Беларусам не да п’янкi ў краiне янкi
Аляксандр СЯНЮЦЬ
Вецер вандраванняў Калi я быў студэнтам трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, сябар прапанаваў прыняць удзел у студэнцкай праграме «Wоrk аnd trаvеl», якая давала магчымасць працаваць i падарожнiчаць у Злучаных Штатах Амерыкi. Пасля доўгiх роздумаў, парад з бацькамi i знаёмымi, атрыманай iнфармацыi ад людзей, якiя ўжо не адзiн раз на сваёй «скуры» адчулi ўсе плюсы i мiнусы ад паездкi за мяжу, я вырашыў стаць удзельнiкам праграмы.ШЛЯХ АД БЕЛАРУСI ДА АМЕРЫКI Не хачу казаць, што ў той час я поўнасцю асэнсавана i адказна разумеў, што чакае мяне наперадзе, але жаданне атрымаць адрэналiн ад наведвання дагэтуль такой далёкай, невядомай, таямнiчай i ад гэтага яшчэ больш прывабнай Амерыкi, убачыць сваiмi вачыма дзiвоцтвы i незвычайнасцi пераважалi i прытуплялi здаровы сэнс. Ва ўмовы праграмы ўваходзiлi наступныя крытэрыi: неабходна было быць студэнтам вышэйшай навучальнай установы дзённай формы навучання i пацвердзiць гэта дакументальна ў форме прадастаўлення залiкоўкi i студэнцкага бiлета, а таксама ўнесцi паўтары тысячы долараў (якiя iшлi на набыццё авiябiлета, афармленне медыцынскай страхоўкi, выраб студэнцкага бiлета мiжнароднага ўзору, выдаткi на афармленне дакументаў для пасольства). Плюс прад’явiць даведку аб даходах бацькоў, мець выдатныя адзнакi не менш чым за дзве апошнiя сесii, а таксама працоўную дамову, заключаную з наймальнiкам з ЗША, якую можна было адшукаць самастойна ў Iнтэрнэце. Але, як аказалася, самому зрабiць гэта было даволi складана — давялося звярнуцца па дапамогу ў фiрму, якая спецыялiзуецца на вырашэннi такiх пытанняў, i гэтая паслуга каштавала яшчэ дадаткова сто долараў. Як толькi ўсе дакументы былi аформлены, засталося самае складанае — гутарка з консулам у амерыканскiм пасольстве. Чаму самае складанае? Два гады таму з дзесяцi прэтэндэнтаў на атрыманне дазволу працаваць у ЗША толькi двум-тром чалавекам ставiлася амерыканская вiза. Гэта звязана з тым, што вялiкая колькасць беларускiх юнакоў i дзяўчат пасля заканчэння тэрмiну дзеяння вiзы, заставалася працаваць у Амерыцы нелегальна. Перад тым як атрымаць аўдыенцыю з консулам, ля пасольства давялося «аддзяжурыць» некалькi гадзiн у вялiкай чарзе, каб у рэшце рэшт атрымаць свой асабiсты нумар, якi даваў дазвол «узысцi» на кавалачак суверэннай тэрыторыi «нашчадкаў дзядзькi Сэма». Нiколi не забудуся на тую атмасферу, якая панавала сярод прэтэндэнтаў на атрыманне вiзы: адзiн стаiць напружаны ў чаканнi гадзiны «Ч» — калi яго паклiчуць зайсцi ў будынак, другi пытае парады, як «правiльна» адказваць на пытаннi консула, трэцi гартае ангельскi слоўнiк, шукаючы нейкае забытае ад страху слова, якое ён яшчэ ўчора паўтарыў бы нават, калi разбудзiць сярод ночы, чацвёрты шэпча сам-насам малiтву. I вось прыйшла наша з сябрам чарга. Мы зайшлi ў складзе пяцёркi прэтэндэнтаў у будынак пасольства, i ахоўнiк прапанаваў на ўваходзе пакiнуць