Амфiтэатр на Мястры
Сяргей ГРЫБ.
Узгадай пра Мядзельшчыну, i першае, што прыйдзе на памяць абсалютнай большасцi з нас, будзе Нарач i знакамiты курортны пасёлак. Аднак сапраўднымi «разынкамi» гэтага краю сталi не толькi буйнейшае возера нашай краiны разам са шматлiкiмi здраўнiцамi ў наваколлi. Адначасова ў раёне ёсць нямала вёсак i мястэчак, што маюць усе падставы ператварыцца ў вядомыя не толькi ў Беларусi турыстычныя цэнтры. I ў той жа час не сакрэт: цi адбудзецца гэта на справе, не ў апошнюю чаргу залежыць ад наяўнасцi iнфраструктуры. А таксама... знешняга выгляду самiх населеных пунктаў.
Хочаш мець — пачнi з парадку Ужо на пад’ездзе да вёскi Занарач кiдаюцца ў вочы два вялiзныя ветракi. Энергаўстаноўкi, што паўсталi тут на пачатку стагоддзя, можна смела назваць з’явай калi i не ўнiкальнай, то для нашай краiны — яшчэ даволi рэдкай. Аднак галоўная адметнасць гэтых мясцiн, хутчэй, у iншым. Два гады таму Занарач набыла новы статус аграгарадка, што адчуваецца тут паўсюль. Асфальт на дарогах i тратуарная плiтка, газетны кіёск i спадарожнiкавыя антэны на дамах, рэканструяваны будынак сельвыканкама i навюткi Дом культуры, нарэшце, адрамантаваная школа, дзе замест ужо звыклых кветнiкаў i «альпiйскiх горак» пабачыш газон з амаль трыма дзесяткамi дэкаратыўных раслiн, якiя да таго ж квiтнеюць у розны час i ствараюць эфект яркiх плямаў-мазаiкi. I гэта на фоне чысцiнi i адсутнасцi пустазелля, што не ў апошнюю чаргу стала вынiкам рашэння падзялiць аграгарадок на «кавалкi» — зараз кожны гаспадар «адказвае» за 25 метраў тэрыторыi каля сваёй хаты. Але цi не самым значным набыткам Занарачы аказалася ўрачэбная амбулаторыя. Без перабольшання, аналагаў ёй у Беларусi пакуль проста няма. — Пры будаўнiцтве амбулаторыi выкарыстоўвалiся самыя сучасныя тэхналогii энергазберажэння, i гаворка зусiм не аб лiчыльнiках цi цеплаiзаляцыi сцен, — распавядае загадчык Вячаслаў Трубач. — Амбулаторыя абсталявана сiстэмай выкарыстання сонечнай энергii для падагрэву вады ў бойлеры, i, такiм чынам, даводзiцца канстатаваць як факт — ёсць магчымасць атрымлiваць практычна бясплатную гарачую ваду шэсць месяцаў на працягу года. I, апроч таго, тут жа можна эканомiць на ацяпленнi — у памяшканнi працуе камп’ютарная рэгулiроўка тэмпературы, што дазваляе знiжаць яе напрыканцы дня i па выхадных. А таксама — хутка аднаўляць неабходны ўзровень наступным працоўным ранкам. Незвычайная амбулаторыя, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў кастрычнiку мiнулага года, з’явiлася дзякуючы дапамозе дабрачыннай «чарнобыльскай» арганiзацыi з Германii. Аднак назваць сам такi факт выпадковым усё ж цяжка. Бо, з аднаго боку, на тэрыторыi сельсавета кампактна жывуць перасяленцы з забруджанай зоны. А з iншага — знаходзяцца пахаваннi ўдзельнiкаў вядомай Нарачанскай аперацыi 1916 года, падчас якой загiнулi 80 тысяч расiйскiх i каля 30—40 тысяч нямецкiх салдат. Цiкава, што сёння намаганнямi мясцовых жыхароў старанна даглядаюцца, утрымлiваюцца ў парадку могiлкi ахвяраў з абедзвюх армiй. А ў сваю чаргу гэта — не апошняя прычына ўвагi да Занарачы з боку грамадзян Германii, i натуральна, нагода для вiзiтаў сюды шматлiкiх гасцей з замежжа... Зрэшты, едуць сюды не толькi немцы, дастаткова сказаць, што тут жа месцяцца некалькi дзесяткаў дач i буйны аўтакемпiнг на 800 месцаў. Прычым, з улiкам новага аблiчча Занарачы, гэта — шанц зарабляць «дадатковыя» i нiколi не лiшнiя грошы. Да слова, тутэйшае сельгаспрадпрыемства ўжо асвоiла новы i не зусiм «стандартны» напрамак — арганiзацыю прагулак на конях. I, насуперак скептыкам, попыт на гэту паслугу ў турыстаў ёсць. Талакой. Па-беларуску Вёска Нарач, дзе налiчваецца