ДОБРЫЯ ЛЮДЗI
Адам ГЛОБУС
Нататкі мастака IДАЛ I СУДIдучы з жанчынаю, я знайшоў на дарозе вялiкую купюру. Праз некалькi крокаў я падняў яшчэ адну такую ж банкноту, i яшчэ нахiлiўся, i яшчэ пабагацеў... «Такое ўражанне, што нехта бяжыць паперадзе цябе i раскiдае грошы, каб ты толькi падбiраў. У мяне заўсёды была думка, што для адных людзей нехта раскiдае грошы на шляху, а другiм трэба працаваць i зарабляць дробныя капейкi. Ты не ведаеш, хто табе грошы кiдае на дарозе?» — «Проста я не лянуюся i не саромеюся нахiляцца i падбiраць капейку. Калi ты не будзеш ленавацца, i ў цябе з’явяцца грошы!» — «Не, не ўсё так проста. У гэтым ёсць нейкая таямнiца. Не хочаш мне расказваць, не расказвай, але нехта бяжыць паперадзе i раскiдае грошы, бяжыць i раскiдае!» Глупства, канешне, але я амаль паверыў у тое, што нейкая сiла сапраўды хоча, каб я так лёгка багацеў. Аднаго разу мне патэлефанаваў даўнi прыяцель — Iгар Цiшын, якi ехаў з Брусэля ў Гомель. Мы даўно не бачылiся i вырашылi папiць гарбаты i з’есцi па яблычнаму штрудзелю. Захацелася пасядзець i паўспамiнаць пра нашую маладосць, калi мы разам працавалi ў рэстаўрацыйных майстэрнях. «А чаго ты, Iгар, з майстэрняў сышоў?» — «Зразумеў, што не зусiм маё. Што болей не веру нашаму настаўнiку — Алегу Хадыку. А калi ты не верыш настаўнiку, цяжка з iм працаваць...» — «I ўсё?» — «Не зусiм... Ты ж памятаеш, што там было? Вось i з табою яны абышлiся не лепшым чынам...» — «Са мною? Я сам сышоў. Зразумеў, убачыў, адчуў, што больш не хачу хадзiць на работу ў сабор...» — «Во, якраз пра касцёл самае смешнае. Калi ты сышоў, нашы рэстаўратары сабралiся i пачалi абмяркоўваць, як адзначыць твой сыход. I яны прыдумалi: зрабiць твайго маленькага iдала, паставiць яго ў сутарэннях, каб падалей ад чужых вачэй, i прыносiць яму ахвяры. Як толькi ў цябе з’явiцца намер зрабiць нейкае зло, трэба кiдаць твайму iдалу капеечку, каб ён супакоiў цябе...» Аказваецца, вось хто ходзiць паперадзе мяне i раскiдвае грошы! Гэта iдал, мой iдал, iдал Адама Глобуса. Зрабiўшы такое адкрыццё, я не мог не падзялiцца iм з той жанчынаю, з той Iраю, што пыталася ў мяне пра iстоту, якая раскiдае грошы на маiх дарогах. «Адкуль рэстаўратары ведалi, што твайго iдала трэба ўлагоджваць грашыма, а не пароць iголкамi? Звычайна падобных iдалаў поруць iголкамi i паляць у агнi, а тутака яму грошы насыпаюць...» Iра вырашыла раскапаць глыбей гiсторыю стварэння грошалюбiвага iдала... «Быў у мяне канфлiкт з рэстаўрацыйнымi майстэрнямi. Я толькi першы месяц у iх папрацаваў, i адразу ж узнiк грашовы канфлiкт. Бухгалтарка, налiчваючы мне заробак, памылiлася i дала мне на сто семдзесят чатыры рублi больш. А сто семдзесят чатыры рублi — стыпендыя студэнта за семестр, вялiкiя грошы. Я, вядома, узрадаваўся важкаму заробку. У мяне i думкi не ўзнiкла пра нейкую там памылку. Праз тыдзень тая бухгалтарка спахапiлася, пачала мяне прасiць, каб вярнуў рублi. А яшчэ варта сказаць, што рэстаўрацыйныя майстэрнi былi ў той час вельмi рафiнаванай установай, такой звышiнтэлiгентнай i звышiнтэлектуальнай. Таму мая адмова вяртаць грошы прагучала як стрэл. «Як не вяртае?» — « Чаму не вяртае?» — « Хто ён такi, каб не вяртаць?» — «Вы казалi пра суд?» — «Казалi?» — «А ён што?» — «Кажа «падавайце»?» — «Мы падамо на яго ў суд!!!» I яны падалi на мяне ў суд. Паштарка прынесла позву i я распiсаўся ў атрыманнi. Па дарозе ў суд я зайшоў у цырульню i пастрыгся «пад нуль». Iду ў суд i ўяўляю: залу, суддзяў у чорных мантыях i чорных шапачках, пракурора ў шэрым гарнiтуры i адваката ў белым пiнжаку, бухгалтарку з чырвонымi вуснамi, публiку... Каля суда таўклiся прыцiшаныя людзi, нейкiя хулiганы з хулiганкамi, мамкi iхнiя з таткамi. Во, думаю, публiка яшчэ тая, адпаведная маёй абнуляванай галаве. Знаходжу я нумар дзвярэй, пазначаны на позве, грукаю i заходжу. А там... Замест вялiзнай залы там — маленечкi кабiнет з адным сталом. За тым сталом сядзiць жанчына i ўсмiхаецца. Такая прыязная жанчына, падобная да маёй мамы, бiблiятэкаркi. Глянула тая жанчына ў нейкую папку i пытаецца... «У цябе тата ёсць?» — «Ёсць. У мяне i тата ёсць, i мама ёсць». — «Тата з мамаю працуюць?» — «Працуюць!» — «А ты вучышся?» — «Вучуся i працую!» — «Давай зробiм так: ты пойдзеш да таты i папросiш сто семдзесят чатыры рублi. Тата дасць табе сто семдзесят чатыры рублi, ты пойдзеш на пошту i пакладзеш iх вось на гэты рахунак... Табе дадуць квiтанцыю. З гэтай квiтанцыяй ты прыйдзеш да мяне, аддасi яе, i мы забудземся пра ўсю гэтую малапрыемную гiсторыю...» Я паслухаў жанчыну. Пайшоў да мамы, узяў у яе грошы i аднёс квiтанцыю ў суд. Цяпер можна зразумець, якая ў мяне склалася рэпутацыя сярод рэстаўратараў. Дзякуючы бухгалтарскай памылцы, рэстаўратары i прыдумалi майго грошалюбiвага iдала. Ён спраўна працуе, бяжыць паперадзе мяне i раскiдае грошы. Адно непакоiць... Няўжо iдал раскiдае грошы толькi ў той момант, калi ты рыхтуешся зрабiць зло?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iдучы з жанчынаю, я знайшоў на дарозе вялiкую купюру. Праз некалькi крокаў я падняў яшчэ адну такую ж банкноту, i яшчэ нахiлiўся, i яшчэ пабагацеў... |
|