Дзе прыватнiку-пчалаводу набыць насенне грэчкi?
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 «Я трымаю пчол, хацеў бы пасеяць грэчку. Падкажыце, дзе можна купiць насенне?» З такiм запытам на «гарачую» лiнiю газеты звярнуўся жыхар сталiчнай вобласцi Вiктар Патапчык. Як высветлiлася неўзабаве, пытанне гэта аказалася не такiм ужо i простым.У прыватнасцi, у мiнскiх магазiнах «Свет пчол» i «Пчалаводства», куды мы найперш звярнулiся, разважаючы, як падавалася, лагiчна, патрэбнага не было. I не бывае, патлумачылi прадаўцы. Не было насення грэчкi i ў некалькiх спецыялiзаваных магазiнах па продажы ўсяго неабходнага для агарода, саду, куды мы таксама патэлефанавалi. Звярнулiся на прадпрыемства «МiнскСортНасен-Агароднiна». Вынiк той жа — нулявы. Наступны адрас — аддзел насенняводства галiнаў раслiнаводства Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання. Паводле слоў спецыялiстаў, аптовыя партыi насення грэчкi па безнаяўнаму разлiку ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паступаюць. А вось каб у рознiчны гандаль для прыватных асобаў — наўрад цi. Прынамсi, дакладнай iнфармацыяй наконт гэтага спецыялiсты не валодалi. Адзiнае, падказалi нам, можа, якiя фермеры займаюцца насеннем? У аддзеле фермерства аблсельгасхарча нас зноў расчаравалi — няма такiх фермераў (калi толькi хто не займаецца гэтай справай выключна для ўласных патрэб). Больш-менш сiтуацыя з насеннем пачала высвятляцца толькi ў аддзеле раслiнаводства аблсельгасхарча. Паводле слоў спецыялiстаў, апошнiм часам назiраецца тэндэнцыя павелiчэння пасяўных плошчаў грэчкi ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах — як краiны, так i сталiчнага рэгiёна ў прыватнасцi. Напрыклад, сёлета па Мiнскай вобласцi грэчка заняла плошчу больш за 4 тысячы гектараў, што вышэй узроўню мiнулага года ў 5 разоў. Далей, да 2010 года будзе назiрацца павелiчэнне пасяўных плошчаў грэчкi, на яе ўведзены асобным радком у праграме «Збожжа» дзяржзаказ. Гэта, па-першае. Па-другое, летась з-за ўмоў надвор’я, якiя нагадваюць сёлетнiя, ураджайнасць грэчкi аказалася нiжэй узроўню папярэднiх гадоў. Таму сёлета недахоп насення адчувалi нават сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, у прыватнасцi, даводзiлася закупляць насенне за межамi краiны. Праз спецыялiзаваныя арганiзацыi фармiравалiся аптовыя партыi не менш за 20 тон. Дык дзе ўсё ж можна прыватнiку набыць насенне грэчкi? Цi можна ўвогуле? Паводле слоў спецыялiстаў, на гектар трэба 100—110 кiлаграмаў насення, адпаведна, на 10 сотак — 10—11 кiлаграмаў, або вядра паўтара. Можна звярнуцца ў сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе сеялi грэчку, можа, там засталiся рэшткi? Цi звярнуцца ў аб’яднанне пчалаводаў, магчыма, там прымуць заяўку. Iншыя варыянты наўрад цi верагодныя. «Хто будзе завозiць насенне ў гандаль, калi попыт на яго спецыфiчны, вельмi абмежаваны?» Варта яшчэ зазначыць, што ў прынцыпе тэрмiны сяўбы грэчкi ўжо прайшлi, але калi яна патрэбна менавiта для пчол, дык пасеяць яе яшчэ ў блiжэйшы час можна. Гэта калi атрымаецца набыць насенне. Калi ж не, раяць спецыялiсты, трэба шукаць побач з домам якую-небудзь гаспадарку, дзе цвiце грэчка цi iншая культура (памятаючы, што пчала лятае на адлегласць 1,5—2 кiламетры) i дамаўляцца з яе кiраўнiцтвам, што пчалавод будзе вывозiць пчол да такiх месцаў на платформе. Звычайна можна дамовiцца бясплатна, паколькi ў выйгрышы застаюцца абодва бакi — пчолы носяць мёд, iдзе апыленне раслiн. Праўда, ёсць сэнс вывозiць вуллi, калi трымаеш 15—20 пчаласем’яў (ды яшчэ маеш транспарт, дамовiшся з аховай iх цi будзеш сам пiльнаваць вуллi). Калi ўсё ж пчалавод вырашыў нешта сеяць, можна выкарыстоўваць i iншыя культуры — фацэлiю, рапс. Iх насенне якраз бывае ў спецыялiзаваных магазiнах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Я трымаю пчол, хацеў бы пасеяць грэчку. Падкажыце, дзе можна купiць насенне?» З такiм запытам на «гарачую» лiнiю газеты звярнуўся жыхар сталiчнай воб
|
|