амаль дзве з паловай тысячы жыхароў, некалькi дзесяцiгоддзяў запар нiбыта знаходзiлася «на ўзбочыне» зусiм блiзкага адсюль курортнага пасёлка. Так, вядома: практычна ўсе турысты прыязджаюць адпачыць на ўзбярэжжа. Тады як сюды збольшага наведваюцца ўсяго на некалькi гадзiн — пабачыць праваслаўную Iльiнскую царкву з шэра-ружовага каменя сярэдзiны пазамiнулага, а таксама велiчны неагатычны Андрэеўскi касцёл з чырвонай цэглы пачатку мiнулага стагоддзя. Дарэчы, завiтаць у той жа касцёл сапраўды варта. Прынамсi, дзеля славутага абраза Мацi Божай Нарачанскай, старажытнага аргана i знаёмства з тутэйшым ксяндзом айцом Бярнардам — чалавекам, якi ладзiць беларускую iмшу i якi зусiм не супраць пагуляць з вернiкамi... у футбол. Мiж тым, даволi працяглы час царква i касцёл лiчылiся цi не адзiнымi «вiзiтоўкамi» вёскi, а дакладней, ужо аграгарадка Нарач. Аднак зараз да iх дадалася трэцяя — цэнтральная плошча. Прычым i газоны, i плiтка-брукаванка, i фантаны на ёй сталi вынiкам ужо гэтага года. — Работы пачалiся 15 красавiка, а ўжо 8 мая плошча мела сваё цяперашняе аблiчча, — кажа старшыня Нарачанскага сельскага Савета Iосiф Тарасёнак. — Пры гэтым, зразумела, нас падтрымаў райвыканкам, на добраўпарадкаванне было выдаткавана 13 мiльёнаў рублёў. Але разам з тым нельга не падзякаваць самiм жыхарам аграгарадка — калi хочаце, мы рабiлi плошчу метадам народнай будоўлi, талакой. Навошта? Адказ тут нiбыта на паверхнi — адлегласць да курортнага пасёлка складае ўсяго пяць кiламетраў, да таго ж якраз тут праходзiць даволi ажыўленая траса на Вiльнюс. А значыць, сам па сабе аграгарадок шмат у чым вызначае «твар» не проста турыстычнай зоны цi Мядзельскага раёна, але i Беларусi ў цэлым. Дзеля справядлiвасцi, заўважае Iосiф Тарасёнак, перш-наперш пры рэканструкцыi плошчы працавалi «для сябе». Каб моладзь мела прывабнае месца для адпачынку. А людзi сталага веку маглi зрабiць для сябе адкрыццё, што «фантан — гэта не толькi горад». 100 тысяч не мяжа? Калi тэатр пачынаецца з вешалкi, то любы раён — з яго адмiнiстрацыйнай «сталiцы». I Мядзел тут не стане выключэннем. Таму рашэнне аб добраўпарадкаваннi горада падалося цалкам лагiчным. Пiк прыйшоўся на мiнулы год — менавiта тады ў райцэнтры i была праведзена буйная рэканструкцыя набярэжнай возера Мястра. Набярэжную падсыпалi жвiрам, «апранулi» ў новую плiтку. А плюс да ўсяго збудавалi альтанкi, надзвычай папулярнае сёння дзiцячае кафэ. I амфiтэатр. Безумоўна, не такi буйны як у Вiцебску. Аднак дзве з паловай тысячы глядацкiх месцаў з вiдам на бясконцую водную роўнядзь — гэта, пагадзiцеся, зусiм не горш. А яшчэ ў горадзе распачалi замяняць асфальт на плiтку, адрамантавалi гандлёвы цэнтр, пафарбавалi фасады будынкаў. Сёння Мядзел стаў выглядаць па-iншаму. Выдаткi? Яны аказалiся не маленькiмi — у цэлым з раённага i абласнога бюджэтаў, фонду аховы прыроды ўжо накiравана больш за 6 млрд рублёў. I гэта не кропка, бо ў райцэнтры працягваецца азеляненне, прыводзяцца ў парадак двары. Разам з тым цi не кожны тут перакананы — грошы пайшлi не проста «на прыгажосць». Хутчэй, гэта аказалася своеасаблiвымi iнвестыцыямi ў эканомiку ўсяго рэгiёна. — У рэшце рэшт, нашы людзi сталi разумець, што Мядзел няхай сабе i невялiкi, але ўтульны, цывiлiзаваны горад еўрапейскага ўзроўню, — зазначае намеснiк старшынi райвыканкама Леанiд Берняковiч. — Шмат у каго з’явiлася адчуванне, што нармальна жыць i працаваць можна не толькi ў Мiнску, але i тут. Вось чаму ёсць падстава спадзявацца — усё больш маладых мядзельцаў павiнны заставацца на малой радзiме. I асаблiва, калi для iх будуць створаны прывабныя працоўныя месцы. Трэба адразу падкрэслiць, што на ўлiку ў раённай