21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

СТЫМУЛ. ПЛЮС... ПРЭСТЫЖ СЯМ’I?

26.08.2009 08:58 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ.

Буйныя гарады i сельская мясцовасць маюць свае асаблiвасцi. У тым лiку — у плане дэмаграфii. Так, не сакрэт, што дзякуючы шматлiкаму прытоку моладзi сiтуацыя ў гарадах выглядае значна лепш. I ў гэтым плане прыклад Мiнскай вобласцi, якая па сутнасцi не мае сваёй адмiнiстрацыйнай «сталiцы», шмат у чым паказальны. Найбольшая колькасць насельнiцтва тут была адзначана ў 1994 годзе. А потым пачаўся спад. Праўда, менавiта апошнiм часам паказчыкi нараджальнасцi ў рэгiёне пачалi пакрысе павышацца, а паказчыкi смяротнасцi — наадварот iсцi ўнiз. Мiж тым, чым гэта тлумачыцца, якiя дэмаграфiчныя шанцы мае самая вялiкая вобласць Беларусi, а таксама за кошт чаго плануецца стымуляваць нараджальнасць як у рэгiёне, так i па краiне ў цэлым? Аб гэтым i iншым карэспандэнт «Звязды» гутарыць са старшынёй Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнаблвыканкама Алай Валянцiнаўнай МIКАЛУЦКАЙ.

— Паступовае скарачэнне колькасцi насельнiцтва з’яўляецца рэалiяй ужо паўтара дзесяцiгоддзя. Тым не менш якiя асаблiвасцi мае сiтуацыя на Мiншчыне?

— Вядома, што зараз у рэжыме натуральнай страты насельнiцтва жывуць многiя краiны Еўропы, i, на жаль, Беларусь тут не стала выключэннем. Галоўным паказчыкам дэмаграфiчнай бяспекi заўсёды з’яўляецца каэфiцыент дэпапуляцыi, iнакш кажучы, суадносiны колькасцi памерлых i колькасцi нованароджаных. Гранiчна дапушчальны паказчык у дадзеным выпадку — 1,0. Аднак даводзiцца канстатаваць: Мiншчына перайшла гэту крытычную мяжу ўжо даволi даўно. Яшчэ ў 1990 годзе на тэрыторыi вобласцi каэфiцыент дэпапуляцыi складаў 0,9, але ў 1995 годзе ён аказаўся ўжо 1,5, а летась — 1,6. Прычым у сельскай мясцовасцi яго паказчык быў яшчэ большым — 2,3. I сам па сабе гэта вельмi трывожны факт. Калi не змянiць цяперашнi малюнак, да 2100 года рэгiён можа апынуцца ў крайне складанай сiтуацыi. Як, дарэчы, i наша краiна ў цэлым.

Калi ж весцi гаворку аб спецыфiцы дэмаграфiчнага становiшча на Мiншчыне, то ў першую чаргу варта прывесцi некалькi лiчбаў. У параўнаннi з максiмальным паказчыкам насельнiцтва вобласцi скарацiлася на 132 тысячы — па стану на пачатак сёлетняга студзеня яно складала 1 млн 466,8 тыс. чалавек. Аднак калi з 1990 года насельнiцтва сельскай мясцовасцi сапраўды зменшылася на 161 тысячу, то гарадское — узрасло на 49,2 тыс. чалавек. Пры гэтым асноўная прычына тут на паверхнi — мiграцыя вяскоўцаў у гарады ў пошуку больш «грашовай» работы i лепшых матэрыяльна-бытавых умоў.

Зрэшты, апроч слаба адрэгуляваных мiграцыйных працэсаў, цяперашняя сiтуацыя мае i iншыя, характэрныя для ўсёй краiны рысы. Гэта i старэнне насельнiцтва, i змяншэнне прэстыжу сям’i, i змена падыходаў да нараджальнасцi. Скажам, усё больш распаўсюджанай з’явай становiцца маладзетнасць (арыенцiр сем’яў усяго на 1—2 дзяцей), рэзкае знiжэнне нараджальнасцi ва ўзроставай групе да 20 гадоў, рост нараджальнасцi па-за шлюбам, а таксама нараджэнне дзяцей асобамi, схiльнымi да алкагалiзму, — у большасцi выпадкаў дзеля атрымання дзiцячых дапамог.

