Уладальнiца гран-пры конкурсу «Вiцебск-2007» Наталля КРАСНЯНСКАЯ: «Ехала толькi ўдзельнiчаць»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Адразу пасля цырымонii ўзнагароджання, пакуль удзельнiкаў не адвезлi на паветраную экскурсiю, нам удалося пагутарыць з галоўнай трыумфатаркай — 17-гадовай Наталляй Краснянскай. Здаецца, дзяўчына яшчэ не ўсведамляе, што перамога ў яе руках — i шчыра прызнаецца, што нават не разлiчвала на такi высокi вынiк:
— Я ехала толькi ўдзельнiчаць у конкурсе. Калi зразумела, што ёсць шанцы перамагчы, адначасова i вельмi ўзрадавалася, i вельмi расхвалявалася — столькi было нерваў i перажыванняў, што зараз, вiдаць, трэба колькi дзён на адпачынак. — Як падбiралiся вашы конкурсныя песнi? — Адну канцэртнае агенцтва «Украiна», якое вызначала ўдзельнiкаў конкурсу, выбрала, праслухаўшы мой уласны рэпертуар. А другую мы памянялi ўжо адносна нядаўна, у працэсе падрыхтоўкi. Ранейшая песня была не вельмi выйгрышная. Выбралi iншую кампазiцыю, «Неслухмяна» — мне здаецца, яна лепш перадае нашу нацыянальную мелодыку, прыгожа i цiкава гучыць, гэткi джаз-рок. Я адчувала, што магу выканаць яе максiмальна выразна. — Цi знаёмыя вы з Русланай (Руслана Лыжычка — папярэдняя ўкраiнская ўладальнiца гран-пры, якая выйграла галоўную вiцебскую ўзнагароду ў 1996 годзе, а яшчэ праз 7 гадоў скарыла «Еўрабачанне». — Аўт.)? — Пакуль не. Але спадзяюся, што цяпер абавязкова пазнаёмiмся, я вельмi хачу падзялiцца нашай агульнай перамогай. — Вырашылi ўжо, як лепш распарадзiцца выйгранай сумай? — Не ведаю... Непасрэдна зараз я адчуваю, што хацела б набыць сваiм бацькам якую-небудзь турыстычную пуцёўку, каб яны паехалi адпачыць. Бо вы не ўяўляеце, што значыць для бацькоў, калi iх дачка — вакалiстка... Па-першае, яны ўклалi вельмi многа грошай. Патрацiлi на мяне вельмi многа нерваў, сiл i цярпення. Бо з творчымi людзьмi заўжды цяжка, мы крыху вар’яты — але ўсё ў меру, зразумела. Бацькоў я вельмi люблю i хачу зрабiць iм такi падарунак у знак удзячнасцi. — Наташа, у многiх канкурсантаў былi свае амулеты, талiсманы на ўдачу. Вы нечым падобным карысталiся? — Так. Гэта мой крыжык. Я заўжды нашу яго, не здымаючы. Як быццам мой анёл-ахоўнiк побач. Я вельмi веруючы чалавек, лiчу, што недзе звыш нам прызначаны той цi iншы лёс. Спадзяюся, што iду па правiльным шляху. — Хто хварэў за вас — тут i дома? — Дома ў першую чаргу бацькi. Само сабой, уся Украiна за нас перажывала. Тут мяне падтрымлiвала мой педагог па вакалу Алена Вiктараўна Мазенка, прыехаў прадстаўнiк канцэртнага агенцтва «Украiна», увогуле было многа дарадчыкаў, псiхолагаў, усе супакойвалi, пакуль я перажывала, у каго якiя балы. Шчыра кажучы, я баялася нервовага зрыву — пастаянна iшла ў грымёрку, каб не чуць, што адбываецца. Да мяне прыходзiлi i гаварылi: «Усё нармальна, пакуль ты iдзеш першай». — Вы ледзьве не з пяцi гадоў на сцэне, удзельнiчалi i перамагалi ў некалькiх конкурсах. Якое месца сярод iх займае «Славянскi базар у Вiцебску»? — Па значнасцi для мяне гэта самы важны конкурс, i вельмi вялiкi гонар — выступаць на такой сцэне, перад такой публiкай i перад прафесiйным мiжнародным журы. — Ацэнкi журы i публiкi разышлiся. Калi б у вас была магчымасць прысудзiць свой спецпрыз, каму яго аддалi б? — Гэта быў бы Валянцiн Савенка. Не таму, што гэта мой зямляк. Я лiчу, што гэты малады чалавек — вельмi таленавiты, сваiм абаяннем i голасам ён зможа яшчэ не раз скарыць публiку. Яго вельмi любяць ва Украiне, нават прыехалi групы фанатаў. Я лiчу, што ў яго вялiкi патэнцыял. — Акрамя конкурсных хваляванняў, цi паспелi вы паглядзець горад, з некiм пазнаёмiцца? — Кожны прыехаў са сваiмi ўстаноўкамi — нехта быў нацэлены толькi на перамогу, нехта проста на ўдзел, нехта жадаў «патусавацца», так што бавiлi час па-рознаму. Мы вызвалялiся вельмi позна, не паспявалi вячэраць — i потым ад голаду елi а палове другой ночы. (Смяецца). Хоць часу i было вельмi мала, паспела крыху пахадзiць па горадзе, вельмi многа з кiм пазнаёмiлася, было прыемна, што выклiкала цiкавасць у прэсы. Яшчэ быў забаўны выпадак — падбеглi дзве дзяўчынкi-блiзняткi, сказалi: «Наташа, мы бачылi цябе ў «Шанцы» (украiнскi тэлепраект, аналаг «Народнага артыста». — Аўт. ). Было так прыемна, што яны за мяне перажываюць яшчэ з таго часу... — Каму першаму патэлефанавалi, каб падзялiцца радасцю? — Маме. Я так разумею, што ў нас адключылi трансляцыю на апошнiх канкурсантаў, i яна не ведала, абагнаў мяне хтосьцi цi не, тэлефанавала кожныя 5 хвiлiн. — Цi ведаеце, чым вас адзначаць на радзiме? — Пакуль не. Але я вельмi рада i ганаруся, што прынесла краiне гэтую перамогу. Пасол Украiны ў Рэспублiцы Беларусь, перадаўшы ўдзельнiкам прывiтанне ад прэзiдэнта Вiктара Юшчанкi, цьмяна намякнуў, што галоўная ўзнагарода чакае маладую спявачку дома. Што б гэта нi было, агульная радасць дэлегацыi не сцiхае. А чэргi журналiстаў да Наташы Краснянскай i яе калектыву нагадваюць чэргi ля фестывальных касаў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу пасля цырымонii ўзнагароджання, пакуль удзельнiкаў не адвезлi на паветраную экскурсiю, нам удалося пагутарыць з галоўнай трыумфатаркай — 17-гад |
|