САЛАМЯНЫЯ ВАЛОШКІ
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.
У адной з апошнiх камандзiровак у Чачэрскi раён даведаўся пра самадзейнага мастака з вёскi Глубочыца iнвалiда-калясачнiка Вiктара Новiкава. Загадчыца раённага цэнтра рамёстваў i этнаграфii Таццяна Кандрацьева не шкадавала гучных эпiтэтаў у адрас Вiктара — i як здольнай творчай асобы, i проста цудоўнага чалавека. — У яго моцны характар i прыгожая душа, — кажа Таццяна Леанiдаўна. — Дабрыню сваёй душы ён выяўляе лiтаральна праз кожную кветачку на ўласных карцiнах. Мо таму i падаюцца жывымi яго кветкi!? Пра сваю iнвалiднасць майстар расказвае неахвотна. I таму, што гэта гiсторыя доўгая i сумная. I не любiць, каб яго шкадавалi. Магчыма, не хоча варушыць адбалелае (цi адбалела?). Цi таму, што шанцаў калi-небудзь устаць на свае ногi, зрабiць хоць крок па роднай зямлi, ужо не мае. I ўсё ж расказвае, каб хто iншы задумаўся, як важна адказна ставiцца да свайго жыцця i як не згубiць сябе, апынуўшыся ў бядзе. Калiсьцi ён быў электрыкам у калгасе, шмат ездзiў па прасёлках на матацыкле. Аднойчы яго «Мiнск» занесла на пясчанай дарозе. Юнак, не здолеўшы справiцца з кiраваннем, апынуўся пад двухколавым жалезным канём. Потым была аперацыя на пазванках. Няўдалая, як лiчыць сам Вiктар. Бо, прайшоўшы праз дзесяткi бальнiц, санаторыяў i розных лекараў, зразумеў, што скальпель у руках трымаў хiрург-непрафесiянал. Вiктар узгадвае, як цяжка было яму звыкнуцца са сваiм лёсам, як мацней зацягвала прага ўзяць чарку—другую i як нялёгка было вырвацца з таго вар’яцкага кола. Справiцца з бядою дапамагла яму гэткая ж, як i сам, па стану здароўя, жанчына. Разам яны шукалi сэнс жыцця. Яна i навучыла Вiктара бачыць вакол прыгожае i ствараць яго. Вось ужо дзесяць гадоў у вачах Вiктара Новiкава не згасае святло любiмай справы. I ў доме не зачыняюцца дзверы: шмат жадаючых паглядзець работы яго рук, павучыцца ў майстра, параiцца i проста пазнаёмiцца. Аказваецца, iнкрустацыi Вiктара паказвалiся не толькi ў Тураве, Гомелi i Мазыры. Ёсць яны ўжо ў Iталii i Германii. А колькi перадарыў iх — злiчыць немагчыма. Вiктар нешматслоўны, але не хавае радасцi, што са звычайнай саломы ўмее рабiць ружы, васiлькi, пiвонi... Бо любыя кветкi ўпрыгожваюць жыццё. Дзеля прыгажосцi i варта жыць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адной з апошнiх камандзiровак у Чачэрскi раён даведаўся пра самадзейнага мастака з вёскi Глубочыца iнвалiда-калясачнiка Вiктара Новiкава. Загадчыца
|
|