21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Каму сустрэнецца загадкавая папараць-кветка, атрымае дар — бачыць усе схаваныя ў зямлi скарбы...»

26.08.2009 08:41 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей РАСОЛЬКА

Рэпартаж з музея Нацыянальнага банка

У гэтым памяшканнi са сценамi больш чым метровай таўшчынi i велiзарнымi бранiраванымi дзвярамi на ўваходзе ў савецкiя часы захоўвалi наяўныя грошы — папяровыя i разменную манету — на ўсю Беларусь. Колькi iх там умяшчалася, большасць з нас, напэўна, нiколi ведаць не будзе, але, мяркуючы па плошчы толькi адной падлогi (103 квадратныя метры), гаворка можа весцiся пра вельмi вялiкiя сумы. Пасля будаўнiцтва новага суперсучаснага сховiшча колiшняя «камора-сейф» была перададзена i прыстасавана пад патрэбы музея Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь. На сёння гэта адзiная ў краiне выставачная зала з падобнай ступенню абароненасцi, якая дазваляе экспанаваць не толькi папяровыя грошы i манеты, але i нумiзматычныя комплексы i каштоўныя металы: серабро, золата, плацiну. Зрэшты, гэта не адзiнае ноў-хау, не апошняя адметнасць, без перабольшання, унiкальнага музея.

...Трапiць у яго не так проста. I не таму, што музей па сутнасцi з’яўляецца закрытай установай: па папярэднiх заяўках тут прымаюць невялiкiя групы з устаноў, арганiзацый, яго наведваюць шматлiкiя афiцыйныя дэлегацыi, якiя прыбываюць у нашу краiну. Наадварот, папулярнасцi (пры поўнай адсутнасцi якой-небудзь рэкламы, якую замяняе «народнае радыё») у наведвальнiкаў новай экспазiцыi можа пазайздросцiць любая iншая музейная ўстанова. Напрыклад, студэнты самастойна, без выкладчыкаў, напрыканцы навучальнага года i напярэдаднi сесii (!) фармiруюць групы i перадаюць у службу бяспекi Нацыянальнага банка спiсы на атрыманне пропускаў у музей. Але, дзякуючы добраму стаўленню да «Звязды» яго дырэктара Iрыны Масько, ў шчыльным графiку наведванняў вольная хвiлiна аператыўна знайшлася i для журналiстаў газеты.

— Згодна са старажытнай беларускай легендай, толькi раз у год, у ноч на Iвана Купалу, цвiце папараць. I той, хто ўбачыць загадкавую кветку, атрымае магчымасць убачыць усе скарбы, схаваныя ў зямлi. Гэта народнае паданне лягло ў аснову мастацкай канцэпцыi экспазiцыi «Гiсторыя грашовага абарачэння на тэрыторыi Беларусi», — перш чым адчынiць перад намi бранiраваныя дзверы ў «камору-сейф», iнтрыгуе нас Iрына Францаўна. — Асноўную задачу праекта можна сфармуляваць так: на аснове музейнага фонду, якi ёсць у Нацыянальным банку, а таксама дакументаў i рэканструкцый адлюстраваць музейнымi сродкамi гiсторыю грашовага абарачэння на тэрыторыi краiны са старажытных часоў да нашых дзён — усяго, што датычыцца гiсторыi выкарыстання манет i каштоўных металаў. Наведвальнiкi павiнны нiбыта трапiць у казку...

...У цэнтры прасторнай залы загадкава-таямнiча зiхацяць лiхтары, асвятляючы стылiзаваную пад кветкi папарацi калону — быццам бы яны ўзнiклi перад намi ўначы. I, цуд, пасля гэтага вiдовiшча ты атрымлiваеш магчымасць бачыць схаваныя скарбы: па ходу гадзiннiкавай стрэлкi адзiн за адным пачынаюць успыхваць таямнiчым жа святлом серабра i золата сектары экспазiцыi. Ты iдзеш за гэтым прыцягальным пуцяводным ззяннем, адкрываючы для сябе ўсё новыя каштоўнасцi, i «ноч» у зале пакрысе адступае. Атрыманы «дар» пераносiць цябе не толькi ад скарбу да скарбу, але i з адной эпохi ў другую. Вось першыя манеты на тэрыторыi Беларусi, у асноўным сярэбраныя дэнарыi рымскiх правiнцый I—III стагоддзяў. Iх з’яўленне — адгалосак «бурштынавага шляху», на той час ва ўсходне-еўрапейскiх плямёнаў яшчэ не было сур’ёзнай патрэбы ў грашах... У перыяд феадальнай раздробленасцi XII—пачатку XIV стагоддзя пераважна вялася натуральная гаспадарка, але для асаблiва буйных плацяжоў выкарыстоўвалi сярэбраныя злiткi пэўнай масы i формы. На тэрыторыi тагачаснай Беларусi iснавалi тры разнавiднасцi злiткаў-грыўнаў: «лiтоўскiя», «кiеўскiя» i «ноўгарадскiя». Усе яны былi знойдзены ў адзiным скарбе такога кшталту — Вiшчанскiм (Вiшчанскi скарб знаходзiцца ў кабiнеце нумiзматыкi БДУ) — а муляжы прадстаўлены ў экспазiцыi... У музеi захоўваецца буйнейшы ва Усходняй Еўропе нумiзматычны комплекс пражскiх грошаў: больш за 6 тысяч манет!

