Сяргей ВЕЧАР: «Сто тысяч наведвальнiкаў у год — гэта не мяжа!»
Ужо больш за два месяцы Нацыянальны музей гiсторыi i культуры Беларусi ўзначальвае новы дырэктар — Сяргей Вечар. Вопытны работнiк культуры, ён паспеў папрацаваць галоўным «музейшчыкам» Мiнскай вобласцi, у Мiнiстэрстве культуры, а апошнiя 4 гады быў кiраўнiком музея Янкi Купалы. Сяргей Уладзiмiравiч поўны новых iдэй, планаў i задум. Ён упэўнены, што адной з прыкмет гонару кожнай дзяржавы павiнен быць сучасны ў навуковым, мастацкiм i тэхнiчным сэнсе гэтага слова Нацыянальны гiстарычны музей. Аб тым, як рухацца ў гэтым накiрунку, сп. Вечар распавёў карэспандэнту «Звязды».
— Сяргей Уладзiмiравiч, што турбуе вас як дырэктара больш за ўсё? — Тое, што музей на сёння не можа паказаць свайму наведвальнiку, у тым лiку i замежным гасцям нашай краiны, усё багацце i разнастайнасць фондавых калекцый, якiя сведчаць аб адметнай гiсторыi Беларусi. Пакуль што адсутнiчае цэльная экспазiцыя. Фонды музея размешчаны ў арандаваных памяшканнях музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны ў вельмi складаных умовах. У маi 2003 года фонды наведаў кiраўнiк нашай дзяржавы А. Лукашэнка, азнаёмiўся з рэальным становiшчам спраў, следствам чаго стала распараджэнне аб перадачы ў аператыўнае кiраванне Мiнiстэрству культуры пад музей большай часткi будынка па вул. Фрунзе, 19, якi раней займалi ваенныя. Будынак, дарэчы, з’яўляецца выдатным узорам архiтэктуры класiцызму ХIХ—ХХ стст. палацавага тыпу i добра падыходзiць для музея. Ужо распрацавана i прайшла экспертызу неабходная дакументацыя на рэканструкцыю аб’екта i прыстасаванне яго для захавання фондаў, размяшчэння экспазiцыйна-выставачных залаў, дзейнасцi рэстаўрацыйных майстэрань i г.д. Дастаткова новым падыходам будзе вылучэнне значнай плошчы для адкрытага захавання найбольш цiкавых калекцый i экспанатаў. Гэта перш за ўсё калекцыi зброi i вайсковага рыштунку, вырабаў з каштоўных металаў, мастацкага шкла, этнаграфii i iнш. Павiнна знайсцi належнае адлюстраванне i сучасная гiсторыя незалежнай Беларусi. Будзе лагiчным i правiльным i ў рэчышчы сучасных музейных тэндэнцый, калi наведвальнiк зможа пасля знаёмства з экспазiцыяй пасядзець за кубачкам кавы ў музейнай кавярнi. Вось такiя мары-летуценнi, але мушу зазначыць, што яны маюць пад сабою рэальны грунт. Мiнiстэрства культуры робiць усё магчымае, каб праект патрапiў у iнвестыцыйную праграму. Асвоiць будынак на вул. Фрунзе — наша галоўная, так бы мовiць, стратэгiчная задача. — Цi закрануць абнаўленчыя работы iншыя аб’екты музея? — Так. Да канца года трэба ажыццявiць рамонт будынка, у якiм знаходзiцца наш адзiны фiлiял — Дом-музей I з’езда РСДРП. У вынiку мы будзем мець новую экспазiцыю, пашыраную выставачную залу i лепшыя ўмовы працы для калектыву фiлiяла. Небеспадстаўна разлiчваем, што пасля рамонту ён зможа i ў iмiджавым, i ў фiнансавым плане прыносiць значна большую аддачу. — А што яшчэ робiцца для развiцця музея? — Наш музей