— Ёсць меркаванне, што дэмаграфiчны крызiс стаў ужо незваротным. Вы з гэтым згодныя?

— Не, бо менавiта зараз у вобласцi, як i ўвогуле ў краiне, ёсць спрыяльныя шанцы. Аналiз сведчыць, што 70 працэнтаў нараджэнняў дзяцей прыпадае на жанчын ва ўзросце 20—29 гадоў. А колькасць такiх жанчын будзе ўзрастаць да 2010 года. Да слова, казаць аб пэўным паляпшэннi можна ўжо зараз. У 2003 годзе узровень нараджальнасцi складаў 8,7, пазалетась — 9,3, а летась — 9,9 выпадку на тысячу чалавек. Прычым за сёлетнiя студзень—май у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года ўзровень нараджальнасцi ў рэгiёне зноў павялiчыўся — на 6 працэнтаў. Таму, на мой погляд, сёння асаблiва важна змянiць стаўленне, i перш-наперш маладых людзей, да сям’i. Вядома, што прычынай нiзкай нараджальнасцi становяцца не толькi i нават не столькi фiнансавыя цяжкасцi цi адсутнасць жылля, колькi маральныя каштоўнасцi. I якраз тут сiтуацыя далёка не iдэальная. Так, за сёлетнiя студзень—май у параўнаннi з мiнулым годам колькасць шлюбаў у вобласцi павялiчылася на 11,9 працэнта. Аднак адначасова колькасць разводаў узрасла на 16,7 працэнта. У вынiку, калi летась у сярэднiм на 100 шлюбаў прыпадала 59, то зараз — ужо 61 развод.

— Тым не менш скiдваць з рахункаў «матэрыяльны» момант таксама не варта. Як заахвоцiць жанчыну да нараджэння? Якiя стымулы ёсць тут зараз i якiя могуць з’явiцца надалей?

— Увогуле дэмографамi даўно заўважаны адзiн парадокс: падзенне ўзроўню нараджальнасцi знаходзiцца ў прама прапарцыянальнай залежнасцi ад узроўню эканамiчнага развiцця. I чым вышэй апошнi, тым, як правiла, менш дзяцей з’яўляецца ў краiне. Разам з тым недаацэньваць матэрыяльныя моманты сапраўды нельга. I ў гэтым плане для падтрымкi сем’яў з дзецьмi апошнiм часам робiцца шмат.

Так, памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, пераразлiчваюцца штоквартальна ў сувязi са змяненнем бюджэту пражытковага мiнiмуму — з 1 лютага, 1 мая, 1 жнiўня i 1 лiстапада. Да таго ж калi зараз «стандартны» памер дапамогi на дзiця ва ўзросце да 3 гадоў складае 65 працэнтаў, то ў 2008 годзе яго плануецца павялiчыць да 80, а ў 2009 годзе — да 100 працэнтаў БПМ. Дарэчы, варта нагадаць, што бюджэт пражытковага мiнiмуму на сёння — гэта 185 360 рублёў. Прычым ужо сёлета былi павялiчаны памеры аднаразовых дапамог пры нараджэннi. Пры з’яўленнi першага дзiцяцi аднаразовая выплата ўзрасла да 5, а другога i наступных дзяцей — да 7 БМП.

Далей. Каб абаранiць iнтарэсы працуючых жанчын, у нас замацавана норма, паводле якой наймальнiк абавязаны працягваць з iмi кантракт да моманту, пакуль дзiцяцi не споўнiцца 5 гадоў.

Асобная гаворка аб шматдзетных сем’ях. Для iх прадугледжваецца 50-працэнтнае знiжэнне аплаты за карыстанне дзiцячымi дашкольнымi ўстановамi i 50-працэнтнае (пры ўмове, што прынамсi трое дзяцей з’яўляюцца школьнiкамi) знiжэнне аплаты за падручнiкi.

