«У свеце дзве дасканаласцi — жанчыны i конi...»
Iрына ПРЫМАК.
Некаторыя спартыўныя балельшчыкi захапляюцца прыгажосцю футбольных галоў, камусьцi даспадобы хакейныя шайбы, а Генадзь Аляксандравiч Кецко, выканаўчы дырэктар федэрацыi коннага спорту i прадстаўнiцтва Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта ў Мiнскай вобласцi, з захапленнем глядзiць на коннiкаў, сам з ахвотай сядзе ў сядло. «Я згодны з адным вядомым чалавекам (быццам бы, гэта сказаў Бернард Шоў), што коней не любiць немагчыма, бо ў свеце iснуюць дзве дасканаласцi — жанчыны i конi», — кажа Генадзь Аляксандравіч. Менавiта аб другiх зараз i пойдзе гаворка.
Кожнаму раёну — па школе Тое, што Мiншчына — своеасаблiвы плацдарм для працягу традыцый беларускага коннага спорту, даказвае наяўнасць у рэгiёне галоўнага конна-спартыўнага цэнтра Беларусi ў Ратамцы, прычым ён даўно стаў брэндам якаснай падрыхтоўкi беларускiх коннiкаў. Радуе, што цэнтр не перастае развiвацца (зараз там вядзецца рэканструкцыя). У Мiнскiм раёне ў пасёлку Ураджайны, паводле рашэння Мiнаблвыканкама, будуецца цэнтр алiмпiйскай падрыхтоўкi па коннаму спорту (першая чарга будзе здадзена ў вераснi). Добраўпарадкавана база Палачаны ў Маладзечанскiм раёне. — Конны спорт развiваецца на тэрыторыi ўсёй нашай краiны, але, на жаль, не ў Мiнску. Для параўнан-ня — у Маскве ёсць 31 конны клуб i iпадром, — гаворыць Генадзь Кецко. —- Аднак Мiнская вобласць — лiдар у развiццi коннага спорту ў нашай рэспублiцы. Кiраўнiцтвам Мiн-аблвыканкама была пастаўлена задача ў кожным з 22 раёнаў рэгiёна адкрыць конна-спартыўныя школы. Такая школа з’явiлася ў Палачанах. Гэта база атрымала добрую ацэнку ад спецыялiстаў, дзякуючы чаму ў жнiўнi Палачаны прымуць мiжнародны турнiр па канкуру з прызавым фондам 10 тысяч еўра. Зараз у Ратамцы праходзiць квалiфiкацыйны этап Кубка свету па трохбор’ю з прызавымi ў 25 тысяч еўра. Аднак гэтыя лiчбы ў конным спорце не такiя ўжо i вялiкiя. — Украiна i Расiя арганiзуюць у сябе этапы з мiнiмальным прызавым фондам сто тысяч еўра, — зазначае Генадзь Аляксандравiч. — Конны спорт хоць i прэстыжны, але вельмi дарагi. Навошта стрэльба на трохбор’i? Калi ў iншых вiдах спорту адзiн спартсмен, то ў конным — два: гэта чалавек i конь, якiя ўтвараюць адно цэлае. Недастаткова проста наладзiць псiхалагiчны кантакт з жывёлай, без высакакласных коней не абысцiся. Самыя добрыя конi ў сярэднiм каштуюць 150 тысяч еўра, прычым самыя дарагiя для канкура i выездкi. Танней абыходзяцца конi для трохбор’я, якое, нягледзячы на сваю вiдовiшчнасць, лiчыцца нiжэйшым па статусу. Прычына — у павышаным траўматызме коней. — Конь — жывёла, якая не вытрымлiвае шоку, — тлумачыць Генадзь Аляксандравiч. — На спаборнiцтвах па трохбор’ю абавязкова павiнны прысутнiчаць чалавек, якому дазволена карыстацца зброяй (мiлiцыянер, палiцэйскi), бо пры сур’ёзнай траўме каня альтэрнатывы не iснуе: жывёлу забiваюць. У Беларусi гэта было сем гадоў таму ў Ратамцы, калi пацярпеў конь расiйскага ўдзельнiка. Нямецкi канкур па-за канкурэнцыяй У Беларусi наладжана каняводства, але 85 працэнтаў коней, якiя цудоўна выступаюць на мiжнародных турнiрах, з Германii. Гэта краiна стаiць асобна ад iншых у развiццi коннага спорту ў свеце. — Мне давялося пабываць у Германii ў час абмену вопытам. Я пабачыў вельмi высокi ўзровень развiцця коннага спорту, якi закладваўся стагоддзямi, — дзелiцца ўражаннем Генадзь Кецко. — Асаблiва нам цяжка канкурыраваць з немцамi ў