Канспект на ўсё жыццё
Наталля КАРПЕНКА
Кажуць, слава — i добрая, i дрэнная — заўсёды бяжыць паперадзе чалавека. Пра Барыса Блахiна, дырэктара Слуцкага прафесiйна- тэхнiчнага каледжа перапрацоўчай прамысловасцi, а таксама дэпутата Мiнскага абласнога Саветаў дэпутатаў, даводзiлася чуць неаднаразова. «Вось пра каго трэба пiсаць», — гаварылi людзi, якiя хоць аднойчы ў жыццi «перасякалiся» з Блахiным.
Так склалася, што шаснаццаць гадоў таму Барыс Блахiн замянiў на Гаспадар — ён жа здалёк бачны, што на сваiм падворку, што на вялiкiм прадпрыемстве, што ў навучальнай установе. Тым больш, што сёння да паняцця «сапраўдны кiраўнiк» не зусiм дапасоўваюцца азначэннi накшталт «добры—дрэнны», «мяккi—жорсткi» i да т.п. У першую чаргу i нiзы, i вярхi глядзяць, цi можаш ты працаваць на перспектыву, цi здольны рызыкаваць, прымаць рашэннi, браць на сябе адказнасць, прадбачыць вынiк i, у рэшце рэшт, забяспечваць устойлiвае развiццё. Каледж, якiм кiруе Барыс Блахiн, — адзiная ў рэспублiцы навучальная ўстанова, якая рыхтуе рабочых i спецыялiстаў для малочнай i цукровай вытворчасцi. I вельмi цесна супрацоўнiчае з базавымi прадпрыемствамi. — Вось толькi нядаўна аб’язджаў нашых «базавiкоў» — быў у Брэсце, Баранавiчах, Кобрыне, Гродне, Шчучыне, Высокiм, — расказвае Барыс Бранiслававiч. — Там нашы навучэнцы зараз праходзяць практыку. Паглядзеў, як яны ўладкавалiся, як iх прынялi. З кiраўнiкамi беларускiх прадпрыемстваў мы даўно працуем на дагаворнай аснове, ведаем iх патрэбы ў кадрах на кожны наступны год. Таму i з размеркаваннем практычна нiякiх праблем не ўзнiкае — нашых выпускнiкоў усюды бяруць з ахвотай. На сёння мы ўжо нават не «закрываем» патрэбы малочнай перапрацоўчай прамысловасцi па асобных спецыяльнасцях. Для адмiнiстрацыi каледжа размеркаванне — гэта не столькi дадатковы клопат, колькi падстава для радасцi: дзецi (так тут называюць навучэнцаў) атрымлiваюць не толькi гарантаванае працоўнае месца, але i нармальныя грошы, i жыллё. — Вось у нас на сцяне вiсiць плакат: «Iнтэрнат — твой дом». Я i хачу, каб сюды — на працу цi на вучобу — кожны iшоў як да сябе дадому i адчуваў сябе тут утульна. Каб у выкладчыкаў была прыстойная зарплата, а дзецi атрымлiвалi трывалыя веды. Планаў у Блахiна «громадье». Але рэалiзоўвае ён iх не iмгненна, а паступова i планамерна: рамонт кабiнетаў, пераабсталяванне лабараторый, будаўнiцтва пляцоўкi для мiнi-футбола, адкрыццё маладзёжнага кафэ i г.д. Адзiн зiмовы сад чаго варты... А зрабiлi яго лiтаральна з нiчога, на «голым месцы». Кветкi i iншыя раслiны прыносiлi з дому i выкладчыкi, i навучэнцы. Наперабой прапаноўвалi арыгiнальныя iдэi для афармлення iнтэр’ера. Самi, сваiмi рукамi высадзiлi больш за 200 вiдаў раслiн, перацягалi i перакапалi горы зямлi, сплялi габелены з лазы, выслалi мохам падлогу, зрабiлi фантанчык i невялiкую саджалку. — Калi ўсё гэта перавесцi на грошы, атрымаецца мiнiмум 100 мiльёнаў, — гаворыць намеснiк дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Ала Матусевiч. — А нам наш сад абышоўся, лiчы, дарам — толькi абласное ўпраўленне адукацыi выдзелiла 5 мiльёнаў на набыццё экзатычных раслiн. Астатняе — справа рук нашых дзяцей, нашых выкладчыкаў i майстроў. «Мы — самi» — адно з непахiсных правiлаў гэтай устано- вы, незалежна ад таго, усiм яно падабаецца цi не. Усё, што можна зрабiць сваiмi сiламi (а значыць, без прыцягнення дадатковых сродкаў), так i робiцца. ...Ала Мiкалаеўна запрашае нас з фотакарэспандэнтам на своеасаблiвую экс-курсiю па вучэбных кабiнетах каледжа. Разглядваючы «хiтраспляценнi» разнастайных шкляных трубачак, колбачак i ўвогуле незразумелых ёмiстасцяў, цiкавiмся: а цi можа навучэнец каледжа ўзбiць масла ў хатнiх умовах? Цi зварыць сыр? Словам, прымянiць на практыцы тэарэтычныя веды? — Запраста! — адказвае Ала Мiкалаеўна. — У нас нават ёсць такi ўрок, калi ва ўмовах лабараторыi навучэнцы павiнны зварыць адыгейскi сыр цi ўзбiць вяршкi на ручным сепаратары, каб атрымалася масла. Атрымлiваецца вельмi смачна, смачней, чым у магазiне». (Дарэчы, гэтым сырам частавалi нават мiнiстра адукацыi, калi ён наведваў каледж падчас