усе рэчы i мабiльныя тэлефоны. У гэты дзень разглядаў дакументы толькi адзiн консул — жанчына, якая па аднаму чалавеку клiкала да бранiраванага акенца, праз якое i вяла размову з дапамогай прымацаванага мiкрафона. Хацелася б з уласнага вопыту даць параду чытачам, якiя вырашылi паехаць за мяжу: на гутарцы з консулам пажадана ўсмiхацца i не выдаваць усе свае ўнутраныя хваляваннi i перажываннi. Консул — выдатны псiхолаг i калi заўважыць вашы сумненнi — абавязкова атрымаеце адмову. Атрымаўшы «дазвол», мы з сябрам не маглi дачакацца дня, калi ўздымемся над Атлантыкай i, перасякаючы акiян, адчуем сябе сапраўднымi «беларускiмi калумбамi». Вас калi-небудзь аблiвалi ледзяною вадою, калi вы спiце?.. Вы iшлi, не абапiраючыся нi на што, па танюсенькай жэрдачцы над безданню?.. Вас закручвала ў вiры, дзе самастойна нiчога не можаце зрабiць?.. Прыкладна такiя адчуваннi я «злавiў», калi наш самалёт пачаў набiраць вышыню. Да горада «велiчных хмарачосаў» мы ляцелi 11 гадзiн, i за гэты час нас паспелi два разы пакармiць «смачнай» самалётнай стравай. У перапынку памiж «кармёжкай» было прапанавана пiва, вiно чырвонае цi белае — на выбар. Ну, нашы хлопцы, якiх было шмат у самалёце, ад «халявы» так «наклюкалiся», што не памяталi, як прайшоў палёт. Прызямлiлiся мы ў аэрапорце Кенэдзi познiм вечарам. «Янкi» нас сустрэлi i размясцiлi ў блiжэйшым студэнцкiм iнтэрнаце. У першы ж вечар разам з новымi сябрамi, з якiмi мы пазнаёмiлiся ў зале чакання, накiравалiся на пошук новых прыгод. Пасля прагулкi па самай знакамiтай плошчы Нью-Йорка Timе Squаrе засталося столькi ўражанняў, што iх хапiла для размовы на ўсю рэшту ночы... ПРАЦОЎНЫЯ БУДНI У новым месцы, дзе нiкога i нiчога не ведаеш i мову разумееш з дзесяцi слоў адно, самому знайсцi працу зусiм не проста: калi ў штатах давядзецца ўладкоўвацца, не губляйце часу, не заходзьце ў маленькiя арганiзацыi, фiрмы — адразу ж накiроўвайцеся ў буйныя рэстараны, гатэлi, выратавальныя станцыi, дзе вам з вашай слабенькай ангельскай прапануюць мыць посуд, гатаваць ежу, працаваць афiцыянтам, прыбiраць пакоi пастаяльцаў — гэта ў лепшым выпадку. Але можа здарыцца i такое, што са «шчырай» усмешкай вам прапануюць запоўнiць рэзюмэ i скажуць, што вам абавязкова патэлефануюць, як толькi з’явiцца вакансiя — не трэба абнадзейвацца, гэта можа быць толькi праяўленне амерыканскай ветлiвасцi. Стандартны працоўны тыдзень «амерыкосаў» 40 гадзiн, аплата — пагадзiнная. У сярэднiм яна складае 7,5—10 «зялёных» за гадзiну, калi працуеш оvеrtimе (звыш нормы) — 41 гадзiну, а таксама ў суботу аплата павялiчваецца ў паўтара раза. За апошнi дзень тыдня ваша праца «каштуе» ў два разы даражэй. Разлiк праводзiцца ў канцы кожнага тыдня пераводам грошай на картку. На рукi выдаецца чэк, у якiм указана, колькi гадзiн адпрацаваў рабочы, яго асабiсты нумар i колькi яму налiчана. За якаснае i хуткае выкананне абавязкаў вам абавязкова праз некаторы час павысяць пачатковую стаўку. Сёй-той