Ключ
Алесь КАСЦЕНЬ.
Са знаёмым прадпрымальнiкам сярэдняй рукi пад’ехаў да яго дому. Была агульная справа. Выйшлi з машыны, ён абярнуўся да яе, цiснуў на нейкi пульт — у машыне шчоўкнула. У мяне мiльганула: вось якiя цяпер ключы, электронныя. А калi зайшлi ў падворак, ён дастаў з сумачкi два ладныя жмуткi звычайных ключоў, адным з iх i адчынiў дзверы на веранду. — Паслухайце, а навошта вам столькi ключоў? — А сапраўды шмат, ой, шмат. Але, ведаеце, нiбыта ўсе i патрэбныя. Тут i хатнiя, i ад усiх гаспадарчых пабудоў, i ад крамы. Не, лiшнiх, здаецца, няма... Я ў думках залез у сваю кiшэню. Не, сёння ў мяне нiводнага ключа няма. Той, што ад хаты, застаўся адзiн (астатнiя пагублялi), таму, адыходзячы, хаваем яго ў вызначаным месцы. А астатнiя мне навошта? Ад хлявоў, лазнi кладзём у хаце, навошта iх цягаць з сабою. А дрывотнi нiколi i не зачынялi. Нiякiх сейфаў няма, шафы нiколi не бралiся пад iх ахову. А потым падумалася: трэба напiсаць i пра такую простую рэч — ключ. Канешне ж, з’явiлiся яны ў нашых папярэднiкаў разам з замкамi не тады, калi жылi тыя ў шалах, зямлянках, а тады, калi займеў чалавек на свой род цi сям’ю прыватнае жыллё. А папярэднiцай замка i ключа, у прыватнасцi на Беларусi, была клямка, простае, спачатку нават i драўлянае прыстасаванне, якое не замыкала хату, а проста зашчоўквала дзверы, каб не расчынялiся. Ёсць два вiды клямак. У першым, каб адчынiць дзверы — трэба нацiснуць на язычок, адчынiць—зачынiць дзверы, кiнуць потым гэты язычок назад. Другi — зашчапка, якая надзяецца на прабой i прыцiскаецца замком цi якой затычкай. Наколькi даведаўся, першыя клямкi ў нас сталi з’яўляцца яшчэ ў сярэднявеччы, але менавiта пачатак ХIХ стагоддзя быў iхнiм росквiтам. Клямкi ў асноўным кавалiся. I тут ужо кавалi праяўлялi свой талент i густ. За клямку ж браўся найперш госць, з яе пачыналася яго ўяўленне аб гаспадары i заможнасцi яго хаты. А вось замкi ды ключы ў нашай вёсцы яшчэ на маёй памяцi ўжывалiся вельмi рэдка, абыходзiлiся ўсё той жа клямкай. Калi выходзiлi гаспадары з хаты нават на доўгi час, то, каб хутчэй, цi якую галiнку ў клямку засунуць, цi проста венiк да дзвярэй прыставяць — значыць, нiкога няма. Зладзеяў у вёсцы не баялiся — iх проста не было. А староннi чалавек у той час быў такой рэдкасцю, што цiкаўнага вока абмiнуць ён не мог. I не паспяваў ён яшчэ зайсцi ў дварышча, як суседка крычала гаспадынi, што брала бульбу за хлявамi: — Гэй, Ганна, да цябе нейкi чалавек пайшоў! Цяпер у вёсцы, зразумела, не так. Замкi вешаюцца не толькi на хаты, але i на ўсе прыбудовы. На ноч усе чыгуны, бiклагi, iншы посуд з дварышча прыбiраюцца. Вельмi шмат шастае аматараў каляровых металаў. Вяскоўцы перавагу аддаюць навясным замкам. Ён i выглядае неяк надзейней i ключ большы. У райцэнтры, у прыватных хатах да замкоў звярнулiся яшчэ раней. Праўда, цяпер тут аддаюць перавагу ўразным замкам, да якiх выдаецца тры тоненькiя блiскучыя ключыкi. Усё-такi не вiсiць на дзвярах нешта важкае, здалёк бачнае. Як адзiн мой сябар расказваў: «Iду да знаёмага па тэрмiновай справе, але ўжо за пяцьдзесят метраў бачу: на дзвярах вiсiць жаба, нiкога няма». Цяпер i навясныя досыць прыстойныя i ключы да iх вельмi фiгурыстыя. Ды ўразны ж замок далiкатнейшы. А ўсё часцей у хату нават днём не ўвойдзеш — зачынiлiся гаспадары, званком выклiкайце цi ў вокны стукайце. Прайшлi ў нас i тыя часы, калi, замыкаючы хату, клалi ключ проста пад палавiчок на ганку. У буйных жа гарадах мiлiцыя заклiкае