Мацi, якiя выхоўваюць траiх i больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, прадастаўляецца адзiн свабодны ад работы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэднядзённага заробку. Плюс да таго, шматдзетным сем’ям пагашаюцца льготныя крэдыты на жыллё: пры наяўнасцi 3 непаўналетнiх дзяцей памер «спiсання» складае 30, чатырох дзяцей — 50, пяцi i болей дзяцей — 100 працэнтаў ад сумы крэдыту. Прычым, як чакаецца, надалей гэта палёгка стане больш значнай: сем’ям з трыма дзецьмi плануецца пагашаць 50, з чатырма — 70, а з пяццю i болей дзяцей — 100 працэнтаў iльготнага жыллёвага крэдыту. Апроч таго, ёсць намер падтрымаць i сем’i, што карыстаюцца няльготнымi крэдытамi на будаўнiцтва цi рэканструкцыю жылля. З сумы такiх крэдытаў у выпадку нараджэння цi наяўнасцi аднаго дзiцяцi мяркуецца спiсваць 20, дваiх дзяцей — 40, а траiх i больш дзяцей — 50 бюджэтаў пражытковага мiнiмуму.

I яшчэ. 1 сакавiка вызначана, што сем’i, сярэднедушавы штомесячны даход якiх не перавышае 60 працэнтаў БПМ, маюць права на забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця. Да слова, сем’i i адзiнокiя грамадзяне з такiм жа даходам маюць права i на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогi. Пры гэтым «планка даплат» у рамках адраснай дапамогi павiнна ўзрасцi: з цяперашнiх 60 працэнтаў БПМ да 80 працэнтаў у 2008-м i да 100 працэнтаў — у 2010 годзе.

Заўважу, што ўсё, аб чым iшла гаворка вышэй, датычыцца жыхароў усёй Беларусi. У той жа час свае дадатковыя меры падтрымкi вызначаны i ў Мiнскай вобласцi. Скажам, з 1 студзеня 2004 года шматдзетным мацi, што ўганараваныя ордэнам Мацi, у нас робiцца выплата ў памеры 10 базавых велiчынь.

Сем’i, дзе налiчваецца па пяць i больш дзяцей, за кошт аблвыканкама атрымлiваюць дапамогу на падрыхтоўку да школы. Нарэшце, нельга не заўважыць, што падтрымка сем’яў з дзецьмi з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва — толькi з пачатку года такая падтрымка была прадастаўлена больш чым 99 тыс. сем’ям вобласцi.

— Прамы ўплыў на агульную колькасць насельнiцтва аказвае не толькi нараджальнасць, але i смяротнасць. Якiя паказчыкi смяротнасцi зараз? I чым яны тлумачацца?

— Найбольшы ўзровень смяротнасцi ў вобласцi быў адзначаны ў 2003 годзе — 17,3 выпадку на тысячу чалавек. Затым сiтуацыя некалькi стабiлiзавалася, скажам, у 2005 годзе гэты паказчык склаў 16,6, а летась — 16,2. Прычым сёлета ў параўнаннi з мiнулым годам смяротнасць працягвае знiжацца. Тым не менш нельга не зазначыць, што на Мiншчыне яна атрымлiваецца большай, чым у сярэднiм па краiне. I тлумачэннi гэтаму ў першую чаргу трэба «шукаць» у самой структуры насельнiцтва. Вобласць пакрысе старэе, i калi яшчэ ў 1990 годзе доля пенсiянераў складала 17, то зараз — ужо 27 працэнтаў. Прычым зразумела: чым большы сярэднi ўзрост, тым больш i выпадкаў сыходу з жыцця ад хваробаў.

— Дарэчы, якiя прычыны смяротнасцi з’яўляюцца асноўнымi?

— Аналiз паказвае, што часцей за ўсё жыхары вобласцi сыходзяць з жыцця ў вынiку захворванняў сiстэмы органаў кровазвароту (60,6 працэнта выпадкаў), новаўтварэнняў (10,8 працэнта), захворванняў органаў дыхання (3,6 працэнта) i органаў стрававання (2,9 працэнта). Усё гэта сумныя лiчбы. Але яшчэ горш, што практычна кожная дзесятая смерць у вобласцi прыпадае на траўмы i атручваннi i прыкладна такая ж доля — на iншыя, часам зусiм «не абавязковыя» прычыны.

