Тры блiскучыя вынiкi на ЦТ па беларускай мове
Надзея НIКАЛАЕВА
На гэтым тыднi на сваю фiнiшную прамую выходзiць кампанiя па правядзенню цэнтралiзаванага тэсцiравання: апошнюю кропку ў ёй паставiць цэнтралiзаваны тэст-экзамен па замежных мовах i хiмii. Мiж iншым, у мiнулыя выхадныя былi абвешчаны вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай i рускай мовах. Прыемнай нечаканасцю сталi тры стобальныя вынiкi па беларускай мове. У кола стобальнiкаў трапiлi выхаванцы гiмназii № 1 г. Чэрвеня, лiцэя ў Крупках i сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў пасёлку Негарэлае. Летась, нагадаем, самым лепшым аказаўся вынiк у 98 тэставых балаў, якiя набралi толькi 2 чалавекi. А ў 2005 годзе галоўную «вяршыню» ў 100 тэставых балаў удалося пакарыць двум удзельнiкам тэсцiравання.
Увогуле высокiх адзнак сёлета набралася багата — 99 тэставых балаў атрымалi на ЦТ па беларускай мове 23 абiтурыенты, 98 балаў — 36 чалавек, 97 балаў — 31 чалавек, 96 балаў — 54 чалавекi i 95 балаў — 82 чалавекi. I ўсё ж такi пераважная колькасць удзельнiкаў тэсцiравання апынулiся ў дыяпазоне ад 40 да 46 балаў, а 14 балаў i менш, якiя не дазваляюць удзельнiчаць у конкурсе, атрымалi 7 працэнтаў ад агульнай колькасцi прайшоўшых тэсцiраванне. На цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па рускай мове 100 балаў набралi толькi два абiтурыенты (летась максiмальных вынiкаў было чатыры). На 99 балах «спынiлiся» 22 чалавекi. 41 чалавек набраў 98 тэставых балаў, 71 чалавек — 97 балаў, 95 чалавек — 96 балаў i 165 чалавек — 95 балаў. Не вытрымалi выпрабаванняў (набралi 14 балаў i менш) 4 працэнты ад агульнай колькасцi ўдзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай мове. У мiнулую пятнiцу ў Беларусi праходзiла цэнтралiзаванае тэсцiраванне па геаграфii — гэта адна з самых малаколькасных дысцыплiн уступных iспытаў. Усяго цэнтралiзаваны тэст-экзамен па геаграфii здавалi 1 тыс. 353 чалавекi. Здаваць тэсты па геаграфii на беларускай мове пажадалi 69 чалавек. 243 чалавекi, або 15 працэнтаў ад агульнай колькасцi зарэгiстраваных, на экзамен не з’явiлiся. У цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па фiзiцы, якое прайшло ў суботу, узялi ўдзел 46 тыс. 87 чалавек. I зноў жа 10 працэнтаў ад зарэгiстраваных, а гэта, мiж iншым, 6,2 тысячы чалавек, на экзамен не з’явiлiся. За розныя парушэннi ад удзелу ў тэсцiраваннi былi адхiленыя 14 чалавек. Найбольш часта прычынай выдалення абiтурыентаў з аўдыторый становяцца мабiльныя тэлефоны, якiя звоняць у сваiх гаспадароў непасрэдна падчас выпрабаванняў. Згодна з правiламi правядзення ЦТ, праносiць мабiльныя тэлефоны ў аўдыторыi, дзе праходзяць тэставыя выпрабаваннi, забараняецца. Да таго ж на тэсцiраваннi па матэматыцы i фiзiцы ў ход актыўна iдуць шпаргалкi. Адбiраюцца таксама ў юных «кулiбiных» i самаробныя перавагорныя прыстасаваннi... Дарэчы, 25 чэрвеня распачалася рэгiстрацыя для здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання ў рэзервовы дзень — 4 лiпеня. Рэгiстрацыю ажыццяўляюць Брэсцкi дзяржаўны тэхнiчны ўнiверсiтэт, Гродзенскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Я. Купалы, Вiцебскi дзяржаўны тэхналагiчны ўнiверсiтэт, Гомельскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя П. Сухога, Беларуска-Расiйскi ўнiверсiтэт i Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт. Дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў папярэдзiў, што зарэгiстравацца на рэзервовы дзень змогуць толькi тыя абiтурыенты, у якiх былi ўважлiвыя прычыны пропуску экзамену (захворванне цi iншыя непрадбачаныя абставiны), якiя яны змогуць пацвердзiць дакументальна. Але ўсё роўна ў рэзервовы дзень можна будзе здаць тэст-экзамен толькi па адной вучэбнай дысцыплiне. Для гэтага абiтурыентам давядзецца прыехаць 4 лiпеня ў Мiнск, дзе на базе Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта будзе праходзiць цэнтралiзаванае тэсцiраванне адначасова па 14 вучэбных дысцыплiнах. Абiтурыенты, якiя былi адхiленыя ад тэставых выпрабаванняў па прычыне парушэння правiлаў удзелу ў ЦТ, а таксама абiтурыенты, якiя атрымалi нiзкi тэставы бал i жадаюць яго палепшыць, выкарыстаць рэзервовае цэнтралiзаванае тэсцiраванне не змогуць. Рэгiстрацыя на рэзервовы дзень завяршаецца 30 чэрвеня.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэтым тыднi на сваю фiнiшную прамую выходзiць кампанiя па правядзенню цэнтралiзаванага тэсцiравання: апошнюю кропку ў ёй паставiць цэнтралiзаваны т
|
|