Няшчасныя выпадкi па... арганiзацыйных прычынах
Барыс ПРАКОПЧЫК
ПАРАДАК У ДОМЕ Паводле iнфармацыi дзяржаўнага iнспектара працы Гродзенскай вобласцi Мiкалая Ленкi, апошнiм часам да праблем, звязаных з умовамi i аховай працы, ушчыльную падышлi не толькi раённыя органы ўлады, але i сельскiя, пасялковыя Саветы. У вобласцi праводзiцца шмат сесiй i пасяджэнняў па шырокаму спектру гэтых пытанняў, якiя датычацца i пажарнай, i дарожнай бяспекi, умоў i гiгiены працы, вытворчага траўматызму... Аднак цi заўсёды не толькi канстатуюцца недахопы, але i ствараецца сiстэма, якая б забяспечвала парадак на рабочых месцах, каб людзi жывымi i здаровымi вярталiся дахаты?Гэта пытанне абмеркавалi ў Ваўкавыску ўдзельнiкi каардынацыйнага савета органаў дзяржаўнага нагляду i кантролю i грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы i ахове працы пры Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны. З удзелам кiраўнiкоў мясцовых органаў улады i шэрагу прадпрыемстваў, прафсаюзаў, прадстаўнiкоў мiнiстэрстваў i ведамстваў былi разгледжаны меры па прадухiленню вытворчага траўматызму ў Ваўкавыскiм i Навагрудскiм раёнах. Дзе рвецца «ланцужок»? У вынiку няшчасных выпадкаў на вытворчасцi на прадпрыемствах i ў арганiзацыях Ваўкавыскага раёна летась пацярпелi 29 работнiкаў, у тым лiку 6 чалавек загiнулi i 3 — атрымалi цяжкiя траўмы. Затраты ў сувязi з гэтымi здарэннямi i прафесiйнымi захворваннямi склалi па раёну 175,8 мiльёна рублёў. Зрэшты, якiмi грашыма вымяраецца гора ў сем’ях? Асаблiва жудасным па траўматызму з цяжкiмi наступствамi мiнулы год стаў для Ваўкавыскай дыстанцыi пуцi Баранавiцкага аддзялення Беларускай чыгункi. У пачатку студзеня пацярпелы самавольна ўстанавiў партальны кран на рэйкi з мэтай перавозкi свiдравальнага станка да месца работы, але яму не ўдалося размiнуцца з манеўровым цеплавозам — у вынiку наезд, смерць. Праз два месяцы, у сакавiку, з-за парушэння патрабаванняў бяспекi пры выкананнi манеўровых работ на чыгуначных пуцях загiнулi два манцёры. Гэтай трагедыi папярэднiчаў яшчэ адзiн няшчасны выпадак з цяжкiм зыходам, якi, дарэчы, быў аформлены як невытворчы — пацярпелы самавольна пакiнуў рабочае месца, ужываў спiртное. Трактарыст СВК «Невяровiчы» выехаў на лiнiю з няспраўнасцямi тармазной сiстэмы, рулявога кiравання, хадавой часткi i ў вынiку дарожна-транспартнага здарэння загiнуў чалавек. Жыццё электраманцёра СВК «Агра-Лозы» спынiлася з-за невыканання адказным за электрагаспадарку тэхнiчных мерапрыемстваў па бяспецы работ. Такiм чынам, толькi адзiн з шасцi смяротных выпадкаў (калi ў вынiку апоўзню ў мелавым кар’еры загiнуў вадзiцель «Краснасельскаўтатранса») адбыўся не па арганiзацыйных прычынах. Усе астатнiя трагедыi так цi iнакш былi справакаваныя чалавечым фактарам. У Навагрудскiм раёне ў 22 выпадках траўмавання на вытворчасцi 6 чалавек загiнулi i 7 атрымалi цяжкiя траўмы. З-за парушэння тэхналогii апрацоўкi дэталi загiнуў шлiфоўшчык завода газавай апаратуры. Эксплуатацыя тэхнiчна няспраўнага абсталявання стала прычынай гiбелi вадзiцеля ДЭУ-56 i бетоншчыка ААТ «Навагрудскае БМУ». Работнiк МПМК-156 атрымаў цяжкую траўму, выкарыстоўваючы самаробныя будаўнiчыя рыштаваннi. Прафесiйнай падрыхтоўкi як муляр ён не праходзiў i стажу работы па