Дзвюхступеньчатая сiстэма адукацыi замацоўваецца заканадаўча
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Праект Закона «Аб вышэйшай адукацыi», якi быў адобраны 14 чэрвеня Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу ў другiм чытаннi, утрымлiвае палажэнне пра дзвюхступеньчатую сiстэму адукацыi ў краiне. Аб гэтым паведамiў учора на прэс-канферэнцыi старшыня Камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу нiжняй палаты парламента Уладзiмiр Здановiч.
Ён патлумачыў, што законапраект прадугледжвае падрыхтоўку ў ВНУ спецыялiстаў i магiстраў. Тэрмiн навучання ў магiстратуры складзе да двух гадоў (у незалежнасцi ад формы навучання) i будзе залежаць «ад складанасцi спецыяльнасцi». Магiстратура будзе рыхтаваць тых, хто збiраецца пасля яе заканчэння «займацца навукова-даследчай дзейнасцю» ў аспiрантуры i выкладаць у ВНУ. Выпускнiкi магiстратуры «могуць iсцi ва ўнiверсiтэт, iнстытут i выкладаць». Акрамя таго, маладыя людзi могуць пасля заканчэння магістратуры «пайсцi на вытворчасць». «Пасля магістратуры можна iсцi працаваць з улiкам спецыяльнасцi, якая была атрымана ў мiнулыя 5—6 гадоў». Законапраект, паводле слоў Уладзiмiра Здановiча, таксама ўтрымлiвае пералiк ВНУ, якiя могуць iснаваць у Беларусi. Гэта профiльны ўнiверсiтэт (акадэмiя, кансерваторыя), iнстытут i вышэйшы каледж. У дакуменце ўтрымлiваецца палажэнне аб тым, што пераможцы мiжнародных i рэспублiканскiх алiмпiяд могуць паступаць у ВНУ без конкурсу. У выпадку адсутнасцi такой нормы, на думку парламентарыя, суседнiя дзяржавы гэтых абiтурыентаў «з дарагой душой забралi б да сябе. I такiя прапановы iм iдуць». Законапрект захоўвае размеркаванне тых, хто вучыўся за бюджэтныя сродкi. «Мы захавалi савецкi варыянт — двухгадовае размеркаванне. I лiчым, што паступiлi вельмi правiльна. Бо на сённяшнiм этапе самая галоўная праблема для нашых выпускнiкоў, якiя атрымалi дыпломы аб вышэйшай адукацыi, — атрымаць працу». Прычына абвастрэння сiтуацыi з працаўладкаваннем ў апошнi час, паводле слоў парламентарыя, у павелiчэннi колькасцi выпуснкiкоў ВНУ. У законапраекце з’явiлася новая форма акадэмiчнага водпуску — па фiнансавых прычынах. «Калi ў чалавека проста няма грошай, каб плацiць за сваю вучобу, ён пiша заяву аб тым, што просiць даць водпуск...» Уладзiмiр Здановiч паведамiў таксама, што законапраект забараняе адукацыйную дзейнасць на тэрыторыi Беларусi прадстаўнiцтваў ВНУ iншых дзяржаў. Такая дзейнасць дазваляецца толькi фiлiялам замежных вышэйшых навучальных устаноў. Што датычыцца прыватных ВНУ, то iх рэктары, згодна з дакументам, будуць прызначацца мiнiстрам адукацыi па прадстаўленню заснавальнiкаў гэтых ВНУ. Гаворачы пра пытаннi сiстэмы адукацыi, не звязаныя з законапраектам, парламентарый адзначыў, што з-за няяўкi вялiкай колькасцi абiтурыентаў для праходжання цэнтралiзаванага тэсцiравання страчваецца шмат бюджэтных сродкаў. Таму, на думку Уладзiмiра Здановiча, варта было б разгледзець магчымасць увядзення пэўнай «мiнiмальнай платы» за праходжанне тэстаў. «Неабходна перайсцi на ўзмацненне адказнасцi падчас уступнай кампанii. Калi запiсаўся, то будзь добры — прыйдзi. Нейкую мiнiмальную плату, напэўна, трэба ўстанаўлiваць. Тады дзяржава не страчвала б вялiкiя сродкi». Праз некалькi гадоў, паводле слоў дэпутата, у Беларусi чакаецца «правал» у наборы абiтурыентаў. «Колькасць выпускнiкоў школ зменшыцца прыкладна на 30 тыс. Гэта вельмi шмат. Узнiкае праблема, як падтрымаць нашыя ВНУ? Акрамя таго, ВНУ з’яўляюцца асноўнымi ўстановамi адукацыi, якiя дазваляюць папаўняць бюджэт, бо вельмi шмат тых, хто жадае вучыцца за свае грошы. Таму ўзята задача арыентавацца на прыцягненне абiтурыентаў iншых дзяржаў». Урад, як адзначыў Уладзiмiр Здановiч, мяркуе ў блiжэйшай будучынi паспрабаваць павялiчыць колькасць замежных студэнтаў у дзесяць разоў у параўнаннi з сённяшнiм узроўнем. Гаворачы пра адмену з 1 студзеня 2008 года льгот для пэўных катэгорый грамадзян, Уладзiмiр Здановiч адзначыў, што Закон «Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах i гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» не скасоўвае права на льготны праезд у грамадскiм транспарце для студэнтаў, якiя з’яўляюцца сiротамi i iнвалiдамi. Да таго ж ужо сёння рэктары ВНУ «з дапамогай прафсаюзных камiтэтаў i БРСМ шукаюць студэнтаў, якiя маюць патрэбу, i аказваюць iм дапамогу шляхам набыцця праязных дакументаў». Таксама, як адзначыў парламентарый, кампенсацыя маламаёмасным грамадзянам прадугледжваецца ў праекце ўказа Прэзiдэнта аб адраснай падтрымцы насельнiцтва, якi зараз рыхтуецца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праект Закона «Аб вышэйшай адукацыi», якi быў адобраны 14 чэрвеня Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу ў другiм чытаннi, утрымлiвае палажэнне пра |
|