Пакуты ад спагады
Сымон СВIСТУНОВIЧ.
У нашу газету даслала лiст Нэлi Я. з Баранавiч. Пенсiянерка расказала пра сваю праблему i папрасiла дапамагчы ёй. Пасля тэлефоннай размовы з жанчынай стала зразумелым, што склалася безвыходная сiтуацыя. Хоць камусьцi яна можа паказацца дробнай i надуманай. Магчыма, з такой думкай можна было б i пагадзiцца, калi б не маральны бок справы.
Нэлi Рыгораўна выкладала ў тэхнiкуме матэматыку, гадавала дваiх сыноў i актыўна ўдзельнiчала ў жыццi мясцовага таварыства аховы жывёлы. I, як яна пiша, менавiта з таго часу i пачалiся беды. Жанчына не магла раўнадушна прайсцi мiма выкiнутага кацяняцi цi не дапамагчы пакалечанаму сабачку. Аднойчы яна наткнулася на ката, якому перабiлi ўсе лапы i хвост. У такой сiтуацыi жывёлiну мала хто ўзяўся б ратаваць i тым больш бяздомнага ката. Але яго выратавалi ў Мiнску, куды на лячэнне Мурзiка вазiў малодшы сын жанчыны Сяргей. Скажу, што гэта ўжо жыццёвая пазiцыя, але тут могуць запярэчыць: «Якiя сабакi i кошкi, калi дзяцей бацькi тысячамi кiдаюць i нiкому яны, акрамя дзяржавы, не патрэбныя!» Аргумент важкi, але не будзем забываць, што ў прыродзе, як i ў нашым жыццi, усё ўзаемазвязана. Адно выцякае з другога. I бяздушны чалавек сваё дзiця можа любiць, але на чужое ўвагi не звяртае. Ва ўсякiм разе, лягчэй верыцца, што чалавек, якi спачувае жывёле, будзе неабыякавым i да гора сабе падобнага. Душэўны парыў Нэлi Я. па-чалавечы зразумелы, але тут не ўсё адназначна. Узяла жанчына адну кошку, затым другую... i вось уся кватэра акупавана iмi. Ды iх ужо i не трэба было гаспадынi прыносiць самой. Многiя пачалi падкiдваць жанчыне сваiх кацянят. Адна справа, калi ў двухпакаёвай кватэры адна-дзве кошкi, i зусiм iншая, калi iх там пад два дзесяткi. Пачалiся канфлiкты з суседзямi, i для гэтага ў iх былi падставы. Хто трымае сабаку цi ката, ведае, колькi клопату i часу неабходна ўдзяляць свайму любiмцу. Кармiць i сачыць за чысцiнёй патрэбна штодня, а iншым разам i лячыць. Безумоўна, гарадская кватэра — далёка не лепшае месца для ўтрымання «братоў меншых», i тут неабходна памятаць, што акрамя цябе на пляцоўцы жывуць i iншыя людзi, якiя маюць права на спакойнае жыццё. Здавалася, наша гераiня прыняла правiльнае рашэнне, калi набыла хатку ў вёсцы i вывезла туды сваiх гадаванцаў. Вядома ж, i на новым месцы ўзнiкалi непаразуменнi з мясцовымi людзьмi, але пакуль быў малодшы сын, то многiя праблемы ён браў на сябе. А затым Сяргея не стала, i ў свае 74 гады Нэлi Рыгораўна засталася з кошкамi адзiн на адзiн. Жанчына хварэе i хадзiць ёй ужо цяжка нават па кватэры, але да апошняга часу ездзiла кармiць кошак на таксi. У адзiн канец 15 тысяч, i на гэта фактычна iшла ўся пенсiя. Цяпер праз тры днi, але ўжо за 10 тысяч, ездзiць у вёску з кормам чужы чалавек. Можна з упэўненасцю сказаць, што многiя, прачытаўшы гэты артыкул, толькi пацiснуць плячыма:»У чым, уласна кажучы, праблема? Ды няхай бы тыя кошкi здохлi, як на iх жыццё класцi!» Але пенсiянерка кажа, што кiнуць мурак не можа, бо калi загiнуць яе любiмцы, то памрэ i яна. Тут, безумоўна, свой адбiтак на сiтуацыю наклала i трагiчная смерць сына. Сяргей таксама быў прывязаны да кошак, i мацi здаецца, што тыя i сёння яшчэ чакаюць яго. «Старэйшы далёка, а без Сярожы ўсё наўкол — пустэльня», — пiша Нэлi Рыгораўна i яшчэ просiць не друкаваць яе каардынаты, бо колькасць падкiнутай жывёлы ўзрасце. Дарэчы, i каля хаты ў вёсцы з’явiлася многа новых кошак. Жанчына хоча прыстроiць жывёлiн у «добрыя рукi», але на яе аб’явы нiхто не звонiць, i пенсiянерка згубiла надзею на дапамогу. Хоць дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што Нэлi Я. сама стварыла праблему, якую немагчыма вырашыць. Колькi разоў даводзiлася бачыць кiнутых шчанят, але пры ўсiм спачуваннi i шкадаваннi ўзяць дамоў хоць аднаго з iх не выходзiла, бо там ужо жылi дзве таксы. Ёсць межы, якiя нельга пераступаць пры супольным жыццi. Тым не меней папракаць жанчыну ў тым, што ў яе спагадлiвае сэрца, нiхто не мае права, а наконт дапамогi, то тут такая сiтуацыя. З кормам вялiкай праблемы не будзе, бо знайсцi нейкiя адходы на шэрагу прадпрыемстваў можна, а вось як той корм дастаўляць кошкам? Усе, з кiм давялося размаўляць, толькi ўсмiхалiся i ўспрымалi сiтуацыю, як дзiвацтва старой жанчыны. Я спрабаваў выкласцi свой пункт гледжання i прапанаваў Нэлi Я. два варыянты. Пакуль стаiць лета, можна тых кошак адвучыць ад рэгулярнай падкормкi i яны не загiнуць. Колькi даводзiлася бачыць кошак, якiя ловяць мышэй у полi, а блiжэй да зiмы знойдуць прытулак на фермах ды гаспадарчых будынках. А па-другое, на маю думку, можна было б папрасiць некага ў вёсцы, каб падкормлiваў кошак, а сухi корм цi кансервы дастаўляць раз-два ў месяц. Але пенсiянерка выказала сумненне: у вёсцы хутчэй будуць кармiць тым кормам свайго сабаку i ката, чым бяздомных. I тут ёсць доля праўды. Тым не меней трэба рэальна глядзець на жыццё i прыняць аптымальнае рашэнне. Або не спаць начамi i пакутаваць больш за тых кошак. Тут яшчэ невядома, дзе жывёлам лепш — на волi цi ў чатырох кутках кватэры.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашу газету даслала лiст Нэлi Я. з Баранавiч. Пенсiянерка расказала пра сваю праблему i папрасiла дапамагчы ёй. Пасля тэлефоннай размовы з жанчынай |
|