Сяргей МАСЛОЎСКI: «Патэнцыйных парушальнiкаў лепш загадзя выявiць i спынiць, чым потым лавiць»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Спецыяльна для «Звязды» Паведамленнi аб дарожна-транспартных здарэннях на тэрыторыi Мiншчыны нагадваюць зводкi з месца баявых дзеянняў. У тым сэнсе, што ў аўтамабiльных аварыях ледзь не кожны дзень гiнуць i атрымлiваюць цяжкiя калецтвы людзi. Кроў на аўтамагiстралях i прасёлкавых дарогах сталiчнай вобласцi лiецца часцей, чым у iншых рэгiёнах.Аб тым, якiя захады прымаюцца для выпраўлення сiтуацыi, аглядальнiк «Звязды» гутарыць з начальнiкам упраўлення Дзяржаўтаiнспекцыi УУС Мiнаблвыканкама Сяргеем МАСЛОЎСКIМ. — Сяргей Вiктаравiч, вы — чалавек новы не толькi ў ДАI сталiчнай вобласцi, але i ў сiстэме Дзяржаўтаiнспекцыi ўвогуле. Пасля прызначэння на новую пасаду ў вас не ўзнiкла адчування, што трапiлi з агню ды ў полымя? — Раней я служыў у крымiнальным вышуку, узначальваў аператыўна-пошукавае падраздзяленне, быў камандзiрам палка патрульна-паставой службы. Упраўленне Дзяржаўтаiнспекцыi Мiнскай вобласцi ўзначалiў месяц таму. З таго часу спакой мне толькi снiцца. Сiтуацыя на дарогах Мiншчыны вельмi складаная. За 4 месяцы гэтага года ў цэнтральным рэгiёне ў вынiку ДТЗ загiнула на 32 чалавекi больш, чым за такi ж перыяд года мiнулага. Усяго ж за гэты час не вярнулiся з дарог Мiншчыны 139 чалавек. Колькасць параненых павялiчылася на 69 чалавек i склала 411 грамадзян. Безумоўна, можна наракаць на цэлы шэраг аб’ектыўных прычын, якiя садзейнiчаюць аварыйнасцi. Гэта i само геаграфiчнае становiшча Мiншчыны, праз якую праходзяць усе асноўныя магiстралi, а значыць i велiзарная плынь машын (ды i ў самой вобласцi зарэгiстравана амаль 400 тысяч транспартных сродкаў), i наблiжанасць да сталiчнага мегаполiса, дзе яшчэ большы аўтапарк, i мноства iншых фактараў. Аднак не ў маiх правiлах шукаць адгаворкi i наракаць на лёс. Трэба тэрмiнова выпраўляць становiшча. Прамаруджванне — да смерцi падобна. I не аднаго чалавека, а дзесяткаў людзей. — З чаго пачалi аперацыю па выратаванню людзей на дарогах? — З сябе. — ?! — Я ўзяў пад персанальны кантроль самы праблемны ў вобласцi раён — Маладзечанскi. Толькi за мiнулыя (перад нашай размовай. — Аўт.) суткi непасрэдна ў горадзе зарэгiстравана 18 фактаў парушэння хуткаснага рэжыму, затрыманы 2 п’яныя вадзiцелi... А раней там увогуле на дарогах i вулiцах была амаль што поўная анархiя. Давялося мяняць кiраўнiка мясцовай Дзяржаўтаiнспекцыi, сам часта наведваю гэты раён, сустракаюся не толькi з прадстаўнiкамi ўлады, але i з простымi людзьмi, вадзiцелямi i пешаходамi. Гэта самы эфектыўны i дзейсны спосаб прафiлактыкi аварыйнасцi. Ужо з першых дзён сваёй службы на пасадзе кiраўнiка ДАI вобласцi я запатрабаваў, каб падначаленыя праводзiлi як мага больш iндывiдуальных прафiлактычных размоў з удзельнiкамi дарожнага руху. Асаблiва пiльная ўвага ўдзяляецца асобам, якiя маюць схiльнасць да парушэння ПДР. Мы стварылi своеасаблiвы «банк звестак патэнцыйных парушальнiкаў». У гэтым «чорным спiсе», напрыклад, пазначаны вадзiцелi, якiя затрымлiвалiся за кiраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, уладальнiкi незарэгiстраваных матацыклаў. Менавiта з