Ланцуг
Алесь КАСЦЕНЬ, Вiцебская вобласць.
З ланцугом у мяне звязана ад на непрыемнасць, якая помнiцца з дзяцiнства. Тады бацькi, як i вельмi многiя жыхары райцэнтра, трымалi карову. Яе не адпраўлялi ў статак на пашу (статкаў i не было), а выводзiлi на блiзкi ўскраек гарадка, там навязвалi на нiчыйнай нiбыта зямлi (сёння ўсе гэтыя сенажацi забудаваныя). Навязвалася ж карова на ланцуг. А даручалася гэта справа — вывесцi, навязаць, а вечарам прыгнаць карову дадому, нам, дзятве. Бярэш у рукi зматаны ланцуг, называлi мы яго яшчэ i цэпам, малаток — i цягнеш за сабою карову да травы. Чаму малаток? На канцы ж ланцуга жалезны кол, якi проста загнаць у зямлю нагою дзiцячых сiл яшчэ не хапала. Без кала ж i сам ланцуг для наважвання каровы не меў значэння. I вось аднойчы надвячоркам, прыйшоўшы па карову, я не без намаганняў выцягнуў з зямлi кол, пачаў скручваць ланцуг — i тут карова рванулася. Магчыма, нехта яе ўкусiў — аваднёў яшчэ хапала — магчыма, нешта iншае, але ланцуг добра такi прайшоўся па маiх руках, падраў i скрывавiў.
Што такое ланцуг? Простая гнуткая рэч з металiчных альбо нават не металiчных звёнаў, звязаных мiж сабою. Ланцугi выкарыстоўваюць для перадачы руху, для цягання чаго-небудзь, для падважкi цi ўздыму нейкай вагi. Але ў вясковым цi местачковым побыце ланцуг найперш выкарыстоўваўся для менавiта прывязвання хатняй жывёлы. Той жа каровы, каня, ды i сабака ля будкi прывязваўся таксама металiчным ланцужком — не перагрызе, не сарвецца. Само паходжанне слова, зразумела, ад нямецкай мовы. У рускай ён называецца — «цепь». Але раней i ў беларускай iснавалi свае яго назвы — «ратуг», «ратужжо». Ланцуг прызначаўся i для iншых мэтаў. На iм не толькi апускалi з карабля якар, не толькi ўвязвалi, прыкладам, дровы. У ланцугi закоўвалi i злачынцаў, якая б вiна — крымiнальная цi палiтычная — у iх нi была. Праўда, тады гэта простая рэч набывала ўжо iншыя назвы — «аковы», беларусам блiжэй — «кайданы». У вельмi любага мне земляка паэта-пакутнiка Дубоўкi чытаем: Iшлi на пошукi схаваных скарбаў у ланцугi закованыя людзi. З цягам часу слова «ланцуг» набыло i iншае значэнне — скаванне свабоды, волi, прыгнёт чалавека. Успомнiм Коласа: На зямлi раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавiцкiм гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Ды i ў беларускай лiтаратуры «кайданы», як злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якiя надзявалiся на рукi i ногi, не абыдзены ўвагай. Пiсалi пра гэта многiя паэты. Само слова гучнае, выклiкае шмат эмоцый, праўда, не зусiм станоўчых. Iснавала ў нашым народзе нават прымаўка: «Адвага альбо мёд п’е, альбо кайданы трэ». Ды i паселiшча ў Беларусi было — Койданава. Але кайданы, калi яны скiдваюцца, ужо радасць i гордасць за сябе i суайчыннiкаў. У Броўкi: Дзяды нашы бiлi драпежнiкаў прускiх, Не даўшы надзець на сябе кайданы. Увогуле, ад першаснага — злучэння звёнаў — гэта назва простай рэчы пераўвасоблiвалася ў зусiм iншых разуменнях. Напрыклад, ланцуг агнёў цi паслядоўнасць устанаўлення чаго-небудзь, цi нават развiццё якой-небудзь з’явы, таксама па ланцугу. Цi, крый Божа беларусаў ад гэтага зноў (пасля Чарнобыля), ланцуговая рэакцыя ядзернага зараду. А мне зноў нагадалася мая вайсковая служба, наша восьмая мотастралковая рота. Пяхота хадзiла на палiгоне ў атаку таксама ланцугом. Салдат ад салдата на дзесяць метраў, але ж ланцуг. Камандавалася, каб прытрымлiвалiся мы роўненька. I яшчэ iшлi ўпоравень танкам, якiя падтрымлiвалi нас сваiм агнём. I вось аднойчы ноччу ланцуг нашага ўзвода трапiў у лагчыну, выйшаў далёка наперад астатнiх падраздзяленняў. А тыя габарыты нашага танка падтрымкi прынялi за падсветку мiшэняў, якiя ўначы абазначалi