БЕЛАЯ ПАЛКА I АЗБУКА БРАЙЛЯ
Iрына ЛЯШКЕВIЧ, студэнтка факультэта журналiстыкi БДУ.
Калi я збiралася iсцi ў грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства iнвалiдаў па зроку», мяне наведвалi супярэчлiвыя пачуццi. Да гэтага часу я нi разу не сустракалася са сляпымi або слабавiдушчымi людзьмi. Якiя яны? Як правiльна паводзiць сябе сярод iх? Цi ёсць нешта асаблiвае пры зносiнах з iмi?
Аднак мае перажываннi былi дарэмнымi. Увайшла ў будынак БелТIЗ, першае, што кiнулася ў вочы — выстаўка карцiн. Як потым я даведалася, усе яны былi намаляваны iнвалiдамi па зроку. Загадчыца музея Беларускага таварыства iнвалiдаў па зроку Ала Мiкалаеўна Iваненка разбiрала пошту. З усёй Беларусi сюды дасылаюць вершы i прозу сляпыя або слабавiдушчыя людзi. «Трэба шукаць спонсарскiя сродкi, каб выдаць зборнiк», — гаворыць Ала Мiкалаеўна. На дадзены момант у Беларусi 19 621 iнвалiд па зроку. I гэта людзi зусiм розных узростаў: ад немаўлят да пажылых людзей. У нашай краiне iснуе 6 спецыяльных школ для сляпых i слабавiдушчых дзяцей (Гродна, Шклоў, Жабiнкi, Васiлевiчы, Мiнск, Маладзечна). У iх вучацца 723 чалавекi. Вучнi гэтых устаноў вывучаюць такiя ж прадметы, як i ўсе звычайныя, нармальныя дзецi. Рознiца толькi ў спосабе навучання. Выкарыстоўваюць спецыяльнае рэльефнае пiсьмо Луi Брайля. А таксама iснуе спецыяльны прадмет — карэкцыйная работа, на якiм слабавiдушчым дзецям дапамагаюць арыентавацца ў прасторы, адрознiваць колеры, формы прадметаў. «Бо яны могуць жыццё пражыць i не ведаць, што гузiк можа быць не толькi круглым або авальным, але i, напрыклад, конусападобным», — гаворыць Ала Мiкалаеўна. I сацыяльная працоўная арыентацыя — спецыяльны ўрок, на якiм вучаць хадзiць з палкай. Далей, калi ёсць жаданне i магчымасць, пасля школы маладыя людзi могуць паступаць у ВНУ. Для такiх абiтурыентаў дзейнiчаюць iльготы. Iм дастаткова здаць экзамены на мiнiмальны бал i iх залiчаць у ВНУ. Як i ўсе, гэтыя студэнты наведваюць лекцыi, але выкарыстоўваюць дыктафоны, ходзяць у бiблiятэкi для сляпых i слабавiдушчых, i таксама карыстаюцца Iнтэрнэтам, каб скачаць рэфераты. У Гродне ёсць медыцынскае вучылiшча, у якiм адкрыта спецыяльнае аддзяленне для людзей з дэфектам зроку (I i II групы iнвалiднасцi). Рыхтуюць тут спецыялiстаў-масажыстаў. Акрамя гэтага, у слабавiдушчых або сляпых ёсць магчымасць закончыць спецыяльныя курсы, пасля якiх яны могуць працаваць аператарамi ЭВМ, на Белтэлекаме. «Але гэта, як правiла, слабавiдушчыя. А вось зусiм сляпых у iншых арганiзацыях могуць проста не прыняць», — гаворыць Ала Мiкалаеўна. Цi кожны кiраўнiк пагодзiцца ўзяць да сябе сляпога або слабавiдушчага чалавека?! Ёсць, праўда, яшчэ адзiн варыянт для сляпога чалавека — уладкавацца на вучэбна-вытворчае прадпрыемства таварыства сляпых, калi там ёсць вакансii. А што рабiць, калi iх няма? Жыць на пенсiю па iнвалiднасцi, якой не хапае нават на звычайнае пражыццё? Людзi, якiя страцiлi зрок, могуць працаваць i зарабляць. Iм гэта зрабiць складаней, чым астатнiм, але ўсё ж гэта рэальна. Дык навошта ж пазбаўляць iх такой магчымасцi?! Мы не хочам заўважаць людзей з недахопамi зроку. I робiм усё, каб паспрабаваць забыцца пра iх iснаванне. Жывём у ХХI стагоддзi, а ўсё роўна падзяляем людзей на паўнацэнных i iнвалiдаў! «Як нi сумна, праблематычныя для сляпых