Матэрыяльны стымул. Цi жаданне?
Сяргей ГРЫБ.
Паводле даных ААН, штогод насельнiцтва планеты ўзрастае на 80 мiльёнаў i, такiм чынам, мае ўсе падставы павялiчыцца ў 2050 годзе да 9 мiльярдаў чалавек. Разам з тым нельга не адзначыць, што гэта — звесткi агульныя. Бо калi колькасць жыхароў Азii, Афрыкi i Лацiнскай Амерыкi сапраўды «плюсуе», то ў Еўропе — малюнак зусiм адваротны. Прычым у тым лiку агульнаеўрапейскi дэмаграфiчны спад мае прамое дачыненне да Беларусi. Тым часам, што ўплывае на нараджальнасць у нашай краiне, як змянiць сiтуацыю, наколькi ўжо зараз можна весцi гаворку аб дэфiцыце працоўнай сiлы i цi здольная «кампенсаваць» недахват рабочых рук мiграцыя? Гэтыя i iншыя пытаннi сталi тэмай «прамой лiнii» Беларускага радыё i газеты «Звязда» з удзелам галоўнага навуковага супрацоўнiка Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук, доктара сацыялагiчных навук, прафесара Людмiлы Пятроўны ШАХОЦЬКА.
Не «бэбi-бум». Але ўжо лепш Упершыню змяншэнне колькасцi насельнiцтва краiны было адзначана ў 1993 годзе, i з гэтага часу сiтуацыя пагаршалася. Калi да пачатку крызiсу на тэрыторыi Беларусi налiчвалася 10 млн 243,5 тыс., то па стану на 1 студзеня 2007 года — ужо 9 млн 714,5 тыс. жыхароў. Умоўна кажучы, за ўвесь гэты перыяд мы згубiлi ўжо больш за дзесятак сярэднiх сельскагаспадарчых раёнаў. Або другi па велiчынi горад — Гомель. Пры гэтым асноўнай прычынай дэмаграфiчнага падзення сталi так званыя «натуральныя страты». Так, з аднаго боку, у краiне адбыўся рост паказчыкаў смяротнасцi. А з iншага — знiжэнне колькасцi дзяцей. Малюнак па нараджальнасцi ў разлiку на адну жанчыну атрымаўся нават горшым, чым у Заходняй Еўропе. I, як вынiк, даводзiцца канстатаваць як факт: наша краiна аднаўляе натуральным чынам усяго 60 працэнтаў свайго насельнiцтва. Праўда, адначасова нельга не заўважыць, што некалькi апошнiх гадоў узровень нараджальнасцi ўсё ж пакрысе пайшоў уверх. I гэтаму ёсць свае тлумачэннi. — Безумоўна, казаць, што ў Беларусi распачаўся новы «бэбi-бум», не выпадае, — адзначае Людмiла Шахоцька. — Тым не менш нараджальнасць сапраўды павялiчваецца, а таксама, што не менш важна, адбываецца рост сумарнага каэфiцыенту нараджальнасцi: калi пазалетась у сярэднiм на адну маладую жанчыну прыпадала 1,21, то летась — 1,28 дзiцяцi. I перш-наперш гэта сталася вынiкам уступлення ў актыўны фертыльны ўзрост даволi шматлiкага пакалення жанчын, якiя з’явiлiся на свет у першай палове 1980-х гадоў. Да таго ж не сакрэт, што з-за складанай сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi ў 1990-я гады многiя сем’i не маглi дазволiць сабе нараджэнне дзiцяцi i наважылiся на гэты крок толькi пасля паступовай стабiлiзацыi эканомiкi. Адпаведна, зараз мы канстатуем значную колькасць нараджэнняў сярод мацi, якiм ужо споўнiлася 30—35 гадоў. Па сутнасцi гэтыя мацi разумеюць, што адкладваць штосьцi на потым ужо нельга i iмкнуцца «ўскочыць у апошнi вагон». Дарэчы, менавiта гэта сталася адной з прычын i росту колькасцi няпоўных сем’яў. Жанчыны, асаблiва ва ўзросце 35—40 гадоў, усё часцей прымаюць рашэнне не браць шлюб, а нарадзiць «проста для сябе». Галоўная «праблема» — псiхалогiя Павелiчэнне нараджальнасцi — цi не галоўная мэта новай Нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi. Сэнс гэтай праграмы ў прадастаўленнi дадатковых стымулаў сем’ям цi тым жа адзiнокiм мацi. Такiя