як брэнд павiнен быць больш пазнавальны i вядомы ў рэспублiцы. Таму асноўны ўпор неабходна рабiць на далейшае развiццё сучасных формаў i метадаў працы з насельнiцтвам, удасканальванне ўзаемадзеяння са сродкамi масавай iнфармацыi. Ужо цяпер на ўзбраеннi супрацоўнiкаў цiкавыя цыклы музейна-педагагiчных заняткаў з элементамi iнтэрактыўнасцi, наладжаная сiстэма выязных мерапрыемстваў у навучальныя ўстановы i на прадпрыемствы... Наш музей ахвотна супрацоўнiчае з калегамi з рэгiёнаў у галiне выставачнай дзейнасцi. Плануем пашыраць спектр прапануемай сувенiрнай прадукцыi. Гэта будуць як буклеты, паштоўкi i iншыя папулярныя выданнi аб гiсторыi музея, яго рарытэтах, так i навуковыя выданнi (каталогi, зборнiкi навуковых артыкулаў) з адпаведным цэнавым дыяпазонам. Прыцягальнасцi музея спрыяюць такiя акцыi, як «Ноч музеяў», якая прайшла сёлета разнапланава i адметна. Аднак нiякiя самыя разнастайныя формы работы не заменяць пастаяннай экспазiцыi. Яе трэба ствараць паступова, але мэтанакiравана, зала за залай, спачатку ў асноўным будынку па вул. К. Маркса, 12. У блiжэйшы час будзе дапрацавана навуковая канцэпцыя экспазiцыi з улiкам вылучаных дадатковых плошчаў. — Як, на ваш погляд, развiваюцца беларускiя музеi ў параўнаннi з еўрапейскiмi? — Мы ўсе iдзём аднымi i тымi ж шляхамi, але з рознай хуткасцю. Айчынныя музеi яшчэ толькi пачынаюць праходзiць навуку выжывання i развiцця ў рынкавых варунках. Велiзарная частка нашых нацыянальных здабыткаў расцярушана за стагоддзi па iншых краiнах. Але ў беларускiх музеяў напрацаваны добры вопыт i ёсць немалы навуковы i iнтэлектуальны патэнцыял. Апроч таго, не трэба скiдваць з рахунку i адчувальную падтрымку музейнай справы на дзяржаўным узроўнi, пра што сведчыць шмат прыкладаў. Таму, нягледзячы на згаданыя неспрыяльныя абставiны, нашы музеi здольныя на належным узроўнi адлюстраваць мiнуўшчыну i сучаснасць краiны ў цэнтры Еўропы пад назвай Беларусь. — А як вы ацэньваеце навуковы патэнцыял гiстарычнага музея? — Як досыць высокi. На карысць такой ацэнкi рэгулярны ўдзел супрацоўнiкаў музея ў навуковых канферэнцыях, у тым лiку i за межамi краiны. Музей выдае зборнiк навуковых прац супрацоўнiкаў пад назвай «Музейны веснiк» — выйшла ўжо тры нумары, рыхтуецца чацвёрты. — Чым музей збiраецца здзiвiць сваiх гасцей у блiжэйшы час? — Найперш шэрагам экспазiцыйна-выставачных праектаў, якiя прапануюць увазе публiкi ўнiкальныя фондавыя матэрыялы, некаторыя з якiх нiколi не экспанавалiся. Варта назваць срэбныя вырабы, грашовыя i грашова-рэчавыя скарбы, партрэты гiстарычных дзеячаў мiнулага, зброю, гiстарычныя касцюмы, касцяныя вырабы i шмат iншага. Плануецца i некалькi мiжнародных выставак. Карацей кажучы, восень абяцае быць насычанай, таму раю ўсiм цiкаўным сачыць за рэкламай. Гутарыў Уладзiмiр СЦЯПАНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо больш за два месяцы Нацыянальны музей гiсторыi i культуры Беларусi ўзначальвае новы дырэктар — Сяргей Вечар
|
|