МУЗЫЧНЫЯ КАРУНАЧКI АД ПЯВУННI ГАННАЧКI
Ларыса ЦIМОШЫК.
Ганна Благава на конкурс у Вiцебск едзе ў баявым настроi. Яна ведае, чаго вартыя конкурсныя выступленнi i што значыць, калi цябе адзначаюць сярод iншых. Ганну было за што адзначаць, прычым з дзяцiнства. З 15 гадоў яна пачала сама пiсаць музыку i свае песнi. I ўсiм стала зразумела: гэта ў яе вельмi сур’ёзна.
У фiнал «Фэсту маладых» Ганна праходзiла. Але далей — трэба браць вышэй. Напрыклад, летась Ганна здабыла Гран-пры мiжнароднага конкурсу «Лета — Друскiнiнкай», што адбываецца ў Лiтве. Яна ўвогуле прыкметная дзяўчына, адна з тых маладых артыстак, якiя да спеваў падыходзяць з розумам. А ў спалучэннi з талентам — гэта магутная сiла. Прымяненне гэтай сiле Ганна знайшла — пасля тэатра песнi Iрыны Дарафеевай, яна прыйшла працаваць салiсткай Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. А тут цэняць прафесiйны падыход. У Ганны з гэтым усё ў парадку: музычная школа, Наваполацкае музычнае вучылiшча за плячыма, а цяпер яна шлiфуе свой вакал на эстрадным аддзяленнi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры. Але яна яшчэ i адкрытая дзяўчына, якая шчыра перажывае за поспех справы... — Вы ўжо прайшлi праз шмат конкурсаў, якiя прыносiлi вам у тым лiку i перамогi. Якiм чынам на «Славянскiм базары» будзеце ўлiчваць вопыт папярэднiх выпрабаванняў? — На самай справе кожны ўдзел у конкурсе дае толькi станоўчы вопыт. I я зараз кажу не столькi аб прэмiях i занятых месцах. Вопыт артыста напрацоўваецца з часам. Кожны выхад на сцэну нечаму вучыць i з кожным разам выходзiць на сцэну становiцца лягчэй, ты разумееш, што трэба ўлiчваць усё — тут дробязяў не бывае, таму што на сцэне ўсё адразу бачна. Ты робiш высновы, ведаеш, на што трэба звярнуць увагу наступным разам, нават з’яўляюцца нейкiя свае рытуалы... — Напэўна, вы разумееце, што на конкурсе «Славянскага базару ў Вiцебску» важна «патрапiць у яблычак» з песнямi. З кiм вы раiлiся, калi выбiралi свой конкурсны рэпертуар? — Шмат разоў мой рэпертуар мяняўся. Я многа думала, разважала над тым, што павiнна выконваць, пакуль не выкрышталiзавалася тое, што мне найбольш падыходзiць, самой падабаецца i, здаецца, будзе выйгрышным. Мне, канешне, дапамагалi. Найперш я раiлася з кiраўнiком Нацыянальнага канцэртнага аркестра, дзе зараз працую. Меркаванне Мiхаiла Якаўлевiча Фiнберга для мяне было важным, таму што ён выдатна разумее, якiм павiнна быць конкурснае выступленне. Дапамагала спявачка Таццяна Глазунова. Увогуле, мне дапамагала рыхтавацца вялiкая дружная каманда. Песнi, на якiх у вынiку спынiлася, мне самой вельмi падабаюцца, яны блiзкiя майму характару, маёй натуры. Але збiраюся i здзiвiць. Разам з аркестрам я буду спяваць песню «Зачакай» на ўкраiнскай мове, з рэпертуару народнай артысткi Украiны Таiсii Павалiй. Гэта твор еўрапейскага фармату. Насамрэч, я люблю музычныя каруначкi i банцiкi. Гэта песня для мяне i пра мяне. Але песня, якую я праспяваю пад фанаграму «мiнус адзiн», — не зусiм у маiм стылi. Мяне ведаюць у iншым вобразе. Але, спадзяюся, зразумеюць, чаму i дзеля чаго я рашылася яго змянiць. Праўда, пакуль што мне не хацелася б раскрываць яго сутнасць. Зрабiць гэтую песню мне дапамог аранжыроўшчык i кампазiтар Святаслаў Пазняк. Яго аранжыроўка зведзена ў Маскве. Усё зроблена па-майстэрску, адпавядае вобразу, якi хочацца стварыць. I ў мяне ёсць настрой на гэта. — А цi не хацелася рызыкнуць на конкурсе з