такiмi асобамi i праводзiм прафiлактыку. Патэнцыйных парушальнiкаў лепш загадзя выявiць i спынiць, чым потым лавiць. Гэта, мiж iншым, у iнтарэсах iх жа бяспекi. Узяць, напрыклад, тых жа вясковых падлеткаў i маладых людзей, якiя гойсаюць без правоў i без шлемаў на матацыклах. За 4 месяцы па вiне пераважна такiх «дзiкiх байкераў» на тэрыторыi вобласцi адбылося 16 ДТЗ, у вынiку якiх 2 чалавекi загiнулi i 15 — атрымалi цялесныя пашкоджаннi. Днямi здарыўся яшчэ адзiн такi трагiчны выпадак: адзiн малады чалавек загiнуў, другi трапiў у рэанiмацыю. Увогуле, аварыйнасць па вiне ўладальнiкаў мотатранспарту ў вобласцi ўзрасла ў 2 разы. Мы проста абавязаны ратаваць гэтых хлапчукоў! — Якiм чынам? На кожнай вясковай i тым больш лясной дарозе паставiце дзяжурыць «даiшнiкаў»? — Не. У мяне няма такой магчымасцi. Ды i немэтазгодна гэта. Куды больш эфектыўныя спецыяльныя рэйды, падчас якiх выяўляюцца ўладальнiкi незарэгiстраваных матацыклаў. Участковыя iнспектары таксама штодзённа праводзяць карпатлiвую працу па ўстанаўленню такiх «гора-байкераў». На сёння намi ўжо канфiскавана 127 матацыклаў, гаспадары якiх не мелi нiякiх дакументаў на транспартныя сродкi. Зразумела, што аднымi карнымi мерамi вырашыць праблему немагчыма. Таму мы вырашылi накiраваць «стыхiйнае байкерства» ў законнае рэчышча. Арганiзавалi працу 24 мотагурткоў агульнай колькасцю 450 чалавек. Усiм ахвотнiкам прадастаўляем магчымасць у парадку самападрыхтоўкi здаць экзамены на атрыманне вадзiцельскага пасведчання катэгорыi «А», якое дае права кiраваць матацыклам. Сёлета такой магчымасцю скарысталiся больш за 250 чалавек. Мiж iншым, у Пухавiцкiм раёне менавiта ўдзельнiкi мотагурткоў актыўна дапамагаюць Дзяржаўтаiнспекцыi выяўляць асобаў, якiя гойсаюць на незарэгiстраваных матацыклах, без шлемаў, без правоў, у нецвярозым стане. — Вы ўзгадалi праблему п’янства за рулём. З першага сакавiка дзейнiчае новы Адмiнiстрацыйны кодэкс, якi прадугледжвае за такое правапарушэнне больш строгую адказнасць, у тым лiку i крымiнальную. Наколькi гэты дакумент «выцверазiў» вадзiцеляў? — На жаль, iстотных зрухаў у лепшы бок не адбылося. Практычна кожнае дзесятае ДТЗ у вобласцi адбываецца па вiне п’яных вадзiцеляў. За 4 месяцы адбылося 42 такiя аварыi, у якiх 13 чалавек загiнулi i 42 — атрымалi раненнi. Штодзень мы затрымлiваем у сярэднiм каля 50 нецвярозых вадзiцеляў. Сёлета ўжо выяўлена 7 фактаў паўторнага кiравання транспартным сродкам п’янымi асобамi. Двое з гэтых грамадзян ужо прыцягваюцца да крымiнальнай адказнасцi, у адносiнах астатнiх вядзецца следства. З п’янiцамi мы змагаемся бескампрамiсна, задзейнiчаем усе сiлы i сродкi, у тым лiку i масавай iнфармацыi. У прыватнасцi, усе раённыя газеты вобласцi друкуюць спiсы асобаў, якiя былi затрыманы за кiраванне транспартам у нецвярозым стане. — Падчас нядаўняй сустрэчы з журналiстамi начальнiк упраўлення ўнутраных спраў Мiнаблвыканкама Iван Сяргей паведамiў, што пасля ўступлення ў сiлу новага Адмiнiстрацыйнага кодэкса ўзнiклi пэўныя цяжкасцi з «дакументаваннем» п’яных вадзiцеляў. Патлумачце, калi ласка, больш падрабязна. — Па сутнасцi гэта адна, матэрыяльна-тэхнiчная, праблема, звязаная з аснашчэннем сучасным абсталяваннем наркалагiчных