працiўнiка. Iдзём i чуем, што па танку нешта цокае. Спачатку не зразумелi, а калi зразумелi, што гэта нашы сябры страляюць па нас, цокаюць па бранi танка iх кулi — тут наш ланцуг залёг так шчыра i цесна да зямлi, што толькi камандзiр батальёна, пад’ехаўшы на «бэтээры», змог нас ад яе адарваць. Чамусьцi зноў хочацца вярнуцца да нашай мясцовай назвы «цэп». Гэта не той цэп, якiм раней вясковец абмалочваў на таку збажыну. У час вайны ў нас, як і па ўсёй Беларусi, шырокiм быў партызанскi рух. I вось у 1943 годзе акупанты арганiзавалi вялiзную карную экспедыцыю ў партызанскiя раёны — цяперашнiя Браслаўскi, Шаркаўшчынскi, Глыбоцкi, Пастаўскi, Мядзельскi i блiжэйшыя да iх раёны. Сцягнуты былi нават часцi з фронту. I iшлi карнiкi ланцугом, практычна плячо ў плячо адзiн да аднаго. Партызанам удалося з баямi адступiць, а вось мiрныя жыхары прынялi пакуты. Вёскi палiлi разам з iх жыхарамi. Ды толькi старыя людзi, якiя ацалелi, i да сёння называюць гэту горкую гадзiну «цэпам». Думаю, не толькi ад рускага «цепь». Гэта i ад таго цапа, якi выбiваў з каласоў зерне на таку. Вельмi моцна малацiў па людскiх галовах акупанцкi бiч, прымацаваны да нацысцкага цапавiння. Але вернемся да той рэчы, пра якую iдзе размова. Наш народ, да зусiм нядаўняга часу ў пераважнасцi сваёй сялянскi, не быў духоўна заняпалым. Ён умеў i падумаць, i пасмiхнуцца, i трапнае слова сказаць. Але вобразы бралiся адсюль, з сялянскага жыцця, ад простых рэчаў, якiя былi побач. I на ланцугу не зацягнеш — цяжка чалавека куды-небудзь запрасiць, падвесцi да якой-небудзь справы цi нават адпачынку. На ланцугу не ўтрымаць — тут ужо адваротны выпадак: збяжыць, адарвецца, як яго не ўтрымлiвай, як той сабака ў пэўную пару, калi прываблiваюць яго падобныя яму iстоты, часта бегае па вулiцы з парваным ланцугом. Тут жа i iншы, але блiзкi выраз — як з ланцуга сарваўся. Неўтаймаваны, непадпарадкаваны нiкому. Нават гаспадару. Якога нiбыта i любiць. Пасадзiць на ланцуг — гэта ўжо не зусiм пра сабаку, гэта пра чалавека, якога абраталi, падпарадкавалi яго волю волi iншага. Ёсць у ланцуга i памяншальны адпаведнiк — ланцужок. На ланцужку заможныя людзi яшчэ да нядаўняга параўнальна часу насiлi кiшэнныя гадзiннiкi. У жылетцы была спецыяльная кiшэнька для яго, а ланцужок звiсаў па жываце, пажадана, каб жывот гэты быў не надта худы, а паказваў паважнасць i багацце ўладальнiка. Неяк, ужо пасля службы ў армii, купiў сабе касцюм, так званую «тройку». А там у жылетцы — спецыяльная кiшэня. Купiў i гадзiннiк, а да яго ланцужок. Праўда, старасветчына праслужыла нядоўга. Сапсаваўся той гадзiннiк, парваўся i ланцужок. Залатыя ланцужкi любяць насiць на шыi жанчыны i сёння. Сапраўды, яны надаюць досыць прыемны выгляд гэтай iнтымнай i прываблiвай частцы цела. Праўда, калi цела само прываблiвае i калi такiх ланцужкоў не з паўтузiна, што часам бывае ў кабет ужо немаладога ўзросту. Ну а пра ланцугi на грудзях людзей, якiя называюць сябе «новымi», пiсана i гаворана гумарыстамi, вiдаць, i зашмат. Ну, i на заканчэнне ўсмiхнёмся. Мужчыны сабралiся ў лазню. Распранулiся ў прылазнiку, зайшлi да пары. Падкiнулi яшчэ. Запякло так, што валасы на галаве затрашчалi. I раптам адзiн з нас кiнуўся з парылкi. Аказваецца, крыжык на грудзях — цяпер нават малаверуючыя цi нават зусiм няверуючыя носяць крыжыкi — вiсеў у яго на залатым ланцужку, а той накалiўся так, што грудзi i прыпёк. Вось такая простая рэч — ланцуг. А мне дык больш падабаецца — ратуг. Туга сцягнуты, звязаны — не парваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З ланцугом у мяне звязана ад на непрыемнасць, якая помнiцца з дзяцiнства. Тады бацькi, як i вельмi многiя жыхары райцэнтра, трымалi карову. Яе не адпр |
|