Лiчба 13 — шчаслiвая для беларускiх гандбалiстаў
Iрына ПРЫМАК
Ведай нашых! Нацыянальнай зборнай па футболу трэба браць прыклад з беларускiх гандбалiстаў, якiя паказалi, што такое камандная гульня. Яны сталi першымi на квалiфiкацыйным турнiры ў студзенi ў Брэсце (перамаглi славакаў, кiпрыётаў i малдаван), у першай сустрэчы плэй-оф са швейцарцамi зрабiлi салiдны задзел у 9 мячоў i прарвалiся-такi ў фiнальную частку Еўра-2008 па суме дзвюх сустрэч. Гэты поспех асаблiва прыемны, бо пахварэць за беларускiх гандбалiстаў на топ-турнiры аматары ручнога мяча не маглi на працягу 13 гадоў. У пятнiцу стануць вядомымi сапернiкi нашай зборнай. Напярэдаднi жараб’ёўкi ў Осла галоўны трэнер зборнай Спартак МIРАНОВIЧ адказаў на некалькi пытанняў карэспандэнта «Звязды».— Вiншую вас i нашу зборную з выхадам на чэмпiянат Еўропы! Спартак Пятровiч, мiнулыя спробы прабiцца ў фiнальныя часткi топ-турнiраў беларусам не ўдалiся. Чым растлумачыце сёлетнi поспех? — Зараз нашы гандбалiсты жадаюць выступаць за сваю зборную i робяць усё магчымае для каманды, бо адчуваюць, што яны патрэбныя ёй. Штуршком да гэтага стала змяненне сiтуацыi ў беларускiм гандболе ў станоўчы бок. Фундамент для гэтага заклаў Указ Прэзiдэнта. Вялiкую ўвагу развiццю нашага вiду спорту ўдзяляе старшыня федэрацыi гандбола Уладзiмiр Мiкалаевiч Канаплёў (менавiта пасля гутаркi з iм у зборную вярнуўся адзiн з лепшых беларускiх гандбалiстаў Сяргей Гарбок, якi ўжо збiраўся выступаць за расiйскую каманду). — У матчы са зборнай Швейцарыi ў Брэсце вашы падначаленыя зрабiлi вялiкi задзел перад гульнёй у гасцях у 9 мячоў. Як вы стрымлiвалi iгракоў, каб яны не перагарэлi з-за такой сваёй перавагi, бо адыграць 9 мячоў вельмi цяжка? — Не пагаджуся. 3 цi 4 гады таму наша каманда прайграла ў Аўстрыi 9 мячоў, а дома давяла рознiцу да 11-i. Былi i iншыя выпадкi гiсторыi гандбола. Перад матчам у Швейцарыi я сказаў сваiм iгракам, што калi яны расслабяцца, стануць самаўпэўненымi, то гаспадары не ўпусцяць свой шанц, таму эйфарыi ў зборнай не было. — У якi момант гульнi вы дазволiлi сабе падумаць аб пуцёўцы ў Нарвегiю, на чэмпiянат Еўропы ў студзенi наступнага года? — Пэўна, за пяць хвiлiн да заканчэння матча ў Швейцарыi. Аднак упэўненасць у поспеху, зразумела, прыйшла толькi пасля гульнi. — У пятнiцу адбудзецца жараб’ёўка 16 удзельнiкаў Еўра-2008. У папярэднiм раўндзе наша зборная не сустрэнецца са сваiмi суседзямi на карзiне — камандамi Чэхii, Швецыi, Чарнагорыi. Якiя варыянты з астатнiх сапернiкаў вас задаволiлi б? — Вы ведаеце, мы жадаем згуляць з усiмi i ...нi з кiм, бо слабых каманд там няма, таму не мае значэння, хто з сапернiкаў нам дастанецца. — Як каманда святкавала свой поспех? — Мы не хавалi сваёй радасцi — спявалi на возеры. Спевакоў у нашай зборнай хапае. — Калi пачнецца падрыхтоўка? — Пакуль iгракi адпачываюць. Мы ж толькi ў панядзелак ноччу прыехалi. Зараз трэба скласці план падрыхтоўкi. Нам яшчэ не абвяшчалi задачы на чэмпiянаце Еўропы, хоць, зразумела, што каманда хоча паказаць добры вынiк. Сяргей ГАРБОК: «Еўропа ад майго вяртання ў шоку» З радасцю ад выхаду нашай зборнай у фiнальную стадыю кантынентальнага першынства магчыма параўнаць эмоцыi балельшчыкаў ад вяртання ў каманду аднаго з самых моцных беларускiх iгракоў Сяргея ГАРБОКА, былога гандбалiста славенскага «Цэле», а зараз паўсярэдняга нямецкага «Кронаў», якi трэнiруе беларускi спецыялiст Юрый Шаўцоў. Швейцарцы ўжо «спiсалi» Сяргея са сваiх сапернiкаў, бо ў мiнулым годзе ён вырашыў змянiць беларускае грамадзянства на расiйскае, каб выступаць за нашых усходнiх суседзяў. Аднак пасля размовы са старшынёй беларускай федэрацыi гандбола, старшынёй Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiрам Канаплёвым ён перадумаў i застаўся ў зборнай Беларусi. Разумееце, наколькi не чакалi швейцарцы, што iм давядзецца процiстаяць нацiску Сяргея ў плэй-оф, калi той сенсацыйна ўзмацнiў беларускую «нацыяналку»? — Магчыма, маё з’яўленне ў складзе нацыянальнай каманды Беларусi стала сенсацыяй для ўсёй гандбольнай Еўропы, — кажа Сяргей. — Многiя ведалi, што я збiраюся выступаць за расiйскую зборную, у мяне былi прапановы гуляць i за iншыя зборныя. Я вельмi рады, што вярнуўся на радзiму. Мяне перапаўняюць эмоцыi. — Цяжка было ўтрымаць перавагу ў Швейцарыi? — Мы зрабiлi вялiкi крок да пуцёўкi на чэмпiянат Еўропы, калi выйгралi 9 мячоў у Брэсце. Дома была вялiкая падтрымка трыбун, быццам на матчах еўрапейскай Лiгi чэмпiёнаў. У гасцях жа нiякага нацiску з боку мясцовых балельшчыкаў я не адчуў. Мы не выйгралi, але гулялi, як i патрэбна было, — утрымалi сваю перавагу. — Якiя варыянты жараб’ёўкi задаволiлi б нашу каманду? — Асабiста я не хацеў бы трапiць на Францыю (чэмпiён) i Германiю: гэта вельмi моцныя сапернiкi, якiя паказваюць стабiльную гульню. З iншымi ж камандамi можна змагацца. — Хацелася б памерацца сiламi з расiянамi? — Магчыма. Аднак з расiянамi лепей сустрэцца на папярэднiм этапе, таму што ў канцоўцы яны прыбаўляюць. — Знаходзячыся ў складзе каманды, безумоўна, адчуваеш, на што яна варта на «Еўропе»... — Мы ставiм перад сабой максiмальныя мэты. Калi ўсё складзецца добра, можам заняць высокае месца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальнай зборнай па футболу трэба браць прыклад з беларускiх гандбалiстаў, якiя паказалi, што такое камандная гульня |
|