канкуры: 60 коннiкаў з Германii бяруць без памылак алiмпiйскую вышыню 160 сантыметраў, а пры пераскоку яшчэ дзесяць чалавек — 170 сантыметраў. У нас жа пакуль такiх дасягненняў наогул няма. Кiраўнiцтва вобласцi разумее важнасць набыцця менавiта нямецкiх коней: было закуплена ў Палачаны трое племянных жарабят розных парод (галшцiнец, эдзiнбуржац i тракен) i 15 нямецкiх кабылак. Конь можа выступаць на спаборнiцтвах ва ўзросце не менш за 4 гады. — Набытыя для трохборца Вячаслава Пойта конi Лонг Джон i Абелiск цудоўна выступiлi на этапе Кубка свету ў Маскве ўзроўнем адной зоркi, — iнфармуе Генадзь Аляксандравiч. — Спартсмен заняў другое месца на Абелiску, а на Лонг Джоне — 6-е з 85 удзельнiкаў. Гэта вялiкi поспех для такiх маладых коней (iм 9 гадоў), але да Алiмпiяды-2008 яны не будуць яшчэ гатовыя, каб выступiць на «выдатна». У Пойта ёсць яшчэ конь Энергiя, з якiм ён дэбютаваў на Сусветных конных гульнях у Германii. I ўсё ж не перашкодзiла б набыць для нашага кандыдата на ўдзел у Алiмпiядзе яшчэ аднаго каня, бо лiдары замежных краiн маюць па некалькi добрых коней. Дарэчы, Вячаслаў Пойта некалькi месяцаў стажыраваўся ў Англii. Яго майстэрства ацанiлi i юнака прынялi ў гiльдыю англiйскiх трохборцаў. Акрамя Вячаслава, кандыдат на ўдзел у Алiмпiядзе — Алена Целяпушкiна. Лiс i Рэдфард У Беларусi зацверджана праграма развiцця коннага вiду спорту на новы алiмпiйскi цыкл, дзе галоўная мэта — удзел у Алiмпiядзе ў Пекiне-2008 у выездцы i трохбор’i, а ў iдэале было б цудоўна заваяваць медаль, тым больш, што рэальны прэтэндэнт ёсць у выездцы — гэта Iрына Лiс, удзельнiца Гульняў-2004. — У нашай усходнееўрапейскай зоне яна толькi адна, — нагадвае Генадзь Кецко. — На гэту пуцёўку прэтэндуюць каля 50 коннiкаў. Iрына Лiс зараз трэнiруецца ў Аўстрыi. Для спартсменкi набылi каня высокай якасцi — Рэдфарда. Сваё выступленне на iм Лiс пачне ў наступным годзе. Будзе яшчэ шмат квалiфiкацыйных турнiраў, дзе Iрына зможа заваяваць пропуск на летнюю Алiмпiяду. Шанцы ёсць. Наогул аб таленце спартсменкi спецыялiсты з сусветнымi iмёнамi з Германii i Англii кажуць, што ў такiм суб’ектыўным вiдзе, як выездка, беларуска б даўно заваявала алiмпiйскi медаль, калi б была нямецкай спартсменкай. I ўсё ж наша рэспублiка пакрысе заяўляе аб сабе як аб конна-спартыўнай дзяржаве. Сёлета мiжнародная федэрацыя даверыла Ратамцы правесцi квалiфiкацыйны этап Кубка свету. У нашай рэспублiцы конны спорт падтрымлiвае дзяржава. У яго сiстэме — дзiцяча-юнацкiя школы, вучылiшча алiмпiйскага рэзерву, цэнтры алiмпiйскай падрыхтоўкi (дзецi займаюцца бясплатна). Амаль ва ўсiм свеце конны спорт, у тым лiку i ў Расii, знаходзiцца ў прыватных руках, там прыватныя клубы. Усходнееўрапейскую зону ўзначалiў выхадзец з Беларусi У красавiку на Генеральнай асамблеi коннага спорту ў Партугалii Беларусь была прадстаўлена ўпершыню за пяць гадоў (раней не ўдавалася выехаць на асамблею па розных прычынах, у прыватнасцi, матэрыяльных). З’ехалiся прадстаўнiкi звыш 150 краiн (усе яны падзелены на зоны). Беларусь уваходзiць ва Усходнееўрапейскую. — На Генеральнай асамблеi быў выбраны старшыня нашай зоны, — расказвае Генадзь Кецко. — Iм стаў Сяргей Буйкевiч з Казахстана, але яго каранi ў Беларусi (бацька з Дзяржынска).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некаторыя спартыўныя балельшчыкi захапляюцца прыгажосцю футбольных галоў, камусьцi даспадобы хакейныя шайбы, а Генадзь Аляксандравiч Кецко, выканаўчы |
|