Пробныя партыi нафты танкерамi з Блiзкага Усходу ў Беларусь
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Да канца 2007 года ў Беларусь плануецца паставiць некалькi пробных партый нафты не з Расii. Найбольш верагодна, нафта будзе пастаўляцца з Блiзкага Усходу з дапамогай танкераў праз Вентспiлскi порт, а затым з дапамогай чыгуначнага транспарту. Аб гэтым паведамiў журналiстам намеснiк старшынi Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце i хiмii («Белнафтахiм») Мiхаiл Асiпенка.
Ён удакладнiў, што пастаўку танкерных партый плануецца ажыццявiць «для таго, каб апрабаваць лагiстыку i магчымасцi чыгуначнага транспарту краiн Балтыi i нашай краiны». Пры пастаўках нафты марскiм шляхам плануецца арыентавацца на краiны Блiзкага Усходу. «Мы будзем арыентавацца на Блiзкi Усход. Нафта там танней». Мiхаiл Асiпенка паведамiў таксама, што нафта, якую мяркуецца пастаўляць танкерамi, будзе перад перапрацоўкай падмешвацца да расiйскай, бо беларускiя НПЗ першапачаткова былi тэхналагiчна арыентаваныя менавiта на нафту з суседняй краiны. «Гаворка iдзе пра падмешванне танкерных партый да расiйскай нафты, якая зараз паступае... Для таго, каб дасягнуць лепшай эфектыўнасцi ў працэсе перапрацоўкi». Што датычыцца беларускiх праектаў у галiне нафтаздабычы ў Iране, Венесуэле i Азербайджане, то, паводле слоў Мiхаiла Асiпенкi, праца Беларусi там «у асноўным накiраваная на здабычу нафты з мясцовых крынiц, пакуль нiхто не гаворыць аб яе пастаўцы ў Беларусь. Набыць нафту на сусветным рынку, у тых жа Венесуэле, Азербайджане цi Iране не складае нiякай праблемы. Але нафта па расiйскай формуле цаны нам абыходзiцца па меншай меры на 100 долараў танней, чым яе сусветны кошт». У Венесуэле Беларусь зможа пачаць здабычу нафты ў 2009 годзе. «Гэта найбольш рэальны тэрмiн па тых радовiшчах, якiя мы даследавалi i маем iх тэхнiчныя характарыстыкi. Магчыма, будуць iншыя прапановы i гэты тэрмiн будзе скарэктаваны ў меншы бок». Мiхаiл Асiпенка заявiў таксама, што ў першым квартале сёлета назiралася змяншэнне аб’ёмаў перапрацоўкi нафты на беларускiх НПЗ. За студзень—сакавiк было перапрацавана 5 млн тон нафты (у тым лiку ўвесь аб’ём, што здабываецца ў Беларусi), што складае 92,4 працэнта да аналагiчнага перыяду мiнулага года. Пры гэтым i ААТ «Нафтан», i ААТ «Мазырскi НПЗ» павялiчылi аб’ёмы ўласнай перапрацоўкi нафты да 55 працэнтаў ад усяго пастаўленага аб’ёму сыравiны (астатнiя 45 працэнтаў — перапрацоўка нафты, якая пастаўляецца на давальнiцкiх умовах). У адпаведным перыядзе мiнулага года паказчык уласнай перапрацоўкi складаў 35 працэнтаў. У красавiку сiтуацыя з перапрацоўкай нафты стала выпраўляцца. Тады было перапрацавана ўжо 1 млн 820 тыс. тон нафты, што складае 106,2 працэнта да красавiка 2006 года. Каментуючы рашэнне пра ўвядзенне субсiдыi для пастаўшчыкоў нафты на давальнiцкiх умовах (яна была ўведзена з-за таго, што расiйскiя кампанii скарацiлi пастаўкi нафты па давальнiцкiх схемах пасля змянення ўмоў супрацоўнiцтва памiж дзвюма краiнамi з пачатку года, што зрабiла такiя пастаўкi менш выгаднымi), Мiхаiл Асiпенка заявiў, што цяпер чакаецца «поўны прыход давальцаў, ажыўленне давальнiцкай перапрацоўкi». Мiхаiл Асiпенка паведамiў таксама журналiстам, што зараз iдзе працэс стварэння Беларускай нафтавай кампанii (БНК). Доля дзяржаўных арганiзацый у БНК складзе 65 працэнтаў плюс-мiнус 5 працэнтаў. «Астатняе — акцыянерныя таварыствы». «Мы ствараем арганiзацыю, якая, як плануецца, будзе закупляць нафту, перапрацоўваць яе i рэалiзоўваць нафтапрадукты на больш цiкавых умовах, чым гэта адбываецца зараз. Маецца на ўвазе дастаўка тавараў (нафтапрадуктаў. — Аўт.) непасрэдна спажыўцам i рэалiзацыя ў канкрэтным рэгiёне свету». Паводле слоў Мiхаiла Асiпенкi, бiзнэс-план БНК ужо распрацаваны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да канца 2007 года ў Беларусь плануецца паставiць некалькi пробных партый нафты не з Расii. Найбольш верагодна, нафта будзе пастаўляцца з Блiзкага Усх
|
|