гэтай спецыяльнасцi не меў... — Удзельнiкi пасяджэння каардынацыйнага савета прыйшлi да высновы, што патрабаваннi прэзiдэнцкай Дырэктывы «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекi i дысцыплiны» дайшлi толькi да ўзроўню кiраўнiкоў галоўнага звяна, — гаворыць Мiкалай Ленка. — А вось на ўзроўнi сярэдняга звяна — майстроў, загадчыкаў участкаў, гаражоў, машынных двароў, якiя непасрэдна сутыкаюцца з выканаўцамi работ, гэты «ланцужок» працуе слаба. Як вынiк — шматлiкiя парушэннi, у тым лiку i з трагiчнымi наступствамi. Хоць кантралёраў шмат... На Гродзеншчыне сёння налiчваецца амаль тысяча спецыялiстаў па ахове працы ды яшчэ каля 7400 грамадскiх iнспектараў. Вялiзная армiя! Аднак чаму ж выяўляецца маса парушэнняў? У многiх спецыялiстаў, лiчыць Мiкалай Ленка, крайне недастатковая прафесiйная падрыхтоўка. А што датычыцца грамадскага кантролю... Да прыкладу, у ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» па кожнаму факту парушэння iнструкцыi па ахове працы грамадскi iнспектар, майстар i яшчэ адзiн член камiсii складаюць акт, якi захоўваецца ў асабiстай справе — два—тры разы чалавек заўважаны ў парушэннях, i яму пагражае звальненне. Што i садзейнiчае ўмацаванню дысцыплiны. Але асноўная частка грамадскiх iнспектараў (якiя павiнны прыняць адпаведныя меры рэагавання, калi ўбачылi парушэннi з боку сваiх калег па рабоце) больш значыцца на паперы, чым працуе. — Раней найбольш праблем па ахове працы было ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, — адзначае Мiкалай Ленка. — Аднак у вобласцi праведзена каласальная работа ў гэтым накiрунку (у прыватнасцi, усе суб’екты гаспадарання ўкамплектаваныя спецыялiстамi па ахове працы, у некаторых — па некалькi чалавек) i сiтуацыя палепшылася. Цяпер самая праблемная галiна — прамысловасць, затым — будаўнiцтва. Шмат парушэнняў i ў недзяржаўным сектары эканомiкi, дзе нямала кiраўнiкоў, для якiх вытворчасць — на першым плане, а ахова працы — на другiм. Людзей не навучаюць, не забяспечваюць сродкамi iндывiдуальнай аховы, неабходнай тэхнiчнай i тэхналагiчнай дакументацыяй. На пасяджэннi каардынацыйнага савета пастаўлена задача абсталяваць на кожным прадпрыемстве, у кожнай арганiзацыi сучасныя кабiнеты па ахове працы, каб праз iх праводзiць усю тлумачальную i выхаваўчую работу па гэтай праблематыцы. I яшчэ адно прынцыповае пытанне, якое заслугоўвае ўвагi не толькi канкрэтных прадпрыемстваў i арганiзацый, але i мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў улады, якiя адказваюць за кiраванне аховай працы на сваiх тэрыторыях. Пакуль на Гродзеншчыне нiдзе не сертыфiкаваны сiстэмы кiравання аховай працы ў адпаведнасцi з нацыянальнымi стандартамi СТБ 18001-2005 i СТБ 18002-2005, якiя забяспечваюць выяўленне вытворчых небяспек i ацэнку рызык траўмавання работнiкаў, распрацоўку i рэалiзацыю эфектыўных мераў па iх знiжэнню. На думку Мiкалая Ленкi, гэта дазволiла б падняць узровень адказнасцi не толькi кiраўнiкоў i галоўных спецыялiстаў, але i непасрэдных выканаўцаў работ, кадраў сярэдняга звяна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле iнфармацыi дзяржаўнага iнспектара працы Гродзенскай вобласцi Мiкалая Ленкi, апошнiм часам да праблем, звязаных з умовамi i аховай працы, ушчыл
|
|