НАШЫ ЛЮДЗI Ў ВIЦЕБСКУ
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Упершыню гран-пры «Славянскага базару» застаўся дома, у Беларусi, у 2003 годзе — тады перамогу атрымаў Максiм Сапацькоў. За iм два гады запар, без перапынку, трыумф святкавалi Пётр Елфiмаў i Палiна Смолава. Летась гэты ланцуг быў перарваны, i перамога дасталася расiйскай спявачцы, пратэжэ Льва Лешчанкi Аксане Багаслоўскай. Цi ўдасца сёлета беларускiм канкурсантам — а канкурыраваць iм давядзецца з 20 прадстаўнiкамi з 18 краiн свету — прадоўжыць традыцыю, мы даведаемся зусiм хутка, а пакуль пазнаёмiмся з нашымi ўдзельнiкамі больш падрабязна.
Беларуская нацыянальная страва з рок-прысмакам Георгiй КАЛДУН прызнаецца, што дзеля цiкавасцi зайшоў на сайт фестывалю i завочна пазнаёмiўся са сваiмi будучымi канкурэнтамi. «Аказваецца, яны там усе лаўрэаты розных конкурсаў, i многiя маюць вельмi багаты вопыт выступленняў на сцэне. Я на гэтым фоне выглядаю, мякка кажучы, сцiпла. Але тым цiкавей будзе пазмагацца — выйсцi i паказаць, што ты на нешта здатны, нягледзячы на ўсе рэгалii i званнi, прафесiяналiзм iншых удзельнiкаў», — мяркуе спявак. ДАСЬЕ Нарадзiўся 9 снежня 1976 года ў Мiнску. Скончыў геаграфiчны факультэт БДУ (той жа, на якiм вучылiся абодва яго бацькi) i нават 2 гады прабыў у аспiрантуры, пазней выкладаў геаграфiю i экалогiю ў старэйшых класах, пакуль канчаткова не «пераквалiфiкаваўся ў артысты». Музычнай адукацыi выканаўца так i не атрымаў — затое дзякуючы бацьку вырас на рок-класiцы «Deep Purple», «Aerosmith», «Led Zeppelin» i навучыўся iграць на рытм-гiтары. Менавiта тату Георгiй заўжды называе галоўным чалавекам, якi прывiў не проста схiльнасць, а сапраўдную любоў да музыкi. З таго часу Жора, па-першае, палка любiць рок, па-другое, аддае перавагу жывому выкананню, а па-трэцяе, стараецца ва ўсiм прытрымлiвацца дэвiзу «Рабiць добра або не рабiць увогуле». Творчыя дасягненнi: трапiў у фiнальную пятнаццатку нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2005», у 2005 i 2006 годзе даходзiў да паўфiналу конкурсу маладых выканаўцаў «Новая хваля». Аб чым не любiць гаварыць: аб чырвоным дыпломе, атрыманым у ВНУ, i званнi «Суперфотамадэль Беларусi», заваяваным падчас работы ў мадэльным агенцтве. Зараз: актыўна выступае на самых розных пляцоўках — сольна i ў складзе гурта «Hush», працуе ў складзе «Тэатра песнi Iрыны Дарафеевай», разам з напарнiкам i сябрам Паўлам Шастаковым вядзе ранiшнiя эфiры па выхадных на «Альфа Радыё», упершыню ў жыццi здымаецца ў кiно — у шматсерыйнай карцiне Дзмiтрыя Астрахана «Iга кахання». На працягу года плануе выпусцiць свой першы сольны альбом. Толькi лянiвы не параўноўваў Георгiя i Дзмiтрыя Калдуноў, у вынiку «дастаўшы» гэтымi параўнаннямi абодвух. Прыблiзна падобны тэмбр i манера выканання, прыкладна аднолькавы вобраз i аўдыторыя, ды яшчэ «раскручвацца» пачалi амаль сiнхронна. Хлопцы на ўсё гэта кiваюць — i працягваюць працаваць, кожны па-свойму. У кантэксце «Славянскага базару ў