«ЗВЯЗДА» ў «Мiнску 1945 года»
Марына ПЫРКОВА
19 мая ў Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны акцыю «Ноч у музеi», прымеркаваную да Мiжнароднага дня музеяў, вырашылi падтрымаць праектам «Мiнск 1945 года».
Супрацоўнiкi музея падрыхтавалi цiкавую i разнастайную праграму. Усiм наведвальнiкам прапаноўвалася пазнаёмiцца не толькi з цэлай галерэяй агiтплакатаў, фотаздымкаў i малюнкаў пасляваеннага Мiнска, пабачыць дакладную копiю пакоя маладой мiнчанкi, ацанiць пасляваеннае адзенне моладзi, але i нават пачытаць «Звязду» за 19 мая 1945 года. Як адзначыла навуковы супрацоўнiк музея Наталля Фiлiповiч: — Усе музеi вельмi адказна падышлi да акцыi «Ноч у музеi», кожны прыдумаў нешта цiкавае i неардынарнае. Супрацоўнiкам нашага музея з дапамогай прадстаўленых экспанатаў вельмi хацелася пазнаёмiць маладое пакаленне з пасляваенным Мiнскам, перадаць атмасферу 1945 года. Так узнiк праект «Мiнск 1945 года». У ажыццяўленнi гэтага праекта музею дапамагалi беларускiя мастакi, музыканты i нават адна мiнчанка, якая, даведаўшыся пра наш праект, прапанавала нам свае рэчы, якiя захавалiся ў яе кватэры з 1945 года. Трэба адзначыць, што многiя рэчы выстаўлялiся для экспазiцыi ўпершыню. Сярод iх — унiкальныя фотаздымкi з фондаў музея, зробленыя вядомымi фотакарэспандэнтамi ў перыяд абарончых баёў i вызвалення Мiнска. Асобнымi блокамi дэманстравалiся партрэты мiнчан — ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны пад рубрыкай «Якiя маладыя мы былi» i фрагменты мастацкiх фiльмаў з удзелам вядомых спевакоў Бернэса, Шульжэнкi i iншых. Наведвальнiкi таксама змаглi пазнаёмiцца з выстаўкай «Зброя Перамогi», на якой прадстаўлены ўнiкальныя ўзоры айчыннай зброi, узбраення Чэхаславакii, Францыi, Бельгii, Данii, а таксама партызанскай зброi, аналагаў якой няма нi ў адным музеi свету. На працягу ўсяго свята гучала шмат музыкi. На пляцоўцы каля музея выступаў Акадэмiчны ансамбль песнi i танца Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, духавы аркестр Беларускага рэспублiканскага каледжа мастацтваў, творчы вакальны калектыў «Колокол» i iншыя калектывы. Напрыканцы свята ўсiх гурманаў парадавала традыцыйная «салдацкая каша».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 мая ў Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны акцыю «Ноч у музеi», прымеркаваную да Мiжнароднага дня музеяў, вырашылi падтрымац
|
|