перамяшчэнне па вулiцах, паездка ў транспарце, пакупкi ў магазiнах, — расказвае Ала Мiкалаеўна. — Ды яшчэ не ўсе слабавiдушчыя ходзяць з палкай. Па гэтай прычыне таксама здараюцца непрыемныя гiсторыi. Напрыклад, у метро, бывае, iдуць такiя людзi, якiя акрамя сябе нiкога не заўважаюць. Яны натыкаюцца на сляпога i не разумеюць у чым справа». Паводле слоў Алы Мiкалаеўны, у магазiнах таксама сустракаюцца нядобрасумленныя людзi, якiя могуць падмануць, i гэта непазбежна. «Але ўсё ж такое бывае не часта! I гэта радуе!» — патлумачыла нам Ала Iваненка. Людзi забываюць, што страта зроку — гэта лёс, злы рок. Мы не ведаем, што можа адбыцца з намi заўтра або нават праз хвiлiну. Быў чалавек здаровы, працаваў, вёў звычайны лад жыцця. Але ў адзiн з вечароў, калi ён вяртаўся на машыне дадому пасля работы, сутыкнуўся з аўтамабiлем. У вынiку страсенне мозгу i поўная страта зроку. Прычыны страты зроку могуць быць не толькi набытымi, але i прыроджанымi. Гэта можа аказаць як уплыў Чарнобыля, так i, напрыклад, цукровы дыябет. Такiя рэчы не прадказальныя. На жаль, генетыка на гэтым этапе свайго развiцця не можа патлумачыць усе прычыны страты зроку. Людзi слабавiдушчыя або сляпыя сутыкаюцца з многiмi праблемамi. Адна з iх — застацца адзiнокiм. Аднак ёсць i выключэннi. Напрыклад, Вадзiм Мiхайлавiч Iваноў, член Цэнтральнага праўлення ГТ БелТIЗ, ужо 21 год працуе ў гэтай арганiзацыi. На дадзены момант ён таксама вырашае пытаннi арганiзацыi работы па маральнаму, этычнаму, эстэтычнаму выхаванню ў сiстэме грамадскага аб’яднання. А калiсьцi было ўсё па-iншаму. Яго жыццё змянiлася ў 1985 годзе. Маладога афiцэра адправiлi на вайну ў Афганiстан. Падчас ваеннай аперацыi ён атрымлiвае цяжкое раненне. У вынiку — страта зроку. А далей 4 месяцы рэабiлiтацыi ў тады яшчэ ленiнградскiм ваенным шпiталi i вяртанне ў Мiнск. Аднак Вадзiму Мiхайлавiчу пашанцавала. Дома яго чакала каханая дзяўчына, якая потым стала яго жонкай i нарадзiла яму дзвюх чароўных дачок. Канешне, Вадзiм Мiхайлавiч сутыкнуўся з мноствам праблем, але побач з iм заўсёды знаходзiлiся дарагiя i любiмыя яму людзi. Было цяжка, але яны дапамагалi i не пакiдалi яго. Галоўнае не баяцца цяжкасцяў, а пераадольваць iх. Калi лёс звядзе вас са сляпым чалавекам, ведайце, што ён такi ж, як i вы: жыве ў адным свеце з вамi, з тымi ж пачуццямi, думкамi, клопатамi. Яму таксама хочацца цешыцца жыццём, радавацца кожнай пражытай хвiлiне. I яму зусiм не патрэбна ваша жаласць, спачувальны погляд. Iм трэба разуменне i добрыя адносiны, як i ўсiм жывучым на гэтай зямлi. 1. У свеце каля 50 мiльёнаў iнвалiдаў па зроку. 2. Датай стварэння ГА «Беларускае таварыства iнвалiдаў па зроку» (ГА «БелТIЗ») лiчыцца 23 лiстапада 1924 года. 3. У Беларусi iснуе 17 спецыялiзаваных бiблiятэк. Яны ўтрымлiваюцца за кошт уласных сродкаў устаноў пры ўнiтарных прадпрыемствах таварыства (г. Мiнск, вул. Якубоўскага, 52). 4. Музей гiсторыi ГА «БелТIЗ» на грамадскiх пачатках адкрыты ў маi 1982 года (г. Мiнск, вул. Амуратарская, 7). Тэл. (+375 17) 223-11-81. ГА «БелТIЗ» выдае штомесячны часопiс «Таварыш». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi я збiралася iсцi ў грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства iнвалiдаў па зроку», мяне наведвалi супярэчлiвыя пачуццi. Да гэтага часу я нi раз
|
|