Вiцебску» спявак не праводзiць нiякiх паралеляў з «Еўрабачаннем» — гэтыя конкурсы i iх мэты занадта розныя. А Дзiма i Жора — як нi круцi, родныя браты, i адзiн аднаго заўжды падтрымлiваюць. На тым усё. Кропка. На конкурсе Георгiй выканае абедзве песнi на беларускай мове — кажа, загадзя гэтага не планаваў, проста так супала, што менавiта яны прынеслi перамогу на адборачным туры. У першы дзень прагучаць «Дзве душы» Юрыя Багаткевiча i Леанiда Пранчака — не вельмi раскручаная, але меладычная i лiрычная песня, апрацаваная «пад рок». Другая кампазiцыя выклiкала мноства спрэчак — бо гэта легендарная мулявiнская «Малiтва», якую на словы Янкi Купалы некалi спецыяльна для галоўнага «Песняра» напiсаў кампазiтар Алег Молчан. (Апошнi даволi доўга не прызнаваў права на iснаванне нiякiх iншых версiй, акрамя мулявiнскай — давялося выканаўцу настаяць на сустрэчы i паказаць, што прапануе ён. Кампазiтар застаўся ў задавальненнi i радасным здзiўленнi: «Вы б хоць папярэдзiлi, што так можна», — i нават пагадзiўся дапамагаць канкурсанту ў падрыхтоўцы.) — А да спецыялiстаў, напрыклад, па акцёрскаму майстэрству ты не звяртаўся? Усё ж многiя папракаюць цябе менавiта скутасцю на сцэне... — Я вельмi рады, што многiя людзi ўключылiся ў працэс падрыхтоўкi. Алег Молчан параiў, як лепш падаць «Малiтву», рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў (муж актрысы Валерыi Арланавай, «саўдзельнiцы» спевака па тэлепраекту «Дзве зоркi» — Аўт.) дапамагае з пастаноўкай нумара. Ну i, канешне, займаюся з фанiятарам Жаннай Раманавай, яна цудоўны спецыялiст, плюс браў некалькi ўрокаў па вакалу ў Алены Шведавай. Я ўвогуле больш хвалююся не за тое, каб «спецца» з аркестрам для выканання жыўцом — за 4—5 рэпетыцый, думаю, асвоюся, прызвычаюся да таго гуку, якi будзе непасрэдна на вiцебскай сцэне. Трэба, каб у фiзiчным i маральным сэнсе я быў здаровы, камфортна адчуваў сябе. — Выйсцi i добра выканаць песню — гэта толькi палова справы, трэба яшчэ яе — i сябе — правiльна паднесцi. Пра сцэнiчны ўбор загадзя што-небудзь раскажаш? — Падчас выступлення я пастараюся максiмальна адпавядаць вобразу песнi. Дзяжурны варыянт касцюма, напрыклад, для выканання «Малiтвы» — светлы, з натуральнай тканiны, класiчны з элементамi сучаснасцi. Таксама была прапанова выкарыстаць некаторыя элементы нацыянальнай сiмволiкi. Не будзе нiчога вычурнага i звышпафаснага, тут галоўнае — не перайграць. — Дарэчы, пра «iграць». Як ты паспяваеш сумяшчаць выступленнi, падрыхтоўку да конкурсу i здымкi ў фiльме Астрахана? — Ну, неяк паспяваю... (Смяецца.) У мяне не такая вялiкая роля, каб быў пастаянна заняты на здымках. Мой герой, малады акцёр правiнцыйнага тэатра XIX стагоддзя, увогуле з’яўляецца ў карцiне толькi ў дзвюх апошнiх серыях. Па сюжэту, акцёр закахаецца ў галоўную гераiню, прыезджую прыму, але ўсе разумеюць, што нiчога добрага з гэтага не выйдзе — i ў вынiку малады чалавек, не вытрымаўшы закулiсных iнтрыг, здаецца, павiнен звар’яцець, што для мяне як