службе занятасцi знаходзiцца крыху больш за сотню чалавек. А агульны ўзровень зарэгiстраванага беспрацоўя вагаецца ў межах 1,4—1,5 працэнта. Паказчык далёка не крытычны. Але нельга не заўважыць i iншае: зараз проста вакансii ўжо не дастаткова. Гэта вакансiя павiнна прыносiць больш-менш варты заробак. А вось наконт апошняй «умовы» i ўзнiкаюць пытаннi. — Так склалася, што апроч перапрацоўкi, у раёне практычна няма ўласнай прамысловасцi, — працягвае Леанiд Берняковiч. — Што ж да сельскай гаспадаркi, то з-за не надта багатай глебы i ўзгоркаў канкурыраваць на роўных са Слуцкам, Нясвiжам цi Клецкам нам цяжка. Iншая рэч — турызм. Пакуль, трэба прызнацца, гэта сфера развiта яшчэ не вельмi добра, але перспектывы тут — вялiкiя. На пачатку 1990-х гадоў, пасля падзення «жалезнай заслоны», колькасць турыстаў у раёне скарацiлася да 50—60 тысяч у год. I толькi апошнiм часам яна стала павялiчвацца зноў, прыкладна да 100 тысяч чалавек. Прагрэс вiдавочны, тым больш, што нярэдкiя госцi тут зараз — грамадзяне Расii i Лiтвы. Але супакойвацца сапраўды рана. Бо той жа «савецкi» паказчык складаў 150 тысяч. Таму, калi заўгодна, гэта — задача на заўтра. — Найбольш балючым для нас застаецца праблема мiжсезоння, якое цягнецца амаль дзевяць месяцаў у год — з верасня па пачатак чэрвеня, — лiчыць Леанiд Берняковiч. — З улiкам гэтага мы маем вельмi вялiкiя надзеi на будаўнiцтва аквапарка ў курортнай зоне, якое запланавана ў рамках праграмы аздараўлення возера Нарач. I, вядома, нельга скiдваць з рахункаў магчымасцi невялiкiх населеных пунктаў з багатай гiстарычнай спадчынай. Iх на Мядзельшчыне шмат, i галоўнае, зрабiць усё, каб людзi захацелi туды ехаць. Старт з падтрымкай. Далей — самi Курортны пасёлак Нарач, аграгарадкi Нарач i Занарач, Мядзел — спiс на самай справе далёка не поўны. У прыватнасцi, у iм «не хапае» мястэчка Будслаў з яго вядомым на ўвесь каталiцкi свет касцёлам, былых райцэнтраў Крывiчы i Свiр, Княгiнiна i Камарова... I гэта зноў-такi толькi частка мясцовых адметнасцяў. Словам, нельга не адзначыць, што магчымасцi для турызму ў раёне ёсць. Але дзе вялiкiя магчымасцi — там i асаблiвыя патрабаваннi. — За апошнi час у Мядзельскiм раёне зроблена шмат, — заў-важвае старшыня Мiнскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасiмовiч. — Разам з тым нельга не прызнаць: асноўная работа па навядзенню парадку пакуль вядзецца ў райцэнтры i буйных населеных пунктах, а вось у малых вёсках — далёка не заўсёды. Тым часам Мядзельшчына з’яўляецца буйнейшай турыстычнай зонай, яе наведваюць дзесяткi тысяч людзей. I гэта зямля павiнна быць узорам, прыкладам для ўсiх. Распрацоўка абласнога бюджэту на наступны, 2008 год, вядзецца менавiта зараз. Па традыцыi ў iм плануецца «закласцi» грошы на добраўпарадкаванне раёнаў. Колькi — пытанне, магчыма, заўчаснае. Але дакладна адно: сродкi на навядзенне парадку будуць «iсцi» не толькi з вобласцi i раёна. «Шукаць» iх павiнен i кожны асобны сельсавет. — Варыянтаў тут iснуе шмат — збор металалому i арэнда памяшканняў, продаж з аўкцыёнаў зямельных участкаў i даходы ад размяшчэння гандлёвых аб’ектаў, турызм i прапанова вырабаў з лёну цi саломкi, — падкрэслiвае Святлана Герасiмовiч. — Важна толькi не забывацца, што час, калi можна было спадзявацца выключна на фiнансаванне «зверху», ужо мiнуў. I тыя ж укладаннi ў аграгарадкi трэба разглядаць выключна як стварэнне добрых «стартавых умоў». А далей усiм трэба вучыцца зарабляць самастойна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узгадай пра Мядзельшчыну, i першае, што прыйдзе на памяць абсалютнай большасцi з нас, будзе Нарач i знакамiты курортны пасёлак. Аднак сапраўднымi «раз |
|