не давяраць замкам i ключам, нават самым «кручаным» (прабачце, сабакi бываюць кручанымi, а рэчы — «крутымi») — толькi сiгналiзацыя. А то i вiдэакамеры назiрання. Што ж, не тыя часы, не тыя людзi. Шмат развялося лiхадзеяў, як называлi iх i называюць простыя людзi. Толькi ж з лiтаратуры ведаем, што на свае склады, на крамы старадаўнiя купцы навешвалi пудовыя замкi, ключы ад якiх цi можна было падняць адной рукой. Дык жа «падломвалi» i такiя. Не буду, не ведаючы дакладна, пiсаць пра саму этымалогiю гэтага слова. Але ў беларускай мове яно iснавала здаўна i абазначала не толькi саму рэч, якой адмыкалi цi замыкалi. З гiстарычнай лiтаратуры помнiце — ключнiк, ключнiца. Гэта ў магнатаў, у шляхцiцаў былi не столькi слугачы, якiм у абавязкi даводзiлася насiць ключы, але людзi, надзеленыя вялiкiм даверам пана, часам ледзь не аканомы. Ёсць у слове ключ ячшэ адно старажытнае значэнне. З кiеўскага летапiсу: «Заповеда Олег дати восем на корабль и по 12 гривень на ключ». Вучоныя даводзяць, што ключамi ў Алегавым войску называлiся падраздзяленнi з адных ваколiц. Ключом раней называўся i вялiкi двор, маёнтак, якi дзялiўся на фальваркi цi засценкi. У ключы аб’ядноўвалася i сялянская акруга, якая выбiрала свайго прадстаўнiка ад жыхароў. I называўся ён — ключвойт. I нават цяпер выкарыстоўваецца слова ключар — духоўная асоба, якая распараджаецца царкоўнай маёмасцю. Ключом, гаечным, можна нешта закруцiць цi адкруцiць у механiзме. Ключом — завесцi насценны гадзiннiк, калi ён яшчэ ёсць у хаце. Але ж гэта яшчэ i найбольш важнае месца ў ваенных адносiнах. Не толькi ў ваенных. Трывожыць расiйскiх людзей Ключаўскi вулкан на Камчатцы. Музыканты не могуць абысцiся пры напiсаннi нот таксама без своеасаблiвага ключа. А ў архiтэктуры — гэта верхнi, клiнападобны камень, якiм заканчваецца арка, скляпенне. А гэта ж яшчэ i чарада птушак, якая ляцiць клiнам. У Хведаровiча: Гаманлiвыя птушак ключы Паляцелi на поўдзень даўно. Ды i першацвет у нашых мясцiнах называюць ключыкамi. У рускай мове ключ таксам мае шмат значэнняў. Адно з iх адпавядае роднику. Неблагiя словы, дакладна вызначаюць, што адчыняецца вада, плыве далей, што родзiцца рэчка. Але ўсё-такi блiжэй нам крынiца. А помнiце вялiкага камбiнатара Астапа Бэндэра, як ён абкарочваў у спрэчцы сваiх суразмоўцаў: «Дык што ж, вам яшчэ i ключ даць ад кватэры, дзе грошы ляжаць?» Дарэчы, у гэтым рамане прысутнiчае i ўразны, французскi замок. Былы муж Элачкi Людаедкi, мыецца ў ванне, знiкла вада. Ён без адзення, у мыле выйшаў на пляцоўку паклiкаць дворнiка. А дзверы зачынiлiся i французскi замок — шчоўк. Ключа ж у ванну з сабой не бяруць. Выручыў Бэндэр, для якога адчынiць i французскi замок без ключа — некалькi секунд. Бывала i ў мяне з гэтым замком i гэтым ключом шмат недарэчнасцяў. Цi ў iншым пiнжаку яго забудзеш, цi проста на столiку. Добра, што жыў на другiм паверсе, а побач з балконам газавая труба. Увогуле, па гублянню ключоў у раннiм школьным дзяцiнстве практычна ўсе мы былi выдатнiкамi. I мацi прызвычаiлiся перад школай навешваць нам iх на суворых нiтках на грудзi, замест крыжыкаў. Крыжыкаў насiць не дазвалялася. А сёння ў першакласнiка на ланцужку на грудзях вiсiць мабiльны тэлефон. Iншы час i, бадай што, эпоха. Вiцебская вобласць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са знаёмым прадпрымальнiкам сярэдняй рукi пад’ехаў да яго дому. Была агульная справа. Выйшлi з машыны, ён абярнуўся да яе, цiснуў на нейкi пульт — у м
|
|