мiнiмум нетыпова. Не магу сказаць, што вельмi ўпэўнена адчуваю сябе на здымачнай пляцоўцы, але ў гэтым сэнсе цалкам давяраю рэжысёру, раблю, як ён просiць. На час удзелу ў «Славянскiм базары ў Вiцебску» Георгiй узяў на радыё водпуск i цалкам паглыбiўся ў рэпетыцыi i творчы перадконкурсны мандраж. На будучае месца не загадвае, жадае толькi выступiць як мага лепш, на поўную моц. Вельмi спадзяецца здзiвiць публiку — не «спецэфектамi» наконт сарта-мартале цi глытання шпаг, а вакалам i манерай выканання. I вельмi не вiтае, калi яго параўноўваюць з «iснуючымi ўзорамi» — дзеля таго, каб гэтага пазбегнуць, прынцыпова не «свяцiў» конкурсныя песнi загадзя. Зрэшты, параўноўваць усё адно будуць — па-першае, з сербкай Марыяй Шэрыфавiч, якая менавiта з «Малiтвай» (хоць i не той самай) пакарыла «Еўрабачанне-2007», па-другое, з расiйскiм канкурсантам Радзiвонам Роўсам (Бабаянам), якi абраў для выступлення песню на беларускай мове — i таксама з рэпертуару «Песняроў», «Зачараваную». Малыя, ды ўдалыя На дзiцячым музычным конкурсе песнi «Вiцебск-2007» Беларусь прадставяць 9-гадовая Крысцiна Святлiчная i 11-гадовы Андрэй Кунец. Хоць Крысцiна i займаецца ў студыi Барыса Асмалоўскага — ўзорным тэатры эстраднага мастацтва «Каларыт» — усяго 2 гады, у яе творчай скарбонцы ўжо ёсць важкiя дасягненнi: I прэмiя Мiжнароднага конкурсу краiн СНД i Балтыi, гран-пры Мiжнароднага фестывалю дзiцячай песнi «Джурджэван-2007» (Боснiя i Герцагавiна), а таксама перамога ў адборачным туры гарадскога конкурсу «Белая Русь-2007». Дзяўчынка паспяхова сумяшчае вучобу ў агульнаадукацыйнай i музычнай школах, а яшчэ выступае ў мюзiкле «Брэменскiя музыканты», што iдзе на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Мала таго — Крысцiна Святлiчная паспела запiсаць песню для кiнафiльма АленыТуравай «Навагоднiя прыгоды ў лiпенi», што зняты на «Беларусьфiльме», а ў хуткiм часе плануе выдаць свой сольны альбом, куды трапяць 16 рознахарактарных песень. У Вiцебску спяе кампазiцыi «Ах, вясна!», напiсаную сваiм мастацкiм кiраўнiком, i «Эта птица». Андрэя Кунца двойчы прадстаўляць не трэба: трэцi запар прадстаўнiк Мазыра, якi спрабаваў пакарыць дзiцячае «Еўрабачанне», i спынiўся ўсяго на другой прыступцы. Лаўрэат i дыпламант многiх рэспублiканскiх i мiжнародных конкурсаў. Сёлета стаў уладальнiкам Гранд-прэмii Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Беларусi па падтрымцы таленавiтай моладзi. Працягвае займацца вакалам з мастацкiм кiраўнiком Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя У. Мулявiна, заслужаным дзеячам культуры Беларусi Святланай Стацэнка. I спыняцца на гэтым не збiраецца. У конкурсе выканае адну спакойную песню патрыятычнага зместу, каб паказаць свае вакальныя даныя, i адну жвавую, у стылi рэгi — «Сябруюць усе».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню гран-пры «Славянскага базару» застаўся дома, у Беларусi, у 2003 годзе — тады перамогу атрымаў Максiм Сапацькоў. За iм два гады запар, без пер |
|