Нямецкую музыку прадстаўлялi маладыя выканаўцы
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
У сталiцы ў рамках правядзення ў нашай краiне Года нямецкай культуры прайшоў фестываль «Днi нямецкай музыкi ў Мiнску».
Пачаўся ён канцэртам струннага квартэта iмя Караля Шыманоўскага ў Мiжнародным адукацыйным цэнтры iмя Iаганеса Рау. Мэта Дзён — даць магчымасць мiнскай публiцы пазнаёмiцца з выканаўчай культурай сучаснай Германii i атрымаць задавальненне ад сустрэч з цудоўнай музыкай. Увесь тыдзень у Мiнску гучала музыка Баха, Брамса, Бетховена, Букстехуде, а таксама яшчэ 14 вядомых нямецкiх кампазiтараў. У час фестывалю сваё майстэрства прадэманстравалi больш за 70 маладых музыкантаў з Германii, у асноўным, з горада Гановера. Многiя з iх — навучэнцы i выпускнiкi гановерскай Вышэйшай школы музыкi i тэатра. Iх канцэрты прайшлi ў малой зале iмя Шырмы Беларускай дзяржаўнай фiлармонii, а таксама ў Траецкiм Залатагорскiм касцёле Святога Роха i Архiкафедральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыi. Фестываль завяршыўся выступленнем хору дзяўчынак з Гановера ў фiлармонii. Цiкава, што iнiцыятарам i кiраўнiком гэтага праекта стаў малады беларускi вiяланчэлiст Iгар Бабовiч. Так атрымалася, што пасля заканчэння Маскоўскай кансерваторыi ён прадоўжыў навучанне ў гановерскай Вышэйшай школе музыкi i тэатра. Там i нарадзiлася iдэя музычнага фестывалю ў Мiнску. Паводле яго задумкi, галоўнай тэмай фестывалю павiнна была стаць дэманстрацыя адрозненняў памiж заходняй i ўсходняй манерамi выканання твораў сусветнавядомых кампазiтараў. Iнiцыятыву Iгара Бабовiча падтрымалi на радзiме i ў Германii. Фестываль стаў важнай складовай Года нямецкай культуры ў Беларусi. Ён, нагадаем, праходзiць пад назвай «Iмгненнi культуры-2007: чатыры пары года нямецкай культуры».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сталiцы ў рамках правядзення ў нашай краiне Года нямецкай культуры прайшоў фестываль «Днi нямецкай музыкi ў Мiнску»
|
|