песняй уласнага сачынення? — Так, я пiшу песнi. I жаданне такое ў мяне было... Але, ведаеце... Дакладна скажу, што сюрпрыз для слухачоў будзе — i мне цяжка нават уявiць, як гэты «цёмны конiк» адыграе, як будзе ўспрыняты. Не хачу да часу раскрываць усяго... — Вобраз дапамагае стварыць i сцэнiчны касцюм. Каму з дызайнераў вы даверылiся ў гэтым? — Канешне, сустракаюць па вопратцы. I першы выхад вельмi важны — па iм цябе пазнае публiка, па iм жа ўспрымае спачатку i журы, ёсць жа адчуванне ад першага ўражання. Таму касцюм павiнен не проста мяне ўпрыгожваць, але найперш падыходзiць да песнi i пры гэтым адпавядаць майму ўзросту. Каб я не выглядала занадта дарослай цi, наадварот, вельмi юнай. Каб у iм было ўсё ў меру: прыгожа, з гонарам, з сэнсам. Спалучыць гэтыя якасцi мне дапамаглi вядомыя беларускiя дызайнеры сёстры Парфяновiч. Бачыце, як многа людзей, якiя мне дапамагалi рыхтавацца да конкурсу! А яшчэ ж не абышлося без парад матуляў, татаў, бабуляў i, канешне, мужа, якi ў вынiку ўсё ацэньваў. — Перад «Славянскiм базарам у Вiцебску» вы змянiлi свой папярэднi псеўданiм Анiка. Спецыяльна для конкурсу? — Iмя Анiка, я лiчу, мне падыходзiла на той перыяд жыцця, калi я 19-гадовай дзяўчынай прыехала ў Мiнск i толькi пачынала як артыстка. Iмя трошкi задорнае, арыгiнальнае. Але я вырашыла з iм развiтацца, таму што... пасталела. Зараз я ўжо iншы чалавек. Працую ў сур’ёзным калектыве, з такiмi выдатнымi музыкантамi. Змянiлася i маё светаадчуванне, i мае адносiны да творчасцi. Хачу, каб мяне ўспрымалi як сур’ёзную спявачку, i не тых песень, пад якiя можна паскакаць, а песень з сэнсам, якiя вымушаюць перажываць. Благава — гэта дзявочае прозвiшча маёй мамы. Адчуваю, што мне яно таксама падыходзiць. Думаю, iмя я змянiла своечасова, яшчэ i таму, што «Славянскi базар» — той конкурс, калi дзiцячасць трэба пакiнуць дома. — Як вы думаеце, дзе больш за ўсё будуць за вас «хварэць»? — Мае бацькi жывуць у Наваполацку, там у мяне шмат прыхiльнiкаў. Я сама нарадзiлася ў Полацку, на старажытнай беларускай зямлi, адчуваю, што яна мяне цу-доўна падсiлкоўвае. Такiм чынам, Вiцебшчына для мяне — родная старонка, i я спадзяюся на падтрымку сваiх землякоў. Ведаю, што спецыяльна прыедуць прыхiльнiкi з Мiнска i iншых рэгiёнаў Беларусi, дзе ў мяне ёсць аднадумцы. — На рэпетыцыях у вас ужо была магчымасць ацанiць iншых канкурсантаў. Напэўна ж, узважылi свае шанцы? — Вядома, нельга недаацэньваць сваiх канкурэнтаў. На рэпетыцыi з аркестрам я вылучыла расiянiна Радзiвона Роуса (за яго падрыхтоўкай стаiць вядомая спявачка Iрына Оцiева). Спадабалася дзяўчына з Украiны Наталля Краснянская i Ганна Мiленкавiч з Сербii. Было вельмi годна, як мне падалося, i пераканаўча — часам мароз прабягаў па скуры. Але ж i мы, беларусы, таксама не лыкам шытыя... — За некалькi тыдняў да конкурсу вы прымусiлi пахвалявацца: узнiклi праблемы з голасам... — Прыйшлося яму даць трошкi адпачыць. Канешне, нагрузка была вялiкая — канцэрты, фестывалi i падрыхтоўка да конкурсу, усё гэта i дадатковыя хваляваннi. Але нiчога, цяпер усё настроiлася i я ў поўным парадку. Што сапраўды хвалюе — каб маё выступленне было годным. У мяне рашучы настрой. Толькi на перамогу — яна патрэбна нашай краiне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ганна Благава на конкурс у Вiцебск едзе ў баявым настроi. Яна ведае, чаго вартыя конкурсныя выступленнi i што значыць, калi цябе адзначаюць сярод iншы
|
|