Дарэчы, нялiшне заўважыць, што асноўная частка выпадкаў заўчаснай смяротнасцi ў вобласцi адбываецца з мужчынамi i ў тым лiку — у працаздольным узросце. Не ў апошнюю чаргу з-за гэтага мы вымушаны казаць аб павелiчэннi разрыву ў сярэдняй працягласцi жыцця памiж жанчынамi i мужчынамi — з 1990 па 2005 год гэты разрыў узрос адразу на 10,8 года. Сярэднi паказчык жыцця па вобласцi зараз знаходзiцца на ўзроўнi 67,3 года. Аднак калi ў жанчын ён складае 74, то ў мужчын — усяго 61,3 года.

— «Вiнаватыя» шкодныя звычкi?

— У асноўным — так. Да прыкладу, на ўлiку ў абласным наркалагiчным дыспансэры зараз знаходзiцца 62 358 чалавек, сярод якiх 7689 жанчын i 4231 падлетак. Па сутнасцi на ўлiк прынята 4,3 працэнта насельнiцтва вобласцi. I кожны з гэтых людзей адносiцца да «групы рызыкi». Так, 70—80 працэнтаў ад агульнай колькасцi грамадзян, што памiраюць у вынiку атручвання моцнымi напоямi, складаюць менавiта хворыя на алкагалiзм. I, да слова, толькi пазалетась падобныя атручваннi сталi прычынай сыходу з жыцця амаль паўтысячы жыхароў рэгiёна.

Аднак наступствы ўжывання алкаголю — гэта не толькi атручваннi. У нецвярозым стане здзяйсняецца каля 60 працэнтаў усiх злачынстваў, 98 працэнтаў забойстваў у вынiку хулiганскiх дзеянняў, 80 працэнтаў забойстваў у бойках. Больш чым 80 працэнтаў дзяцей алкаголiкаў маюць розныя нервова-псiхiчныя захворваннi. Да таго ж злоўжыванне моцнымi напоямi часцяком спрыяе развiццю i прагрэсаванню гiпертанii, iшэмiчнай хваробы сэрца, з’яўляецца прычынай iнфарктаў, з алкаголем звязана кожная пятая смерць ад цырозу печанi. Увогуле, думка медыкаў тут адназначная — адмова ад злоўжывання зможа скарацiць агульную смяротнасць насельнiцтва не менш чым на 30 працэнтаў.

Другая i не менш важная праблема — курэнне. У цэлым па вобласцi «сябруе» з тытунём 31,1 працэнта насельнiцтва, i ў тым лiку 46 працэнтаў мужчын i 14,3 працэнта жанчын. Мiж тым, якраз курэннем тлумачыцца 40 працэнтаў смерцяў ад iшэмiчнай хваробы сэрца i 11,5 працэнта — ад анкалагiчных захворванняў. У цэлым жа, паводле ацэнак Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, цыгарэты павялiчваюць рызыку смяротнасцi на 30—80 працэнтаў.

Апроч таго, нельга не спынiцца на такой з’яве, як наркаманiя. Зараз толькi «афiцыйна» ў вобласцi налiчваецца 716 наркаманаў. Прычым ужо з пачатку гэтага года iх колькасць узрасла на 101 чалавека. I само па сабе гэта — вельмi сумная тэндэнцыя.

Словам, прафiлактыка п’янства, курэння, наркаманii, i асаблiва сярод моладзi, сёння сапраўды выходзяць на першы план. У дадзеным выпадку дарэчы ўсё: i шматлiкiя акцыi, i ўцягванне маладых людзей у спорт, i выступленнi ў СМI, i, у рэшце рэшт, работа з праблемнымi сем’ямi, якую вядуць iнспекцыi i камiсii па справах непаўналетнiх, а таксама тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва.

