Архiў раскрывае новыя старонкi гiсторыi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Нацыянальны архiў Беларусi ў днi святкавання свайго 80-годдзя прэзентаваў пяць новых кнiг. Кожная з iх дазваляе лепш зразумець дзень сённяшнi, якi прыйшоў на змену дню ўчарашняму.
У нашай нават зусiм нядаўняй гiсторыi шмат загадкавага i таямнiчага. I суджэнняў пра яе, нашу гiсторыю, дастаткова супярэчлiвых i процiлеглых. Апошнiя 12 гадоў архiвiсты Беларусi робяць вялiзную працу па развенчванню гiстарычных мiфаў i домыслаў. Яны адкрылi дзверы архiваў для даследчыкаў, супрацоўнiчаюць з калегамi з iншых дзяржаў i ў вялiкай колькасцi ўво-дзяць у навуковае карыстанне раней невядомыя дакументы. З 1995 па 2007 год архiвам выдадзена больш за 100 кнiг, якiя дапамагаюць лепш зразумець, што на самай справе адбывалася ў тыя цi iншыя моманты нашага нядаўняга мiнулага. Дзякуючы супрацоўнiцтву Нацыянальнага архiва з Расiйскiм дзяржаўным ваенным архiвам на свет з’явiўся зборнiк «Напярэдаднi. Заходняя асобая ваенная акруга (канец 1939 г. — 1941 г.). Дакументы i матэрыялы». — Час, якi папярэднiчаў вайне, вывучаны мала, — прадставiў кнiгу намеснiк дырэктара Расiйскага дзяржаўнага ваеннага архiва Вадзiм Варанцоў. — Час гэты не проста цiкавы, ён надзвычай важны, бо тлумачыць тое, што адбылося ў 1941, 1942 i 1943 гадах... Не толькi дакументальнай, але i аналiтычнай атрымалася кнiга «Аўстрыйцы i судэцкiя немцы перад савецкiмi ваеннымi трыбуналамi ў Беларусi. 1945—1950 гг.», выдадзеная на нямецкай i рускай мовах пад рэдакцыяй С. Карнера i В. Селяменева. — Гэта навуковы зборнiк, якi змяшчае 12 артыкулаў аўстрыйскiх i беларускiх гiсторыкаў, — расказаў намеснiк дырэктара Iнстытута iмя Людвiга Больцмана па даследаванню наступстваў войнаў (Аўстрыя) спадар Харальд Кноль. — Упершыню Нацыянальны архiў даў нам магчымасць атрымаць доступ да крымiнальных спраў, якiя праводзiлiся над удзельнiкамi нямецкага вермахта падчас Другой сусветнай вайны, а таксама над судэцкiмi немцамi (нямецкае насельнiцтва, якое пражывала на тэрыторыi сённяшнiх Чэхii i Славакii) i грамадзянскiм насельнiцтвам Аўстрыi ў пасляваенны перыяд. Трэцяя кнiга выдадзена накладам усяго ў 50 экзэмпляраў. Людзям, якiя не працавалi ў архiве, назва яе будзе малазразумелай: «Цэнтральны камiтэт Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi. 1918—1941гг. Фонд 4п. Вопiс 1». Затое гiсторыкi i архiвiсты ўжо назвалi яе бясцэннай. Яшчэ адно выданне прысвечана гiсторыi архiўнай справы на Беларусi. На яе вокладцы так i напiсана: «Наша гiсторыя. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь». 1927—2007 гг.» Пятая кнiга — таксама плён сумеснай працы: дырэктара Нацыянальнага архiва Вячаслава Селяменева i журналiста Вiктара Шымолiна. Яна прысвечана аперацыi па знiшчэнню стаўленiка Гiтлера ў Беларусi, генеральнага камiсара Вiльгельма Кубэ — «Паляванне на ката». — Iдэя кнiгi ўзнiкла з-за разыходжанняў памiж паказаннямi сведкаў гэтай знакамiтай аперацыi, арганiзаванай мiнскiм падполлем, i дакументамi, — расказаў карэспандэнту «Звязды» Вiктар Шымолiн. — У ёй з’яўляюцца новыя ўдзельнiкi, пра якiх раней не было вядома, а таксама, дзякуючы новым дакументам, упершыню даволi дакладна вымаляваўся антураж, у якiм праходзiла аперацыя. Кнiга развейвае многiя тайны, праўда, не ўсе, i домыслы, звязаныя з забойствам Кубэ. Такiм чынам архiў годна адзначае свой юбiлей, i канешне, рыхтуе да выдання новыя кнiгi. — У нас планы працягнуць супрацоўнiцтва з Расiйскiм дзяржаўным ваенным архiвам i падрыхтаваць да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусi з БССР зборнiк дакументаў па гэтай тэме, уключыць сюды дакументы з архiва палiтычнай гiсторыi Расii, з нашага архiва i з ваеннага, — сказаў Вячаслаў Селяменеў. — Мы рыхтуем публiкацыю таксама да юбiлею Якуба Коласа i Янкi Купалы. Архiўная справа патрэбна людзям, грамадству. Праўду, хай яна i горкая, трэба ведаць, каб не паўтараць сумнага вопыту, вучыцца на памылках. Я за тое, каб архiўныя дакументы былi даступныя даследчыкам, i наш архiў усё робiць для гэтага. Сёння на сакрэтным захаваннi засталося менш за адзнага працэнта дакументаў. Гэта значыць, што ў архiў можа прыйсцi любы чалавек i працаваць там.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальны архiў Беларусi ў днi святкавання свайго 80-годдзя прэзентаваў пяць новых кнiг. Кожная з iх дазваляе лепш зразумець дзень сённяшнi, якi пры |
|