што ўбачыш, пазванi — я пакiну тваю даўжыню, калi не — падкарачу. На адзiн сантыметр. Дамовiлiся? ...Не ведаю, што рашыла дзяўчынка, я (услед за ёй) паглядзеўшы пад ногi, зразумела, што быццё вызначае не толькi свядомасць, яно ж, вiдаць, дыктуе моду. Прынамсi — на брыджы.
З дзедаўскiх баек. Двое на вулiцы. — Што там дачка ваша робiць? — пытае малады. — Ды шыю мые. Хлопец недачуў крыху (цi мо глухаваты быў?) але падумаў: «Во! Трэба сватоў засылаць. Добрая ж жонка будзе — i шые, i мые?.. Вось i я ў выхадны... Дамывала ўжо, — часопiс пад руку падкруцiўся. Надпiс зверху (лiтары з аршын): «Квадратныя метры па даступных цэнах!». «Клюнула» (прачытала некалькi аб’яў) i... Аж сэрца зайшлося: «двушка» (чытай двухпакаёўка) — у Мiнску, можна сказаць, у цэнтры, ды ў цагляным доме, 44 квадраты жылых — усяго 28 тысяч! Гэта ж i насамрэч, калi ў даўгi, па шыю, калi у крэдыт, можна купiць... Тую... Цi вось гэту? Нават танней... Потым, калi першае ўзрушэнне прайшло, паглядзела на дату: стары часопiс — за снежань 2003-га. Цяпер тыя двухпакаёўкi, як мiнiмум, ў тры разы даражэй. А гэта значыць (помнiце тост з «Каўказскай палоннiцы»?), адстаюць нашы магчымасцi ад нашых жаданняў. У каго на тры гады, у каго на пяць, а ў многiх, магчыма, на ўсё жыццё.
Многае ў гэтай сямейцы звязана з лiчбай 3. Ну па-першае, абаiм сужэнцам да трыццацi, у iх — трохгадовы сынок, трохпакаёвая кватэра, за плячыма тры вышэйшыя адукацыi, у арсенале — тры замежныя мовы... I дзве — свае. Прычым яна — гаворыць выключна на першай (з дзяржаўных), ён — на другой. (Малы — што вельмi цiкава — на абедзвюх, але не трасянкай, а ў залежнасцi, з кiм!..). Зрэшты, цяпер не пра гэта. Пра тое, што па святах (чытай — калi вольныя грошы ёсць), сям’я выбiраецца ў горад — гуляе, адпачывае, на атракцыёны водзiць малога, недзе палуднуе... На майскiя ў кавярню зайшлi, столiк занялi. Афiцыянтка тут як тут — меню прынесла. Выбралi стравы. Вось толькi гаспадынька, робячы заказ, удакладнiць рашыла (па-беларуску), з чаго адна з салатаў зроблена?.. Афiцыянтка закапылiла, сказала: «Можно подумать, что по-человечески вы спросить не можете?». — Yеs, оf соrsе! — згадзiлася жанчына. I пра тое ж стала пытаць па-англiйску, потым — па-нямецку...
Гэтую гісторыю чытачка расказала. Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль пару сабраў: яна — высокая, чарнявая, статная, а ён — наадварот — невялiчкi, худзенькi, рыжы. Але ж пасябравалi, больш за тое — пакахалi адзiн аднаго. Да вяселля справа iшла. I дайшла б, вiдаць! Мацi яе ўмяшалася. З ранку да вечара стала гугнець, што не пара яны, што дачка сабе лепшага знойдзе — прыгажэйшага. А з гэтым... «Што з таго, што добры? Што з таго, што любiш? На вас жа ўсе азiрацца будуць, пальцамi паказваць. А дзецi... Пра дзяцей ты падумала? — пыталася мацi. — Хочаш, каб рыжымi дражнiлi?» Гэтага (ну зразумела ж!) дзяўчына не хацела. А таму — па крыху, па малу адраклася i ад кахання свайго, i ад каханага. Раз’ехалiся яны, рассталiся. Гадоў праз колькi (мацi праўду казала) яна i насамрэч iншага знайшла — такога ж, як сама: чарнявага, высокага. Замуж выйшла. А што да дзяцей, то... «дагнала» яе тое, самае першае, самае дарагое каханне: дачушка па бацьках пайшла — высокая, чарнявая, а вось сынок — рыжы, як тое сонейка. I маленькi. Па мужавай бабцi пайшоў. ...З тым жа поспехам мог па бацьку.
Рэкламная акцыя: адна з досыць вядомых фiрмаў на ўсiх вагонах метро, на пакетах намалявала думачку-мару: «Сейчас бы «АLРЕN GОLD!». Наш люд пачытаў i, зразумела ж, унёс карэктывы, гэта значыць, закрэслiў замежныя словы, дапiсаў — свае. Атрымалася (у адным месцы. — Аўт.): «Сейчас бы пивасика!». У другiм (i, вiдаць, жаночай рукой... Цi студэнцкай?): «...выспаться!». У трэцiм — «... СТО ГРАМ и Агурчик!» (правапiс захаваны). Карацей — зразумелыя цалкам жаданнi. Бо нашы.