Можна ўбачыць i буйнейшы са знойдзеных на тэрыторыi нашай краiны нумiзматычны комплекс з рускiмi капейкамi, сярод якiх ёсць вельмi рэдкая манета — лiтоўскi паўтарак 1652 года. Ва ўсiм свеце захавалася не больш за сем такiх манет, прычым, наша — у найлепшай ступенi захаванасцi... У экспазiцыi можна азнаёмiцца са скураным кашальком i 127 манетамi Залатой Арды канца ХIV—пачатку XV стагоддзя — даволi рэдкiмi для нашай тэрыторыi... Прадстаўлена тут i першая медная манета ў грашовым абарачэннi Беларусi — торнер (двайны пенi) Шатландыi, выпушчаны ў абарачэнне ў 1632—1633 гадах. Адлюстраванне кветкi чартапалоху з лацiнскай легендай — нiхто не дакранецца да мяне беспакарана — рыса, якая адрознiвае гэту прыгожую манету...

— Усяго фонды музея налiчваюць звыш 22 тысяч прадметаў, — тлумачыць Iрына Масько, пакуль мы знаёмiмся з экспазiцыяй. — Гэта дазволiла сфармiраваць па-сапраўднаму прафесiйны музейны фонд, рыхтаваць змястоўныя, цiкавыя выстаўкi з прыцягненнем высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў.

Дастаткова будзе сказаць, што над канцэпцыяй экспазiцыi «Гiсторыя грашовага абарачэння на тэрыторыi Беларусi» працавалi пяць (!) мастацкiх майстэрняў. Напрыклад, упершыню ў музейнай практыцы краiны былi выкарыстаны аб’ёмныя, са стэрэаэфектам (!) заднiя планы для экспазiцыi нумiзматычных комплексаў. Копii старажытных гравюр былi надрукаваны на палатне. На высокiм узроўнi былi выкананы муляжы, гiстарычныя рэканструкцыi. Зразумела, што такi сур’ёзны падыход як да канкрэтнай экспазiцыi, так i да музея ў цэлым стаў магчымым найперш дзякуючы стаўленню да справы кiраўнiцтва Нацыянальнага банка, лiтаральна кожнага яго супрацоўнiка. Усё гэта дазволiла стварыць не ўнутрыведамасны, карпаратыўны музей, а экспазiцыю, якой можа ганарыцца дзяржава. Так, менавiта дзяржава, паколькi Нацыянальны банк у тым лiку напаўняе яе палiтыку канкрэтным зместам па захаванню навакольнага асяроддзя, гiсторыка-культурнай спадчыны. Як? Ды праз выпуск беларускiх плацежных сродкаў: банкнот i памятных манет, якiя з’яўляюцца своеасаблiвай вiзiтоўкай краiны, нясуць вельмi важную, ёмкую iнфармацыю аб дзяржаве, што iх выпускае.

— Ва ўсiм свеце iнтарэс да нашых памятных манет толькi павялiчваецца, — гаворыць дырэктар музея. — Напрыклад, манеты з серыi «Казкi народаў свету» тыражамi 20 тысяч адзiнак разыходзяцца амаль iмгненна. Сапраўдны «шлягер» апошняга часу, якi выклiкаў вялiкую цiкаўнасць сярод нумiзматаў, — вельмi прыгожая серыя памятных манет «Святы i абрады беларусаў». А ўвогуле ў экспазiцыi наведвальнiкi могуць азнаёмiцца з поўнай калекцыяй беларускiх памятных манет, выпушчаных у перыяд з 1996 года па сёння.

...Завяршаем агляд каля той самай цэнтральнай калоны, што сiмвалiзуе кветкi папарацi. Тут пад шклом размешчаны апошнi комплекс экспанатаў — мерныя злiткi з абрэвiятурай Нацыянальнага банка, выкананыя ў серабры, золаце, плацiне. Не сакрэт, што сёння ў краiне створаны i паспяхова развiваецца рынак каштоўных металаў, чаму ў немалой ступенi садзейнiчалi i намаганнi галоўнага банка Беларусi. Скарбы нашай дзяржавы апошнi раз яскрава ўспыхнулi перад намi. Агляд — «летняя купальская ноч» — наблiзiўся да свайго завяршэння. Казка скончылася i мы накiроўваемся да выхаду. I раптам, як апошнi падарунак на развiтанне — карта скарбаў з сакрэтам. Складзеная на падставе даследаванняў вядомага беларускага навукоўца прафесара Валянцiна Рабцэвiча i выкананая з варыаэфектам, яна ўтрымлiвае ўсе вядомыя месцы ў Беларусi, дзе ў розныя часы былi знойдзены рэальныя нумiзматычныя комплексы. Але гэтая тайна можа адкрыцца толькi ў выпадку, калi глядзець на карту пад пэўным вуглом. Але ж для тых, хто бачыў папараць-кветку, нiчога немагчымага не iснуе, цi не так?!

P.S. У матэрыяле зашыфраваны «код скарба». Хто здолее адшукаць яго, зможа паспрабаваць трапiць на экскурсiю ў музей.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика