Дзень Незалежнасцi сёлета адзначаць з незвычайным размахам
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Напярэдадні Да святкавання ў Мiнску плануюць залiць лядовы каток, а ў ваенным парадзе прымуць удзел больш за 2700 чалавекПадрыхтоўка сталiчных вулiц i праспектаў да святкавання Дня Незалежнасцi ўжо завяршылася. З такiм размахам Мiнск упрыгожаны ўпершыню. Адзначаць святочную дату мiнчане i госцi, якiя завiтаюць паглядзець на ўрачыстасцi, будуць на працягу трох дзён. З першага па трэцяга лiпеня ўсiх чакаюць незвычайныя, вельмi прыгожыя, вясёлыя i цiкавыя мерапрыемствы. Адзначаць свята Незалежнасцi сталiца пачне 1 лiпеня ў дзевяць гадзiн ранiцы з маштабнага фiзкультурна-спартыўнага свята. Стала ўжо традыцыяй, што яно пройдзе на праспекце Пераможцаў. Спачатку — лыжаролерны забег, потым — выступленнi футбалiстаў, коннiкаў, гiмнастаў. Адначасова, паводле слоў начальнiка iдэалагiчнага ўпраўлення Мiнскага гарвыканкама Генадзя Курбекi, такiя ж спартыўныя выступленнi пройдуць i ў iншых гарадах Беларусi. «Спартыўнымi выступленнямi будзе ахоплены ўвесь праспект, аднак асноўныя падзеi разгорнуцца каля Палаца спорту. У час святкавання Дня Незалежнасцi мiнчане i госцi сталiцы змогуць убачыць i... фiгурыстаў i хакеiстаў на залiтай лядовай пляцоўцы пад адкрытым небам. Мы спадзяёмся, што ў такое спякотнае надвор’е атрымаецца залiць штучны каток». Асноўная падзея дня другога — урачысты сход i канцэрт у Палацы Рэспублiкi. Перад гледачамi выступяць зоркi эстрады, майстры мастацтва. У мерапрыемстве возьме ўдзел кiраўнiк дзяржавы. У канцэртнай зале «Мiнск» для ветэранаў вайны будзе наладжаны канцэрт «Лепшыя песнi аб галоўным». I, канешне ж, асноўная частка свята прыпадзе непасрэдна на 3 лiпеня. У дзесяць гадзiн ранiцы адбудзецца цырымонiя ўрачыстага ўскладання вянкоў да абелiска Перамогi, пасля чаго, ужо ў 11 гадзiн, ля абелiска «Мiнск — горад-герой», на скрыжаваннi праспектаў Пераможцаў i Машэрава пачнецца ваенны парад. У iм возьмуць удзел 2737 чалавек. Як расказаў ваенны камендант Мiнскай ваеннай камендатуры Анатоль Грыцаў, пройдуць парадныя разлiкi Ваеннай акадэмii, 120-й асобнай механiзаванай брыгады, 86-й брыгады сувязi, дэпартамента транспартнага забеспячэння Мiнiстэрства абароны, МНЗ, Дзяржаўнага камiтэта пагранвойскаў, МУС. З плац-парадам, па традыцыi, пройдзе i рота ганаровай варты. «Сто пяцьдзесят адзiн чалавек — удзельнiк плац-параду на працягу пятнаццацi хвiлiн пакажуць мiнчанам i гасцям сталiцы абноўленую «праграму», новыя прыёмы, перастраеннi», — расказаў Анатоль Грыцаў. Пасля гэтага адбудзецца спартыўна-маладзёжнае шэсце, у якiм будзе задзейнiчана больш за чатыры тысячы чалавек — школьнiкаў, прадстаўнiкоў грамадскiх аб’яднанняў. На месцы правядзення парада будуць усталяваны трыбуны, якiя змогуць умясцiць каля 17 тысяч чалавек. Увечары, прыблiзна ў дзевяць гадзiн, галоўным акордам свята прагучыць гала-канцэрт рэспублiканскай акцыi «За незалежную Беларусь». У выступленнях будуць задзейнiчаны Iрына Дарафеева, Якаў Навуменка, Iна Афанасьева, Дзмiтрый Калдун, Руслан Аляхно. Прыедуць i Валерый Лявонцьеў, Аляксей Гоман, Анжалiка Агурбаш, Наталля Падольская. Гледачам прадэманструюць вiдэа-лазернае шоў, агнявую iнсталяцыю, пiратэхнiчны балет i водную феерыю пад агульнай назвай «пляцовачны спектакль». У 23.00 усе, хто збярэцца каля абелiска, змогуць разам праспяваць дзяржаўны гiмн Беларусi, i ў фiнале ў неба запусцяць залпы салюту, не з двух, як традыцыйна, а з трох салютных установак. Дарэчы, сiламi Мiнскага гарвыканкама будзе забяспечана, калi спатрэбiцца, медыцынскае абслугоўванне i ахова парадку. Грамадскi транспарт будзе працаваць у падоўжаным рэжыме, да ночы. Акрамя таго, святам будуць ахоплены i iншыя пляцоўкi горада. Каля Нацыянальнай бiблiятэкi з 13 да 22 гадзiн 3 лiпеня будзе наладжана святочная праграма, а сярод дзяцей i падлеткаў Першамайскага раёна на працягу трох дзён правядуць спаборнiцтвы па мiнi-багi. Перад Камароўскiм рынкам, каля Фiлармонii, палаца Чыгуначнiкаў i ў iншых вядомых месцах Мiнска ўсiх чакае святочная праграма. А ў лiтаратурным музеi Янкi Купалы 1 лiпеня будзе дэманстравацца рээкспазiцыя «Купала i вайна. 1942 год», а на трэцi дзень свята пройдзе перасоўная выстава «Клiчу вас я на Перамогу».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да святкавання ў Мiнску плануюць залiць лядовы каток, а ў ваенным парадзе прымуць удзел больш за 2700 чалавек |
|