Не кожная мацi, пачуўшы ад 18-гадовага сына цвёрдае «Я жанюся», хопiць якi чапяльнiк... Не кожная заплача ад шчасця i скажа: «Сынок, ты ўжо вырас?!.» Вось i гэта — не ўзрадавалася, але i забараняць ужо сэнсу не мела: прыняла «крыху цяжарную» нявестку, зрабiла сякi-такi вечар — не то вяселле, не то праводзiны ў войска. А вось далей... Ледзь не ў кожным пiсьме пiсала сынку, якую ж няўдалiцу ён сабе выбраў! I дурнiца, маўляў, якiх свет не бачыў, i гультайка, i неахайнiца, i цэлымi днямi на плоце вiсiць — хлопцам вочкi строiць... Што, чытаючы, думаў сын, што адчуваў, сказаць сёння цяжка, бо штодня ж пiсала i жонка. Пiсала, як сумуе без яго, як кахае, як Бога молiць, каб дапамог iм усё перажыць, як хапаецца за любую работу, як выстранчае свекрывi i як пакутуе ад таксiкозу... А потым — з дзiцем ужо — ад бяссонных начэй i бясконцых хвароб. Цяжка хлопцу служылася. I вярнуўся... лягчэй не стала: забыць не мог матулiны пiсьмы. Прыглядаўся да жонкi, раўнаваў, папiкаў. А найгорш, што пiць стаў. I ўжо тады... Крыўдзiў — не тое слова: i бiў, i з хаты выганяў... Iншая б, вiдаць, не стрывала — развялася даўно, а гэта — цярпела: засвоiла некалi, што першы мужык ад Бога. Ды i бацька ў дзяцей... Дзецi — як трэба чакаць — хутка выраслi, «сталi на крыло» i з дому зляцелi, а вось свякроў — наадварот — захварэла, саслабела. Сын забраў да сябе. I нявестка цяпер (тая самая «дурнiца i гультайка») ёй у ложак кашкi падае, паравыя катлеткi, сокi. Цяжка. Але ж не скардзiцца. Адно... Трэцяга дня дачцэ званiла. Сказала, што ў нядзельку ў царкве была, пакаялася... — Ты?! Мама! А ў чым?! — спытала дачка. — Ну як жа? На бацьку злую, на свякроў закрычу, бывае, калi не хоча ўстаць ды ў туалет схадзiць... Што цiкава: свякроў за сваё жыццё да споведзi не хадзiла нi разу. Бо грахоў за сабой, вiдаць, не адчувала. Нi тады, нi цяпер.
У замежных клiнiках (калi верыць зноў жа замежным фiльмам) ад хворага патрэбна няшмат. Найперш — страхоўка. У нас — калi пацыент пры памяцi — запiшуць усё: прозвiшча, год нараджэння, прапiску, месца работы, пасаду... Але i гэта яшчэ не ўсё. Сябар з падлогi iголку ступнёй «падабраў», пайшоў у клiнiку. Там, як водзiцца, зрабiлi здымак, узялi аналiзы, сказалi: «Альтэрнатывы няма. Будзем рэзаць. Заўтра... З ранiцы». А напярэдаднi, пад вечар, у палату медсястрычка зайшла — папрасiла распiсацца, што ён згодны... На аперацыю. Той спярша разгубiўся (альтэрнатывы, казалi ж, няма!), а потым «ультыматум паставiў», «сур’ёзна» гэтак сказаў: — Калi iголку назад аддасцё, — распiшуся. — А навошта яна вам? — здзiвiлася маладзiца. — Ну як гэта — навошта? Я на здымку бачыў яе — вушка цэлае. Шыць яшчэ буду. «Во скнара! Во крахабор!» — аднымi вачамi сказала дзеўка сябрам па палаце i ўпотай пакруцiла пальцам ля скронi: не ўсе клёпкi, маўляў. ...Заўважалi: тое, чаго не хапае iншым, мы, як правiла, бачым здалёк. А чаго не хапае сабе, — i ва ўпор часцяком не бачым.
Прыяцелька, стамiўшыся разрывацца памiж домам, працай, маленькай унучкай, старэнькай матуляй i дачай, увосень здалася — прынесла ладную кардонку з насеннем, сказала: «На, можа, спатрэбiцца?»... Напрадвеснi вольная гадзiнка была. Рашыла рэвiзiю зрабiць, перабраць запасы. У тым лiку — з кардонкi. Прыгожыя там пакецiкi былi, акуратныя — ад цыгарэт, ад запалак. I на кожным — надпiс. Почырк, праўда, неразборлiвы, але ж чытаць можна. Тут — «Астры «Седая дама» (гучыць як?!), тут — «Огурцы (очень ранние) «Отелло»», тут — «Помидоры от тети Веры», морковь «Чемпион»... На чарговым пакеце нешта няўцямнае. I доўгае... Паднёсшы пад лямпачку, з трудам чытаю: «А пёс ёго знает, что это». Хацела спытаць... Але паблiзу сабак не было. Так усё i засталося. Да пары. У выхадныя разбiла градку, пасеяла.. Усмешку... Што ўзыдзе, убачым. Валянцiна ДОЎНАР. Ад яе ж. Кажуць, каб ведаць смак яблыка, не абавязкова з’есцi ўвесь, — можна надкусiць. Тым, каму дастаткова... Год з лiшкам таму з такiх вось карацелек-абразкоў злажылася кнiга. Называецца яна «Праз каханне» i прадаецца (яшчэ i пакуль) на асобных поштах. Што цiкава, на Аршаншчыне, дзе падпiсчыкаў у «Звязды» параўнаўча няшмат, яе разабралi, на Бабруйшчыне, дзе значна болей — ляжыць. Калi вы хацелi б купiць, а няма — напiшыце. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Падхапiцца — ледзь не сярод ночы (чаго, жонка ўжо не пытае) — цiхутка, не запальваючы святла, апрануцца, закiнуць на плячо сумку з апаратурай, ступ |
|