— Яшчэ адна з «неабавязковых» прычын гiбелi людзей — няшчасныя выпадкi на вытворчасцi. Цi можна зменшыць колькасць такiх iнцыдэнтаў?

— За першую палову года пры непасрэдным выкананнi сваiх прафесiйных абавязкаў у вобласцi загiнулi 13 i атрымалi цяжкiя траўмы 63 чалавекi. I першая, i другая лiчба ў параўнаннi з аналагiчным перыядам летась зменшылася — на 5 i на 2 адпаведна. Але ў той жа час нельга не прызнаць, што паказчыкi вытворчага траўматызму ўсё яшчэ застаюцца высокiмi. I тут ёсць над чым працаваць.

Так, менавiта сёлета ў нас стаў больш жорсткiм кантроль за патрабаваннем безумоўнага скасавання кантрактаў з работнiкамi за ўжыванне спiртных напояў на працоўным месцы цi ў працоўны час — з пачатку года па гэтай прычыне ўжо звольнена 195 чалавек. Другi значны рэзерв — стварэнне сiстэм кiравання аховай працы, i ў першую чаргу на прадпрыемствах, зарыентаваных на экспарт.

Урэшце, таксама адметны напрамак — паляпшэнне непасрэдна ўмоў працы. Так, паводле спецыяльнай абласной праграмы, колькасць месцаў са шкоднымi цi небяспечнымi ўмовамi на Мiншчыне павiнна скарацiцца да 2011 года на 20 працэнтаў.

— Як сцвярджаюць медыкi, здароўе кожнага чалавека шмат у чым залежыць ад харчавання i экалогii. Як павысiць iх якасць?

— Паводле даных абласнога ўпраўлення статыстыкi, на Мiншчыне, як i ў цэлым па краiне, працягвае адзначацца недастатковае спажыванне найбольш карысных у бiялагiчным плане прадуктаў — мясных, малочных, рыбных, яек, садавiны i агароднiны. У той жа час практычна кожны чацвёрты чалавек мае лiшнюю вагу, што вядзе да рызыкi развiцця пухлiн нырак, прамой кiшкi, лёгкiх, да цукровага дыябету. У сувязi з гэтым зараз у вобласцi распрацоўваецца спецыяльная праграма па рацыянальнаму, збалансаванаму i бяспечнаму харчаванню насельнiцтва. I гэта работа вядзецца ў рамках праграмы дэмаграфiчнай бяспекi.

Прычым у той жа абласной праграме дэмаграфiчнай бяспекi ўжо вызначаны спецыяльны напрамак, прысвечаны фармiраванню здаровага ладу жыцця i спрыяльнага асяродку. Асноўныя ж мэты вызначаных тут мерапрыемстваў па ахове глебы, паветра i вады — забяспечыць жыхароў Мiншчыны якаснай пiтной вадой i зноў-такi бяспечнымi прадуктамi харчавання.

— Мiж тым, узгадаем, што абласная праграма дэмаграфiчнай бяспекi была прынята менавiта сёлета. Якiмi павiнны аказацца яе галоўныя вынiкi?

— Варта паўтарыцца, што кардынальна змянiць дэмаграфiчнае становiшча за вельмi кароткi час немагчыма, дзеля гэтага патрэбны дзесяцiгоддзi. Тым не менш праграма на 2007—2010 гады мае даволi канкрэтныя мэты, у прыватнасцi, сярод iх — павелiчэнне агульнага каэфiцыента нараджальнасцi да 10—11 выпадкаў на кожную тысячу насельнiцтва, знiжэнне да такога ж узроўню каэфiцыента смяротнасцi, а таксама выхад да 2011 года на сярэднюю працягласць жыцця па вобласцi 70—72 гады. Прычым паляпшэнне павiнна адбыцца як у гарадах, так i ў вёсках. I ў тым лiку — дзякуючы стварэнню ўмоў для замацавання ў сельскай мясцовасцi моладзi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Буйныя гарады i сельская мясцовасць маюць свае асаблiвасцi. У тым лiку — у плане дэмаграфii. Так, не сакрэт, што дзякуючы шматлiкаму прытоку моладзi с
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика