«Пакуль ёсць ядро беларускасцi...»
Валерый ГАЎРЫШ, падпiсчык з 25-м гадовым стажам в. Навасёлкi, Пастаўскi раён.
Маё сур’ёзнае знаёмства з газетай адбылося падчас вучобы ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii (тады яна, праўда, iнстытутам была), шмат выданняў выпiсвала, падшывала — усё, што хочаш, можна было чытаць. «Звязду» — у тым лiку.
А потым была тэрмiновая служба ў Маскоўскай ваеннай акрузе i патрабаванне, каб у ленiнскi пакой кожнай роты прыходзiлi цэнтральныя газеты той саюзнай рэспублiкi, з якой большасць байцоў. Мы выбiралi з беларускiх. I я адразу ўспомнiў iнстытуцкую чытальную залу, сказаў: «Хлопцы, трэба «Звязду»! Усе падтрымалi, ды i ротны наш быў родам з Магiлёўшчыны. Так я стаў чытачом яшчэ раз. Як цяпер помню — кароткай ёмкай назвай газета ў тым пакоi нiбы здалёк вiталася са мной. Ахоплiваў гонар за родную мову, краiну... Напэўна таму, ужо адслужыўшы i ажанiўшыся, якую газету выпiсаць, я не думаў, канешне ж «Звязду»! У нашай хаце яна стала як бы сямейнiкам. Чыталi дзецi (дачка цяпер вучыцца на фiлалагiчным факультэце педунiверсiтэта), чытала i чытае цешча Ядзвiга Вiктараўна. Ёй без малога 87 гадоў, яна скончыла школу яшчэ пры польскiм часе, але калi свежы нумар трапiў найперш да яе — нiкому не аддасць, пакуль не адолее. Я асабiста паважаю газету за адданасць мове, за разнастайнасць матэрыялаў. З цiкавасцю чытаю абшырныя аповеды аб рабоце лепшых прадпрыемстваў — ганаруся, што i мы не лыкам шытыя. Лiчу, што трэба больш пiсаць пра дэмаграфiчныя праблемы, пра выхаванне дзяцей, пра дапамогу сем’ям. ...Што хвалюе яшчэ? Як i ўсiх шчырых беларусаў — лёс мовы. Ён не можа не хваляваць, калi нават лозунгi за квiтнеючую i незалежную Беларусь гучаць не па-беларуску. Гэта так вiдавочна (я думаю), калi загубiм мову — загубiм незалежнасць, загубiм моц, загубiм Беларусь. У вершы, прысвечаным Таўрыдзе, Караткевiч з болем пiсаў: ...Дрэмлюць таўраў руiны. Я стаю i ўяўляю, што я не iзгой, Не паэт з беларускiх узгоркаў сiнiх, А апошнi таўр народа свайго. О, якая ганебнасць у гэтых згадках! О, якi атрутны бяспамятства дым! Крый нас божа, калi i на нас нашчадкi Паглядзяць, як мы на таўраў глядзiм. Але я ўсё-такi аптымiст. I iм застаюся: пакуль ёсць ядро беларускасцi — газета «Звязда», яе ўлюбёны ў свой край калектыў, пакуль ёсць мы, чытачы-паклоннiкi, жыве Беларусь! З юбiлеем... Нас!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маё сур’ёзнае знаёмства з газетай адбылося падчас вучобы ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii (тады яна, праўда, iнстытутам была), шмат выданняў в |
|