Iмпартныя махляры
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Як нас дураць Не ўсе iншаземцы прыязджаюць у Беларусь з добрымi намерамi. Некаторыя замежнiкi злоўжываюць празмернай даверлiвасцю асобных нашых суграмадзян. Прычым заезджыя махляры дзейнiчаюць як па даўно вядомых «схемах падману», так i прыдумваюць новыя аферы. Пра найбольш папулярныя спосабы ашуканства даверлiвых беларусаў аглядальнiку «Звязды» паведамiў намеснiк начальнiка ўпраўлення Дэпартамента па грамадзянству i мiграцыi МУС Беларусi Генадзь БУБНОВIЧ.Пашпарт напракат Жыхар пасёлка Монiна Маскоўскай вобласцi спадар Р. прыехаў у Мiнск яшчэ ў сакавiку гэтага года. Госць арганiзаваў у Мiнску падстаўную фiрму. Па сутнасцi, гэта былi класiчныя «Рогi i капыты». Зрэшты, фiрма маскоўскага госця нават для маскiроўкi не займалася нарыхтоўкай памянёнай сыравiны. Аднак нашчадак Астапа Бендэра зняў офiс i размясцiў адпаведныя рэкламныя аб’явы аб прыёме на працу. I народ пацягнуўся, бо заробкi аферыст абяцаў прыстойныя, а працу — няпыльную. Усiх кандыдатаў «бiзнэсмен» прасiў запоўнiць адпаведную анкету, пакiнуць на некалькi дзён пашпарт i чакаць выклiку. Як правiла, шукальнiкi грашавiтай працы не пярэчылi i, аддаўшы зусiм незнаёмаму чалавеку свой дакумент, з надзеяй вярталiся дамоў. Атрымаўшы пашпарт, прайдзiсвет разам са сваiмi памагатымi пераклейваў у iм свой цi iншых хаўруснiкаў фотаздымак, i шыбаваў у краму па продажы бытавой тэхнiкi ў крэдыт. Работнiкi крамы да фотаздымка асаблiва не прыглядалiся, без лiшнiх пытанняў афармлялi крэдыт i выдавалi каштоўны тавар. Вярнуўшыся з багатай здабычай у офiс, аферысты зноў прыладжвалi ў пашпарт фота сапраўднага ўладальнiка, а праз некалькi дзён вярталi дакумент са словамi: «Прабачце, але наша фiрма не мае патрэбы ў вашых паслугах.» Падман быў выкрыты толькi пасля таго, як неабачлiвыя грамадзяне пачалi атрымлiваць з крамы пiсьмовыя напамiнкi з патрабаваннем тэрмiнова выплацiць крэдыт за набытыя тавары. Мiлiцыi ўдалося затрымаць прайдзiсветаў. А вось махляры, якiя дзейнiчалi па наступных схемах, звычайна выходзяць сухiмi з вады. Афера за суткi Здаваць кватэры — бiзнэс выгадны, i, на першы погляд, амаль не рызыкоўны. Гэта калi дзейнiчаць па закону. Але ж у такiм выпадку трэба плацiць падаткi i афармляць усё належным чынам у адпаведных установах. Каб не дзялiцца прыбыткам з дзяржавай, а таксама пазбегнуць блукання па кабiнетах, некаторыя ўладальнiкi лiшнiх метраў без анiякiх праверак i выканання фармальнасцяў пускаюць у сваё жыллё чужых людзей. Сярод такiх кватарантаў трапляюцца i замежныя аферысты. Як правiла, яны здымаюць кватэры на суткi. Паколькi гэтыя памяшканнi разлiчаны на прадастаўленне iнтымнага прытулку бяздомным закаханым, то i абсталяваны належным чынам: там ёсць дарагая бытавая тэхнiка, набор посуду i г.д. Трапiўшы ў такую кватэру, зладзеi тут жа пачынаюць пакаваць каштоўнымi рэчамi свае вялікія торбы, i праз некалькi хвiлiн знiкаюць. Знайсцi замежных прайдзiсветаў, якiя звычайна карыстаюцца чужымi цi падробленымi пашпартамi, вельмi складана. Яшчэ цяжэй затрымаць кватарантаў-нелегалаў. Не сакрэт, што незаконныя мiгранты перад рашаючым кiдком на Захад спыняюцца на дзень-другi у тым цi iншым беларускiм горадзе, здымаюць кватэры. Дык вось, пасля таго, як нелегалы пакiдаюць «перавалачную базу», арэндадаўцы атрымлiваюць квiткi за тэлефонныя размовы сваiх гасцей на мiльёны рублёў. Апроч пакарання рублём, такiя асобы могуць быць прыцягнуты да адказнасцi за садзейнiчанне арганiзатарам каналаў незаконнай мiграцыi. Каб пазбегнуць усiх вышэй памянёных непрыемнасцяў, Генадзь Бубновiч раiць быць вельмi абачлiвымi пры прадастаўленнi свайго жылля замежным грамадзянам, а таксама не аддаваць пашпарт у рукi першых стрэчных.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не ўсе iншаземцы прыязджаюць у Беларусь з добрымi намерамi. Некаторыя замежнiкi злоўжываюць празмернай даверлiвасцю асобных нашых суграмадзян
|
|