стымулы пакрысе пачынаюць спрацоўваць. Аднак, перакананы спецыялiсты ў галiне дэмаграфii, чыста «матэрыяльны момант» вырашае яшчэ далёка не ўсё. — Даследаваннi паказваюць, што сёння амаль 70 працэнтаў сем’яў i адзiнокiх мацi рэалiзуюць свае патрэбы ў дзецях нягледзячы нi на што, iнакш кажучы, калi сям’я лiчыць iдэальным варыянтам наяўнасць дваiх дзяцей, то дваiх дзяцей яна i мае, — зазначае Людмiла Шахоцька. — I толькi 30 працэнтаў тлумачаць рашэнне не нараджаць недахватам сродкаў. Такiм чынам, павелiчэнне дапамог цi падтрымка ў «кватэрным пытаннi» на самай справе стане пэўным штуршком. Аднак толькi для меншай часткi насельнiцтва. У сувязi з гэтым, лiчыць Людмiла Шахоцька, адна з задач на сёння — павялiчыць саму патрэбу, сфармiраваць устаноўкi маладых сем’яў на нараджэнне большай колькасцi дзяцей. Асаблiва калi ўлiчыць, што апошнiм часам стала акрэслiвацца адна не вельмi прыемная тэндэнцыя: падчас сацыялагiчных апытанняў пэўная частка маладых рэспандэнтаў выказвае думку, што iдэальная сям’я можа быць i без нашчадкаў. Такiх рэспандэнтаў няшмат, звычайна iх доля складае менш за 1 працэнт. Аднак, заўважае Людмiла Шахоцька, раней такiх меркаванняў не было ўвогуле. Да слова, зноў-такi псiхалогiяй можна патлумачыць i такую з’яву, як павелiчэнне ўзросту першага нараджэння. Значная колькасць маладых сем’яў лiчаць за лепшае спачатку атрымаць адукацыю i зрабiць кар’еру. А толькi потым «падумаць» пра першынца. Мiгрант са «знакам якасцi»? Тым часам змяншэнне колькасцi дзяцей i павелiчэнне колькасцi пенсiянераў не можа не адбiцца на айчыннай эканомiцы. Зараз у працаздольным узросце знаходзiцца 62 працэнты грамадзян Беларусi, прычым такога высокага паказчыка яшчэ не было нiколi. Аднак гэта пакуль. Ужо ў блiжэйшы час павелiчэнне колькасцi насельнiцтва ў працаздольным узросце спынiцца. А затым чакаецца спад. — Вядома, што найлепшы варыянт папаўнення працоўных рэсурсаў — нараджальнасць, — падкрэслiвае Людмiла Шахоцька. — Аднак варта памятаць, што дзiця дасягае працаздольнага ўзросту не адразу i кампенсаваць дэфiцыт працоўных рэсурсаў рост нараджальнасцi зможа не раней чым праз 20 гадоў. Да таго ж з’яўленне большай колькасцi немаўлят на пэўным этапе вядзе наадварот да змяншэння эканамiчна актыўнага насельнiцтва — у сувязi з тым, што частка жанчын пойдзе ў водпускi па догляду i часова не будзе ўдзельнiчаць у грамадскай вытворчасцi. Таму вырашэнне праблемы дэфiцыту кадраў у блiжэйшай перспектыве не ў апошнюю чаргу залежыць ад мiграцыi. Тым больш, што гэта ж прадугледжвае i Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi. Беларусь стала цi не адзiнай краiнай СНД, дзе адзначалася на працягу ўсiх 1990-х гадоў i захоўваецца зараз станоўчае мiграцыйнае сальда. Iншая справа, вопыт Францыi i iншых краiн Еўропы сведчыць, што прыцягненне мiгрантаў можа мець свае негатыўныя наступствы. Таму, лiчыць Людмiла Шахоцька, да гэтай праблемы трэба падыходзiць вельмi асцярожна i ў прыватнасцi, рабiць стаўку на актывiзацыю мiграцыi i пераразмеркаванне працоўнай сiлы ўнутры Беларусi, на павелiчэнне iмiграцыi нашых былых суайчыннiкаў перш-наперш з краiн блiзкага замежжа, а таксама на прыцягненне высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле даных ААН, штогод насельнiцтва планеты ўзрастае на 80 мiльёнаў i, такiм чынам, мае ўсе падставы павялiчыцца ў 2050 годзе да 9 мiльярдаў чалаве
|
|