Праполка буракоў — фiнансавая дапамога для школы...
Надзея НІКАЛАЕВА
Ліст у рэдакцыю «Паважаная рэдакцыя! Нядаўна я наведваў сваiх сваякоў i сяброў у Докшыцкiм раёне. А падставай звярнуцца ў газету стала сiтуацыя, якая мяне, напрыклад, збянтэжыла. Кiраўнiцтва Порплiшчанскай сярэдняй школы па дамове з мясцовым саўгасам узялося вырошчваць буракi. Школе перадалi 170 з лiшкам радкоў буракоў, кожны працягласцю больш як 500 метраў. Кiраўнiцтва школы размеркавала iх наступным чынам: за тэхнiчнымi работнiкамi замацавалi па 4 радкi, за настаўнiкамi — па 2 радкi, а вучням 8—10 класаў дасталося па 3 радкi. Дзецям праполка буракоў будзе залiчвацца замест практыкi, якую яны павiнны праходзiць у школе. Мне здаецца, што дзецi павiнны знаходзiцца на гэтай працы, як i на практыцы, не больш за 4 гадзiны, цi я памыляюся? У такiм разе колькi ж дзён iм трэба правесцi ў полi, каб прапалоць свае ўчасткi? Для дарослых была ўстаноўлена норма 1 радок у дзень. А будзе ж яшчэ i другая праполка, i трэцяя. А затым трэба будзе сабраць ураджай i здаць яго саўгасу. Бацькi сваiм дзецям дапамагчы не могуць, паколькi самi ўзялi ў саўгасе буракi, каб гаспадарка выдзелiла iм соткi для сенакосу. Каровы ёсць амаль што ва ўсiх сем’ях, i бацькi, у сваю чаргу, спадзявалiся на дапамогу дзяцей. Кiраўнiцтва школы не ўзгадняла з бацькамi сваё рашэнне, а цяпер i бацькi, i дзецi баяцца сказаць што-небудзь супраць. Старшакласнiкам трэба скончыць школу, да таго ж у многiх ёсць яшчэ малодшыя сёстры i браты. I iм таксама трэба вучыцца. Дзецям крыўдна яшчэ i ад несправядлiвасцi: iм незразумела, чаму настаўнiкам, чый водпуск па працягласцi мала ў чым саступае летнiм канiкулам, буракоў для праполкi выдзелiлi менш, чым вучням. Дзецi ж таксама жадаюць адпачыць. Кажуць, што заробленыя на праполцы буракоў грошы пойдуць у фонд школы. Але дзецям, напрыклад, сказалi сабраць грошы на фiранкi. Няўжо ж яны не заробяць за лета на пакупку ў клас фiранак? Маё прозвiшча прашу не называць, каб у школе не вылiчылi, чый сваяк паскардзiўся ў газету».Прызнаемся, што часцей за ўсё пытаннi, звязаныя з прыцягненнем школьнiкаў да сельгасработ, паступаюць у рэдакцыю восенню, калi ў краiне iдзе масавая ўборка ўраджаю. Прычым у апошнiя гады паток такiх скаргаў паступова змяншаўся. Каб праверыць выкладзеную ў лiсце iнфармацыю, мы звярнулiся ў Докшыцкi раённы аддзел адукацыi. Там нас запэўнiлi, што рашэнне аб заключэннi з саўгасам дагавора прымалася на педагагiчным савеце, прычым меркаванне бацькоў таксама ўлiчвалася. Кожнаму школьнiку было выдзелена па 2—3 радкi буракоў, настаўнiкам — па 2 радкi, а тэхнiчным работнiкам — па 6 радкоў. Для першай праполкi, якой папярэднiчала хiмапрацоўка, спатрэбiлiся 2—3 днi. Мяркуецца, што восенню школа атрымае за буракi 4—4,5 мiльёна рублёў. Для навучальнай установы гэта добрая фiнансавая дапамога. Журналiста «Звязды» прасiлi гэту тэму на старонках газеты не абвастраць. Маўляў, праца на сельгаспалетках для вясковых дзяцей — звыклая справа. Прычым ад такога супрацоўнiцтва вiдавочная карысць i саўгасу, якому патрэбныя рабочыя рукi, i школе. Вось толькi пра iнтарэсы дзяцей — нiводнага слова. Кожную восень вясковыя дзецi працуюць на ўборцы бульбы i морквы, вясной — на ўборцы камянёў. Пры гэтым вучэбную праграму нiхто для сельскiх школьнiкаў не скарачае, i засвойваць яе нярэдка прыходзiцца «галопам». Бясспрэчна, любому дзiцяцi — як гарадскому, так i вясковаму — трэба з дзяцiнства прывiваць навыкi працы. У той жа час кожная праца павiнна аплачвацца, каб дзiця з маленства ведала, якiх намаганняў каштуе капейчына, заробленая ўласнымi рукамi. У сiтуацыi, выкладзенай у лiсце, дзецi працуюць добраахвотна-прымусова. I дзецям, i iх бацькам вельмi цяжка быць «у апазiцыi» i да дырэкцыi школы, i да кiраўнiцтва гаспадаркi, у якой яны працуюць, хоць бацькi маюць права не адпускаць сваё дзiця на сельгасработы. Гэта пытанне рэгулюецца Пастановай Савета Мiнiстраў «Аб удзеле непаўналетнiх навучэнцаў у сельскагаспадарчых работах». Да таго ж калi ўзяць педагагiчны аспект, то таксама атрымлiваецца адмоўны эфект, якi можна было б папярэдзiць: нормы праполкi для дзяцей нельга было ўстанаўлiваць большыя, чым для iх настаўнiкаў. Дарэчы, сваiм бацькам таксама ж трэба дапамагчы. Застаецца толькi дадаць, што працягласць працоўнага часу для навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не можа перавышаць 4 гадзiн, а ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 6 гадзiн у дзень. Забараняецца праца навучэнцаў у неспрыяльных метэаралагiчных умовах (ападкi, тэмпературы паветра нiжэй плюс 10 цi вышэй 25 градусаў па Цэльсiю). У выпадку знаходжання месца працы на адлегласцi больш за 2 кiламетры ад месца вучобы цi пражывання навучэнцаў гаспадарка павiнна забяспечваць апошнiх транспартам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Паважаная рэдакцыя! Нядаўна я наведваў сваiх сваякоў i сяброў у Докшыцкiм раёне. А падставай звярнуцца ў газету стала сiтуацыя, якая мяне, напрыклад, |
|