Дажджы над нiзiнамi
Алесь КАСЦЕНЬ.
Мой родны Пастаўскi раён паўднёвай сваёй часткай размяшчаецца на Свянцянскiх градах, а паўночнай у Полацкай нiзiне. Нiзiна гэта вялiкая, па цячэнню ракi Дзiсна да Полацка, а потым паабапал Заходняй Дзвiны ледзь не да Вiцебска. У нiзiнных гаспадарках раёна самi ўмовы землекарыстання адрознiваюцца ад тых, што размяшчаюцца на градах. Тут i сеяць пачынаюць значна пазней, але асаблiва цяжка даводзiцца ў час залiўных дажджоў, такiх, якiя нядаўна наведалi ўсю Беларусь.
Але паглядзеў на фiзiчную карту нашай краiны: якой бы вялiкай нi была Полацкая нiзiна — з Палескай яе i параўнаць нельга. Апошняя займае вялiзныя абшары, вiдаць, пад трэць Беларусi. Зусiм нядаўна пазванiў былы аднакурснiк па Белдзяржунiверсiтэту Сцяпан Нефiдовiч. Жыве ён у Брэсцкай вобласцi Лунiнецкага раёна, у вёсцы Любань, гэта Прыпяцкае Палессе, да ракi ўсяго некалькi кiламетраў. I мая Дзiсна ў параўнаннi з Прыпяццю выглядае практычна ручаiнай. Там усё буйнейшае, на жаль, i наступствы нядаўняй непагадзi таксама непараўнальна большыя. Нефiдовiч расказаў: — Пяць дзён панаваў тут цыклон з пралiўнымi, даўно нябачанымi, дажджамi. Захапiў не толькi Лунiнеччыну, але i суседнiя Ганцавiцкi, Столiнскi, iншыя раёны. Выварочвала дрэвы, многiя вёскi засталiся без электрычнасцi, на ўзгорках пасевы збожжа — нiбы ўкатаныя. Але яшчэ больш шкоды прынесла вада. Ёй залiтыя нiзiны, палi, агароды, сенажацi. Вельмi вялiкая праблема з выпасам кароў: паша пад вадой. Я размаўляў з дырэктарам Палескай доследнай станцыi мелiярацыянага земляробства i лугавой гаспадаркi А. Семлiчэнкам. Той зазначае, што за пяць дзён выпала 200 мл ападкаў пры месячнай норме 75. Стан крытычны, i без дапамогi дзяржавы гаспадаркi не пераадолеюць вынiкi стыхii. А ў краме людзi таксама бядуюць па сваiх пасевах, па тым, што большасць з iх прападзе. Таксама без дапамогi цяжка выкараскацца. — Сцяпан, а як твая гаспадарка, як маецца пенсiянеру? — Ёсць конiк, якi працуе на мяне i на сыноў, што жывуць недалёка. Ёсць карова, двое свiней, куры. А зямлi 60 сотак, кавалак нават над Прыпяццю. I ў мяне вада нарабiла клопату, Прыпяць таксама разлiваецца, а цяпер вось i з неба дало. — Некалi, у тым лiку i ў гады нашай вучобы ва ўнiверсiтэце, вёска Любань была вядомая на ўсю Беларусь, а, можа, i далей. Калгас «Новае Палессе» лiчыўся ўзорным, не паказальным, а менавiта ўзорным, дзе людзi працавалi вельмi шчыра, а клопат пра iх быў таксама шчырым. Як цяпер? — Ранейшага, зразумела, няма. Сказваюцца тыя гады, тыя праблемы, якiя ў свой час прынесла перабудова i яе наступствы, развал СССР. Амаль напалову зменшылася насельнiцтва вялiкай, не па вашых, вiцебскiх, а нават па палескiх мерках вёскi. Тут дзве прычыны — iдзеш ранiцой, а на дызель з вёскi спяшаюцца i спяшаюцца людзi — хто ў Лунiнец, дзе з’явiлiся прадпрыемствы, хто ў Мiкашэвiчы, дзе на радовiшчы будаўнiчага каменю працуе камбiнат. Зменшылася пагалоўе жывёлы. Ёсць нямала праблем. Але ж вёска яшчэ не вымiрае, яна адрознiваецца ад тых вёсак, якiя я бачыў у вас на Вiцебшчыне. Будуецца жыллё, якое цяпер па Беларусi паўсюль называецца «прэзiдэнцкiмi домiкамi». Перспектыва, напэўна, i ў гэтым, i ў тым, што вяскоўцу дадзена магчымасць свабодна працаваць на зямлi, а колькi ты яе возьмеш — твая справа. У нас браць зямлю, як i працаваць у калектыўнай гаспадарцы яшчэ ёсць каму. Такая вось атрымалася ў нас размова з былым аднакурснiкам. А каб павесялела яна — прыклад, якi мы ведалi яшчэ ў студэнцкiя гады. Бываў тут А. Макаёнак. Менавiта абставiны тагачаснага жыцця ў Любанi ляглi ў аснову адной з яго першых вядомых камедый «Таблетку пад язык». I тады былi ў вёсцы праблемы, iншага, праўда, кшталту. Жыццё без праблем не бывае. Будзем спадзявацца, што ўсе яны — ад надвор’я цi ад iншых прычын — вырашальныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мой родны Пастаўскi раён паўднёвай сваёй часткай размяшчаецца на Свянцянскiх градах, а паўночнай у Полацкай нiзiне. Нiзiна гэта вялiкая, па цячэнню ра |
|