выязной калегii.) А сакрэт той акалiчнасцi, што выпускнiкоў нашай навучальнай установы, як кажуць, з рукамi адрываюць, вельмi просты: яны ведаюць не толькi тэорыю, а i непасрэдна вытворчасць. Калi мы рыхтуем повараў, яны праходзяць практыку ў нашым жа кафэ, непасрэдна на працоўных месцах. Для тых, хто збiраецца працаваць на масларобных i сыраробных прадпрыемствах, поўнасцю абсталяваны дзве лабараторыi — там увесь працэс прадстаўлены ў натуральным выглядзе. Для кандытараў ёсць свой кандытарскi цэх, для пекараў — зноў жа свой невялiкi цэх па выпяканню хлебабулачных вырабаў. (Нас, дарэчы, таксама пачаставалi свежым — толькi з печкi — iржаным хлебам. Смаката! — Н.К.) Сувязi з базавымi прадпрыемствамi ў каледжа наладжаны настолькi трывала, што сёння ААТ «Слуцкi сыраробны камбiнат» — адно з буйнейшых перапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублiкi — без пытанняў прадастаўляе навучэнцам каледжа магчымасць праходзiць практыку ва ўсiх цэхах. Вытворчасць на камбiнаце поўнасцю аўтаматызавана i камп’ютарызавана. Таму i навучэнцам каледжа без ведання камп’ютара — нiкуды. На базе навучальнай установы ўжо створана два камп’ютарныя супер-класы, трэцi — у праекце. А навучэнцы Сяргей Жыхарка, Iван Нарановiч i Дзмiтрый Жогаль занялi сёлета першае i другое месцы ў розных намiнацыях абласнога конкурсу па практычнаму выкарыстанню персанальных камп’ютараў (сярод устаноў прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi). — Вы пытаецеся, навошта хлебапёку камп’ютар?.. Ды сёння на буйных заводах увесь працэс выпякання — пачынаючы ад разлiку колькасцi кампанентаў i заканчваючы замесам i выхадам прадукцыi — рэгулюецца аўтаматыкай i занесены ў камп’ютары. Калi аператар памылiцца хоць бы на грам, працэс дасць збой, — тлумачыць Ала Матусевiч. Увогуле, складваецца ўражанне, што каледж працуе як адзiн вельмi зладжаны механiзм, у якiм кожная «дэталь» ведае сваё месца. За мiнулы год даходы пазабюджэтнай дзейнасцi склалi тут амаль 913 мiльёнаў рублёў, або 35 працэнтаў ад бюджэтнага фiнансавання гэтай установы. Самымi «важкiмi» з’яўляюцца даходы ад вытворчай практыкi навучэнцаў на прадпрыемствах рэспублiкi (больш за 335 млн рублёў), далей iдзе прыбытак ад работы сталовай, ад дзейнасцi вучэбных майстэрань (тут вырабляюць пад заказ i на продаж розныя iнструменты i iнвентар), ад аказання платных адукацыйных паслуг насельнiцтву (у плане пераквалiфiкацыi) i iншыя. ...Сваiх навучэнцаў дырэктар каледжа называе дарослымi дзецьмi i ставiцца да iх па-добраму патрабавальна. Або... з патрабавальнай дабрынёй. Як, уласна кажучы, i да ўсяго педагагiчнага калектыву. Гаворыць, што нiколi не карыстаецца дэпутацкiм пасведчаннем i статусам, каб «выбiць» для «свайго» каледжа нейкiя спецыяльныя прывiлеi. I ўвогуле не аддзяляе праблем адной асобна ўзятай навучальнай установы ад праблем вобласцi i краiны ў цэлым. Дарэчы, не магла не спытаць у Барыса Бранiслававiча, як ужываюцца пад адным дахам два дэпутаты (жонка Наталля Вiктараўна Блахiна — член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу)? Адказаў, што нiякага «цiску» з боку сваёй «палавiны» не адчувае — наадварот, агульныя iнтарэсы зблiжаюць, прымушаюць знаходзiць кампрамiс i дапамагаць адно аднаму. Напрыканцы размовы пацiкавiлася ў Блахіна ўзнагародамi, якiмi была адзначана навучальная ўстанова за гады свайго iснавання. Папрасiла назваць «самыя-самыя»... — Калi я быў у Гродне, наведаў там фабрыку па вытворчасцi марожанага. З 44 работнiкаў палова — нашы выпускнiкi. Не паспеў агледзецца, падышла тэхнолаг: а я ў вас вучылася!... Яна i сёння памятае. Цi узяць, да прыкладу, дырэктара прадпрыемства ААТ «Гроднамалкамбiнат» Iосiфа Шышко. У яго да гэтага часу ляжаць на стале нашы канспекты, i ён iмi карыстаецца... Ведаеце, наша ўстанова шэсцьдзесят гадоў свайго iснавання атрымлiвала розныя ўзнагароды. Але такiя я лiчу самымi дарагiмi. г. Слуцк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кажуць, слава — i добрая, i дрэнная — заўсёды бяжыць паперадзе чалавека. Пра Барыса Блахiна, дырэктара Слуцкага прафесiйна- тэхнiчнага каледжа пер |
|