пунктаў. Зараз меру пакарання за кiраванне аўтамабiлем у нецвярозым стане вызначае толькi суд, якi робiць свае высновы на падставе медыцынскага заключэння. Каб аформiць такi дакумент, iнспектару ДАI даводзiцца падчас везцi нецвярозага вадзiцеля ў медустанову з неабходным абсталяваннем за некалькi дзесяткаў кiламетраў. Напрыклад, у Мiнскiм раёне да нядаўняга часу быў толькi адзiн такi наркалагiчны пункт у Сенiцы, днямi ў Заслаўi адкрылi другi. Стала крыху зручней. Але да канца праблема яшчэ не вырашана. Кiраўнiцтва медустаноў i рада было б нам дапамагчы, але абсталяванне для падобных пунктаў каштуе немалых грошай. — Яшчэ адна надзвычай вострая праблема: пешаходы, якiя ўпарта не хочуць насiць у цёмны час сутак флiкеры. Магчыма, варта ўжо прымяняць i прадугледжаныя законам меры пакарання за гэтае парушэнне? — Згодзен, што надышоў час запусцiць i «механiзм прымусу». Наўрад цi — зараз камусьцi невядома, што трэба абавязкова насiць флiкер пры руху па праезнай частцы дарогi ў цемры. На тэрыторыi Мiнскай вобласцi арганiзавана 1600 гандлёвых пунктаў, дзе можна набыць святлоадбiвальныя элементы. За 4 месяцы прададзена амаль 100 тысяч адзiнак такой прадукцыi. Да таго ж супрацоўнiкi мiлiцыi самi сабралi 17 мiльёнаў рублёў, за якiя купiлi 8,3 тысячы флiкераў i распаўсюдзiлi iх сярод жыхароў рэгiёна. Увогуле, пешаходы — адна з асноўных груп рызыкi на дарозе. За 4 месяцы пад коламi транспартных сродкаў загiнулi 65 чалавек, яшчэ 118 — атрымалi раненнi. Усяго ж з удзелам пешаходаў адбылося 178 ДТЗ, што складае 42 працэнты ад агульнай колькасцi аварый. Намi прыняты шэраг неадкладных мераў па забеспячэнню бяспекi пешаходаў. У прыватнасцi, быў праведзены дэталёвы аналiз усiх месцаў, дзе найчасцей здарылiся ДТЗ такога кшталту i створана своеасаблiвая «дарожная карта». Яна ёсць зараз ва ўсiх начальнiкаў мясцовых падраздзяленняў ДАI. Для лiквiдацыi наступстваў ва ўсiх «гарачых кропках» праводзяцца адпаведныя работы: дзесьцi ставiцца мiгаючы святлафор, наносяцца «шумавыя палосы», будуюцца агароджы, пешаходныя пераходы i г.д. I гэта дае станоўчыя вынiкi. — Сяргей Вiктаравiч, а ўвогуле, цi iснуе нейкi стратэгiчны план па паляпшэнню сiтуацыi на дарогах Мiншчыны? — Кiраўнiцтва УУС Мiнаблвыканкама, у тым лiку i Дзяржаўтаiнспекцыi, сумесна з мясцовымi ўладамi распрацавала цэлую праграму па стабiлiзацыi абстаноўкi, прасцей кажучы, па выратаванню людзей. Але нiякiя планы, нават самыя дасканалыя, грунтоўна прадуманыя i шчодра прафiнансаваныя, не вырашаць праблему аварыйнасцi. Без удзелу насельнiцтва навесцi належны парадак на дарогах немагчыма. Таму мы актыўна заклiкаем да супрацоўнiцтва ўсiх i кожнага: выконвайце самi Правiлы дарожнага руху i не дазваляйце iншым iх iгнараваць, тэрмiнова паведамляйце нам аб фактах парушэння ПДР па тэлефонах мабiльнай сувязi: ( 8-029) 339-14-44, 509-42-44 цi 1О2, альбо па нумарах (8-017) 204-42-44, 229-04-44. Памятайце, толькi разам мы зможам зберагчы жыццё i здароўе ўдзельнiкам дарожнага руху.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паведамленнi аб дарожна-транспартных здарэннях на тэрыторыi Мiншчыны нагадваюць зводкi з месца баявых дзеянняў. У тым сэнсе, што ў аўтамабiльных авары
|
|