можа памылкова палiчыць, што за мяжой адразу становiшся «багаценькiм бурацiнам». Але ж не забывайце, што i там плацяцца немалыя падаткi, зняць пакой каштуе не менш за 50 «зялёных рублёў» у тыдзень з асобы, плюс не таннае харчаванне — з заробленых соцень фактычна застаецца не так i шмат. Калi адчуваеце, што для задавальнення ўсiх патрэб адной працы мала, можна прыйсцi ў блiжэйшы бар цi кафэ i прапанаваць сябе на атрыманне яшчэ адной работы. Будзе свабодная вакансiя — наймальнiк падбярэ зручны час, якi не будзе перашкаджаць вашай асноўнай рабоце. Адметным для будняў амерыканцаў з’яўляецца тое, што, пачынаючы з самага галоўнага звяна ўпраўлення — менеджара i заканчваючы простым рабочым, нiхто не «адлыньвае». Просты прыклад — менеджар у белай сарочцы з гальштукам, не саромячыся, бярэ венiк i шуфлiк i падмятае падлогу, калi ўбачыць, што яна не надта чыстая. Адпрацаваныя гадзiны не трэба самому лiчыць — кожнаму рабочаму выдаецца асабiсты нумар, якi ён уводзiць, калi прыходзiць на працу, на спецыяльным апараце. Даныя з апарата не даюць збой — гэта дакладна. З грашыма нiхто не абдурвае... ТАВАРАЎ ТУТ БАГАТА — ДЫ «КАПУСТЫ» МАЛАВАТА Як толькi з’явiцца пара лiшнiх «цiцiняў», мне чамусьцi адразу хочацца iх на што-небудзь патрацiць. А вам? ЗША — экзатычны мегамаркет, у якiм нават самы спакушаны пакупнiк знойдзе ўсё неабходнае. Але колькi гэта каштуе?.. Пачнём па нарастаючай: аднаразовы праезд у аўтобусе i кубак кавы — 1 долар, паесцi ў сярэднiм рэстаране — 15—30, мужчынская сарочка i джынсы — 20—60, лiчбавая вiдэакамера — 200 i вышэй, аўтамабiль — у сярэднiм ад 2000 i да соцень тысяч, двухпавярховы дом — у сярэднiм 40 тысяч... Калi не есцi i не пiць, можна крышку адлажыць. УСЁ ЦЯЧЭ... Чалавек, якi большую частку часу праводзiць на працы, без адпачынку можа стаць натуральным робатам. Тое ж магло здарыцца i з намi, калi б мы былi заклапочаны толькi заробкам грошай. Але маладосць на тое i маладосць, каб падарожнiчаць, весела бавiць час, сустракаць цiкавых людзей iншай культуры, расы, мовы, колеру скуры, набiрацца новых уражанняў, знаёмiць са сваёй культурай людзей, якiя не чулi пра iснаванне Беларусi — а такiх, паверце, нямала... Як можна правесцi вольны час у Амерыцы? Для маладых людзей, якiм няма 21 года, усе бары, дыскатэкi, начныя клубы — месцы, дзе прадаюцца спiртныя напоi, — закрытыя. Але дзе «нашыя» прападалi? Самыя кемлiвыя падраблялi свае ID (пасведчаннi) i з сур’ёзным тварам праходзiлi «каўбояў-вартаўнiкоў». Аматарам выпiць гарэлкi раю забыцца пра гэта на час падарожжа па ЗША цi ўвогуле «завязаць», бо калi заўважыць амерыканскi «коп», што ўжываеце алкаголь у нявызначаным для гэтага месцы, могуць забраць у турму, адкуль вас выпусцяць толькi пасля ўнясення закладу ў даволi «вясёленькую» суму.. 21 год патрэбен таксама i для таго, каб правозiць у машыне алкаголь. А калi няма — чытайце вышэй. Дзе яшчэ можна адпачыць? На беразе акiяна, дзе турыстычная iнфраструктура развiта разоў у пяць лепш за нашу. Але i за мяжой не пакiдаюць успамiны аб прыгажосцi роднага краю, яго выключнага хараства... Амерыканскiя горкi, мiнi-Дысней-лэнды, шоў кожны дзень i вечар — усё гэта ў распараджэннi турыстаў — але, канешне, не за «дзякуй». Мой адпачынак вылiваўся ў падарожжы... Трохразовае зведванне «фiнансавай сталiцы свету» Нью-Йорка пакiнула пасля сябе велiчнае адчуванне лунаючых у небе хмарачосаў, якiх тут, як грыбоў пасля цёплага дажджу ў бярозавым гаi. «Рускi квартал» на Брайтане са сваiмi пельменнымi, шашлычнымi, магазiнам з рускiмi людзьмi, мовай, стравамi, нагадвае маленькi кавалачак вялiкай Расii. Жыццё i час, якiя ляцяць iмгненна ў «горадзе 11 верасня», цяжка ўспрыняць чалавеку, якi прыязджае туды ўпершыню. Раю зведаць Нiягарскi вадаспад, ад аглушальнага, безупыннага, вечна жывога шуму якога можа закласцi вушы. Але, калi глядзiш з вышынi на шматтонную масу вады, якая падае i разбiваецца аб сябе ж самую, мiжволi згадваюцца вечныя словы «ўсё цячэ...» Днём можна пакатацца па Нiягары на мiнi-параходзе — i вадаспад акажацца якраз над вамi. Ноч у гатэлi каля самага знакамiтага ў свеце вадаспаду каштуе прыкладна 200 долараў за пакой. Але калi бачыш гэтую велiчную крынiцу прыроды, думкi пра матэрыяльнае адыходзяць на другi план. Падабаецца? Цiкава? У добры шлях... БРАТ ТЫ МНЕ ЦI НЕ БРАТ? Гавораць, што сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе. А мне здаецца, што не толькi сябры, але i добрыя людзi... Ёсць яны i ў Беларусi, i ў Афрыцы, i ў ЗША — ды, напэўна, у кожнай краiне... У большасцi сваёй амерыканцы — народ добразычлiвы, яны з разуменнем i павагай ставяцца да iншаземцаў. Просты прыклад: аднойчы мы з сябрам шукалi працу ў незнаёмым месцы i не заўважылi, як заблудзiлiся. Пачынаў накрапваць дождж... Мы ў разгубленасцi падышлi да першай сустрэчнай жанчыны, якая спяшалася дамоў, i на ламаным «iнглiш» растлумачылi ёй сiтуацыю. На гэта «ледзi» адказала, каб мы iшлi ў бок прыпынку, адкуль нас забярэ аўтобус, якi яна выклiча, як толькi прыйдзе дадому. I напрыканцы сказала: «Прабачце, што зараз у Амерыцы дождж i вам даводзiцца мокнуць!..» Мы з сябрам толькi ўсмiхнулiся, але ўсё ж пасунулiся да прыпынку. А праз хвiлiн 10 пад’ехаў пусцёхенькi аўтобус. Вадзiцель даставiў нас дадому абсалютна за «дзякуй». Вось i павер пасля гэтага, што ўсе амерыканцы — «кашалькi, набiтыя грашыма». На працы вам заўсёды даходлiва растлумачаць вашы абавязкi, калi што не зразумееце, перапытвайцеся — нiхто «не пашле». Калi не ведаеце якога-небудзь слова на «iхняй» мове — растлумачаць на пальцах. Вельмi не раю трапiць у «Гарлем» — квартал у Нью-Йорку. Мiнiмум, што яго там чакае — непрыстойныя словы ў адрас «белага госця». Максiмум... Лепш не ведаць!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi я быў студэнтам трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, сябар прапанаваў прыняць удзел у студэнцкай праграме «Wоrk аnd trаvеl», якая
|
|